СКАЖОНЫЯ НАЗВЫ НА КАРЦЕ БЕЛАРУСІ

На карце нашай рэспублікі, у газетах, часопісах, афіцыйных дакументах яшчэ нярэдка можна сустрэць скажоныя, знявечаныя, аформленыя на ўзор чужых слоў-тапонімаў, беларускія тапанімічныя назвы, якія на працягу апошніх чатырох стагоддзяў замацаваліся ў шматлікіх запісах, на картах, пачынаючы з XVI – XVIII стст., у асноўным пад уплывам польскай мовы, а ў наступных стагоддзях – пад уплывам рускай мовы. Унеслі свой «пасільны ўклад» у знявечанне і мясцовыя чыноўнікі – беларусы, якія ў радзе выпадкаў рабілі гэта свядома ці нават несвядома ад невуцтва. Такіх прыкладаў досыць многа. Так, I. Зяленскі, афіцэр рускага генеральнага штаба, які ў 1864 г. складаў «Списки населенных мест Минской губернии», з пагардаю адносіўся да беларускага народа, а беларускую мову лічыў агіднаю мешанінаю рускай і польскай моў. Таму многія тапанімічныя назвы Міншчыны ў яго апрацоўцы атрымалі тыпова польскае або рускае афармленне, што было заўважана многімі даследчыкамі. А паслядоўнікаў у I. Зяленскага ва ўсе часы было нямала. Пры гэтым трэба ўлічваць і тое, што многія сучасныя змененыя тапанімічныя назвы гучаць і пішуцца скажона ўжо некалькі стагоддзяў, і людзі звыкліся ці нават не ведаюць, як яны гучалі раней і як павінны перадавацца сродкамі пісьма ў адпаведнасці з асаблівасцямі сучаснай беларускай арфаэпіі і арфаграфіі.

Ф.М. Янкоўскі адзначаў, што тапанімічныя назвы, праходзячы праз канцылярыі, выдавецтвы, друкарні, іншы раз так мяняюцца, што напісаная на карце і сапраўдная назва маюць зусім рознае гучанне, на картах трапляюцца вельмі змененыя і знявечаныя назвы (Янкоўскі Ф. Беларуская мова. Выданне трэцяе. – Мн., 1978. С. 291). Ужо ў мастацкім тэксце пра такі падыход пісьменнік Ф. Янкоўскі, будучы паслядоўным у сваіх меркаваннях, зазначыў: «Трэба даехаць да станцыі Рацьмеравічы, пераробленай на картах у «Ратміравічы». Аж дваццаць пяць кіламетраў глухой, больш лесам, з брадамі і брадкамі дарогай. Далей – поездам, упершыню ў жыцці – да Бабруйска» (Янкоўскі Ф. 3 нялёгкіх дарог).

Асабліва актыўна і настойліва ўзнімаюцца ў наш час пытанні з патрабаваннямі навядзення належнага парадку ў перадачы на пісьме і ў вуснай мове тапанімічных назваў. Працэсам нармалізацыі ў апошні час садзейнічае выданне дванаццацітомнай «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі», галіновых энцыклапедычных даведнікаў, а таксама выхад анамастычных слоўнікаў, шматлікіх публікацый па тапаніміцы. Напрыклад, толькі Я. Рапановічам выканана надзвычай важная праца ў беларускай тапаніміцы. У шасці рэгіянальных слоўніках ім спарадкавана, прыведзена ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі больш за трыццаць тысяч назваў паселішчаў Беларусі. Упершыню ў гісторыі беларускай анамастыкі створаны поўны рэестр беларускіх айконімаў на беларускай і рускай мовах, які стаў добрым дапаможнікам для работнікаў выдавецтваў, часопісаў, пошты, пашпартных сталоў і іншых арганізацый і ўстаноў, дзейнасць якіх, як адзначаюць рэцэнзенты гэтай працы, так ці інакш звязана з выкарыстаннем адраснай лексікі. Пачэрпнуты з найбольш аб'ектыўных крыніц матэрыял, безумоўна, будзе спрыяць разгортванню далейшай працы па вывучэнні тапанімічнай сістэмы беларускай мовы, вырашэнні раду пытанняў па кадыфікацыі беларускіх геаграфічных назваў, перадачы іх на рускай мове1.

1 Бірыла М., Лемцюгова В. Для практыкі, навукі і гісторыі.– «Полымя». 1987. № 4. С. 214 – 216.

Пад уплывам польскай мовы ў працэсе неаднаразовых перакладаў набылі змененае гучанне і напісанне такія тапанімічныя назвы, як Бярэсце, Гародня, Наваградак, Дарагічын, Хвойнікі, Менск, Каралеўшчына, Шаркаўшчына, Сорыца, Турэц, Мёры, Лёзна, Воля і інш. У змененых варыянтах гэтыя назвы ў розныя часы можна было прачытаць і пачуць як Брэст, Бжэст, Бжэст-Літоўск, Брэст-над-Бугам, Гродна, Гарадзень, Гародня, Навагрудак, Драгічын, Хойнікі, Мінск, Мінск Літоўскі, Крулеўшчызна, Шаркаўшчызна, Соржыца, Туржэц, Міёры, Ліёзна, Вуля. Так, у назвах, якія канчаюцца на -шчына (Лявонаўшчына, Васілёўшчына), у польскім іх варыянце дадаецца пры напісанні літара з, мяняецца таксама націск (ён пераходзіць на перадапошні склад). У беларускім варыянце на другім ці трэцім складзе: Пятроўшчына – Петровшчызна. Тапонімы гэтай мадэлі на тэрыторыі сучаснай Беларусі надзвычай ужывальныя. Паводле падлікаў вучоных, такіх найменняў у нас болей за 1500. Польскі варыянт тапонімаў на -шчызна быў характэрны раней выключна для заходніх і паўночна-ўсходніх раёнаў рэспублікі. Як устаноўлена, мадэль на -шчызн-а атрымала пашырэнне на Беларусі толькі ў XVI ст., а беларускі суфікс -шчын-а ў такіх назвах выступаў як прадуктыўны ўжо ў XV ст. Перайначванню яго на ўзор польскага -шчызн-а садзейнічала падабенства гэтых дзвюх марфем у суседніх мовах. Суфікс -шчызн-а ў беларускіх назвах замацоўваўся звычайна праз пісьмовыя крыніцы пра Беларусь, напісаныя па-польску2. Назвы з гэтым суфіксам, як сведчаць даследчыкі, былі заўсёды чужымі для беларускага селяніна, які ў процілегласць адміністрацыі паслядоўна ўжываў назвы на -шчын-а.

2Арашонкава Г.У. Польскія элементы ў беларускай мікратананіміі.– «Беларуская анамастыка»,– Мн., 1981. С. 127.

Праўда, у асобных рэгіёнах як выключэнне да нашага часу частка мясцовых жыхароў у Дрысвяцкім сельсавеце Браслаўскага раёна пасяленні Баркаўшчына, Галяўшчына, Каранеўшчына, Стаўпаўшчына называе на польскі лад: Баркаўшчызна, Галяўшчызна, Каранеўшчызна, Стаўпаўшчызна. На думку Я.Н. Ра-пановіча, такое становішча з некаторымі беларускімі назвамі тлумачыцца тым, што за некалькі апошніх стагоддзяў не было надрукавана ніводнага спісу беларускіх тапанімічных назваў на роднай мове. Усе крыніцы, дзе можна было знайсці беларускія айконімы, на польскай ці рускай мовах. Адсюль – нярэдкая блытаніна ў пісьмовых назвах і тых, што бытуюць у народзе, і адсутнасць строгай нарматыўнасці ў афіцыйных формах беларускіх айконімаў1.

1Рапановіч Я.Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці.– Мн., 1977. С. 6.

Варта зазначыць, што тапанімічныя назвы на -шчын-ашырока ўжываюцца ў беларускай мастацкай літаратуры, перыядычным друку для абазначэння мясцовасцей, што прылягаюць да пэўнага населснага пункта: Мазыршчына, Магілёўшчына, Слонімшчына, Тураўшчына, Чэрвеньшчына. Гэта цяпер вельмі адметная мадэль сучаснай нацыянальнай беларускай анамастыкі, што нярэдка спецыяльна падкрэсліваецца пісьменнікамі: «Прыехаў на Міншчыну – яна іншая, не такая, як паўднёвая Бабруйшчына, не такая, як Рудобельшчына, Случчына, Любаншчына. На Міншчыне і срэбразвонныя ручаі, і званкі-крыніцы, і шпаркія шумныя рэчкі» (Янкоўскі Ф. 3 нялёгкіх дарог); «Люблю Нёман, горад на Нёмане Гародню – Гродна. Люблю Гродзеншчыну, яе Свіслаччыну, Наваградчыну, Лідчыну... як і Лагойшчыну, Ашмяшчыну, Заслаўшчыну» (Янкоўскі Ф. Само слова гаворыць).

Праўда, некаторыя рускія даследчыкі беспадстаўна адмаўляюць ужыванню суфікса -шчын-а ў беларускай мове, хоць у ёй ён атрымаў поліфункцыянальнае прызначэнне і шырока ўжываецца ва ўсіх стылях вуснай і пісьмовай мовы. Так, А.В. Суперанская піша: «Слова, оканчивающиеся на -щина, как названия областей, регионально ограничены украинскими землями. В Новгородской, Псковской, Витебской областях с этим суффиксом обычно образуются названия поселений: Крулевщизна, Шарковщизна, Селявщина Полоцкой обл., Сахновщина Харьковской обл., Братовщина Московской обл. Первоначальное значение слов с суффиксом -щина – определенная общность людей с их проявлениями, образом жизни, правления. Ср. такие отантропонимные образования, как хованщина, пугачевщина, обломовщина»2.

2 Суперанская А.В. Что такое топонимика? — М., 1985. С. 11 —12.

Для параўнання можна зазначыць, што ў рускай тапанімічнай сістэме мадэль на -шчын-аскарыстоўваецца не заўсёды. Наўрад ці можна сказаць: Маскоўшчына, Ленінградшчына, Новасібіршчына, Краснадаршчына, Самаршчына, Хабараўшчына, Уладзівасточчына, Омшчына і г. д.

Праўда, у апошні час, у савецкі перыяд, пад уплывам беларускай і ўкраінскай моў у рускай мове атрымалі пашырэнне тапонімы тыпу Орловщина, Тамбовщина, Брянщина (пераважна назвы заходніх абласцей Расіі). Даследчыкі лічаць, што ў даным выпадку адбылося ажыўленне старой непрадуктыўнай мадэлі рускага словаўтварэння (параўн.: неметчина, туретчина і інш.), але пад уплывам іншых усходнеславянскіх моў (гл.: Міхневіч А.Я., Гіруцкі А.А. Вазьмі маё слова... – Мн., 1990. С. 36).

У назвах тыпу Ліозна, Міоры і інш. праявіўся выразна ўплыў польскай арфаграфіі, у якой адпаведнікам нашай літаратуры ёвыступае спалучэнне іо: Лёзна – Ліозна, Езёры – Езіоры, Мёры – Міоры. Нават у такім звыклым і вядомым прозвішчы, як Цыялкоўскі, даследчыкі бачаць уплыў польскай арфаграфіі на вымаўленне.

Адсутнасць поўнагалосся ў польскай мове праявілася ў перадачы беларускіх тапонімаў Гародня, Берасце, Наваградак, Дарагічын. Такія сапраўды беларускія назвы яшчэ афіцыйна не ўзаконены, але ў мастацкай літаратуры, у перыядычным друку, у вусных выступленнях яны ўсё часцей і часцей ужываюцца так, як ужывалі ва ўсе часы іх нашы продкі. Так, Ф. Янкоўскі ў апавяданні «I за гарою пакланюся» пра такія назвы адзначае: «Пішуць – Навагрудчына, а ў Якуба Коласа, а ў Янкі Брыля, як і там, на іх роднай, на іх прыгожай, багацюшнай на ўсёй зямлі,– Наваградчына. То і Наваградак» (Янкоўскі Ф. 3 нялёгкіх дарог). Адзначаў гэтую асаблівасць і Уладзімір Караткевіч: «Навагрудак, як яго чамусьці, на польскі манер, называюць (а мясцовыя людзі кіламетраў на семдзесят у наваколлі называюць Наваградак, і гэта бліжэй да старадаўняга Ноўгарадка), ляжыць на Навагрудскім узвышшы». Пра Гародню пісьменнік пісаў: «Высокі бераг Нёмана. Пры ўпадзенні ў яго Гараднічанкі, на мысе і ўзнік «Гарадзень», або «Гародня». Упершыню яго ўпамінаюць у 1128 годзе, але гэта ўжо быў вялікі горад, што склаўся куды раней, таму што быў сталіцай удзельнага княства Гародзенскага» (Караткевіч У. Зямля пад белымі крыламі).

Польскі варыянт за назвай Берасце (суч. Брэст) замацаваўся прыкладна з XVI ст. не толькі як вынік адсутнасці поўнагалосся ў польскай мове, але і, як нам здаецца, у сувязі з дзейнасцю аналогіі: на захадзе Францыі, на паўвостраве Брэтань, ёсць порт Брэст, і, мабыць, не без уплыву гэтай назвы, а на яе ўзор, адбылася трансфармацыя Берасьця на Бжэсьце → Бжэсьць → Бжэст → Брэст-Літоўск → Бжэсць-по-над-Бугем (Брэст-над-Бугам), пасля 1939 г. у выніку далучэння Заходняй Беларусі да Савецкай краіны горад набыў сучасную немясцовую, небеларускую назву Брэст.

Улічваючы народныя традыцыі ўжывання гэтай тапанімічнай назвы, якія, дарэчы, не прыпыняліся ніколі, хоць горад уваходзіў у склад розных дзяржаўных аб'яднанняў, а таксама версіі адносна паходжання спрадвечнага тапоніма, даследчыкі прапануюць вярнуцца да народнага гучання назвы і раяць заходнія вароты нашай Радзімы называць беларускім найменнем Берасьце. У пацвярджэнне сваіх меркаванняў краязнаўцы, гісторыкі, лінгвісты спасылаюцца на паслядоўнае мясцовае вымаўленне гэтай назвы, а таксама на ўсталяваныя погляды розных даследчыкаў адносна этымалогіі тапоніма. Так, у мясцовым варыянце назва Брэст паўсюдна гучыць як Бэ́рэсць ці Бэ́рысць, націск прыпадае на першы, а не на другі склад асновы, як мы чуем у сучаснай скажонай афіцыйна назве. Тутэйшыя людзі гараджан называюць берасцейцы,а не брэстаўчане ці брэшчане(услухайцеся толькі!!).

Сярод тапанімістаў пра ўзнікненне гэтай назвы бытуюць дзве версіі, якія фактычна не пярэчаць адна другой. Паводле адной з іх, назва горада паходзіць ад слова бераст – род вяза. Гэта значыць, што паселішча ўзнікла ў тых мясцінах, дзе было (расло) многа берасту.

На польскай этнічнай тэрыторыі з XII ст. вядомы горад Драгічын над Бугам. На Берасцейшчыне на старым шляху з Берасця на Пінск з XIV ст. упаміналася паселішча Дарагічын. У выніку планамернай паланізацыі зямель на ўсход ад Буга адбылася паступовая замена Дарагічынна Драгічын.Гэтаму садзейнічала некалькі абставін – падабенства ў гучанні дзвюх назваў, агульная замена ў мове палякаў шматлікіх усходнеславянскіх поўна-галосных спалучэнняў у каранях слоў на непаўнагалосныя, чаму ў значнай меры спрыяла дзейнасць аналогіі, а таксама сацыяльны фактар – магчымасць лёгка даказаць, што беларускія, украінскія і літоўскія тэрыторыі за Бугам – гэта нібыта працяг польскіх зямель, пра што сведчаць і факты тапанімікі (Мінск, Гродна, Брэст, Крулеўшчызна, Туржэц, Ліёзна і г. д.).

У многіх беларускіх тапанімічных назвах, калі яны запісваюцца па-руску, пад уплывам блізкіх па структуры рускіх слоў з'явіліся падоўжаныя зычныя: Глусск, Россь, Плисса, Коссово, Гресск і інш. На такой перадачы спецыфічна беларускіх назваў (у вуснай мове карэнных жыхароў ніякага падаўжэння не назіраецца), відаць, адбіўся ўплыў рускіх адносных прыметнікаў, утвораных ад асноў названых тапонімаў: Глусский – Глусск, Оресский – Оресса, Росский – Россь і г. д.

Дзеканне і цеканне – вельмі ўстойлівыя і выразныя прыкметы беларускай мовы. Было б правільным паслядоўна захоўваць гэтыя фанетычныя з'явы ў беларускіх тапанімічных назвах ва ўсіх мовах, а не толькі ў беларускай. Аднак у некаторых перыядычных выданнях па-руску можна прачытаць: Гродзянка, Зацень, Рамцели, Илгайце і Друть, Уборть, Тростянец, Городея і г. д. Для параўнання можна зазначыць, што, перадаючы, напрыклад, польскія тапонімы па-руску, амаль паслядоўна захоўваюць такія важнейшыя асаблівасці польскай мовы як дзеканне, цеканне і інш.: Освенцим, Яроцин, Щецин, Лодзь, Зелёная Гура, Нове Място, Остров-Велькопольский, Бяла-Подляска, Бялы-Бур і інш. 3 беларускімі тапонімамі, калі яны пішуцца па-руску, абыходзяцца інакш. Яны атрымліваюць некаторыя спецыфічныя рысы рускай мовы.

Значныя разыходжанні ў беларускай і рускай мовах назіраюцца ў перадачы тапонімаў тыпу Вялікі Лес, Вялікія Аўцюкі, Вялікія Сялюцічы, Вялікае Поле і інш. Пры перакладзе іх на рускую мову (а да апошняга часу амаль паўсюдна, напрыклад, указальнікі на дарогах афармляліся па-руску) прыметнік Вялікі (Вялікае, Вялікія і інш.) механічна перакладаўся як Большой (Большое, Большие). А таму яшчэ і цяпер нярэдка на аўтастрадах Беларусі, у газетных матэрыялах пра Беларусь, пячацях, афіцыйных дакументах можна прачытаць: Большие Селютичи, Большое Поле, Большие Овтюки, Большой Боков, Большие Стеблевичи і інш. Гора-перакладчыкі не звярталі ўвагу на тое, што нават у аналагічных тапонімах рускай мовы ўжываецца прыметнік-азначэнне Великий, а не Большой. Параўнаем: гарады Великие Луки, Великий Устюг. Прыметнік великий,дарэчы, ужываўся нават у тэксце Гімна Савецкага Саюза.

Назву вёскі Сымонавічы, што вядома ў Лельчыцкім, Глускім і другіх раёнах, замяняюць на Сіманавічы. Відаць, нейкага чыноўніка-кручкатвора і майстра на замены тапанімічных назваў не задавальняла празрыстасць паходжання гэтага наймення ад вельмі папулярнага і надзвычай характэрнага для Беларусі ўласнага імені Сымон,і тапанімічную назву скажаюць, падтасоўваючы пад немясцовыя, небеларускія Симон, Симан.Адбылося таксама перамяшчэнне націску з другога склада на першы: Сымонавічы – Сіманавічы.

Яшчэ ў пяцідзесятыя гады Ф. Янкоўскі ў сваіх публікацыях звярнуў увагу, што на Беларусі надзвычай часта можна назіраць разнастайныя разыходжанні ў перадачы на пісьме і вуснай мове многіх тапанімічных назваў. Ён папярэджваў, што нельга ігнараваць таго вымаўлення, той формы геаграфічнай назвы, якая бытуе ў населеным пункце і вакол яго. Ці правільна, пісаў ён, што на картах і ў газетах пішуць Вілія? (Параўн.: «Гэта было ў сорак першым, восенню памятнай той, ранкам, ад хмар пацямнеўшым, па-над ракою Віллёю». М. Танк.) Не Не́свіж, а Нясві́ж, не Ро́гава, а Рагава́, не Асі́павічы, а Асіпо́вічы, не Не́ман, а Нё́ман, не Талачыно́, а Талачы́н, не Мсцісла́ўль, а Мсці́слаў. Няма падставы гаварыць і пісаць Браслаўль, а карыстацца назвай Браслаўе, як і Заслаўе1 (утвораны па адной мадэлі: Изяславль → Заславль → Заслав → Заслаўе; Браславль → Браслав → Браслаўе, літаральна некалі: гарады Ізяслава і Брачыслава. – В. Ш.) Дарэчы тут зазначыць, што Фёдар Янкоўскі ў пазнейшых, немовазнаўчых працах, абразках, апавяданнях паслядоўна ўжываў тапанімічныя назвы, грунтуючыся на іх натуральным, жывым вымаўленні. Вось прыклады з яго твораў, што можна знайсці ў зборніках «З нялёгкіх дарог», «Само слова гаворыць»: «У Баранавіцкім раёне, недалёка ад старадаўняга і каларытнага мястэчка Гарадзішча, ёсць возера, якое зрабілі на рэчцы Сервач, каля вёскі Ку́таўшчына. З таго і называюць гэта возера Ку́таўскае. Грэх абысці, не звярнуць увагу на народнае словаўтварэнне. Кутаўшчына – Кутаўскае (возера), Радашкавічы – радашкаўскае (поле); «Тады не было яшчэ такой гладкай, як стол, дарогі, што перасякала Лепельшчыну, бяжыць амаль каля Лепля (так кажуць на Лепельшчыне), потым перасякае Ушаччыну і прастуе роўная, як струна, на Полацак»; «Правы бераг Бярозы. Недалёка ад мястэчка, якое з даўніх давён называюць местачкоўцы і сяляне навакольных вёсак Бярэзань, на картах пішуць (нашто? чаму?) інакш – Беразіно»; «У вайну і пасля вайны мне давялося хадзіць і вадзіць па сцежках А. Лявіцкага, там, дзе Радашкавічы, Путнікі, Валодзькі, Дуброва, Бахмэтаўка (не Бахметаўка), Бакшты (Першыя, Другія, Трэція), Аляхновічы, Івянец, Заберазь, Трабы, Люцынка, Удранка, Карпавічы, Буцькі, Шчорсы, Любча, Пяршаі, Ярашэвічы, Гарадок...»

1 Янкоўскі Ф. Дыялектны слоўнік. Мн„ 1959. С. 11—12.

Самыя разнастайныя лінгвістычныя каментарыі і тлумачэнні ў мастацкіх творах Ф. Янкоўскага можна знайсці да наступных беларускіх тапанімічных назваў: Гародня, Нава́градак, Петрыко́ў, Лепль – Лепель, Віцебшчына (віцьбіч, віцьбаўскае, віцьбічава), Любч, Лекараўка, Маладэчна, Нягневічы, Панямонь, Шчорсы, Мір, Лаўрышава, Радагошч, Заполле, Загор'е, Кушляны, Гарадзішча, Грандзічы, Добраўка, Дароўка, Бахмэтаўка (не Бахметаўка), мінчук (Мінск), гродзянчук (Гродна), ражанчук (станцыя і мястэчка Ражанка), пінчук (Пінск), іўчук (Іўе), мазырчук (Мазыр), Койданаўшчына, Стаўпеччына, Жыткаўшчына, Глушчына, Петрыко́ўшчына, Рагачоўшчына, Вымна і Вымнянка, Лескавічы (лескавец), Тураў (туравец – Туравец), Ворша, Цна, Цнянка, Рахманькі, Бярэзань, Баранічы, Браслаў, Вялейка, Вялля, Перагудаўшчына, Гранічы, Камарнікі, Саломерычы, Рагава, Удранка, Згода, Перароў (пераровец), Заслаўе, Сычавічы, Рацмеравічы, Вяснінка, Весялоўка, Зацань, Ясянінка, Іслач, Гайна, Уладыкі, Верацейцы, Градзянка, Камянічы, Асіпоўшчына, Ярэмічы, Сэрвач, Вуша, Пяценка і многія іншыя.

Вядомы лінгвіст Іван Крамко – ураджэнец Міршчыны – таксама выказвае свой пратэст і абурэнне адносна скажэння, знявечання дарагіх яму назваў: «Па радыё, тэлебачанні гучаць скалечаныя назвы. Яны насялілі прэсу. А выдадзены да юбілею мястэчка на пяці мовах «Мір. Турысцкі план города» (Мн., 1994) з картаў усёй тэрыторыі былога Мірскага раёна не толькі выстаўляе свету (на пяці ж мовах!) напаказ многа тапанімічных плям каланізацыі Беларусі, але і ў пэўным сэнсе сцвярджае іх афіцыйны статус, замацоўвае для гісторыі, бо вядучая мова тут беларуская, што прыдае назвам характар аўтэнтычнасці. А між тым з 88 назваў, якія нанесены на карту «Ваколіцы Міра», аж 18 не адпавядаюць іх мясцоваму беларускаму вымаўленню» (гл.: «ЛіМ». 1995. № 31). Далей гэты даследчык на прыкладзе тапонімаў Міршчыны паказвае, якія найбольш тыповыя скажэнні маюць шматлікія анамастычныя найменні. Гэта і проста замена спецыфічнага беларускага гука на іншы, у выніку чаго замест нашых Даўгі́нава, Даўма́таўшчына, Жаўне́ркавічы, Ярэ́мічы і інш. нам прапануюць Далгінава, Далматаўшчына, Жалнеравічы, Яромічы. Гэта і перанос націску з адпаведнай заменай фанетычнага вобліку беларускай назвы. На карце маем не Баўцючы́, а Бо́лцічы, не Бяро́завец, а Беразаве́ц, не Ву́ша, а Уша́, не Крышыло́ўшчына, а Крышылаўшчы́на, не Ме́дзвядка, а Мядзвя́дка, не Рап’ё́ва, а Ра́п’ява. Парушаны і словаўтваральны воблік некаторых тапонімаў. З Возярска зроблена Азёрскае, а з Трашчыч – Трошчыцы. У некаторых назвах заменена нават этымалогія асновы, у выніку чаго маем нейкую Абрыну замест нашай Во́брыны, Аю́цавічы замест Аві́цэвіч, Бы́кавічы замест Буко́віч, Вяле́тава замест Вале́тава...

А сама назва Мір, абмежаваная для скажэнняў у зыходнай форме ва ўскосных склонах і прыметнік ад яе ў эфіры і прэсе ідзе ў форме, не адпаведнай мясцоваму вымаўленню, з пераносам націску. Замест прыродных жывых формаў, якімі карыстаецца мясцовае насельніцтва (ля Міра́, у Міры́, за Міром, Мірскі замак), чуем па радыё, тэлебачанні і чытаем у газетах Мі́ра, Мі́рам, Мі́рскага замка і г. д.

У ліку «обыностраненных» па волі людзей, якія не ведалі спецыфікі беларускай тапаніміі, аказаліся ў асобных кантэкстах назвы тапонімаў з канцавым -а, якія, паводле іх граматычных прыкмет, збліжаюцца з назоўнікамі ніякага роду: Жодзіна, Шарашова, Іванава, Станькава, Косава і інш. Такія тапонімы на -ава, -ова, -іна, -ынасустракаюцца на ўсёй тэрыторыі рэспублікі, але асабліва характэрны яны для паўночнай і паўночна-ўсходняй часткі Беларусі, прычым многія найменні гэтай мадэлі маюць дублетныя варыянты тыпу Міхалёва – Міхалёў, Вінорава – Вінораў, Ракава – Ракаў, Станькава – Станькаў. Як адзначае В.П. Лемцюгова, тапонімы з суфіксам -аў (-оў) з'яўляюцца найбольш аб’ектыўным паказчыкам гісторыі паходжання назвы. У прыватнасці, граматычная форма айконіма ў нейкай ступені здольна падказаць тып аб’екта, які з’яўляецца першапачатковым носьбітам назвы сучаснай вёскі. Так, на падставе наяўнасці назваў вёсак на -аў (-оў) можна лічыць, што некаторая іх частка выяўляе сувязь з такімі тыпамі пасялення, як засценак, хутар, маёнтак, якія нярэдка перарасталі ў вёску. Адначасова на з’яўленне назваў ці варыянтаў на -аў (-оў) маглі ўплываць і традыцыйныя назвы гарадоў: Барысаў, Магілёў, Рагачоў і інш. Што да формы айконімаў на -ава (-ова), то ў адных выпадках яны з'яўляюцца рэальнымі паказчыкамі граматычнага роду аб'екта, за якімі яны замацаваны, а ў другіх – вынікам канцылярскага пераафармлення традыцыйных назваў на -аў (-эў)1.

1 Лемцюгова В.П. Беларуская айканімія.– Мн., 1970. С. 114.

Такія тапанімічныя назвы асобнымі аўтарамі ў мясцовым і рэспубліканскім друку не скланяюцца. Відаць, стэрэатып рускіх тапонімаў тыпу Иваново, Колпино, Рощино, Бородино, а таксама мадэль замежных нескланяльных назоўнікаў тыпу кіно, кімано падзейнічалі і на такія беларускія найменні. А таму можна прачытаць: быў у Маладзечна, сустрэнемся каля Шарашова і інш., хаця карэнныя жыхары пра гэта скажуць: быў у Маладэчне (Маладзечне), сустрэнемся за Шарашовам, але: быў у горадзе Маладэчна, сустрэўся ў мястэчку Шарашова і г. д.

Лінгвісты раяць такія тапанімічныя назвы не скланяць толькі тады, калі яны выкарыстоўваюцца як прыдаткі да агульных назваў (ужываюцца ў спалучэннях са словамі горад, мястэчка, вёска, гарадскі пасёлак і г. д.): выступаў у горадзе Жодзіна, быў пад горадам Маладэчна і г. д. Ва ўсіх іншых выпадках яны скланяюцца.

У разнастайных публікацыях можна прачытаць, што скажона, няправільна, без уліку народнага ўяўлення пра паходжанне назвы перадаюцца такія тапонімы Міншчыны, што трапілі ў шматлікія даведнікі і карты: Радашкавічы, Буцэвічы, Рогава, Аляхновічы, Астрашыцы, Беларучча, Гірэвічы, Малінаўшчына, Мясота, Першай, Раёўка, Сычэвічы, Янушковічы, Яхімоўшчына, Яновічы і інш. А. Шыдлоўскі і іншыя даследчыкі звярнулі на гэта ўвагу чытачоў і прапануюць, каб назвы, запісаныя чыноўнікамі на картах або ў дакументах, абавязкова праходзілі праверку на месцы, там, дзе яны зарадзіліся. А таму названыя вышэй тапонімы трэба абавязкова перадаваць як Ра́дашкавічы, Буцаві́чы, Рагава́, Алё́хнавічы, Астро́шыцы, Бяла́ручы, Гі́равічы, Малі́наўшчына, Мясата́, Перша́я, Раё́ўка, Сы́чавічы, Яну́шкавічы, Яхі́маўшчына, Я́навічы1.

1 Гл.: Шыдлоўскі А. Беларуская тапаніміка.— «Полымя». 1968. № 10. С, 238

Змененыя, знявечаныя беларускія тапанімічныя назвы трапляюцца нават у такіх аўтарытэтных выданнях, як «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Так, назву вёскі Глінішчы ў Хойніцкім раёне, у якой нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Іван Паўлавіч Мележ, у названым выданні перадаюць у памылковым напісанні – Глінішча (т. III. С. 511). У шматлікіх мастацкіх і публіцыстычных тэкстах I. Мележа, у аўтарскіх успамінах пісьменнік назву сваёй вёскі перадае толькі ў форме множнага ліку – Глінішчы, як яна спрадвеку вядома сярод землякоў мастака слова і жыхароў навакольных вёсак. Памылковае напісанне, што выйшла з энцыклапедыі, цяпер тыражуецца і ўводзіць у зман некаторых рэдактараў і журналістаў. С. Прач падрабязна прасачыў ужыванне гэтай тапанімічнай назвы на старонках разнастайных беларускіх выданняў і газет і лічыць, што няма ніякіх падстаў калечыць дарагую для многіх беларусаў тапанімічную назву. Патрэбна пісаць так, як вымаўляе народ: вёска Глінішчы. Гэта падмацоўваецца і словаўтваральнай мадэллю з канцавым фармантам на -ішчы (-ышчы), што надзвычай характэрны для шматлікіх тапанімічных назваў Палесся: Дворышчы, Азярэдзішчы, Селішчы, Гарохавічы, Кочышчы і г. д. (гл.: Прач С. Глінішча ці Глінішчы? – «Беларуская лінгвістыка». 1983. Вып. 23. С. 71 – 72).

Завяршаючы размову пра ўплыў рускай і польскай анамастыкі на беларускую, неабходна адзначыць, што і беларуская мова аказала адпаведны ўплыў на такую лексіку суседніх моўных сістэм. Так, у працах даследчыкаў адзначаецца, што ўплыў, напрыклад, беларускай мовы на рускую ў сферы анамастыкі адбываўся ў некалькіх напрамках. У першую чаргу – гэта даўняе засваенне рускай мовай назваў найбольш вядомых беларускіх тапанімічных назваў гарадоў, вёсак, мястэчкаў, рэчак, азёращ: Барысаў, Магілёў, Полацк, Хатынь, Раўбічы, Юравічы, Пінск, Палессе і інш. Праўда, некаторыя з такіх назваў падвергліся розным, не самым лепшым зменам, мабыць, на ўзор блізкіх па структуры рускіх найменняў. Напрыклад, Мозырь (трэба Мазыр), Мстиславль (трэба Мстислав), Неман (трэба Нёман), Глушкевичи (трэба Глушковичи) і г. д. У антрапаніміцы – уключэнне ў рускі лексікон назваў тыпу Янка, Алесь, Алеся, Васіль, Мікола, Пятрусь, Міхась, Зося, Алена і інш. (параўн.: Янка Купапа, Якуб Колас, Алесь Адамович, Василь Быков і інш. (гл.: Міхневіч А.Я., Гіруцкі А.А. «Вазьмі маё слова». – Мн., 1990. С. 35 – 36).

Уплыў беларускай анамастыкі на рускую, у прыватнасці на тапаніміку, даследчыкі заўважылі таксама на тапонімах тыпу Рудня, Гута, Буда, Майдан і інш., якія з’яўляюцца неад’емнай часткай сучаснай беларускай тапанімічнай сістэмы, а на спрадвечна рускай частцы Расіі яны ўжываюцца не так часта. Так, Л. Трубэ такія тапонімы прасачыў з XVII ст. на тэрыторыі Ніжагародскай губерні. На яго думку, выплаўка жалеза з балотнай руды, паташны промысел, нарыхтоўка дзёгцю ў XVII – XVIII стст. атрымалі там інтэнсіўнае развіццё, бо, напрыклад, паташ, а больш навукова – вуглякіслы калій, шырока практыкаваўся ў тыя часы для вытворчасці мыла, шкла, дзёгаць – для вытворчасці скур і інш. Гэтая сыравіна вельмі высока цанілася. Як сведчаць афіцыйныя дакументы, у Ніжагародскай губерні тады ўзнікла рад пасяленняў з назвамі Гута, Рудня, Паташня, Буда і вытворныя ад іх. Такія пасяленні, паводле Л. Трубэ, заснавалі там беларусы-перасяленцы, якія наладжвалі вытворчасці па нарыхтоўцы паташу, мыла, жалеза, дзёгцю і іншага ляснога тавару (гл.: Агеева Р.А. Происхождение имён рек и озер. – М., 1985. С. 64).