Беларуская літаратура як вучэбны прадмет

Беларуская літаратура ўведзена ў школьныя вучэбныя планы ў 1923 г. У наш час у агульнаадукацыйных установах вывучаецца як самастойны прадмет ў V–ХІ класах.

Літаратура належыць да сацыяльна-гуманітарнага цыкла прадметаў, з яе дапамогай рэалізуецца асноўная мэта навучання і выхавання – “фарміраванне гарманічнай асобы, інтэлектуальна развітой, здольнай усведамляць ролю маралі, этыкі ў асабістым і грамадскім жыцці, адчуваць і ацэньваць прыгожае, дасканала валодаць мовай” [1, с. 80].

Літаратура – прадмет надзвычай спецыфічны. З аднаго боку – гэта навука: вучні атрымліваюць пэўныя веды па тэорыі літаратуры, вывучаюць асновы яе гісторыі, аналіз мастацкіх твораў абапіраецца на здабыткі айчыннага літаратуразнаўства. Разам з тым “літаратура ў школе, – адзначаў акадэмік М.А. Лазарук – гэта не асновы навук, як большасць прадметаў, гэта прадмет, дзе галоўнае – само “прыгожае пісьменства”, а не літаратуразнаўства” [2, с. 62]. Гэта азначае, што літаратура ў школе павінна разглядацца найперш як славесны від мастацтва. Вывучэнне літаратуры як мастацтва слова прадугледжвае спасціжэнне твора ў адпаведнасці з яго эстэтычнай прыродай, г. зн. з улікам эмацыянальна-вобразнага ўспрыняцця, родавых і жанравых асаблівасцей, аўтарскай пазіцыі і індывідуальнага стылю пісьменніка, адзінства зместу і формы.

Беларуская літаратура ў школе – шматпланавы прадмет і мае складаную будову: яго састаўнымі часткамі з’яўляюцца мастацкія творы, асновы тэорыі і гісторыі літаратуры, навуковыя і крытычныя артыкулы. Значнае месца ў школьным курсе беларускай літаратуры займае сістэма вусных і пісьмовых работ па развіцці маўлення і чытацкай культуры вучняў.

Беларуская літаратура – прадмет шматфункцыянальны. Яе асноўныя функцыі: пазнавальная, выхаваўчая, камунікатыўная, эстэтычная, развіццёвая, геданічная, культуратворчая.

Літаратура – крыніца пазнання жыцця, “чалавека ў чалавеку” (В. Бялінскі), духоўнага ўзбагачэння. М. Горкі назваў мастацкую літаратуру чалавеказнаўствам. Такая назва апраўданая, бо галоўным прадметам літаратуры з’яўляецца чалавек ва ўсёй складанасці яго грамадскага і жыцця, нават калі ў творы адсутнічае персанаж, дзейная асоба або лірычны герой.Пісьменнік можа ў сваіх творах паказваць людзей, жывёл, прыроду, рэчы – усё гэта ў канчатковым выніку толькі сродак адлюстравання жыцця людзей, выяўлення чалавечых дум і пачуццяў. Аналізуючы на ўроку, напрыклад, пейзажную лірыку, настаўнік вядзе з вучнямі размову пра асобу аўтара, яго перажыванні і светаўспрыманне. Калі разглядаецца вялікі эпічны твор са шматлікімі героямі, магчымасці пазнання чалавечых характараў пашыраюцца.

Творы мастацкай літаратуры маюць камунікатыўную прыроду, якая выяўляецца ў дыялогу паміж героямі, аўтарам і чытачом, паміж чытачамі, канкрэтнымі тэкстамі і мноствам кантэкстаў.

Літаратура больш за іншыя прадметы ўплывае на эмацыянальную сферу вучня і таму выконвае важную выхаваўчую функцыю, яна спрыяе фарміраванню асобы школьніка, яго духоўнага свету, светапогляду, светаразумення, становіцца для яго маральным падмуркам на ўсё астатняе жыццё. Маральнае ў мастацкай літаратуры непадзельна звязана з эстэтычным. “У сапраўднага талента два плячы, – гаварыў Л. Талстой, – адно плячо – этыка, другое – эстэтыка” [3, с. 231]. Адсюль вынікае эстэтычная функцыя літаратуры, скіраваная на выхаванне ў вучняў дасканалага эстэтычнага густу.

Мастацкая літаратура здольная аказваць маральна-эстэтычнае ўздзеянне на чытача усімі сваімі кампанентамі. Найважнейшае значэнне ў гэтым плане мае вобраз станоўчага героя. Учынкі герояў, іх думкі пачуцці і дзеянні ў мастацкім творы маюць не толькі маральную вартасць, але і набываюць эстэтычную афарбоўку. Менавіта станоўчыя героі літаратуры, эмацыянальна ўплываючы на школьнікаў, абуджаюць у іх лепшыя якасці, навучаюць жыццю, выхоўваюць з іх сапраўдных змагароў за праўду і справядлівасць.

Вялікія магчымасці для маральна-эстэтычнага выхавання вучняў адкрываюцца на ўроку літаратуры пры аналізе адмоўнага героя. Нельга поўнасцю зразумець прыгожае, не спазнаўшы агіднае. Творы часам “заселеныя” толькі адмоўнымі героямі (раман А. Мрыя “Запіскі Самсона Самасуя”), тым не менш станоўча ўплываюць на фарміраванне маральных якасцей, эстэтычнага густу чытача. Гэта яшчэ тлумачыцца спецыфікай літаратуры, якая не пазбаўлена суб’ектыўных фактараў, г.зн. усё, што адлюстравана ў мастацкім творы, перадаецца праз аўтарскае ўспрыняцце. Сіла і якасць уплыву твора на чытача залежыць у многім ад аўтарскай пазіцыі, яго эстэтычных і маральных ідэалаў. Мастацкая літаратура, як адзін з відаў пазнання рэчаіснасці, заклікана адлюстроўваць вострую барацьбу новага са старым, гуманнага з нечалавечым. Пачуццё нянавісці і агіды ў школьнікаў выклікаюць такія сацыяльна-псіхалагічныя тыпы як Лаўрук (“На каляды к сыну” З. Бядулі), бацька і сын Хамёнкі (“Галя” Я. Брыля). Няма падставы непакоіцца, што іх паводзіны стануць для школьнікаў прыкладам. Яны агідныя як людзі, а як тварэнне аўтара, як мастацкія вобразы, як тыпы – цудоўныя, таму што ў іх дасканала раскрыты людскія заганы. В. Бялінскі пра гэта пісаў: “Я люблю Карла Мора як чалавека, захапляюся Позай як героем і ненавіджу Гана Ісландца як пачвару, але як стварэнне фантазіі, як прыватныя з’явы агульнага жыцця, яны для мяне ўсё роўна цудоўныя” [4, с. 48].

Мастацкая літаратура – сплаў аб’ектыўнага і суб’ектыўнага. Аб’ектыўнае тут ідзе ад самога жыцця, а суб’ектыўнае – ад аўтара. Вось чаму стрыжнем маральна-эстэтычнай вартасці твора мастацкай літаратуры і адпаведнага ўздзеяння яго на чытача нярэдка з’яўляецца аўтарская пазіцыя. Аўтарская пазіцыя робіць вялікі ўплыў на фарміраванне ў чытача, у першую чаргу ў школьнікаў, уяўленняў аб прыгожым. Калі чытач любіць творы канкрэтнага аўтара, то ён прымае і яго эстэтычныя погляды, яго эстэтычны ідэал.

Чалавек з моманту нараджэння пастаянна звязаны з прыродай. Задача школы – навучыць дзяцей бачыць, адчуваць і разумець яе прыгажосць. Далучэнне да роднай прыроды спрыяе выхаванню патрыятызму – адной з маральных якасцей асобы з эстэтычнай афарбоўкай. Важная роля ў вырашэнні гэтай задачы належыць творам мастацкай літаратуры, паколькі прырода – гэта самастойны, хоць і не ізаляваны персанаж літаратурнага твора.

Своеасаблівую магчымасць маральна-эстэтычнага ўздзеяння на чытача ўтрымлівае ў сабе мова твора мастацкай літаратуры. Мова мастацкай літаратуры як узор прыгожай мовы робіць уплыў на агульнае развіццё чытача, а таксама спрыяе фарміраванню камунікатыўных якасцей, умення гаварыць правільна і прыгожа.

Літаратура развівае асобу, ўзбагачае яго інтэлектуальны і эмацыянальны свет.

Школьны курс літаратуры закліканы далучаць вучняў да мастацтва слова праз розныя формы творчасці і тым самым фарміраваць у іх культуратворчыя ўменні і навыкі.

Сіла эстэтычнага ўражання, якое атрымлівае чалавек ад літаратуры, не зважаючы на сваю апасродкаваную форму, можа быць нашмат большаю за кошт таго, што славеснае мастацтва выконвае геданічную функцыю, г.зн. прыносіць чалавеку інтэлектуальна-эмацыянальную асалоду, звязаную са сфераю пачуццяў, з усім тым, што мы адносім да сферы розуму, інтэлектуальна-пазнавальнага ці этычнага свету чалавека.

З’яўляючыся самастойным і вельмі спецыфічным прадметам ў школе, беларуская літаратура не ізалявана ад іншых дысцыплін, а цесна звязана з імі, асабліва з рускай літаратурай, з дысцыплінамі эстэтычнага (музыка, выяўленчае мастацтва) і грамадазнаўчага (беларуская мова, гісторыя) цыклаў.