Дэкадансу, мадэрнізму, авангардызму, постмадэрнізму

Паняццямі «дэкаданс» «мадэрнізм», «авангардызм» і «пост­ма­дэр­нізм» вызначаюцца найбольш важныя і характэрныя асаблі­васці раз­віц­ця «нерэалістычнай» літаратуры еўрапейскага кантынента (і ў прын­цыпе ўся­го свету) на працягу апошняй трэці ХІХ ст., а так­сама ўся­го ХХ ст.

Адразу зазначым, што ў змястоўным напаўненні дадзеных па­няц­цяў ня­ма адзінства, і часам само ўжыванне іх у дачыненні да тых ці іншых з’яў літаратуры і мастацтва азначанага вышэй пе­рыя­ду досыць су­пя­рэч­лі­вае і спрэчнае. Прывядзем прыклад з адной з са­мых новых прац па тэо­рыі літаратуры — кнігі «Теория ли­те­ра­ту­ры. Том IV. Литературный про­цесс.— М., 2001». Адзін з асноўных яе аўтараў Ю. Бораў у агульным ма­дэр­нісцкім радзе вылучае перад­ма­дэрнізм (пачынаецца ён, паводле кан­цэп­цыі дадзенага даслед­чы­ка, з натуралізму; сюды ўваходзяць таксама імп­рэсіянізм, прэ­ра­фаэ­лі­тызм, сімвалізм і эклектызм), уласна мадэрнізм (яго напаўняюць ак­меізм, футурызм, прымітывізм, кубізм, абстрак­цыя­нізм, лучызм і фа­візм), неамадэрнізм (складаюць дадаізм, сюррэалізм, экс­п­рэ­сія­нізм, імажызм і імажынізм, канструктывізм, экзістэнцыялізм, лі­­та­ра­тура «плыні свядомасці», неаабстракцыянізм) і постмадэрнізм (утва­­раюць поп-арт, гіперрэалізм, фотарэалізм, санарыстыка, му­зыч­ны пу­антылізм, алеато­рыка, хэпенінг, сац-арт, канцэптуалізм). І ўсё гэта (пе­рад­мадэрнізм, мадэрнізм, неамадэрнізм і постмадэрнізм) аб’яд­ноўваецца аван­гар­дызмам (эпоха авангардызму — у дак­лад­ным варыянце) [251].

Цэнтральным у тэрміналагічна-паняційным радзе «дэ­ка­данс — ма­дэр­нізм — авангардызм — постмадэрнізм» з’яўляецца па­няц­це «ма­дэр­нізм» (ад франц. moderne — сучасны, навейшы). Гэ­та як бы аснова, свое­асаб­лівая вось, вакол якой размяшчаюцца і ру­ха­юц­ца астатнія тры па­няц­ці-тэрміны. Дэкаданс пераважнай боль­ша­с­цю айчынных дас­лед­чы­каў лі­чыцца папярэднікам мадэрнізму аль­бо яго першай стадыяй; аван­гар­дызм вы­ступае ў дадзеным вы­пад­ку вяршыняй мадэрнізму, яго свое­асаб­лівай квінт­эсенцыяй; пост­­мадэрнізм — гэта заключны этап, тое, што прый­шло на змену ма­дэр­нізму, пасля таго, як ён вычарпаў сябе і сышоў з лі­та­ра­тур­най аван­сцэны. Падкрэслім яшчэ раз, што гэта найбольш рас­паў­­сю­джа­ны, але не адзіны погляд на агульнае сэнсава-змястоўнае на­паў­­нен­не дадзеных па­няццяў. Так, напрыклад, Н. Суслава і Т. Усольцава свяр­­д­жаюць, што аван­гард — гэта «адзін з асноўных прынцыпаў ства­рэн­ня мастацкай рэальнасці побач з мадэрнізмам (падкрэслена на­мі — В. Я.)» [252].

Тэрмінам дэкаданс прынята было раней абазначаць «упад­ніц­кія» мас­тацкія і культурныя з’явы нерэалістычнага характару, якія вы­явіліся ў заходнееўрапейскай літаратуры апошняй трэці ХІХ ст. Ад­нак літа­ра­тур­ны дэкаданс, з пункту гледжання сённяшняга лі­та­ра­туразнаўства, паз­баўленага ідэалагічных клішэ і догм,— «з’ява не­ар­дынарная, су­пя­рэч­лівая, і адналінейнасць у яго ацэнцы немаг­чы­мая» [253]. Ён не можа слу­жыць дакладным і вычарпальным вызна­чэн­нем усяго кола шматстайных і су­пярэчлівых эстэтычных па­зі­цый, якія займалі пісьменнікі, паэты і кры­тыкі ў Францыі, Англіі, Гер­маніі і іншых краінах у гэты перыяд.

На фарміраванне дэкадэнцкага светаўспрымання аказалі ўплыў мно­гія фактары. Асабліва моцна паўздзейнічалі на дадзены пра­цэс новыя фі­ла­софскія вучэнні. На першым месцы сярод іх — ін­туі­ты­вісцкая тэорыя А. Берг­сана, псіхааналітычнае (з пад­свя­до­мым у цэнтры) вучэнне З. Фрэй­­да, філасофія Ф. Ніцшэ з апалогіяй звыш­­чалавека. «Для дэ­ка­дан­с­нага светапогляду характэрны шэраг устой­лівых рыс: пачуццё гэтак зва­най «рубежнай стом­ле­на­сці» <...>, ірацыяналізм і містыцызм у ацэнцы з’яў і падзей; пе­сі­мізм у адносінах да сучаснага і асабліва да будучага; апакаліпсічныя ча­канні; успрыманне ўласнага жыцця як пакутлівага і бес­сэнсоўнага гі­бення, ад якога можа выратаваць толькі жаданая смерць; пад­крэс­ле­ная цікавасць да анармальных, паталагічных станаў: вар’яцтва, суі­цыду (самазабойства), садамазахісцкага комплексу і г. д.; ама­­ра­лізм, дэманстратыўнае грэбаванне агульнапрынятымі этычнымі нор­­мамі» [254].

Радзімай літаратурнага дэкадансу стала Францыя, якая пра­цяг­ва­ла жыць «хутчэй іншых» (М. Горкі), а пагэтаму прыкметы «ўпад­ку цы­ві­лі­за­цыі» тут абазначыліся раней, чым у іншых еўра­пейскіх краі­нах. Тут жа, у Францыі, склаліся і першыя дэкадэнцкія лі­та­ра­тур­ныя плыні — сім­валізм і імпрэсіянізм, якія вызначылі развіццё еў­ра­пейскай і ў прын­цы­пе ўсёй сусветнай літаратуры апошняй трэ­ці ХІХ — пачатку ХХ стст.

З Францыі дэкадэнцтва пайшло паступова распаўсюджвацца па ін­шых краінах. У Вялікабрытаніі рысамі дэкадэнцтва пазначана твор­часць прэ­рафаэлітаў (група мастакоў і паэтаў пад кіраўніцтвам Д. Ра­сеці, якая ў сва­іх поглядах і мастацкай практыцы адштур­хоў­ва­ла­ся ад італьянскіх мас­такоў дарафаэлеўскай эпохі (Джота, С. Ба­ці­чэ­лі); прэрафаэліты ары­ен­таваліся на паэзію Дантэ і англійскіх ра­ман­тыкаў; для іх быў ха­рак­тэр­ным культ прыгажосці, містыка і эра­тыч­ныя матывы). Пад уплывам дэ­ка­дэнцкіх настрояў апынуліся ў пэў­най ступені і такія буйныя еў­ра­пей­скія майстры слова, як О. Уайльд, М. Метэрлінк, Р.М. Рыльке і інш. У Ра­­сіі дэкадэнцтва ад­люст­равалася ў творчасці «старэйшых сім­ва­ліс­таў» (М. Мін­скага, Дз. Ме­ражкоўскага, З. Гіпіус), а таксама Ф. Салагуба, Л. Анд­рэева і не­кат. інш. пісьменнікаў.

Найбольш вызначальныя моманты творчага почырку і паэтыкі дэ­ка­дэн­таў — гэта імкненне збегчы (як, дарэчы, рабілі ў свае часы ра­ман­ты­кі) ад рэ­чаіснасці ў мару альбо ў свой унутраны свет; прад­каз­ванне не­мі­ну­­ю­чай пагібелі чалавецтва, бунт супраць сучас­нага све­ту, які не спраў­дзіў на­дзей; выкарыстанне ў якасці асноўнай жан­равай формы кароткага лі­­рыч­нага верша; імкненне да перадачы ў тво­рах асобных фрагментаў быц­­ця з іх «мікрааналізам».

Уласна мадэрнізм з авангардам у цэнтры (сюды даследчыкі ад­но­сяць звычайна такія плыні ў мадэрнізме, як футурызм, экспрэ­сі­я­нізм, да­да­ізм і сюррэалізм) у якасці завершанай мастацкай сіс­тэ­мы выступае прык­ладна з 20-х гг. ХХ ст.

Асноўнымі рысамі філасофіі і эстэтыкі мадэрнізму ў цэлым з’яў­ля­юц­­ца, паводле Н. Суславай і Т. Усольцавай, наступныя: «1) ідэ­­а­­ліс­тыч­ная ўстаноўка ў адносінах да рэальнасці — свя­до­масць пры­зна­ецца пер­ша­снай; 2) імкненне мадэліраваць уласную рэ­аль­насць, а не апісваць існу­ючую; 3) асноўнай катэгорыяй ма­дэр­ніз­му становіцца паняцце тэк­сту, які прызнаецца вышэйшай рэ­аль­на­сцю і фарміруецца не праз ад­люст­раванне аб’ектаў рэчаіснасці, а шля­хам узнаўлення і асэнсавання «акуль­тураных» аб’ектаў, ла­ка­лі­за­ваных у тэкстах-папярэдніках; 4) звыш­­каштоўнай для мадэрнізму з’яў­ляецца ідэя пабудовы тэксту як «па­дарожжа» па лабірынтах глы­бока індывідуа­лізаванай свядомасці, якая нярэдка адрозніваецца па­талагічным характарам; 5) тэхнічна ўсклад­неная манера пісьма» [255].

Паводле А. Фядотава, да спецыфічных асаблівасцей мадэрнізму ХХ ст. можна аднесці таксама «цікавасць да антычнай, біблейскай, ус­ход­няй, ла­ці­наамерыканскай, афрыканскай міфалогіі і самамэтнае сцвяр­джэн­не на­ва­тарскіх прынцыпаў мастацтва будучага, зварот да інтуіцыі як асноўнай фор­мы мастацкага пазнання і ўспрымання, дэман­стра­тыў­ную схільнасць да містыкі і акультызму» [256].

Калі ж весці гаворку аб авангардызме, дык найбольш пака­заль­нымі прык­метамі яго, на думку Е. Лявонавай, можна лічыць «па­глыб­ленасць у ду­шэўны свет героя, у свядомасць і нават пад­свя­до­масць чалавека (хаця прад­­стаўнікамі асобных напрамкаў, на­прык­­лад, экспрэсіянізму, на­да­ва­ла­ся ўвага і сацыяльнай прабле­ма­ты­цы), перавагу ірацыянальнага над ра­­цыянальным; у першую ж чар­гу — гэта радыкальная адмова мастака ад прынцыпу знешняга праў­дападабенства, ад эстэтыкі простага пе­рай­ман­ня, імітацыі, ад ад­люстравання жыцця ў формах і вобразах, ад­па­вед­ных самому жыц­цю. Менавіта ў XX ст. гэтая тэндэнцыя заявіла пра сябе над­­звы­чай рашуча, увасобілася ў скіраванасці пісьменніка на жанравы і кам­­пазіцыйна-стылёвы эксперымент, у фармаванні зусім новага ты­пу мас­такоўскага мыслення, успрымання рэчаіснасці. Сут­насць апош­­ня­га — у тым, што аўтар адштурхоўваецца не столькі ад самой рэ­чаіснасці, коль­кі ад свайго ўласнага бачання яе, ад свайго ўяў­лен­ня аб ёй, нават ка­лі ў ягоным уяўленні і адлюстраванні яна ста­но­віц­ца амаль (ці часам цал­кам) непазнавальнай. Галоўнае для мас­така-аван­гардыста — ува­со­біць у творы свой непаўторны, ін­ды­ві­дуаль­ны, суб’ектыўны погляд на ча­лавека і свет, сваё «я» [257].

Мадэрнізм адмаўляе вядомыя жанры і формы, прапаноўваючы на іх мес­ца новыя. Таму невыпадкова, што ў якасці жанравых азна­чэн­няў па­ча­лі шырока выкарыстоўвацца словы з часціцай «анты»: ан­­тымастацтва, ан­тыдрама, антыраман. Наогул, апошні (праўда, не заў­сёды з часціцай «ан­ты») займае цэнтральнае месца ў жанравай сіс­тэме мадэрнізму (тво­ры Ф. Кафкі, А. Камю, Дж. Джойса, В. Вулф. Следам за раманам ідзе дра­ма (Э. Іанэска, С. Бекет, Ж.П. Сартр).

У новую сітуацыю трапляе ў мадэрнізме і чытач. Імкненне мас­така-ма­­дэрніста да вельмі асабістага вытлумачэння канк­­рэт­нага све­ту часам пры­­водзіць чытача да немагчымасці зра­зу­мець сэнс ад­люст­раванага. Ад­нак, на думку саміх пісьменнікаў, гэта ў сваю чар­гу станоўча працуе на чы­­тача. Ягоная ўласная творчая здоль­насць ак­тывізуецца, ён ужо не прос­­та суперажывае ці ат­рым­лі­вае гатовую ін­фармацыю, не пры­ста­соў­ва­­ец­ца да аўтарскай ін­тэр­прэ­тацыі, а дае во­лю ўласнай фантазіі, ста­но­віц­­ца сатворцай.

Акрамя названых вышэй авангардысцкіх плыней (футурызм, экс­прэ­­сіянізм, дадаізм і сюррэалізм) мадэрнізм прадстаўляюць так­са­ма шко­­ла «плыні свядомасці», экзістэнцыялізм, «новы раман», драма і тэатр аб­сур­ду і некат. інш.

Постмадэрнісцкай імянуецца літаратура, якая прыйшла на зме­ну ўлас­­на мадэрнісцкай прыкладна на рубяжы 1960–1970-х гг. Хоць «су­час­ныя культуролагі і літаратуразнаўцы і схіляюцца да та­го, каб лічыць, што на сённяшні дзень ўсё паглынута адзінай пост­ма­дэрнісцкай плын­ню» [258], і ў самой гэтай з’яве, і ў спробах яе на­ву­ко­вага асэнсавання шмат (і гэ­­та заканамерна) няяснага, нявы­свет­ле­на­га, цьмянага.

Калі весці гаворку аб сутнасці постмадэрнізму наогул, дык ад­ны лі­чаць, што ён уяўляе сабой спецыфічнае светаўспрыманне, ува­саб­ленне ду­­ху нашага складанага часу; другія разглядаюць пост­ма­дэр­нізм як свое­асаб­­лівы стыль. Наконт часу ўзнікнення пост­ма­дэр­ніз­му ў вучоным ася­род­­дзі таксама няма адзінства: згодна з кан­цэп­цы­яй адных даследчыкаў, гэ­­тая з’ява як пэўны спосаб мыслення не мо­жа быць замацавана за канк­рэт­­най эпохай, бо заяўляла аб сабе ў роз­ныя часы; паводле другой (так­са­ма даволі распаўсюджанай) кан­цэп­цыі, постмадэрнізм мае свае вытокі ў мас­­тацтве першай паловы ХХ ст. (у прыватнасці, у раманах Дж. Джойса «Уліс» і «Памінкі па Фі­негату»), а сфарміраваўся ў цэласную сістэму толь­кі ў другой па­ло­ве ХХ ст.

І ўсё ж, сцвярджае Е. Лявонава, «да нейкай пэўнасці дас­лед­чы­кі апош­­­­нім часам прыходзяць. Лічыцца, што пост­ма­дэр­нізм — са­праў­ды ду­­­жа спецыфічнае ўспрыманне свету як тэксту. А па­колькі гэ­тае све­та­ўспры­­манне ў другой палове XX ст. знайшло ўва­­саб­лен­не ў вялікай коль­­касці твораў рознай жанравай пры­на­леж­на­сці, ёсць пад­ставы га­ва­рыць пра постмадэрнізм і як пра пэўны лі­та­ратурны стыль. Га­лоўная яго прык­­мета — скіраванасць увагі пісь­мен­ніка на лі­таратурную спадчыну, зва­­рот да яе як да крыніцы сю­жэ­таў, вобра­заў, матываў. Дзеля на­гляд­на­сці параўнаем: рэалісты ад­штур­хоў­ва­юц­ца ад рэчаіснасці, авангардыс­ты — ад уласнага суб’ек­тыўнага ба­чання, ад сваіх адчуванняў і пе­ра­жы­ван­­няў, пост­ма­­дэрністы — ад ужо вядомых, звычайна класічных лі­та­ра­тур­­ных тэк­стаў ці іх асоб­ных частак. Класічныя тэксты добра вядомы, лёг­­ка па­знаюцца і вы­клі­каюць пэўныя згадкі і асацыяцыі; іншымі сло­ва­мі, яны ўяўляюць для любога чытача своеасаблівыя знакі. Важна, ад­нак, пад­крэсліць: пры кожным новым выкарыстанні такія сюжэты, воб­разы, ма­тывы ін­тэрпрэтуюцца па-новаму» [259].

Дарэчы, часты зварот постмадэрністаў да класічных тэкстаў, усе­­маг­чы­мыя «маніпуляцыі» з імі далі падставу аднаму з сучасных кры­­тыкаў зра­біць досыць слушную выснову наконт таго, што калі тра­ды­цыйная («ста­рая») культура адлюстроўвала свет і чалавека ў гэ­тым свеце і тым са­мым па-сапраўднаму выконвала сваё пры­зна­чэн­не і сваю місію, дык су­часная («новая») культура, ад­люст­роў­ва­ючы самую сябе, пачынае за­цык­лівацца, «заварачвацца» і ў выніку губ­ляе сваю сут­насць і сваё са­праўд­нае прызначэнне [260].

Ёсць, на думку Е. Лявонавай, і шэраг іншых вельмі істотных прык­мет літаратурнага постмадэрнізму. Гэта перапляценне ў межах ад­наго тво­ра «высокіх» і «нізкіх» жанраў. У адным по­стмадэр­нісц­кім рамане, на­прыклад, могуць прысутнічаць элементы рамана гіс­та­­рычнага, дэ­тэк­тыў­нага, псіхалагічнага, філасофскага, а таксама на­­вуковага трактата, эсэ і інш., у выніку чаго аказваюцца спа­лу­ча­ны­мі зай­мальнасць і інтэлек­ту­аль­насць. Пісьменнік-постмадэрніст звяр­­та­ецца, і асабліва часта ў прозе, да такіх жанраў, якія тра­ды­цый­на лічацца не­галоўнымі, перыферыйнымі (эсэ, трактат, рэцэнзія, слоў­нік і інш.).

«Апроч таго, што ў адным і тым жа постмадэрнісцкім творы ні­ту­юц­ца сюжэты і вобразы розных ужо вядомых тэкстаў, у ім ад­на­ча­­сова кам­бінуюцца і розныя ўжо вядомыя літаратурныя стылі. У вы­ніку га­во­раць пра наяўнасць у постмадэрністаў такой якасці, як сты­лёвы по­лі­фа­нізм. Функцыю ж аб’яднальніка зусім розных эле­мен­­таў выконвае цы­та­ван­не (цытацыя), яўнае і прыхаванае. Ад­бы­ва­ецца своеасаблівая лі­та­ра­тур­ная гульня, праз якую вядомыя воб­ра­зы і калізіі пазбаўляюцца пер­ша­па­чатковага, замацаванага за імі змес­ту, пераасэнсоўваюцца, пад­вяр­га­юцца парадзіраванню і іра­ні­за­ван­ню, травесційна «зазямляюцца»; іро­нія — увогуле адзін з ня­змен­ных, пас­таянных кампанентаў твора» [261].

Пісьменнікі-постмадэрністы рэдка калі абыходзяцца без сімва­лаў, якія часта выкарыстоўваюцца ў сукупнасці, ствараючы ў ра­ма­не, п’есе або вершы разгалінаваную сістэму знакаў; гэта такія сім­ва­лы, як ла­бі­рынт, бібліятэка, кніга, люстэрка, палац, сад і інш. Усе яны тояць у сабе эле­мент лабірынтнасці, неабходнасць выбару, маг­чы­масць лю­бых на­кі­рун­каў і паваротаў.

Замежны постмадэрнізм прадстаўляюць найперш такія вя­до­мыя май­стры слова, як аргенцінцы Х.Л. Борхес (вершы, празаічныя мі­нія­цю­ры, эсэ, апавяданні), Х. Картасар (раман «Гульня ў класікі») і А. Посэ (ра­ман «Райскія псы»), італьянец У. Эка (раман «Імя ру­жы»), паў­ноч­на­аме­рыканец К. Вонегут (раман «Калыска для кош­кі»), англі­чанін Т. Сто­пард (драмы «Розенкранц і Гільдэнстэрн мёр­т­выя», «Аркадзія»), серб М. Па­віч (раман «Хазарскі слоўнік»). Да ра­сійскіх постмадэрністаў ад­но­сяць Вен. Ерафеева, А. Бітава, І. Брод­­ска­га, В. Са­ро­кіна, Л. Рубінштэйна і цэ­лы шэраг іншых аўтараў.

Постмадэрнісцкія павевы закранулі таксама і сучасную бе­ла­ру­с­кую лі­таратуру, пераважна творчасць яе маладых прад­стаўнікоў (С. Ада­мо­ві­ча, А. Аркуша, Б. Пятровіча і інш.).