Рэалізм у беларускай літаратуры
Рэалістычныя тэндэнцыі ў беларускай літаратуры ўпершыню далі аб сабе моцна знаць яшчэ ў пачатку XVI ст. у паэме М. Гусоўскага «Песня пра зубра». Затым яны ў той альбо іншай ступені выяўляліся ў палемічнай літаратуры канца XVI — пачатку XVII стст., беларускіх інтэрмедыях, «Камедыі» К. Марашэўскага, бурлескных паэмах «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе», «Два д’яблы». Парэформенная творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча пазначана істотным развіццём і ўзмацненнем рэалістычнага пачатку ў нашай літаратуры.
Першым жа беларускім пісьменнікам, які практычна поўнасцю перайшоў на рэалістычныя пазіцыі ў мастацкім адлюстраванні рэчаіснасці, стаў Ф. Багушэвіч. Творчасць яго, і гэта заканамерна, вызначаецца моцным крытычным пафасам. Такім чынам, Ф. Багушэвіч поўнасцю ішоў у нагу са сваім часам. Мастацкія заваёвы Ф. Багушэвіча ў плане рэалістычнага адлюстравання жыцця пэўным чынам працягнулі і замацавалі Я. Лучына і А. Гурыновіч.
У першыя тры дзесяцігоддзі ХХ ст. рэалізм атрымаў у беларускай літаратуры сваё далейшае развіццё. Заўважым, што ён цесна судакранаецца з рамантызмам і сімвалізмам (творчасць Цёткі, М. Багдановіча, Я. Купалы, М. Гарэцкага, З. Бядулі, М. Чарота, У. Жылкі, М. Зарэцкага і некат. інш. пісьменнікаў), а таксама з натуралістычнымі (творчасць Ядвігіна Ш., Ц. Гартнага і інш.) і дэкадэнцка-мадэрнісцкімі (творчасць Я. Пушчы, Я. Скрыгана, Т. Кляшторнага, А. Бабарэкі, П. Шукайлы і інш.) павевамі ў нашай літаратуры. Некаторыя, найбольш характэрныя праявы такога ўзаемадзеяння, і асабліва паміж рэалізмам і неарамантызмам (рамантыкай), назіраюцца ў пасляваеннай беларускай літаратуры, аб чым сведчыць творчасць У. Караткевіча, М. Стральцова і некат. інш. аўтараў.
Пераважная большасць беларускіх даваенных, пасляваенных і сучасных пісьменнікаў (за выключэннем заходнебеларускіх літаратараў, а таксама пісьменнікаў, якія апынуліся ў эміграцыі) павінна была спавядаць аж да канца 1980-х гг. прынцыпы г. зв. «сацыялістычнага рэалізму», прычым у самых што ні на ёсць яго кананічных формах, у выніку чаго наша нацыянальная літаратура сыйшла са свайго ў цэлым нармальнага шляху развіцця і ў выніку вельмі шмат згубіла. Разам з тым найбольш таленавітыя, аўтары, такія, напрыклад, як І. Мележ, А. Макаёнак, В. Быкаў, У. Караткевіч і некат. інш., усё-такі здолелі пэўным чынам узняцца над неспрыяльным часам і эпохай і далі нашаму народу і сусветнаму супольніцтву сапраўды рэалістычныя, глыбока праўдзівыя і вартыя ўвагі творы.