Літаратура
Антанюк Л.А. Мова мастацкай літаратуры; Мова пісьменніка // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.— Мн., 1986.— Т. 3.
Введение в литературоведение / Под. ред. Г.Н. Поспелова.— 2-е изд., доп.— М., 1983.
Гиршман М.М., Орлицкий Ю.Б. Стих и проза: два типа ритмической организации // Теория литературы. Том III. Роды и жанры (основные проблемы в историческом освещении).— М., 2003.
Григорьев В.П. Речь художественная; Язык художественной литературы // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.— М., 1987.
Жирмунский В.М. Теория литературы: Поэтика. Стилистика.— Л., 1977.
Клинг О.А. Тропы // Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец.— М., 2000.
Кожинов В.В. Художественная речь как форма искусства слова // Теория литературы: Основные проблемы в историческом освещении. Стиль. Произведение. Литературное развитие.— М., 1965.— Кн. 3.
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства.— 2-е выд., дапрац. і дап.— Мн., 1982.
Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.— М., 2000.
Рагойша В. Вершаваная мова; Гукапіс літаратурны; Лексіка літаратурная; Мова мастацкай літаратуры; Паэзія; Проза; Рытм; Рытмастваральныя кампаненты; Рытміка; Рытмічная проза; Сінтаксіс літаратурны // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапаможнік.— Мн., 2001.
Теория литературы: Учебное пособие для студентов филологических факультетов высших учебных заведений: В 2 т. / Под. ред. Н.Д. Тамарченко.— Т. 1: Тамарченко Н.Д., Тюпа В.И., Бройтман С.Н. Теория художественного дискурса. Теоретическая поэтика.— М., 2004.
Теория метафоры.— М., 1990.
Тимофеев Л.И. Основы теории литературы.— 5-е изд., испр. и доп.— М., 1976.
Томашевский Б.В. Теория литературы. Поэтика.— М., 2002.
Федотов О.И. Основы теории литературы: В 2 ч.— Ч. 1: Литературное творчество и литературное произведение.— М., 2003.
Хализев В.Е. Теория литературы.— 2-е изд.— М., 2000.
Шапир М.И. Язык поэтический // Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец.— М., 2000.
3.8.2. Паняцце мастацкага тэксту.
Рамачныя кампаненты тэксту. Тэкст і твор.
«Чужое» слова ў тэксце. Інтэртэкстуальнасць
Арганізаваны аўтарам у пэўнай паслядоўнасці і зафіксаваны пісьмова (або друкам) ланцуг моўных адзінак, адносна цэласны і самадастатковы ў сваёй аснове, імянуецца здаўна ў літаратуразнаўстве тэкстам (ад лац. textus — тканіна, спляценне).
У самім тэксце размяжоўваюць асноўны тэкст твора і пабочны. Апошні ў многіх творах складае цэлая сістэма кампанентаў, якія ў сучасным літаратуразнаўстве атрымалі назву «рамачных» [155]. Спынімся на іх больш падрабязна.
Пачатак тэксту (выдзелены графічна) можа змяшчаць у сабе наступныя кампаненты: прозвішча і ініцыялы аўтара (сапраўдныя альбо ў выглядзе псеўданіма), загаловак, падзагаловак, прысвячэнне, эпіграф(ы), прадмову (уступ, уводзіны, у некаторых выпадках пралог). Асноўны тэкст можа дапаўняцца аўтарскімі заўвагамі, якія змяшчаюцца ці на ніжнім полі старонкі, ці пасля асноўнага тэксту. Канец тэксту (акрамя абавязковага апошняга вершаванага радка ці празаічнага абзаца асноўнага тэксту) можа ўключаць у сябе аўтарскае пасляслоўе і змест. У драматычных творах да рамачных кампанентаў адносяцца спісы дзеючых асоб і аўтарскія рэмаркі.
Як зазначае А. Ламзіна, «абавязковасць/факультатыўнасць тых ці іншых рамачных кампанентаў у значнай ступені матывуецца жанравай прыналежнасцю твора. Важнейшым з гэтых кампанентаў для эпічных і драматычных твораў, лірыкі «вялікіх форм», ліра-эпасу з’яўляецца загаловак <...>. Тэкст п’есы цяжка сабе ўявіць без спісу дзеючых асоб і абазначэння таго, каму належаць адпаведныя рэплікі. Іншыя ж кампаненты рамачнага тэксту звычайна факультатыўныя» [156].
Склад рамачных кампанентаў тэксту можа істотна вар’іравацца ў залежнасці ад літаратурных звычак, літаратурнай моды, што ўладараць у тую альбо іншую эпоху. Так, напрыклад, у заходнееўрапейскай літаратуры ХIV–ХVIII стст. атрымалі вялікае распаўсюджанне ўрачыстыя і пышныя прысвячэнні мецэнатам. Да сярэдзіны ХIХ ст. бытавала традыцыя пачынаць творы з прадмоў (уступаў, уводзін), у якіх аўтар тлумачыў задуму сваіх тварэнняў, асаблівасці іх паэтыкі, а часам і ўступаў у палеміку з крытыкамі. У паэтыцы рамантызму вялікая роля адводзілася эпіграфам, што выкарыстоўваліся аўтарамі для стварэння ў чытача пэўнага эмацыянальнага настрою падчас успрымання.
«Рама»,— лічыць А. Ламзіна,— надае твору характар завершанасці, узмацняе яго ўнутранае адзінства» [157]. Арганізоўваючая роля рамачных кампанентаў наглядаецца асабліва тады, калі звяртацца да твораў, што маюць складаную кампазіцыю, пры дапамозе якой аб’ядноўваюцца стылістычна неаднародныя рэчы (напрыклад, там, дзе ёсць устаўныя жанры). У аўтарскіх цыклах, дзе кожны асобны тэкст (лірычны верш, апавяданне, нарыс і г. д.) можа разглядацца і як адносна самастойны твор, менавіта наяўнасць агульнай «рамы» найбольш выразна паказвае ўзаемасувязь усіх кампанентаў, іх падначаленасць агульнай задуме.
«Важнасць рамачных кампанентаў абумоўлена яшчэ і тым, што яны падкрэсліваюць дыялагічную прыроду тэксту, яго двухбаковую накіраванасць» [158]. Найбольш выразна гэта назіраецца ў прысвячэннях.
Мастацкі тэкст часта ўступае ў своеасаблівыя дыялагічныя адносіны не толькі з чытачом, але і з іншымі тэкстамі, а часам і з усёй літаратурай эпохі. Тут пэўную ролю могуць адыграць эпіграфы (большая частка з іх — цытаты), а таксама жанравыя падзагалоўкі.
У сувязі з тым, што загаловак выступае ў якасці аднаго з істотнейшых элементаў сэнсавай і эстэтычнай арганізацыі мастацкага тэксту, вельмі важным з’яўляецца правільны выбар яго аўтарам твора (звычайна аўтар выбірае загаловак, хоць іншы раз да гэтай справы могуць спрычыніцца таксама крытыкі, выдаўцы і некат. інш. асобы). Ад удалага выбару загалоўка часта залежыць лёс твора.
Тэкст не трэба атаясамліваць з творам. Як зазначае В. Рагойша, «твор літаратурны ўвасабляецца ў тэксце, але не зводзіцца да яго. Тэкст — гэта лінгвістычная матэрыялізацыя, форма існавання духоўна-мастацкай субстанцыі, якой з’яўляецца твор. Доказам таго, што — пры ўсёй блізкасці — тэкст і твор паняцці розныя, служыць, напрыклад, існаванне перакладу мастацкага і інсцэнізацыі» [159].
Мастацкі тэкст утвараюць моўна-выяўленчыя пласты, часам даволі шматлікія. Наяўнасць тых альбо іншых моўна-выяўленчых пластоў, а таксама суаднесенасць іх паміж сабой, могуць быць рознымі.
Ёсць творы, моўная тканіна якіх уяўляе сабой адзіную плынь, г. зн. практычна не адрозніваюцца аўтарская мова і мова персанажаў. Дакладней, усё вядзе аўтар, выказваючыся не толькі за сябе, але і за персанажаў. Разам з тым сустракаюцца творы (як правіла, празаічныя), дзе прысутнічае рознагалоссе, г. зн. узнаўляюцца розныя спосабы і формы маўлення.
Існуюць таксама творы, у якіх вялікую мастацкую нагрузку выконваюць «чужыя» (М. Бахцін), няаўтарскія (у шырокім сэнсе, г. зн. не створаныя аўтарам, а адкульсьці запазычаныя) словы.
Нямала ў літаратуры твораў, дзе «чужое» слова поўнасцю ўладарыць у тэксце. Найбольш моцна гэта выяўляецца ў стылізацыях, у якіх спецыяльна і яўна імітуюцца рысы і ўласцівасці якога-небудзь фальклорнага ці літаратурнага стылю («Вечары на хутары каля Дзіканькі» М. Гогаля, шэраг створаных М. Багдановічам песень розных народаў, «Казкі жыцця» Я. Коласа). Да стылізацый блізкія перайманні (анакрэантычная лірыка ў творчасці многіх паэтаў Новага часу). На працягу ўсёй гісторыі развіцця сусветнай літаратуры ў ёй сустракаюцца пародыі (часта пародыю характарызуюць як «антыжанр»), у якіх аўтар поўнасцю і адназначна аддаляецца ад прадмета імітацыі і займае іранічную пазіцыю ў адносінах да яго («Дон Кіхот» М. Сервантэса, «Біблія» К. Крапівы, шматлікія вершы-пародыі сучасных беларускіх паэтаў — А. Зэкава, М. Скоблы і інш.).
Асаблівую разнавіднасць «чужога» слова складаюць рэмінісцэнцыі (ад лац. reminiscentia – успамін) — адсылкі ў тэкстах да папярэдніх фактаў і з’яў: асобных твораў ці фрагментаў з іх, а таксама да груп твораў. Рэмінісцэнцыі — «гэта вобразы літаратуры ў літаратуры» [160]. Рэмінісцэнцыі ў адных выпадках уводзяцца ў тэксты (як і прамыя цытаты) свядома і накіравана, у другіх жа, наадварот, з’яўляюцца нечаканымі прыпамінаннямі. «Рэмінісцэнцыі ўвасабляюць культурна-мастацкую і жанрава-стылістычную праблематыку творчасці пісьменнікаў, ажыццяўляюць іх патрэбы ў водгуку на папярэдняе мастацтва» [161].
Тэрмін «тэкст» даў жыццё некалькім вытворным ад яго словам-тэрмінам. Так, прыхаваны сэнс сказанага ў мастацкім творы імянуюць падтэкстам. Прама альбо ўскосна звязаную з мастацкім творам бязмежную сферу літаратурных фактаў і пазалітаратурных з’яў называюць кантэкстам. У сітуацыі, калі тэкст уяўляе сабой сістэму асобных тэкстаў, пабудаваную па прынцыпу іерархіі і падначаленасці адзінаму цэламу, можна весці гаворку аб гіпертэксце (творы з устаўнымі апавяданнямі, навеламі і г. д.). І, урэшце, на працягу двух-трох апошніх дзесяцігоддзяў у літаратуразнаўстве (дзякуючы ў першую чаргу намаганням французскіх вучоных постструктуралісцкай арыентацыі Ю. Крысцевай і Р. Барта) выкарыстоўваецца слова-тэрмін «інтэртэкстуальнасць», ужыванне якога, дарэчы, «стала прэстыжным. Ім часта абазначаецца агульная сукупнасць міжтэкставых сувязей, у склад якіх уваходзяць не толькі бессвядомая, аўтаматычная ці самадастатковая гульнявая цытацыя, але і накіраваныя, асэнсаваныя, ацэначныя адсылкі да папярэдніх тэкстаў і літаратурных фактаў» [162]. Інтэртэкстуальнасць менавіта ў такой якасці здольная «ўзбагачаць сферу моўнай дзейнасці і арсенал мастацка-моўных сродкаў пісьменніка» [163]. Н. Суслава і Т. Усольцава вылучаюць наступныя тыпы інтэртэкстуальнасці: 1) сумеснае існаванне ў адзіным тэксце двух і болей тэкстаў (цытата, алюзія, рэмінісцэнцыя); 2) паратэкстуальнасць, якая ўзнікае ў выніку ўзаемаадносін асноўнага тэксту і дапаможнага (г. зв. рамачных кампанентаў); 3) метатэкстуальнасць, заснаваную на спасылцы тэксту на свой папярэдні тэкст, часта крытычнага альбо каменціруючага характару; 4) гіпертэкстуальнасць — спасылка ў тэксце на ўласны папярэдні тэкст з мэтай яго асмейвання і парадзіравання; 5) архітэкстуальнасць, пад якой падразумяваецца жанравая сувязь тэкстаў [164]. Канкрэтнымі формамі праяўлення інтэртэкстуальнасці з’яўляюцца запазычанне, перапрацоўка тэм і сюжэтаў, яўная і прыхаваная цытацыя, алюзія, парафраза, перайманне, пародыя, выкарыстанне эпіграфаў і г. д.