Месца і роля літаратуры
ў агульнай мастацкай «сям’і». Літаратура
ў сучасным тэхнізаваным свеце
Як ужо неаднаразова адзначалася, літаратура з’яўляецца надзвычай важным відам мастацтва. Яна хоць і адносіцца да г. зв. простых альбо аднасастаўных мастацтваў, аднак разам з тым вельмі цесна звязана з мастацтвамі сінтэтычнымі ці шматсастаўнымі, якія спалучаюць у сабе некалькі розных носьбітаў вобразнасці (такімі з’яўляюцца, напрыклад, архітэктурныя ансамблі, якія «ўбіраюць» у сябе скульптуру і жывапіс; тэатр і кінамастацтва ў іх вядучых разнавіднасцях; вакальная музыка і г. д.). Мастацкая літаратура выступае ў якасці надзвычай важнага кампанента сінтэтычных мастацтваў. У найбольшай ступені гэта адносіцца да драматычнага пісьменства, якое нават з улікам г. зв. драм для чытання (ням. Lesedrame) па сваёй сутнасці прызначана для тэатра. Ды і творы іншых родаў літаратуры ўдзельнічаюць у сінтэзе мастацтваў: лірыка ўступае ў кантакт з музыкай (песня, раманс), а таксама можа выкарыстоўвацца акцёрамі-чытальнікамі і рэжысёрамі (пры стварэнні сцэнічных кампазіцый). Апавядальная проза таксама даволі часта знаходзіць сабе шлях на сцэну і экран.
Пры ўсёй значнасці літаратуры яе роля і месца ў агульнай мастацкай «сям’і» не заўсёды правільна і поўнасцю ўсведамляліся. У розныя эпохі перавага аддавалася тым альбо іншым відам мастацтва. У антычнасці найбольш уплывовай з’яўлялася скульптура; у складзе эстэтыкі Адраджэння і ХVІІ ст. дамінаваў вопыт жывапісу. І толькі ў ХVІІІ ст. (а яшчэ больш — у ХІХ) на авансцэну мастацтва выйшла літаратура. Адпаведна, адбыліся і змены ў эстэтычнай тэорыі. Так, ужо Лесінг у «Лаакаоне» рабіў акцэнт на перавазе паэзіі (літаратуры) над жывапісам і скульптурай. Крыху пазней Кант вёў гаворку аб першынстве літаратуры над іншымі мастацтвамі. З надзвычайнай энергіяй узвышаў літаратуру над іншымі мастацтвамі, лічыў яе «вышэйшым родам мастацтва» В. Бялінскі.
Аднак (і гэта заканамерна) дадзенай думкі прытрымліваліся не ўсе. Так, многія рамантыкі (а пазней і сімвалісты) вышэйшай формай мастацкай дзейнасці і наогул культуры лічылі музыку.
Зазначым і падкрэслім, што падобныя меркаванні (як літаратурацэнтрысцкія, так і музыкацэнтрысцкія), адлюстроўваючы змены і прыярытэты ў мастацкай культуры ХІХ — пачатку ХХ стст., аднабаковыя і не вытрымліваюць сур’ёзнай крытыкі. У супрацьлегласць іерархічнаму ўзвышэнню якога-небудзь аднаго віда мастацтва над ўсімі астатнімі пераважнай большасцю сучасных тэарэтыкаў падкрэсліваецца раўнапраўе форм мастацкай дзейнасці. Не выпадкова шырока бытуе выраз «сям’я муз».
ХХ ст. (асабліва яго другая палова) азнаменавалася сур’ёзнымі зрухамі ў суадносінах паміж відамі мастацтва. Узніклі, умацаваліся і набылі значны ўплыў мастацкія формы, якія грунтуюцца на новых сродках масавай камунікацыі: з пісьмовым і друкарскім словам сталі паспяхова спаборнічаць вусная мова, што гучыць па радыё, і, галоўнае, візуальная вобразнасць кінематографа і тэлеэкрана.
У сувязі з гэтым з’явіліся канцэпцыі, якія ў дачыненні да першай паловы ХХ ст. правамерна называць кінацэнтрысцкімі, а да другой — тэлецэнтрысцкімі. Практыкі і тэарэтыкі кінамастацтва неаднаразова сцвярджалі, што сёння людзі, дзякуючы кінафільмам, вучацца па-іншаму бачыць свет; што чалавецтва пераходзіць ад паняційна-славеснай да візуальнай, відовішчнай і ў выніку больш даступнай культуры. Таму мастацкая літаратура як бы ўжо і непатрэбна.
Зразумела, што дадзеныя меркаванні і высновы аднабаковыя. Хоць літаратуру і пацясніў крыху кіна- і тэлеэкран, яна ўсёроўна застаецца неабходнай і патрэбнай людзям. Без мастацкай літаратуры любому нармальнаму чалавеку не абыйсціся. Гэта свайго роду аксіёма, якая не патрабуе доказу.