Аксіялагічны аспект мастацтва
Даўно вядома і ўсімі прызнана, што мастацтва адыгрывае ў жыцці кожнай канкрэтнай асобы і грамадства ў цэлым велізарную ролю. Такім чынам, з усёй паўнатой паўстае пытанне аксіялагічнага альбо каштоўнаснага (ад ст.-грэч. аxios — каштоўны) боку мастацтва.
Мастацтва (а дакладней, сапраўднае мастацтва), арыентуючыся на каштоўнасці, спасцігаючы і асвятляючы рэальнасць у суаднесенасці з імі, адпаведна арыентуе на гэта і сваіх рэцыпіентаў.
Умоўна каштоўнасці, якія спасцігае і на якія накіроўвае мастацтва, можна падзяліць на дзве групы. Першыя — гэта каштоўнасці універсальныя, як правіла, агульначалавечага і агульнабыційнага характару (воля, мір, годныя чалавека нормы жыцця і г. д.). Іх яшчэ можна назваць анталагічнымі альбо вышэйшымі. Да другой групы адносяцца г. зв. лакальныя каштоўнасці. Гэта тое, што з’яўляецца важным, дарагім, святым для асобных чалавечых груп і канкрэтных людзей (нацыянальныя і сямейна-родавыя традыцыі, прыроднае асяроддзе, пэўны індывідуальны вопыт і інш.).
Цікава, што ўяўленні як аб другіх, лакальных каштоўнасцях, так і ў некаторай ступені аб першых, універсальных, могуць паступова змяняцца на працягу гістарычнага часу, што адпаведна знаходзіць выяўленне ў творах мастацтва.
Так, у еўрапейскай антычнасці галоўнымі, вышэйшымі дабротамі лічыліся прыгажосць, суразмернасць, ісціна; у хрысціянскім сярэднявеччы найбольш уплывовай была трыяда «вера — надзея — любоў»; у эпоху Адраджэння найвышэйшы статус набылі даброты фартуны (багацце, прызнанне), цела (сіла, здароўе, прыгажосць), душы (востры розум, светлая памяць, воля, маральныя дабрачыннасці); рацыяналістычная эпоха (ХVІІ–ХVІІІ стст.) больш за ўсё вітала розум; у часы, калі стаў уплывовым антырацыяналізм ніцшэянскага кшталту, на сцягі сталі ўздымацца стыхійныя парыванні чалавека, яго сіла і здольнасць уладарыць. Сведчанні змены каштоўнасных арыентацый чалавецтва можна было б множыць і множыць.
Рэальнасць з яе супярэчнасцямі і негатыўнымі момантамі, мастацкі асэнсаваная ў свеце вышэйшых каштоўнасцей, здольная часам да акумулявання ў сабе нейкай прасвятляючай, гарманізуючай энергіі. Ачышчэнне, прымірэнне, суцяшэнне, якія нясе мастацтва, Арыстоцель назваў у сваёй «Паэтыцы» катарсісам. Ён прысутнічае ў самых розных жанрах. Аднак катарсіс аслаблены альбо зусім адсутнічае ў тых творах, дзе гаспадарнічаюць скепсіс і татальная іронія. Асабліва шмат такіх твораў спарадзіла мастацтва мадэрнізму.