Лекцыя 14. Італія пад час дзейнасці таталітарнага фашысцкага рэжыма.

 

1. Сутнасць фашысцкага рэжыма.

2. Унутраная палітыка фашыстаў.

3. Знешняя палітыка Італіі.

4. Антыфашысцкі рух.

 

1. Пасля чацвёртага замаху на жыццё Б.Мусаліні (31 кастрычніка 1926 г.) у Італіі была прынята серыя надзвычайных законаў, канчаткова ліквідаваўшых рэшткі дэмакратычнай сістэмы. Былі распушчаны ўсе партыі, акрамя фашысцкай. Была забаронена апазіцыйная прэса, створаны "Асобы трыбунал" для барацьбы супраць антыфашыстаў. Дэпутаты ад усіх партый, за выключэннем фашысцкай, былі пазбаўлены мандатаў. Урад атрымаў заканадаўчыя функцыі. Фашсцкі рэжым уступіў у новую фазу – фазу таталітарнай дыктатуры. Яе асаблівасцю было тое, што яна аб'ядноўвала як рысы таталітарызма, так аўтарытарызма

Ідэалагічнай асновай рэжыма быў нацыяналізм. Ён дапаўняўся ідэямі каталіцызма, традыцыяналізма і сацыялізма. Галоўны прынцып – вялікасць нацыі – меў на ўвазе аднаўленне "Свяшчэннай Рымскай імперыі". Гэта абазначала імкненне да вырашэння двух галоўных задач: 1. Цывілізатарская місія ў Афрыцы; 2. Аздараўленне "хворай Еўропы" (ад хваробы дэмакратыі і бальшавізма). У ідэалагічнай сферы стаўка рабілася на зразумелыя ўсім каштоўнасці: нацыя, сямья, вера, агульны вораг, правадыр і г.д. У 1938 г. былі прыняты расавыя законы, але барацьба за расавую чысціню не дасягала таго размаха і маштаба, якія былі ў фашысцкай Германіі. Важнейшай складаючай часткай фашысцкага рэжыма была карпаратыўная сістэма, якая ўводзілася "Хартыяй працы", прынятай 21 красавіка 1927 г. Вялікім фашысцкім саветам. Фашсцкія прафсаюзы аб'яўляліся адзінымі і абавязковымі для ўсіх, іх кіраўніцтва на ўсіх ўзроўнях прызначалася з ліку фашысцкіх функцыянераў. "Хартыя працы" абвяшчала прынцып усебаковага дзяржаўнага кантроля ў сферы эканамічнага і сацыяльнага жыцця. Органамі для рэалізацыі гэтай палітыкі станавіліся карпарацыі - аб'яднанні прафсаюзаў і арганізацый прадпрыймальнікаў ва ўсіх галінах вытворчасці. Узначальваў карпаратыўную сістэму Нацыянальны савет карпарацый, у якім галоўную ролю адыгрывалі фашысцкія функцыянеры. Пры дапамозе карпаратыўнай сістэмы быў забяспечаны поўны кантроль фашысцкай партыі над эканамічным і сацыяльным жыццём краіны, была ўстаноўлена таталітарная сістэма дзяржаўнага рэгулявання гаспадаркі. Б.Мусаліні падкрэсліваў, што фашысцкая дзяржава можа быць толькі карпаратыўнай, інакш яна не з'яўляецца фашысцкай.

 

2. Галоўным накірункам унутранай палітыкі фашысцкага рэжыма было ўмацаванне ролі фашысцкай партыі ў сістэме італьянскай дзяржавы. У 1926 г. пасля чысткі ў партыі быў прыняты яе новы статут. Ён ліквідаваў прынцып выбарнасці на ўсіх ўзроўнях і аб'яўляў Б. Мусаліні нязменным вярхоўным правадыром фашысцкай партыі. Фашысцкая партыя афіцыйна брала на сябе кіруючую ролю ў дзяржаве. Любыя дзяржаўныя пасады маглі займаць толькі члены партыі. Вялікі фашысцкі савет станавіўся вярхоўным органам усяго рэжыма. Па закону 17 мая 1928 г. фактычна ліквідівалася парламенцкая сістэма ў краіне. У 1939 г. палата дэпутатаў была наогул распушачана. Замест яе стваралася палата фашый і карпарацый у складзе Нацыянальнага савета карпарацый і Вялікага фашысцкага савета. Вялікая ўвага надавалася ідэалагічнай апрацоўцы моладзі і іншых катэгорый насельніцтва. Прапагандаваўся культ сілы і пагарды да другіх народаў, фашысцкая сістэма каштоўнасцей: верыць, падпарадкоўвацца, змагацца! Насаджаўся культ Б. Мусаліні, які сканцэнтраваў у сваіх руках аграмадную ўладу: вярхоўны кіраўнік урада, правадыр партыі, старшыня Вялікага фашысцкага савета.

 

3. Знешняя палітыка фашыстаў мела агрэсіўны характар. Першапачаткова яны ўмацоўвалі свае пазіцыі ў Еўропе, як бы кампенсуючы тое, чаго не атрымалі на Парыжскай мірнай канферэнцыі. У 1924 г. па дагавору з Югаславіяй Італія атрымала порт Фіуме. У 1926 – 1927 гг. яна фактычна ўстанавіла кантроль над Албаніяй. Важнае значэнне для фашысцкага рэжыма мелі "Латэранскія пагадненні", падпісаныя ў 1929 г. з Ватыканам. Яны фактычна забяспечвалі прызнанне, а значыць і падтрымку з боку каталіцкай царквы. З пачатку 30-х гадоў агрэсіўныя тэндэнцыі ўмацоўваюцца. У 1933 г. быў прыняты закон аб ваенізацыі нацыі, які прадугледжваў пагалоўную ваенную падрыхтоўку грамадзян. У 1934 г. узнікае канфлікт з Германіяй з-за уплыву ў Аўстрыі. Італія выходзіць пераможцай. У 1935–1936 гг. яна заваёўвае Эфіопію. Тут яна збліжаецца з фашысцкай Германіяй у выніку чаго ў 1936–1937 гг. два рэжымы падпісваюць шэраг пагадненняў, якія значна іх збліжаюць. У некаторых з пагадненняў удзельнічае Японія, якая з пачатку 30-х гадоў ажыццяўляла агрэсіўную палітыку ў Кітаі. Такім чынам ідзе працэс кансалідацыі агрэсіўных сіл. У маі 1939 г. Італія падпісвае з Германіяй дагавор аб ваенна-палітычным саюзе, які атрымаў назву "Стальны пакт". 10 чэрвеня 1940 г. Італія ўступіла ў вайну на баку Германіі.

 

4. Антыфашысцкая барацьба ва ўмовах фашысцкай дыктатуры і фашысцкага тэрора ў краіне шырокага размаха не набыла. Камуністы спрабавалі ствараць сістэму падпольных арганізацый, але рэальных вынікаў гэтыя спробы не давалі. Цэнтрам антыфашфысцкай барацьбы стала так званая "Антыфашысцкая канцэнтрацыя", створаная ў Парыжы ў 1927 г. з прадстаўнікоў розных партый Італіі. яна прытрымлівалася тактыкі чакання, спадзеючыся на крах фашысцкага рэжыма пры дапамозе караля Італіі. Аднак чым далей тым больш станавілася відавочным, што гэтая тактыка перспектыў не мае. У 1930 г. з Антыфашысцкай канцэнтрацыі выходзяць сацыялісты і паступова ідуць на збліжэнне з камуністамі. У 1934 г. дзве партыі падпісваюць пакт аб адзінстве дзеянняў у барацьбе супраць фашызма. У 1937 г. яны падпісваюць новы пакт, дзе ўжо было падкрэслена, што на змену фашысцкай дыктатуры павінна прыйсці дэмакратычная рэспубліка. Разам з тым трэба мець на ўвазе, што ва ўмовах тэрора і рэпрэсій антыфашысцкая барацьба ў Італіі шырокага размаху не атрымала. Больш таго, пасля падпісання савецка-германскага дагавора аб ненападзе 23 жніўня 1939 г., сацыялісты адмовіліся ад супрацоўніцтва з камуністамі, што безумоўна аслабляла антыфашысцкія сілы краіны. Фашысцкі рэжым у Італіі быў ліквідаваны толькі ў выніку дзеянняў краін антыгітлераўскай кааліцыі ў ліпені 1943 г.