Заходняя Беларусь у складзе Польскай дзяржавы
У выніку савецка-польскай вайны тэрыторыя Заходняй Беларусі была захоплена Польшчай і паводле Рыжскага дагавора 1921 г. паміж урадамі Савецкай Расіі і Польшчы была ў яе складзе да верасня 1939 г. Агульная плошча Заходняй Беларусі складала 113 тыс. км2, насельніцтва – 4,6 млн. чалавек (1931 г.). Па адміністратыўна-тэрытарыяльнаму падзелу Польшчы гэтая тэрыторыя была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў склад 4 ваяводстваў: Беластоцкага (Беластоцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Аўгустоўскі, Сакольскі паветы), Віленскага (Ашмянскі, Браслаўскі, Вілейскі, Дзісненскі, Маладзечанскі, Пастаўскі, Свянцянскі, Вілейска-Трокскі паветы), Навагрудскага (Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі, Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі паветы), Палескага (Брэсцкі, Драгічынскі, Кобрынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі паветы). Найбуйнейшыя гарады – Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. Галоўным горадам рэгіёна, яго культурным і навуковым цэнтрам была Вільня.
Заходняя Беларусь была адносна адсталай аграрнай ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася апошняй пераважна як крыніца сыравіны і таннай рабочай сілы, як рынак збыту для яе прамысловасці. У эканоміцы Заходняй Беларусі назіраўся застой. Працоўныя пакутвалі і ад эксплуатацыі, і ад нацыянальнага ўціску. Разбураная войнамі прамысловасць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) няшчадна рабаваліся, часта распрадаваліся замежным фірмам. Многія галіны прамысловасці так і не дасягнулі ўзроўню 1913 г. У 1928 г. у 3аходняй Беларусі дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала ад 5 да 20 чалавек. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прамысловасці 3аходняй Беларусі ледзь перавышала 1%. Рабочы дзень дасягаў 10–12 гадзін, зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы.
Больш за 80% насельніцтва 3аходняй Беларусі займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутвалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва, цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысловыя тавары шырокага ўжытку (запалкі, соль, газа, тытунь), нізкіх цэн на сельска-гаспадарчыя прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У начатку 20-х гг. польскі ўрад пачаў праводзіць зямельныя рэформы, якія ўключалі продаж праз Зямельны банк часткі памешчыцкай зямлі дробнымі надзеламі (парцэлямі), быў узяты курс на камасацыю (хутарызацыю). Польскі ўрад пачаў засяляць беларускія землі ваеннымі каланістамі-асаднікамі, большасць якіх складалі афіцэры і ўнтэрафіцэры. Яны атрымлівалі бясплатна або за невялікую цану зямельныя ўчасткі па 15–45 га. У 1926 г. Ю. Пілсудскі пачаў ажыццяўляць палітыку “санацыі”.
У адносінах да беларусаў польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі. Яны забаранялі беларускія школы, абмяжоўвалі прыёмы з беларускіх школ у вну, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзяржаўных установах, не прызнавалі тэрміна «3аходняя Беларусь» і ў афіцыйных дакументах называлі яе «крэсы ўсходні», або Белапольшчай. Мэтам паскоранай паланізаныі беларускага насельніцтва служылі дзяржаўны апарат, шавіністычны друк, польскія школы і каталіцкая царква. 3400 беларускіх школ, што існавалі на тэрыторыі 3аходняй Беларусі да польскай акупацыі, у 1939 г. не засталося ніводнай. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 беларускіх гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва 3аходняй Беларусі заставалася непісьменным (1939 г.). У выключна прыгнечаным стане знаходзілася беларуская інтэлігенцыя. Беларускіх настаўнікаў, як правіла, адхілялі ад работы і замянялі польскімі.
Жорстка праследвалася беларуская прэса, асабліва рэвалюцый-нага кірунку. Беларускія газеты і часопісы часта забараняліся і кан-фіскоўваліся, штрафаваліся друкарні, у якіх яны выдаваліся. Калі ў 1927 г. легальна выдавалася 23 беларускія газеты і часопісы, то ў 1932 г. – 8. Не было беларускіх тэатраў і музыкальных устаноў. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць беларускія выдавецтвы, бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Галоўным метадам кіравання польскага ўрада ў 3аходняй Беларусі быў прымус, а часам і тэрор.
На ўзмацненне ўрадавай дыктатуры працоўныя 3аходняй Беларусі часта адказвалі ўздымам барацьбы за сваё поўнае вызваленне. Бяспраўе і нацыянальны прыгнёт стваралі ўмовы для ўзмацнення нацыянальна-вызваленчага руху, у якім існавалі два напрамкі: рэвалюцыйна-вызваленчы і нацыянальна-дэмакратычны.
Рэвалюцыйна-вызваленчы напрамак узначальвала Камуністычная партыя Заходняй Бсларусі (КПЗБ), створаная ў 1923 г. Кіраўніцтва КПЗБ вяло лінію на далейшае разгортванне партызанскага руху і давядзенне яго да змены палітычнай ўлады ў 3аходняй Беларусі. У 1926 г. аформілася масавая палітычная арганізацыя – Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ) на чале з Б. Тарашкевічам. Праграма партыі ўключала наступныя патрабаванні: самавызначэнне Заходняй Беларусі, стварэнне рабоча-сялянскага ўрада, перадача зямлі сялянам без выкупу. Урад Пілсудскага разграміў Грамаду, кінуўшы ў турму сотні актывістаў.
Між тым нацыянальна-вызваленчы рух не спыніўся, а, наадварот, набыў найбольш вострыя формы ў гады сусветнага экананамічнага крызісу (1929–1933 гг.) і ў перыяд стварэння адзінага антыфашысцкага народнага фронту (1935 г.). Найбуйнейшымі антыўрадавымі выступленнямі сялян былі: Косаўскае (І927 г.), Асташынскае (1932 г.), Кобрынскае (1933 г.), Ляплёўскае (1933 г.), выступленне нарачанскіх рыбакоў (1933 г.) і інш.
Вялікі ўплыў на развіццё нацыянальна-вызваленчага руху ў 3а-ходняй Беларусі мела творчасць беларускіх пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П. Пестрака, В.Таўлая, Л. Радзевіча, М. Васілька, А. Са-лагуба, М. Засіма, У. Жылкі, К. Сваяка, Г. Леўчыка, Н. Арсенневай, Х. Ільяшэвіча, П. Карузы, М. Краўцова, М. Гарэцкага, А. Стаповіча, М. Машары, У. Самойлы, публіцыстаў А. Альшэўскага, І. Канчэўскага, А. Луцкевіча, Я. Міско, А. Станкевіча; творчасць навукоўцаў Б. Тарашкевіча, С. Рак-Міхайлоўскага, І. Дварчаніна. У 1930-я гг. пачалі сваю літаратурную дзейнасць беларускія пісьменнікі Я. Брыль, А.Іверс, Ф. Грышкевіч, А. Дубровіч, Я. Чабор, Н. Тарас, Г. Новік, П. Граніт, А. Клімовіч, С. Крывец, А. Мілюць. Сярод найбольш выдатных дзеячоў нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі былі І. Лагіновіч (П.Корчык), З. Паплаўскі, С. Прытыцкі, В. Харужая, У. Царук, Л. Янкоўская і іншыя.
Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР – новая старонка гісторыі беларускага народа.
Асноўныя тэрміны і паняцці
Парцэляцыя – (франц. – parcelle – часцінка) раздрабленне зямельных надзелаў на маленькія ўчасткі (парцэлы) ад 2 да 20 га і продаж іх праз банкі.
Камасацыя – (польск. – komasacja) – ліквідацыя церазпалосіцы са звядзеннем сялянскіх зямель у адзін участак з наступным выхадам на хутар.
Санацыя – назва дыктатарскага рэжыму ў Польшчы ў 1926–1939 гг. Паходзіць ад лозунгу “аздараўленне” (санацыя), абвешчанага пад час ваеннага перавароту 1926 г. Ю. Пілсудскім.
Асаднікі – ваенныя і цывільныя каланісты, якіх польскі ўрад перасяляў з раёнаў карэннай Польшчы ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну з мэтай умацавання сваіх класавых і нацыянальных інтарэсаў.
Пілсудскі Юзэф – польскі грамадска-палітычны, дзяржаўны і ваенны дзеяч. Актыўны ўдзельнік дзяржаўнага пераварота 1926 г. у Польшчы, пасля якога стаў фактычна дыктатарам Польшчы. У 1926–1928 гг. і жніўні-снежні 1930 г. узначальваў польскі ўрад.
Храналогія падзей
1925 г. – пачатак дзейнасці ў Заходняй Беларусі сялянска-рабочай грамады (БСРГ).
3 лютага 1927 – растрэл польскімі ўладамі дэманстрацыі працоўных у м. Косаве (Косаўскі растрэл).
1932 г. – Асташынскае выступленне сялян.
1933 г. – Кобрынскае ўзброенае выступленне сялян.
1933 г. – Ляплёўскае паўстанне.
Жнівень 1935 г. – выступленне нарачанскіх рыбакоў супраць польскіх улад.
Пытанні для самаправеркі
1. Якая была эканамічная і нацыянальная палітыка польскага ўрада ў Заходняй Беларусі?
2. Уздым нацыянальна-дэмакратычнага руху ў 20-я гг.
3. Месца і роля КПЗБ у барацьбе працоўных мас.