ТЭМА. БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД СТАНАЎЛЕННЯ БУРЖУАЗНАГА ГРАМАДСТВА (ДРУГАЯ ПАЛОВА XIX ст. – ЛЮТЫ 1917 г.). БАРАЦЬБА ЗА ДЭМАКРАТЫЮ І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ АДРАДЖЭННЕ

Таварыства філарэтаў” – ад грэчаскага слова “філарэт” – той, хто любіць дабрачыннасць, вучнёўска-студэнцкая тайная арганізацыя, якая ставіла перад сабою пераважна палітычныя, нацыянальна-вызваленчыя мэты.

Дзекабрысты – рускія дваранскія рэвалюцыянеры, якія ўзнялі паўстанне ў снежні 1825 г. супраць самадзяржаўя і прыгоннага права, першае ўзброенае выступленне рэвалюцыянераў у Расіі.

Храналогія падзей

1817 г. – стварэнне “Таварыства філаматаў”.

1820 г. – стварэнне “Таварыства філарэтаў”.

14 снежня 1825 г. – паўстанне дзекабрыстаў на Сенацкай плошчы ў Санкт-Пецярбургу.

1830–1831 гг. – шляхецкае паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі.

1836 г. – заснаванне “Дэмакратычнага таварыства” Ф. Савічам.

Пытанні для самаправеркі

1. Хто такія філаматы і філарэты?

2. Якімі былі асаблівасці грамадска-палітычнага руху на Беларусі ў канцы XVIII – першай трэці ХІХ ст.?

4.Пасля падаўлення паўстання 1830–1831 гг. царскім урадам ажыццяўляўся комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на тое, каб не дапусціць новых антырасійскіх выступленняў.

Была адменена аўтаномія Польшчы і Канстытуцыя 1815 г. Указам ад 1 студзеня 1831 г. спынялася дзеянне Статута ВКЛ 1588 г. у Віцебскай і Магілёўскай, а ўказам ад 25 чэрвеня 1840 г. – у Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губернях і ўводзілася расійскае заканадаўства. З 1840 г. у афіцыйных паперах больш не ўжываўся тэрмін “Беларусь”, а справаводства ажыццяўлялася толькі на рускай мове. У 1831–1848 гг. у якасці дарадчага органа пры цары функцыяніраваў асобы Камітэт па справах заходніх губерняў на чале са старшынёй Камітэта міністраў В.П. Качубеем.

У дачыненні да удзельнікаў паўстання праводзіліся рэпрэсіі. Сотні з іх былі высланы, або аддадзены пад суд, у шляхціцаў канфіскоўваліся маёнткі. Былі канфіскаваны маёнткі магнатаў Агінскіх, Плятэраў, Радзівілаў, Сапегаў, Чартарыйскіх. На тэрыторыі Беларусі толькі ў 1837 г. было канфіскавана 115 маёнткаў з 38 544 рэвізскімі душамі.

Сярод мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне магчымых шляхецкіх выступленняў, галоўнае месца займаў разбор шляхты. Так, у выніку “разбора шляхты”, у пачатку 40-х гг. у лік аднадворцаў пераведзены больш за 20 тыс. мужчынскіх душ – былых шляхціцаў. Праводзіўся “разбор шляхты” у адпаведнасці з указам ад 19 кастрычніка 1831 г., паводле якога шляхта, што не магла дакументальна пацвердзіць сваё дваранскае паходжанне, падзялялася на сельскіх аднадворцаў і гарадскіх грамадзян. Гэтыя групы станавіліся асобным падат-кавым саслоўем: плацілі падымны збор, выконвалі 15-гадовую рэкруцкую павіннасць.

Прымаліся рашучыя захады па русіфікацыі мясцовага чыноў-ніцтва. Мясцовыя чыноўнікі давалі падпіску пра сваю палітычную добранадзейнасць наступнага зместу: “Я… ні да якой-небудзь масонскай ложы, ні да якога-небудзь тайнага таварыства ні ў самой імперыі, ні па-за яе межамі не належу і абавязваюся і надалей да такіх арга-нізацый не належаць і ніякіх адносінаў да іх не мець”.

У 1832–1841 гг. царскім урадам праводзіцца секулярызацыя нерухомасці (зямельных уладанняў) каталіцкай і уніяцкай царквы. Усяго ў казну было канфіскавана ўласнасць 230 цэркваў з амаль 50 тысячамі асоб мужчынскага полу. 12 лютага 1839 г. на саборы ў Полацку было прынята рашэнне пра далучэнне уніяцкай царквы да расійскай праваслаўнай. 12 лютага 1855 г. Мікалай І даручыў генерал-губернатарам заходніх губерняў усе пасады земскай, гарадской і дзяржаўнай паліцыі заняць рускімі чыноўнікамі праваслаўнага веравызнання шляхам іх пераводу з унутраных губерняў імперыі.

Праводзілася таксама насаджэнне ваенных пасяленняў. Так, у 1837 г. у Беларусі было 2 акругі такіх пасяленняў, дзе жыло каля 23 тыс. салдат, якія знаходзіліся на харчовым самазабеспячэнні.

Такім чынам, пасля паўстання 1830–1831 гг. у палітыцы царскага ўрада адбыліся істотныя змены, накіраваныя на павялічэнне расійскага ўплыву на Беларусі.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Разбор шляхты – татальная праверка дакументаў, што пацвяр-джалі дваранскае паходжанне і перавод пры іх адсутнасці часткі шляхты ў падаткавае саслоўе сялян-аднадворцаў або грамадзян – у гарадах.

Храналогія падзей

1 студзеня 1831 г. – спыненне дзеяння ІІІ Статута ВКЛ 1588 г. у Віцебскай і Магілёўскай губернях.

12 лютага 1839 г. – далучэнне уніяцкай царквы да рускай пра-васлаўнай.

25 чэрвеня 1840 г. – спыненне дзеяння Статута ВКЛ 1588 г. у Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губернях.

1831–1848 гг. – дзейнасць Камітэта па справах заходніх губерняў.

Пытанні для самаправеркі

1. Для чаго быў створаны Камітэт па справах заходніх губерняў?

2. Ці дасягнула дзейнасць Камітэта па справах заходніх губерняў пастаўленых мэт?

3. Што такое “разбор шляхты”?

5.У першай палове ХІХ ст. на Беларусі адбываліся агульныя для Расійскай імперыі працэсы, якія вялі да распаду феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Узнікалі адносіны новага, капіталістычнага тыпу. Пра гэта сведчылі поспехі прамысловасці: павялічылася колькасць мануфактур, на многіх з іх пачала выкарыстоўвацца вольнанаёмная праца. Першыя фабрыкі былі пабудаваны ў 20-я гг. ХІХ ст. у мястэчках Хомск і Косава Гродзенскай губерні. Яны займаліся вырабам сукна. Найбольш распаўсюджанымі былі прад-прыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны: вінакурныя, суконныя, палатняныя, цукровыя, мукамольныя. У сярэдзіне ХІХ ст. на шэрагу фабрык пачалі ўжывацца паравыя рухавікі. У канцы 50-х гг. на Беларусі налічвалася 549 значных вотчынных і капіталістычных прадпрыемстваў з 6,5 тыс. рабочых, вольнанаёмныя сярод якіх складалі 43%.

Праводзіліся работы па паляпшэнні шляхоў зносін, што садзейнічала ўключэнню гаспадаркі Беларусі ў агульнарасійскі рынак. Вялікае эканамічнае значэнне мелі каналы, якія злучылі рэкі басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў: Агінскі, Бярэзінскі, Дняпроўска-Бугскі. За перыяд з 1825 па 1861 гг. насельніцтва 42 гарадоў Беларусі павялічылася са 151 тыс. да 320 тыс. чалавек.

Гарадская прамысловасць на Беларусі ў першай палове ХІХ ст. знаходзілася фактычна на стадыі дробнатаварнай рамеснай вытворчас-ці. Крыніцай асноўнай масы таварнай прадукцыі з’яўлялася памешчыцкая гаспадарка, якая арыентавалася на вывазны гандаль, бо ўнутраны быў абмежаваны.

З Беларусі ў расійскія цэнтры, на Украіну, у Польшчу, Прыбалтыку і краіны Заходняй Еўропы вывозіліся гарэлка і спірт, хлеб, лён, пянька, ільняное семя, алей, сала, лес і лесаматэрыялы, смала, дзёгаць, сукно, парусіна, канаты і інш. Увозілася соль, металы, цукар, тканіна, фарфоравы і фаянсавы посуд, тытунь, рыба, чай, кава, сельскагаспадарчая і прамысловая тэхніка, абсталяванне.

Ва ўнутраным гандлі важную ролю адыгрывалі кірмашы. У канцы 50-х гг. у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губер-нях дзейнічала каля 270 кірмашоў. Паступова эпізадычны кірмашовы гандаль пачаў выцясняцца пастаянным, лавачна-магазінным. З 1825 па 1860 гг. колькасць лавак у гарадах Беларусі павялічылася з 1,3 тыс. да 4,7 тыс. У Мінску гадавы абарот лавачнага гандлю ў 1800–1858 гг. вырас больш чым у 8 разоў.

Новыя з’явы ў эканоміцы, выкліканыя фарміраваннем капіта-лістычных адносін, адзначаліся і ў беларускай вёсцы. Сельская гаспа-дарка ўсё больш звязвалася з рынкам, павялічвалася плошча ворыўных зямель, пашыраліся пасевы тэхнічных культур (ільну, канапель), значна ўзрасла ўдзельная вага бульбы і цукровых буракоў, узнікла тонкарунная авечкагадоўля. У шэрагу памешчыцкіх гаспадарак пачалі выкарыстоўвацца сельскагаспадарчыя машыны.

Прапагандай перадавых метадаў земляробства і жывёлагадоўлі займалася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, што існавала з 1826 па 1841 гг. у Віцебску. Акрамя сельскагаспадарчай працы сяляне ўсё больш займаліся адыходнымі промысламі, наймаліся на розныя работы. Асноўную масу сялян пераводзілі з чыншу на паншчыну. У выніку да пачатку 60-х гг. амаль усе памешчыцкія сяляне Беларусі (97%) знаходзіліся на паншчыне, норма якой у шэрагу маёнткаў павялічылася ў 2 разы.

У першай палове ХІХ ст. на Беларусі панавала буйнапамеснае дваранскае землеўладанне. 3,6% буйных памешчыкаў, якія мелі больш за 500 душ прыгонных, валодалі амаль паловай сялян. Самыя вялікія гаспадаркі былі: маёнтак Румянцава (60 тыс. дзесяцін ворнай зямлі і 28 тыс. прыгонных), маёнтак Дуброўна князя Любамірскага (Аршанскі павет) – (22 тыс. дзесяцін ворнай зямлі, 11 тыс. прыгонных). Буйныя гаспадаркі мелі пэўныя эканамічныя перавагі перад сярэднімі і дробнымі. У іх існавалі лепшыя магчымасці для стварэння шматгаліннай вытворчасці і павышэння таварнасці, арганізацыі прамы-словай апрацоўкі прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі, больш рацыянальнага выкарыстання рабочай сілы ў міжсезонны перыяд і г.д. Але магнаты адносна рэдка выкарыстоўвалі гэтыя эканамічныя перавагі і раздраблялі свае ўладанні на маёнткі з колькасцю прыгонных ад 200 да 500 чалавек. Так, на 500 тыс. дзесяцін князя Вітгенштэйна было больш 100 маёнткаў.

Асновай гаспадаркі селяніна з’яўляўся зямельны надзел, які ён атрымліваў ад землеўладальніка-памешчыка або дзяржавы. Сяляне дзяліліся на 2 асноўныя катэгорыі – памешчыцкіх і дзяржаўных (казённых). На працягу першай паловы ХІХ ст. пераважная большасць сялян належала памешчыкам: у 1845 г. 64,4% сялян ад агульнай колькасці жыхароў былі памешчыцкімі, 19,1% – казённымі.

З паглыбленнем крызісу прыгоннай гаспадаркі хутка расла запазычанасць памешчыцкіх маёнткаў прыватным асобам і казне. Да 1859 г. у 5 беларускіх губернях каля 60% прыгонных сялян былі закладзены іх уладальнікамі. Сведчаннем нарастаючага крызісу прыгонніцкай сістэмы быў сялянскі рух. Калі ў першай трэці ХІХ ст. адбылося 46 даволі значных сялянскіх выступленняў, то ў другой трэці – больш за 90. Сялянскія выступленні вымусілі царызм праводзіць на Беларусі больш жорсткую сацыяльна-эканамічную палітыку і рабіць захады па вырашэнні аграрнага пытання.

У 1840–1857 гг. праводзілася рэформа сярод дзяржаўных сялян. Мэта – зняць сацыяльную напружанасць у дзяржаўнай вёсцы, павысіць даходнасць і заваяваць сімпатыі сялянства. 28 снежня 1839 г. былі падпісаны законы аб новай сістэме кіравання і люстрацый дзяржаўных маёнткаў у заходніх губернях. У ходзе люстрацый змяншаліся павін-насці сялян і павялічваліся іх зямельныя надзелы. На аснове ўказаў 1844 і 1845 гг. казённыя сяляне пераводзіліся з паншчыны на аброк і было забаронена здаваць іх у арэнду. Прызнавалася “грамадзянская свабода” дзяржаўных сялян. Рэформа П.Д. Кісялёва выклікала супраціўленне памешчыкаў.

З мэтаю аслаблення напружанасці ў памешчыцкай вёсцы ўрад пайшоў на правядзенне інвентарнай рэформы на падставе закона ад 15 красавіка 1844 г. Сутнасць яе зводзілася да рэгулявання памераў надзелаў і павіннасцяў памешчыцкіх сялян і замацавання іх гранічных узроўняў у абавязковых не толькі для сялян, але і для памешчыкаў інвентарах. Рэформа выклікала супраціўленне памешчыкаў і незадава-льненне сялян у тым, дзе павіннасці былі завышаныя.

Такім чынам, у пачатку ХІХ ст. на Беларусі адбываецца зараджэнне капіталістычных адносін, станаўленне якіх стрымлівалі феадальна-прыгонніцкія парадкі. Аграрныя рэформы 40-х – першай паловы 50-х гг. хаця і стваралі лепшыя ўмовы для развіцця таварна-грашовых адносін і разгортвання гаспадарчай ініцыятывы сялянства (казённыя, перш за ўсё), але не закраналі асновы феадальна-прыгонніцкай сістэмы, ліквідацыя якой была жыццёва неабходнай у той час.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Інвентары – вопісы ўладанняў феадалаў.

Люстрацыя – перыядычнае апісанне дзяржаўнай маёмасці.

Кірмаш – перыядычны торг, які наладжваўся ў пэўным месцы і ў пэўны час.

Храналогія падзей

1824–1839 гг. – будаўніцтва Аўгустоўскага канала.

1825–1827 гг. – пачатак фабрычнай вытворчасці на Беларусі.

1839 г. – Палажэнне аб люстрацыі дзяржаўнай маёмасці заход-ніх губерняў і Беластоцкай воласці.

1844 г. – стварэнне губернскіх інвентарных камітэтаў.

1844–1857 гг. – перавод казённых сялян на аброчную сістэму.

1847 г. – масавыя антыпрыгонніцкія выступленні сялян Віцеб-скай губерні.

Пытанні для самаправеркі

1. Якія праявы крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы можна назваць?

2. Што паклала пачатак фабрычнай вытворчасці на Беларусі?

3. Якія працэсы назіраліся ва ўнутраным гандлі ў першай палове ХІХ ст.?

4. Ці выкарыстоўвалася наёмная праца ў прамысловасці і сель-скай гаспадарцы?

6.Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі куль-тура Беларусі развівалася ў новых гістарычных умовах. У канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. у ёй адбыліся сур’ёзныя якасныя змены, звя-заныя з неабходнасцю пераарыентацыі ў сувязі з зараджэннем буржу-азных адносін, складваннем умоў для станаўлення беларускай нацыі.

Найбольш характэрнай рысай новага этапу ў развіцці культуры Беларусі была яе дэмакратызацыя. Яна праявілася ва ўзнікненні новых формаў арганізацыі культурнага жыцця, якія рабілі культурныя каштоўнасці больш даступнымі (перыядычны друк, камерцыйны тэатр, мастацкія выстаўкі, ланкастарскія школы), а таксама ў змене ідэйнага зместу культуры, развіцці рэалізму ў літаратуры і мастацтве, зварот да традыцыйнай культуры. Ідэйны змест культуры істотна ўзбагачаецца і ўскладняецца, што праявілася ў хуткай змене ідэйна-стылявых кірункаў: класіцызма, сентыменталізма, рамантызма, рэалізма. Больш значнай становіцца роля культуры ў жыцці асобнага чала-века, узмацняецца яе ўплыў на развіццё грамадства.

Вызначальнай з’явай гісторыка-культурнага працэсу на Беларусі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. стала паступовае фарміраванне сучаснай беларускай нацыянальнай культуры. Насуперак памкненням улады затрымаць беларускую культуру на ўзроўні фальклору, уздымаецца новая хваля беларускага нацыянальнага адраджэння. Свайго найвышэйшага ўзроўню яна дасягнула ў 40–50-я гады. У гэты час закладваюцца тыпалагічныя, характэрныя рысы культуры бела-русаў, пачынаецца яе прафесіяналізацыя, ствараюцца нацыянальны тэатр, літаратура, іншыя галіны культуры.

Адной з найбольш важных галін духоўнага жыцця ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. была асвета. У 1802 г. пачалася школь-ная рэформа. Згодна з ёй утваралася некалькі тыпаў навучальных устаноў. Асвета таго часу падпарадкоўвалася саслоўнаму прынцыпу: вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы прызначаліся для дзяцей шляхты і чыноўнікаў. У 1803 г. Галоўная літоўская школа была перай-менавана ў Віленскі універсітэт. Універсітэт меў сваю бібліятэку, батанічны сад, анатамічны музей, лабараторыі. Сярэднюю адукацыю давалі павятовыя вучылішчы і гімназіі. Сетка вучылішчаў існавала пры каталіцкіх і базыльянскіх манастырах, якія давалі сярэднюю адукацыю. Сярод іх вылучалася Полацкая езуіцкая акадэмія, якая па ўзроўні адукацыі набліжалася да вышэйшай навучальнай установы. У 1832 г. навучальныя ўстановы пры каталіцкіх кляштарах і манастырах былі пераўтвораны ў свецкія.

У 1821 г. на тэрыторыі Беларусі пачалося распаўсюджванне ланкас-тарскіх школ. Першай школай такога тыпу была школа для сялян, адкрытая І. Храптовічам у Шчорсах. У канцы 1830-х гг. у краі дзейнічалі 13 школ агульнага навучання. У 1840-я гг. пачалі адкрывацца для дзяржаўных сялян.

Асобныя навучальныя ўстановы рэлігійнага характару існавалі для яўрэяў: талмуд-торы, хадарымы. Дзеці ў гэтых школах займаліся вывучэннем свяшчэнных кніг іудаізму пад кіраўніцтвам равінаў і меламедаў. Жанчыны атрымоўвалі адукацыю ў прыватных вучылішчах і пансіянатах, а таксама праз хатніх настаўнікаў.

У першай чвэрці ХІХ ст. сістэма асветы на Беларусі была значна спаланізавана. Польская мова з’яўлялася асноўнай мовай выкладання. Дзеці вывучалі польскую гісторыю і літаратуру.

Пасля паўстання 1830–1831 гг. царскі ўрад рэарганізаваў сістэму адукацыі. 1 мая 1832 г. Мікалай І падпісаў указ пра закрыццё Віленскага універсітэта. Выкладанне ва ўсіх тыпах навучальных устаноў пераводзілася на рускую мову. На ўсходзе Беларусі польская мова выключалася з праграмы выкладання.

Навуковае жыццё Беларусі ў першай палове ХІХ ст. было звязана з дзейнасцю выкладчыкаў Віленскага універсітэта, Горы-Гора-цкага земляробчага інстытута, створанага ў 1848 г. на базе земляробчай школы, а таксама з даследаваннямі энтузіястаў-аматараў.

Першая палова ХІХ ст. – час зараджэння навуковага беларуса-знаўства. Першымі загаварылі пра самабытнасць беларускай мовы і неабходнасць яе вывучэння польскі вучоны-лінгвіст С. Ліндэ і гісторык Т. Чацкі. Першая спроба навуковага даследавання мовы беларусаў – праца рускага вучонага К.Ф. Калайдовіча “Пра беларускую гаворку” (1822 г.).

Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства ўнеслі ўраджэнцы Беларусі: І. Грыгаровіч – аўтар археаграфічнага выдання “Беларускі архіў” (1824 г.), І. Даніловіч – аўтар дзевяцітомнай “Гісторыі літоў-скага народа” (1836–1841 гг.), Т. Нарбут – аўтар “Помнікаў гісторыі Літвы” (1846 г.), М. Без-Карніловіч, які ў 1855 г. выдаў “Гістарычныя звесткі аб знамянальных мясцінах Беларусі”, лінгвісты І. Насовіч і С. Мікуцкі. У сярэдзіне ХІХ ст. на старонках расійскага перыядычнага друку папулярызацыяй навуковых ведаў пра Беларусь займаўся пісьменнік-этнограф П. Шпілеўскі – аўтар твораў "Падарожжа па Палессі і беларускаму краю“ (1853–1855 гг.) і “Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках”. Значную ролю ў развіцці гістарычнай навукі, краязнаўства і этнаграфіі адыгралі браты Я. і К. Тышкевічы, А. Кіркор, Р. Падбярэзскі. У працах пачынальнікаў беларусазнаўства, у публікацыях беларускіх фалькларыстаў, этногра-фаў выявілася абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў і пачынаўся працэс складвання беларускай нацыі.

Адметнай рысай культурнага жыцця Беларусі ў першай палове ХІХ ст. было станаўленне новай беларускай літаратуры, якая фармі-равалася, абапіраючыся на народную творчасць і жывую народную мову. У ёй адлюстравалася духоўнае жыццё народа. Ананімныя верша-ваныя гутаркі “Гутарка Данілы са Сцяпанам”, “Сход”, вершы П. Багрыма, Ф. Савіча, У. Сыракомлі, В. Каратынскага выявілі апазіцыйныя і антыпрыгонніцкія настроі, любоў да радзімы.

Ян Чачот у 1837–1846 гг. выдаў 6 фальклорных зборнікаў “Вясковыя песні”, у якіх побач з народнымі песнямі ён змясціў і свае – на польскай і беларускай мовах. А. Рыпінскі быў аўтарам фалькларыс-тычнага даследавання “Беларусь” (Парыж, 1840 г.) і беларускіх вершаў. Я. Баршчэўскі пісаў беларускія вершы і на падставе народных легенд стварыў чатырохтомны польскамоўны зборнік “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. У вырашэнне праблемы нацыянальнай самабытнасці значны ўклад унеслі паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”.

У 40-я гады да беларускага прыгожага пісьменства звяртаецца выдатны пісьменнік і драматург В. Дунін-Марцінкевіч. Першымі вядо-мымі нам творамі пісьменніка сталі п’есы “Рэкруцкі яўрэйскі набор”, “Спаборніцтва музыкантаў”, “Чарадзейная вада”. У 1846 г. убачыла свет выдатная музычная п’еса пісьменніка “Сялянка” (“Ідылія”), дзе ўпершыню загучала жывая беларуская гаворка.

У канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. на якасна новую прыс-тупку ўзняліся тэатр і музыка. Сталыя тэатральныя калектывы дзейні-чалі ў Вільні (трупа Мараўскага), Гродне (трупа С. Дзешнер), Мінску (трупа Кажынскага). Тэатральнае мастацтва таго часу звязана з імёнамі акцёраў К. Скібінскага, С. Дзешнера, З. Анчыца. Рэпертуар тэатральных калектываў быў даволі шырокім: творы Шэкспіра, Шылера, Мальера, Багуслаўскага, Гогаля, Пушкіна, Астроўскага. Апрача прафесійнага і аматарскага тэатраў існаваў народны тэатр – батлейка. Музыка была адной з найважнейшых галін мастацтва. Яна гучала ў салонах мясцовай шляхты, выкладалася ў навучальных установах; часта адбываліся сольныя канцэрты прафесійных музыкантаў.

У маёнтках буйных магнатаў існавалі прыгонныя аркестры і капэлы. Сусветную славу маюць творы М.К. Агінскага. Ураджэнец Мінска С. Манюшка стварыў выдатныя оперы на лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча.

Дасягненні ў выяўленчым мастацтве звязаны з Віленскай школай жывапісу. Першым прафесарам жывапісу Беларусі і Літвы быў Ф. Смуглевіч. Выхаванцамі гэтай школы былі партрэтыст і майстар гістарычных кампазіцый Я. Дамель, мастак-партрэтыст В. Ваньковіч, графік і мастак В. Дмахоўскі, выдатныя мастакі М. Кулеша і Н. Орда. Пачынальнікам мастацтва нацюрморта на Беларусі быў І. Хруцкі.

Такім чынам, культура Беларусі першай паловы ХІХ ст. з’яўлялася важнай часткай гістарычнага працэсу. Яна была цесна звязана з культурамі суседніх народаў. Але працэс развіцця культуры Беларусі скажаўся і стрымліваўся палітыкай царскіх улад. Працэс развіцця культуры на беларускіх землях сведчыў аб пачатку працэсу нацыянальнага адраджэння.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Рамантызм – ідэйна-мастацкі накірунак у духоўным жыцці, літаратуры і мастацтве Еўропы і Амерыкі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ стст. На Беларусі ідэі рамантызму з’явіліся ў першай палове ХІХ ст. Для рамантызму ўласціва арыентацыя на голас пачуццяў. Рамантызм праявіўся ў творах А. Міцкевіча, Я. Баршчэўскага.

Сентыменталізм – плынь у літаратуры і мастацтве XVIII – пачатку ХІХ ст. у Заходняй Еўропе і Расіі, якому ўласцівы культ пачуцця, увядзенне лепшых маральных і духоўных каштоўнасцей у ранг жыццёвага правіла. Элементы сентыменталізму ўпершыню выявіліся ў вершах Я. Чачота.

Храналогія падзей

1803 г. – стварэнне Віленскай навучальнай акругі.

1832 г. – закрыццё Віленскага універсітэта.

1836 г. – Указ аб увядзенні выкладання на рускай мове ва ўсіх навучальных установах Беларусі.

1840 г. – адкрыццё Горы-Горацкай земляробчай школы.

1848 г. – пераўтварэнне Горы-Горацкай земляробчай школы ў інстытут.

Пытанні для самаправеркі

1. На якой мове вялося выкладанне ў навучальных установах на Беларусі ў першай палове ХІХ ст.?

2. Што такое беларусазнаўства і з чым было звязана яго ўзнік-ненне?

3. Які характар мела адукацыя ў першай палове ХІХ ст.?

4. Як развіваліся тэатральнае мастацтва і музыка?