Польскае пытанне” і ўрадавая палітыка на тэрыторыі Беларусі ў XIX ст.

Урадавая палітыка ў першай палове XIX ст. звязана з імёнамі расійскіх імператараў Аляксандра І і Мікалая I. Для эпохі Аляксандра І (1801—1825 гг.) была характэрна палітыка "заходніцтва". Разачараванне вынікамі французскай рэвалюцыі, якая не стварыла "царства розуму на зямлі", прывяло самыя шырокія колы еўрапейскай грамадскасці да паўсюднага ўмацавання веры у эвалюцыйны, рэфармісцкі шлях дзяржаўнага развіцця. Адсюль спроба правядзення ў Расіі шырокіх дзяржаўных пераўтварэнняў — "дней Александровых прекрасное начало". Намер Аляксандра І павярнуць краіну на шлях канстытуцыйнай манархіі і вырашыць сялянскае пытанне сустрэў ва ўрадавых колах Расіі моцную апазіцыю з боку кансерватараў, праціўнікаў лібералізацыі дзяржаўнага жыцця, асабліва перад пагрозай напалеонаўскага нашэсця. Заходніцкі курс паступова згубіў сваю дынаміку, а ў 20-х гадах ён змяніўся ўзмацненнем самадзяржаўных тэндэнцый і расчараваннем імператара, які ўсвядоміў правал сваёй палітыкі.

Час Мікалая І (1825—1855 гг.) — гэта вяртанне да традыцыяналісцкага шляху развіцця Расіі. Ідэалагічным абгрунтаваннем гэтага шляху стала так званая "тэорыя афіцыяльнай народнасці", адной з праяў якой з'явілася ўмацаванне асноў манархічнага праяўлення і новая спроба вырашэння сялянскага пытання, якая выразілася ў стварэнні некалькіх сакрэтных камітэтаў.

Негледзячы на розныя падыходы ў здзяйсненні ўнутранай палітыкі, абодвух імператараў аб'ядноўвала адно — тэрміновае вырашэнне "польскага пытання".

Падзелы Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 гадоў паклалі канец палітычнаму існаванню адной з дзяржаў Усходняй Еўропы і абумовілі ўзнікненне "польскага пытання". Адной з яго асаблівасцей было пастаяннае імкненне пераважнай большасці польскага грамадства да аднаўлення страчанай дзяржаўнасці і былой велічы. Гэта рабіла "польскае пытанне" ўвесь час вострым і злабадзённым.

"Польскае пытанне" аказвала ўплыў на ўсе сферы ўрадавай палітыкі, якая праводзілася на тэрыторыі Беларусі. Аднак найбольш ён праявіўся ў заканадаўчай, саслоўнай, нацыянальна-рэлігійнай палітыцы і ў галіне асветы.

Без змены сваёй сутнасці, формы і метады гэтай палітыкі мяняліся ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў гэтым рэгіёне. Землi Вялікага княства Літоўскага разглядаліся як спрадвечна рускія, таму адной згалоўных задач урад лічыў вяртанне страчаных на працягу ХVІІ—ХVІІІ стст. пазіцый праваслаў'я, ліквідацыі ўплыву Рыму на ўнутраныя справы Расіі, асабліва якiя тычылася царквы i асветы.

Характар урадавай палітыкі на тэрыторіі Беларусі шмат у чым вызначаўся канстытуцыяналістычнымі імкненнямі Аляксандра I, які паставіў пытанне аб магчымым аднаўленні дзяржаўнасці Польшчы. Гэта дапамагло прыцягнуць да агульнаімперскай дзяржаўнай дзейнасці польскіх дзеячаў, у тым ліку А. Чартарыйскага і М. Агiнскага, садзейнічала стварэнню Каралеўства Польскага са сваёй канстытуцыяй і мясцовай адміністрацыяй.

Няўпэўненасць, якая існавала ў Аляксандра І адносна межаў будучай Польшчы, а магчыма і дыпламатычныя меркаванні прывялі да таго, што ўся тэрыторыя Беларусі была ўключана ў склад Віленскай навучальнай акругі, польскай па характару свёй дзейнасці. Вынікам такой палітыкі з'явілася ажыўленне польскага ўплыву ў галіне культуры і мовы, умацаванне пазіцый каталіцызму. Раскрыццё на пачатку 20-х гадоў у Віленскім універсітэце тайных студэнцкіх гурткоў, у якіх прымала ўдзел беларуская моладзь, спрыяла змяненню ўрадавай палітыкі на Беларусі. 3 гэтага часу асноўным яе накірункам становіцца ўсямернае паслабленне польскага палітычнага і культурнага ўплыву. Не выпадкова з Віленекай вучэбнай акругі у 1824 г. былі выключаны і перададзены ў Пецярбургскую вучэбную акругу дзве беларускія губерні — Віцебская і Магілёўская, а А. Чартарыйскі вызвалены ад пасады папячыцеля акругі і зменены М.Навасільцавым.

Курс гэты яшчэ больш узмацняецца ў канцы 20-х гадоў і асабліва ў сувязі з польскім нацыянальным паўстаннем 1830—1831 гг. Іменна гэтым тлумачыцца стварэнне Беларускай навучальнай акругі з дакладна акрэсленымі адміністрацыйна—этнічнымі межамі беларускай тэрыторыі. У імкненні даказаць, што гэта тэрыторыя была здаўна "рускай", урад развярнуў адносна шырокую выдавецкуго дзейнасць па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі.