Вайна 1812 г і Беларусь.

Напярэдадні вайны. На пачатку XIX ст. у ваеннай кампаніі супраць Прусіі, Аўстрыі і Расіі французскі імператар Напалеон атрымаў поўную перамогу. Пасля паражэнняў 1805 – 1807 гг. Расія была вымушана пайсці на заключэнне Тыльзіцкага міру (1807), адной з галоўных умоў якога з'яўлялася далучэнне яе да кантынентальнай блакады Англіі. Французскія войскі занялі Польшчу. Да Расіі была далучана Беластоцкая вобласць, якая з 1795 г. знаходзілася пад уладай Прусіі. Польская шляхта з незвычайным уздымам сустракала Напалеона як вызваліцеля з-пад улады захопнікаў – аўстрыйцаў і прусакоў і чакала ад яго аднаўлення Рэчы Паспалітай. Напалеон зрабіў пэўны крок насустрач гэтым чаканням і ў 1806 – 1809 гг. з прускіх і аўстрыйскіх уладанняў у Польшчы ўтварыў Герцагства Варшаўскае, якое зрабіў асноўным плацдармам для падрыхтоўкі вайны з Расіяй. Аднак на большае не пайшоў. Тым не менш Польшча папоўніла яго армію на 60 – 70 тыс. чалавек. Быў сфарміраваны корпус пад камандаваннем князя Ю. Панятоўскага, які прыняў актыўны ўдзел у вайне супраць Расіі. У Варшаву, дзе стваралася польская армія, пацягнуліся магнаты і шляхта з Беларусі і Літвы. Князь Дамінік Радзівіл ахвяраваў на войска 216 тыс. злотых і за свой кошт стварыў уланскі полк.

Непазбежнасць франка-рускай вайны была відавочнай для абодвух бакоў. Расія фактычна не выконвала крайне нявыгадныя для яе ўмовы Тыльзіцкага міру, найперш звязаныя з удзелам у кантынентальнай блакадзе Англіі, што пагражала зрывам усіх заваёўніцкіх планаў Напалеона. 3 лета 1810 г. расійскі ўрад пачаў рыхтавацца да абароны краіны. Узмацняліся войскі, што знаходзіліся на заходняй граніцы. Пачалося будаўніцтва ваенных крэпасцей у Бабруйску і Дынабургу, Дрысенскага ўмацаванага лагера, іншых аб'ектаў ваеннага значэння. На адпаведныя работы шырока прыцягвалася мясцовае насельніцтва. Шляхам рэквізіцый ствараліся запасы правіянту і фуражу. У 1810 г. насельніцтва Мінскай губерні абавязвалася паставіць 24 172 чвэрці мукі, 1271 чвэрць круп, 7000 чвэрцяў аўса і г. д. У 1811 г. абавязковыя пастаўкі былі павялічаны ў некалькі разоў. Явы збіраліся як з памешчыцкіх, так і сялянскіх гаспадарак.

За падзеямі, якія там адбываліся, уважліва сачыла дваранства заходніх губерняў Расійскай імперыі 3 мэтай не дапусціць падтрымкі Напалеона памешчыкамі заходніх губерняў, расійскі імператар Аляксандр I заявіў аб сваім намеры аднавіць пад эгідай Расіі Вялікае княства Літоўскае. Па даручэнні імператара ў 1811 г. князі М. К. Агінскі, Ф. К.Любецкі і граф Л. Плятэр склалі праект «Палажэння аб праўленні аўтаномным Вялікім княствам Літоўскім».

У запісцы М. К. Агінскага, пададзенай Аляксандру І, адзначалася: «Частка Польшчы, далучаная да Расійскай імперыі складала калісьці асобнае самастойнае валоданне – Літву … Жыхары яго спрадвеку клапаціліся пра свае правы і былі верныя сваім манархам, адзначаліся мужнасцю і любоўю да бацькаўшчыны. Гордыя сваім паходжаннем, ліцвіны захавалі свае звычаі, свій цывільны кодэкс, мясцовае кіраванне, сваё войска, вярхоўны суд ... і нават сойм, які збіраўся па чарзе ў Варшаве і Гародні.

Я перакананы, што калі б з часу далучэння да Расіі забраных польскіх зямель была з іх утворана адна правінцыя, захавана імя Літвы і пакінуты яе даўнія правы, і калі б з яе быў створаны асобны край са сваім кіраўніцтвам, але ў якасці злучанай і ўключанай у склад Расійскай імперыі дзяржавы, то тады іншаземны ўплыў пранікнуў бы туды з цяжкасцю».

Гэты праект, які прадугледжваў аўтаномію – шырокае ўнутранае самакірананне, што давалася адноўленаму ВКЛ, атрымаў у гісторыі назву «план Агінскага». Але ён не быў рэалізаваны.Міхал Клеафас Агінскі ў сваёй сядзібе ў весцы Залессе на Смаргоншчыне, якая атрымала назву Паўночныя Афіны, пражыў 3 1802 па 1822 г., за выключэннем 1812 года.

Адступленне рускіх армій. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1812 г. 12 чэрвеня 1812 г. 600-тысячная армія Напалеона без аб'яўлення вайны пераправілася праз Нёман і ўступіла ў межы Расійскай імперыі – на землі Беларусі і Літвы. 16 чэрвеня была занята Вільня. Першым у горад увайшоў польскі ўланскі полк на чале з князем Д. Радзівілам. Віленскі магістрат, літоўска-беларускія арыстакраты і прадстаўнікі буржуазіі ўрачыста сустрэлі Напалеона (дарэчы, як нядаўна да таго – вясною 1812 г. – Аляксандра I). 24 чэрвеня такую ж сустрэчу войскам маршала Даву наладзіла дваранства Мінска. Апалячаная беларуская шляхта паўсюдна сустракала французскія войскі як вызваліцеляў ад расійскіх захопнікаў.

Велізарнаму войску Напалеона ў межах Літвы, Беларусі і Паўночнай Украіны (Валынь) у чэрвені 1812 г. супрацьстаялі тры рускія арміі: 1-я (127 тыс.) генерала М. Б. Барклая дэ Толі (штаб у Вільні), 2-я (45 тыс.) генерала П. I. Баграціёна (штаб у Ваўкавыску), 3-я (43 тыс.) генерала А. П. Тормасава (штаб у Луцку). Пры такіх суадносінах сіл гэтыя арміі – да таго ж разрозненыя – не маглі ўступіць у генеральную бітву з Напалеонам. Найперш ім у ходзе адступлення неабходна было злучыцца, пазбегнуўшы разгрому паасобку. Гэта добра ўсведамляў галоўнакамандуючы Барклай дэ Толі. Прытым 3-ю армію давялося пакінуць у Валынскай губерні з задачай перакрыць французам шлях на Кіеў. 1-я армія адступала праз Свянцяны – Дрысу – Полацк на Віцебск, дзе Барклаем дэ Толі намячаліся злучэнне з 2-й арміяй і рашучая бітва з галоўнымі сіламі Напалеона. Баграціён вёў сваё войска з Ваўкавыска праз Слонім на Мір і Мінск, абараняючыся ад праследавання 66-тысячнай групоўкі Жэрома Банапарта. Націск апошняга ў асноўным стрымлівала казацкая кавалерыя генерала М. I. Платава.

27 – 28 чэрвеня каля Міра ў цяжкай бітве казакі разбілі дывізію генерала Ражнецкага. Але шлях на Мінск для Баграціёна быў ужо перакрыты 50-тысячным корпусам маршала Даву, які заняў горад 24 чэрвеня. 3 гэтай прычыны 2-я армія праз Нясвіж – Слуцк – Бабруйск накіравалася на Магілёў. Адзін з самых значных баёў адбыўся каля вёскі РаманаваСлуцкага павета, дзе былі разбіты кавалерыйскія палкі французаў. Да Магілёва Баграціён не дайшоў, бо яго зноў апярэдзіў Даву. Заняўшы горад, ён падрыхтаваў пазіцыі для сустрэчы рускіх ля вёскі Салтанаўка (у 11 км ад Магілёва).Тут, а таксама ля мястэчка Дашкаўка і вёскі Навасёлкі 11 – 12 ліпеня адбыліся жорсткія баі. Корпусу генерала М. М. Раеўскага ўдалося на суткі скаваць значныя сілы французаў, што дазволіла Баграціёну асноўнымі сіламі пераправіцца праз Днепр у раёне
Новага Быхава. Калі адзін з рускіх палкоў пачаў адступаць, Раеўскі разам са сваімі сынамі 10 і 17 гадоў узначаліў штыкавую атаку, чым выратаваў становішча.Крыху пазней аналагічную аперацыю паспяхова ажыццявіў і корпус Раеўскага каля Старога Быхава.

К гэтаму часу вызначылася немагчымасць злучэння рускіх армій у раёне Віцебска. Чарговым пунктам іх сустрэчы быў прызначаны Смаленск. Войска Баграціёна рухалася туды праз Чэрыкаў і Мсціслаў. 1-й арміі на падходах да Віцебска давялося вытрымаць 13 – 14 ліпеня значныя бітвы каля мястэчка Астроўна і вёскі Кукавячына. 16 ліпеня яна пакінула Віцебск і накіравалася на Смаленск.

У гэтыя ж дні напружаныя баі адбываліся ў раёне Полацка, дзе Барклай дэ Толі пакінуў 25-тысячны корпус генерала П. X. Вітгенштэйна з задачай перакрыць французам шлях на Пецярбург. 14 ліпеня Полацк без бою заняў маршал Удзіно. Затым яго корпус рушыў на поўнач па дарозе на Пецярбург, але быў атакаваны рускімі войскамі. 18 ліпеня ў бітве паміж мястэчкам Клясціцы і вёскай Якубава генерал Я. П. Кульнёў атрымаў перамогу над Удзіно, які, страціўшы амаль увесь абоз і 900 палонных, быў вымушаны адступіць да Полацка. 12-тысячны атрад Кульнёва праследаваў яго. 19 ліпеня ў бітве каля мястэчка Сівошын Кульнёў загінуў.Яшчэ ў 1809 г. ён быў прызначаны шэфам Беларускага, а потым Гродзенскага гусарскага палка, які ўваходзіў у склад 1-й рускай арміі пад камандаваннем М. Б. Барклая дэТолі. У 1900 г. імя Кульнёва было прысвоена Полацкай настаўніцкай семінарыі, а ў І909 г. – Клясціцкаму гусарскаму палку (да 1824 г. – Гродзенскаму)

У сярэдзіне ліпеня ў баявыя дзеянні ўключылася і армія Тормасава, якая з Валыні накіравалася ў Гродзенскую губерню для ўдару па тылах французскіх войскаў. 15 ліпеня 1812 г. каля Кобрына яна акружыла 4-тысячны атрад саксонскага корпуса генерала Рэнье і прымусіла яго скласці зброю. Перадавы атрад арміі Тормасава заняў Пружаны. Але поспеху гэта аперацыя не мела. На дапамогу да Рэнье падышоў 34-тысячны аўстрыйскі корпус генерала Шварцэнберга. Яны прымусілі армію Тормасава зноў адступіць на Валынь.

3 16 ліпеня да 1 жніўня 1812 г. Напалеон знаходзіўся ў Віцебску. Наступленне яго «Вялікай арміі» на гэты час было прыпынена. Вырашалася стратэгічнае пытанне, што рабіць далей, паколькі галоўная мэта паходу – разграміць расійскую армію ў межах Беларусі і прымусіць Аляксандра заключыць мір – не была дасягнута. Напачатку ў Віцебску Напалеон заявіў сваім маршалам, што мае намер закончыць тут кампанію 1812 г., умацавацца на заваяваных пазіцыях, папоўніць армію і чакаць мірных перагавораў з Аляксандрам I. Аднак неўзабаве імператар пераканаўся ў памылковасці гэтага намеру, бо яго армія, напалову складзеная з прадстаўнікоў заваяваных краін і народаў, на вачах разлагалася: усё шырэй распаўсюджваліся марадзёрства, хваробы, дэзерцірства, падала дысцыпліна. Да пачатку жніўня агульныя страты дасягалі ўжо 150 тыс. Напалеон зразумеў, што баяздольнасць арміі ён можа захаваць толькі пры ўмове руху наперад і дасягнення перамог. Таму пасля вялікіх ваганняў прыняў рашэнне аб далейшым паходзе на ўсход 1 жніўня выступіў з Віцебска.

Тым часам арміі Барклая дэ Толі і Баграціёна 22 ліпеня злучыліся пад Смаленскам і выкарысталі двухтыднёвую перадышку для ўмацавання сваіх сіл. У раёне Смаленска колькасная перавага французаў прыкметна знізілася (да 60—80 тыс. чалавек).

Расійскія арміі пасля бітвы 4 – 5 жніўня працягвалі адступаць, зберагаючы асноўныя сілы. У баях пад Смаленскам удзельнічала Н. Дурава – гераіня вайны 1812 г., першая ў Расіі жанчына-афіцэр. У 1806 г. выдаўшы сябе за хлопца, яна паступіла на вайсковую службу. 3 1811 г. служыла ў Літоўскім уланскім палку. размешчаным у Гродна. Удзельнічала ў Барадзінскай бітве. Затым непрацяглы час была ардынарцам М. I. Кутузава.

Становішча на Беларусі ў час вайны. 3 першых дзён вайны Беларусь стала арэнай супрацьборства дзвюх вялікіх дзяржаў і армій, нявіннай заложніцай і ахвярай іх палітычных амбіцый і заваёўніцкіх планаў. Рабаваліся яе гарады і вёскі, вынішчаліся і вывозіліся набыткі матэрыяльнай і духоўнай культуры, гінулі людзі. I рускія, і французскія войскі ў ходзе вайны забяспечвалі сябе правіянтам, фуражом і ўсім неабходным рыштункам за кошт беларускага народа. Да службы ў рускай арміі шляхам рэкруцкіх набораў былі прыцягнуты многія тысячы беларусаў. У 1-й арміі шэсць дывізій былі ўкамплектаваны ўраджэнцамі беларускіх губерняў. Толькі па наборы 1811 г. Беларусь дала ў рускую армію 14 750 чалавек. Патрабавалі рэкрутаў на Беларусі і французскія ўлады.

Адносіны насельніцтва Беларусі да ваюючых бакоў не былі адназначныя. Для абсалютнай яго большасці – сялянства і мяшчанства – і руская, і французская ўлада з'яўлялася прышлай, прыгнятальніцкай, чужой, і адна і другая прымушала працаваць на пана, плаціць велізарныя падаткі, выконваць непасільныя павіннасці, а ў час вайны забірала апошняе.

Спаланізаваныя шляхта і паны Беларусі, як і Польшчы, віталі прыход французаў, паступалі на службу ў напалеонаўскую армію і ў дзяржаўны апарат, падтрымлівалі акупацыйны рэжым з надзеяй на аднаўленне Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай. Сацыяльная палітыка Напалеона цалкам задавальняла іх, паколькі французскі імператар паказаў сябе як прыхільнік захавання прыгонніцкіх парадкаў і саслоўных прывілеяў шляхты. Разам з тым ён абнадзейваў мясцовых магнатаў і шляхту магчымасцю аднаўлення іх ранейшай дзяржавы.

1 ліпеня 1812 г. загадам Напалеона быў утвораны Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага ў складзе старшынь 7 камітэтаў: харчавання, паліцыі, фінансаў, ваеннага, судовага, унутраных спраў, народнай асветы і рэлігіі. Старшынёю ўрада напачатку быў прызначаны мясцовы памешчык Станіслаў Солтан, а з 27 жніўня – ваенны генерал-губернатар Літвы граф Гогендорп. Імператарскім камісарам пры ўрадзе з'яўляўся французскі барон Біньён. Ураду ВКЛ падпарадкоўваліся Віленская, Гродзенская, Мінская губерні і Беластоцкая вобласць, перайменаваныя ў дэпартаменты. Імі кіравалі асобныя камісіі з трох членаў. Павятовую адміністрацыю ўзначальвалі пад-прэфекты. У кожным павеце стваралася жандармерыя. Узброеныя сілы дэпартаментаў (народная гвардыя, жандармерыя і мясцовыя войскі) падпарадкоўваліся афіцэрам, прызначаным начальнікам галоўнага штаба французскай арміі. Камісіі Віцебскага і Магілёўскага дэпартаментаў, якія не ўваходзілі ў склад ВКЛ, падначальваліся непасрэдна французскім ваенным уладам. Рэальная ўлада на ўсёй тэрыторыі Беларусі і Літвы знаходзілася ў руках напалеонаўскіх маршалаў і генералаў, войскі якіх былі пакінуты тут для аховы камунікацый.

Часовы ўрад ВКЛ не імкнуўся да стварэння самастойнай літоўска-беларускай дзяржавы. 14 ліпеня 1812 г., выказваючы пажаданні апалячанай грамадскасці краю, ён падпісаў акт аб далучэнні да Генеральнай канфедэрацыі Каралеўства Польскага, якая 28 чэрвеня абвясціла апошняе «адноўленым і польскі народ зноў злучаным у адно цэлае» і заклікала «ўсіх палякаў» «усіх частак Польшчы», у тым ліку Вялікага княства Літоўскага, падтрымаць дадзенае рашэнне. У адказ на гэты заклік, акрамя Часовага ўрада ВКЛ, адпаведныя акты аб «зліцці з народам Польшчы» і ўступленні ў агульную канфедэрацыю прынялі Брэсцкі, Беластоцкі, Гродзенскі і Пінскі паветы, а таксама чыноўнікі і прадстаўнікі ўсіх саслоўяў Мінскай правінцыі на чале з губернатарам, генералам французскай арміі палякам О. Бранікоўскім. 21 ліпеня Часовы ўрад ВКЛ звярнуўся са спецыяльнай адозвай «да грамадзян Белай Русі» (насельніцтва Віцебскай і Магілёўскай губерняў), у якой называў іх «беларускімі палякамі», роднымі па крыві «літоўскім грамадзянам», і заклікаў аб'яднацца з агульнапольскай канфедэрацыяй. Аднак водгукаў на гэты заклік з Усходняй Беларусі не з'явілася.

Практычна шляхта Беларусі і Літвы, як і Польшчы, дамагалася аднаўлення Рэчы Паслалітай у межах 1772 г. Аднак Напалеон ва ўмовах, калі ўсё больш вызначаўся правал яго планаў разгрому расійскай арміі, не спяшаўся рабіць такі крок, які канчаткова выключыў бы магчымасць прымірэння з Аляксандрам I, на што ён спадзяваўся аж да позняй восені 1812 г. Рэч Паспалітая так і не была адноўлена.

Выконваючы загад Напалеона, Часовы ўрад ВКЛ 25 ліпеня выдаў распараджэнне аб наборы 10 тыс. рэкрутаў, а 1 жніўня – аб фарміраванні чатырох палкоў Літоўскай кавалерыі з поўным забеспячэннем за кошт насельніцтва. Некаторыя з гэтых фарміраванняў удзельнічалі ў баях з расійскімі войскамі. Але значнага прытоку рэкрутаў на Беларусі не назіралася, нават з асяроддзя шляхты. Вельмі слабы водгук знайшлі сярод беларускага насельніцтва і заклікі Часовага ўрада ўступаць на службу ў народную гвардыю і жандармерыю.

У многіх гарадах Беларусі (Мінску, Віцебску, Магілёве, Барысаве і інш.) размяшчаліся значныя французскія гарнізоны. Беларускі народ павінен быў карміць, паіць, забяспечваць усім неабходным і гэтыя войскі, і асноўныя сілы французскай арміі, што пайшлі на Маскву. Вызначаныя нормы паставак былі непасільныя. Збіраць іх даводзілася пры дапамозе вайсковых падраздзяленняў. Пры гэтым шырока распаўсюдзілася марадзёрства. Насельніцтва хавала свае прыпасы і само хавалася ў лясах, аказвала супраціўленне рэквізіцыям і рабаванням.

У такіх умовах у многіх месцах Беларусі ў другой палове 1812 г. разгарнуўся партызанскі рух з мэтай абароны ад рабаўніцтва акупантаў. Сялянскія атрады нападалі на каманды фуражыраў, не дапускалі іх да сваіх вёсак, пры магчымасці знішчалі. Французскі інтэндант, што служыў у Віцебску, адзначаў, што яму з вялікай цяжкасцю ўдавалася забяспечыць 12-тысячны гарнізон горада, «з якога выйсці было немагчыма, не рызыкуючы трапіць у рукі партызанаў». У раёне Полацка (вёска Клясціцы) партызанскі рух беларускіх сялян абапіраўся на падтрымку рускай арміі.

Актыўна супраціўлялася акупантам і жыхарства беларускіх гарадоў і мястэчак. У рапарце французскага камісара паліцыі г. Докшыцы ў барысаўскую падпрэфектуру ад 25 кастрычніка 1812 г. паведамлялася аб немагчымасці выканання яе распараджэнняў наконт рэквізіцый, збору падаткаў, адбывання павіннасцей, у тым ліку рэкруцкай, з прычыны масавага непадпарадкавання докшыцкіх мяшчан патрабаванням вышэйшых улад.

Як бывала і раней, беларускія сяляне выкарысталі бязладдзе ваеннага часу для ўзмацнення барацьбы са сваімі адвечнымі прыгнятальнікамі. Антыпамешчыцкія выступленні сялян пачаліся з першых дзён акупацыі. У сувязі са шматлікімі просьбамі прыгоннікаў аб дапамозе Часовы ўрад ВКЛ ужо 6 ліпеня звярнуўся да насельніцтва са спецыяльнай адозвай, у якой заклікаў сялян прыступіць да выканання «земляробчых работ і павіннасцей... падпарадкоўвацца памешчыкам, уладальнікам і арандатарам маёнткаў». У выпадку непадпарадкавання ён пагражаў ваеннай расправай.

Шырокі антыпрыгонніцкі рух летам і восенню 1812 г. разгарнуўся ў Магілёўскай губерні. Сяляне не падпарадкоўваліся сваім памешчыкам і не адбывалі ніякіх работ і прыгонаў. Сенажаці засталіся не скошанымі, збожжа – не зжатым, палі для пасеву азімых – не ўзаранымі. Сяляне выступалі супраць улады памешчыкаў, рабавалі іх маёнткі. «Нарэшце, – адзначыў сучаснік, – апошняе імкненне зрабілася па губерні агульным».

У Бярэзінскім кантоне (Мінская губерня) супраць сялян, якія адмовіліся падпарадкавацца памешчыкам, быў пасланы атрад салдат. Аднак сяляне, як паведамляў французскі чыноўнік, «яшчэ больш узбунтаваліся... Яны не толькі на работы не выйшлі, але салдат і людзей пабілі». У ліпені 1812 г. сяляне вёскі Смалявічы Барысаўскага павета спалілі маёнтак Радзівіла. Спробы ўціхамірыць іх поспеху не мелі.

Актыўнасць у барацьбе з рэгулярнымі францукжімі войскамі праявілі, напрыклад, жыхары вёскі Жарцы ў Полацкім павеце. Усё дарослае насельніцтва аб’ядналася ў партызанскі атрад на чале з адстаўным салдатам Максімам Маркавым. Калі да вёскі падыйшлі французскія войскі, жыхары, узброіўшыся ружжамі, самаробнымі дзідамі і шаблямі, пад камандаваннем данскога казака Льва Грушына смела ўступілі ў бой з французамі, нанеслі ім значны урон і прымусілі павярнуць назад. Разам з пецярбургскімі і ноўгарадскімі апалчэнцамі жыхары Жарцаў удзельнічалі ў бітвах за Полацк. Яны былі праваднікамі, разведчыкамі, нападалі на напалеонаўскіх салдат. За гэта 22 чалавекі атрымалі крыжы на шапкі і былі ўзнагароджаны сярэбранымі медалямі на блакітных стужках на ўспамін аб вайне1812 г.

Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі восенню 1812 г. У Смаленскай бітве (2 – 5 жніўня) Напалеон страціў больш за 15 тыс. чалавек, але разбіць расійскую армію не здолеў. Пасля Смаленска яе ўзначаліў фельдмаршал М. I. Кутузаў. Адступленне працягвалася да Мажайска. Тут ля вёскі Барадзіно 26 жніўня (7 верасня) адбылася генеральная бітва. Сілы праціўнікаў у гэты час былі ўжо прыблізна роўныя.

Зыход бітвы, нягледзячы на велізарныя ахвяры з абодвух бакоў, быў няпэўным. Тым не менш Кутузаў з мэтай захаваць армію аддаў загад адступіць, пакінуўшы ворагу Маскву. На працягу месяца яна знаходзілася ў руках французскай арміі, якая за гэты час амаль цалкам дэмаралізавалася. Не дачакаўшыся адказу Аляксандра I на прапановы аб міры, Напалеон у пачатку кастрычніка 1812 г. аддаў загад аб адступленні з Масквы. Расійская армія прымусіла французаў адступаць на захад па старон, ушчэнт разрабаванай і спустошанай на многія кіламетры па абодва бакі Смаленскай дарозе.

У пачатку кастрычніка ў баявыя дзеянні ўключыліся і расійскія войскі, што знаходзіліся на Беларусі. 6 – 8 кастрычніка войска Вітгенштэйна авалодала Полацкам. Французы адступілі ў напрамку Ушачы – Лепель – Чашнікі. Каля Чашнікаў адбыўся бой, у якім удзельнічаў і корпус маршала Віктора, што падышоў з-пад Смаленска. Перамогу атрымалі расійцы. Французы адступілі на Сянно. 26 кастрычніка расійскае войска ўступіла ў Віцебск. Тут корпус Вітгенштэйна атрымаў загад ісці на Барысаў з мэтай перарэзаць шлях да адступлення галоўным сілам Напалеона.

У першыя дні кастрычніка пачалося наступленне і значна ўзмоцненай валынскай арміі, узначаленай адміралам П. В. Чычаговым. 8 кастрычніка яна заняла Слонімі накіравалася на Мінск, дзе знаходзіліся вялікія запасы правіянту і фуражу. Атрымаўшы звесткі аб руху Чычагова на Мінск, Напалеон загадаў маршалу Удзіно і генералу Дамброўскаму забяспечыць абарону горада, але апошнія спазніліся. 4 лістапада расійскія войскі занялі Мінск, 9-га – Барысаў, а 12 лістапада – МагілёўАрмія Напалеона была фактычна акружана. Да таго ж наперадзе ў яе была пераправа праз раку Бярэзіну.

Пераправу французаў праз Бярэзіну забяспеч наў корпус Удзіно. Каля вёскі Студзёнкі (15 км на поўнач ад Барысава) узводзіліся 2 масты. Адначасова імітацыя такіх работ вялася ля вёскі Ухалоды– ніжэй Барысава. Сюды і сцягнуў свае войскі адмірал Чычагоў. 14 лістапада праз масты ля Студзёнкі пераправіўся Напалеон са сваёй гвардыяй. А ў наступныя тры дні ў гэтым месцы загінула каля 20 тыс. французаў. Праз Бярэзіну пераправілася не больш як 60 тыс. чалавек – дзесятая частка «Вялікай арміі», што ўступіла на Беларусь і Літву ў чэрвені 1812 г. Ратуючыся ад маразоў, французы на далейшым шляху палілі ўсё, што маглі, нават цэлыя вёскі. У Смаргоні 24 лістадада Напалеон пакінуў армію і ад'ехаў у Парыж. 8 снежня 1812 г. расійскія войскі без бою занялі Гродна. Да Нёмана дайшлі менш за 30 тыс. французаў. Для Напалеона гэта азначала катастрофу.

Вынікі вайны для Беларусі. На Беларусі вайна 1812 г. пакінула спаленыя, разбураныя, разрабаваныя гарады, мястэчкі, вёскі. Асабліва пацярпелі тэрыторыі, прылеглыя да месцаў баявых дзеянняў і маршрутаў руху расійскіх і французскіх войскаў. Пры адступленні французаў насельніцтва цэлымі вёскамі, сем'ямі з малымі дзецьмі зноў, як і летам, было вымушана хавацца ў лясах – на гэты раз у зімовую сцюжу, Холад, голад, хваробы прывялі да масавай гібелі людзей. Па афіцыйных звестках, у Бабінавіцкім, Аршанскім і Рагачоўскім паветах каля чвэрці жыхароў памерлі ад заразных хвароб, прапалі без вестак. У Мінску ў 1811 г. налічвалася 11 200, а ў канцы 1812 г. – толькі 3480 чалавек. Ад эпідэмічных захворванняў і голаду людзі гінулі на працягу некалькіх гадоў пасля вайны. У Магілёўскай губерні ў 1816 г. колькасць мужчынскага насельніцтва, у параўнанні з 1811 г., скарацілася на 73 тыс., у Віцебскай – на 37 тыс. Велізарныя страты панесла народная гаспадарка Беларусі. У Гродзенскай губерні колькасць коней, у параўнанні з даваеннай, складала каля 40 %, валоў, кароў і свіней – крыху больш за палову. Пасяўныя плошчы скараціліся напалову.

Маніфестам 12 снежня 1812 г. аб’яўлялася дараванне тым, хто вярнуўся з-за мяжы ў двухмесячны тэрмін, толькі па сканчэнні якога іх маёнткі канфіскоўваліся. Аднак тады "ўваскрашальнік" Польшчы і Вялікага Княства яшчэ не быў канчаткова пераможаны і немалая колькасць буйных і дробных землеўладальнікаў па-ранейшаму звязвала свае надзеі з яго спробамі павярнуць назад ход ваенных дзеянняў. У выніку, напрыклад, а Мінскам губерні поўнай ці частковай канфіскацыі падлягала каля 84 тыс. сялян мужчынскага полу. Па Гродзенскай і Магілёўскай губернях было вызначана да перадачы ў казну адпаведна больш за 46 і 23 тыс. рэвізскіх душ. Прабыўшы ў складзе дзяржаўных каля года, канфіскаваныя сяляне былі вернуты ранейшым уладальнікам маніфестам ад 30 жніўня 1814 г. “Усяміласцівейшае дараванне” шляхце не скарыстаў Дамінік Радзівіл, якому толькі ў Мінскай губерні належала больш за 50 тыс. сялян мужчынскага полу, 6о памёр у Парыжы. Пазней яго спадчына перайшла, праз шлюб дачкі Стэфаніі, да Вітгенштэйнаў, якія сталі ў XIX ст. самымі буйнымі землеўладальнікамі на Беларусі. У царскім маніфесце 30 жніўня 1814 г., дзе ў сувязі з заканчэннем вайны дараваліся розныя міласці саслоўям, аб сялянах было сказана наступнае: “Сяляне, верны наш народ – няхай атрымаюць узнагароду сваю ад бога”. Выключэнне было зроблена толькі для сялян в.Жарцы, якія пасля вайны палічылі сябе вольнымі ад прыгоннай залежнасці і адмовіліся ісці на паншчыну, за што памешчык Жаброўскі караў іх розгамі, прыгаворваючы: “Вось вам французы, вось вам вольнасць, вось вам крыж”. У 1819 г. царскі ўрад выкупіў сялян в.Жарцы разам з землямі ў вольныя хлебаробы , з умовай спагнання з сялян у казну большай часткі гэтай платы.

Нягледзячы на тое, што і пасля вайны характэрная для Аляксандра I дэмагагічная палітыка заляцанняў са шляхтай працягвалася, што выявілася ў стварэнні ў 1815 г. Царства Польскага, тым не менш ідэя вяртання, у якой бы там ні было форме, ранейшай дзяржаўнасці на беларускія зямлі была пахавана. Ужо ў студзені 1813 г., калі расійскія войскі перанеслі ваенныя дзеянні за межы сваёй дзяржавы, Аляксандр I у пісьме да Адама Чартарыйскага недвухсэнсоўна заявіў: “Не забывайце, што Літва, Падолле і Валынь дасюль лічаць сябе правінцыямі рускімі і ніякая логіка ў свеце не ўпэўніць Расію, каб яны маглі быць не пад уладай Гасудара Расіі, а пад якойсьці іншай”.