Смаленскае княства (С.К.).

С.К. было заснавана смаленскай групоўкай крывічоў у 9-10 стст. на абшарах Верхняга Падняпроўя і Падзвіння. З канца 9 ст. яно трапіла ў залежнасць ад Кіева і да пачатку 12 ст. было яго ўдзельным княствам. Смаленшчына практычна ніколі не ваявала супраць Кіева, не зведала і ўнутраных міжусобіц. У самастойную зямлю выдзелілася ў 1120-х гадах, калі тут усталявалася мясцовая дынастыя на чале з Расціславам Мсціславічам. Гады яго княжання сталі перыядам росквіту і пашырэння межаў Смаленскага княства, узрастання яго ролі ў агульных усходнеславянскіх працэсах. І калі Полаччына, знясіленая войнамі з Кіевам і ўнутраным разладам зусім аслабела, то Смаленшчына, наадварот, увабралася ў сілу.

У другой палове 12 стагоддзя яно стала дамагацца ўплыву на суседнія Полацкую і Ноўгародскія землі і пашырэння сваёй тэрыторыі за іх кошт. Ва ўладанні смаленскіх князёў трапілі Крычаў, Копысь, Ворша. Калі ў сярэдзіне 12 ст. Полацк і Менск былі занятыя ўпартай барацьбой паміж сабой за лідэрства ў дзяржаве і палачане звярнуліся па дапамогу да смаленскага князя, той удала выкарыстаў зручны момант. Расплатай за дапамогу быў захоп Віцебска і Друцка.

У гэты час Смаленск імкнецца аб'яднаць пад сваёй уладай усе крывіцкія землі. Менавіта пры Расціславе Смаленск распаўсюдзіў таксама сваю ўладу і на паўночныя землі радзімічаў, што жылі ў беларускім Пасожжы. Двойчы быў захоплены і знішчаны г.Гомель (у 1127 і 1142 гг.).

У канцы 12 ст. адбылася палітычная кансалідацыя Полаччыны, і ўсе князі Полацкай дынастыі аб'яднанымі сіламі змаглі вярнуць Віцебск і Друцк. Смаленск перастае дамагацца беларускіх земляў і ў першай палове 13 ст. прыходзіць у заняпад. У 70-я гг. 13 ст. Смаленскае княства падвяргалася татара-мангольскаму нашэсцю, а ў 1405 г. князь Вітаўт далучае яго да ВКЛ. Старажытны Гомель ("Гомій") быў адным з цэнтраў радзімічаў, значным асяродкам славянскай каланізацыі гэтага краю. Паводле летапісаў, радзімічы захоўвалі сваю аўтаномію ад Кіева да канца 10 ст. Іх залежнасць абмяжоўвалася выплатай падаткаў, удзелам радзіміцкіх атрадаў у паходах кіеўскіх князёў. З другой паловы 11 ст. Гомель пераходзіць у склад Чарнігаўскага княства, а ў 13 ст. – становіцца цэнтрам удзельнага Гомельскага княства, важнейшым ваенна-адміністрацыйным цэнтрам ніжняга Пасожжа. Беларускія гарады Мазыр і дрыгавіцкі Брагін уваходзілі ў Кіеўскае княства, з сярэдзіны 14 ст. – у ВКЛ.

Такім чынам, перыяд старажытных княстваў пацвярджае вывад аб тым, што не існавала адзінай старажытнай дзяржавы, дзе б разам жылі і развіваліся ўсе 3 усходнеславянскія народы. Кіеўская Русь ніколі не была адзінай ні этнаграфічна, ні палітычна. Не існавала і адзінай старажытнарускай народнасці, ад якой быццам бы паходзяць беларусы, украінцы і рускія. Іх этнагенез з самага пачатку праходзіў на розных тэрыторыях, у выніку ўзаемадзеяння розных этнічных субстратаў. Насельніцтва княстваў не мела галоўнай прыкметы, якая ўласціва любой этнічнай супольнасці, – агульнай самасвядомасці і агульнай саманазвы. Не толькі Полацк, але і Ноўгарад, і Растоў, і Разань не лічыліся Руссю, а часам нават супрацпастаўляліся ёй. За Ўладзіміра-Суздальскай зямлёй назва Русь замацавалася толькі ў другой палове 13 ст., тады, калі насельніцтва Беларусі ўжо складала асобную этнічную супольнасць.

 

2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё старажытнай Беларусі.

Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх земляў 9-га стагоддзя дастаткова яшчэ не вывучана. Але дакладна вядома, што на працягу 9-13 стст. тут адначасова існавалі як феадальныя (у славян), так і родаплемянныя (у балтаў) адносіны. Балцкія плямёны значна пазней славян перайшлі да феадальнага сацыяльна-эканамічнага ўкладу.

Асновай эканомікі старажытнай Беларусі была сельская гаспадарка. Умеранна-кантынентальны клімат, добрая глеба спрыялі развіццю земляробства. Спачатку засвойваліся ўрадлівыя ворныя землі, а пазней іх плошчы павялічваліся за кошт вырубкі лясоў. Адпаведна асноўным сацыяльным слоем грамадства з'яўляліся сяляне. Іх галоўным паселішчам была вёска. Адміністрацыйным і рэлігійным цэнтрам некалькіх вёсак было вялікае сяло: на захадзе яно называлася мястэчкам, на ўсходзе – пагостам.

Беларусы звычайна сяліліся па берагах рэк, азёраў, на ўскраінах лясоў. Сялянская гаспадарка вялася сем'ямі, спачатку вялікімі, пазней – малымі, у якіх жылі бацькі і іх нежанатыя дзеці. Сям'я захоўвала і перадавала ад пакалення да пакалення сямейныя традыцыі. У гаспадарчым жыцці існаваў натуральны ўклад, сельскія жыхары ўсе свае патрэбы задавальнялі на месцы – вырошчвалі неабходныя прадукты харчавання – займаліся земляробствам, агародніцтвам, садоўніцтвам.

 

Асноўныя кампаненты сельскай гаспадаркі:

сельскагаспадарчыя культуры (жыта, пшаніца, авес, ячмень, проса, бабы, гарох, лён, канопля);

жывёлагадоўля (разводзілі коней, буйную рагатую жывёлу, авец, коз, свіней, вырошчвалі птушак – курэй, гусей, качак);

промыслы (паляванне на аленя, бабра, дзіка, зубра, лася, зайца, воўка, мядзведзя, дзікіх птушак, здабыча і апрацоўка балотнай руды для атрымання жалеза сырадутным спосабам (старажытныя домніцы выяўлены пры раскопках у Ваўкавыску і Пінску), у лясах займаліся бортніцтвам (збор мёду і воску дзікіх пчол, стваралі борці-штучныя дуплы), збіралі жалуды, з якіх пяклі хлеб, арэхі, грыбы, ягады, здзіралі лыка);

гандаль з іншымі краінамі футрам (пушніна), мёд, воск, рамесніцкія вырабы.

Занятак рамествамі для селькіх жыхароў меў дапаможнае значэнне. Па выкарыстанню зыходнага матэрыялу рамёствы падзяляліся на:

дрэваапрацоўчыя (бандары, сталяры, цесляры);

ганчарныя (печы, кафля);

апрацоўка скуры (шылі адзенне, абутак);

металаапрацоўка;

ювелірная справа.

Асноўныя мужчынскія рамёствы – выраб посуду, хатніх і гаспадарчых прыладаў працы, апрацоўка скуры. Асноўныя жаночыя рамёствы – апрацоўка ільну, пянькі, воўны, прадзенне і ткацтва. Калі напачатку існаваў натуральны абмен і ўсе неабходныя рэчы і прылады вырабляліся і спажываліся на месцы, рамеснік не пазбаўляўся працы ў полі, то пазней з'явілася рамяство пад заказ і на рынак. Разам з ім адбыўся падзел працы паміж земляробам і рамеснікам-прафесіяналам, што прывяло да ўзнікнення гарадоў.

Усё земляробчае насельніцтва было арганізавана ў грамаду (абшчыну), у якую ўключаны жыхары адной або некалькіх вёсак. Грамада прыйшла на змену бацькоўскаму роду і выконвала адміністрацыйныя і судовыя функцыі, супольна адказвала за выкананне дзяржаўных, а потым феадальных павіннасцей. Абшчына была ўладальніцай ворнай зямлі, лясоў і вадаёмаў, якія яшчэ не трапілі ва ўласнасць феадала. Але паступова абшчына трапіла пад уплыў феадалаў, якія выкарыстоўвалі яе ў сваіх інтарэсах.

Па меры развіцця феадальных адносін, доля абшчыннага і сялянскага землеўладання змяншалася, і адпаведна павышалася зямельная ўласнасць пануючага класа тагачаснага беларускага грамадства – феадалаў. Гэты сацыяльны слой меў сваю іерархію: на вяршыні – князь →дробныя удзельныя князі →феадалы-ўладальнікі вялікіх і малых маёнткаў. Статус феадала залежаў ад старажытнасці яго роду і колькасці зямлі, якой ён валодаў.

На Беларусі з 10 ст. існавала некалькі відаў феадальнага землеўладання: княжацкае (дзяржаўнае), баярскае (князь дараваў землі воінам, княжацкай дружыне за заслугі) і царкоўна-манастырскае (манастыр – багаты землеўласнік). Ішоў паступовы працэс максімальнай канцэнтрацыі зямельнага фонду ў руках буйных феадалаў і абеззямельванне сялянства, іх закабаленне непамернымі зборамі даніны, спусташальнымі войнамі, службай у апалчэнні, выконваннем розных павіннасцей.

Асноўную масу земляробчага насельніцтва складалі эканамічна залежныя ад буйных феадалаў сяляне. Сярод іх паступова выдзяляюцца новыя катэгорыі залежнасці сялян:

закупы(сяляне, якія не змаглі вярнуць феадалу пазыку і станавіліся неаплатнымі даўжнікамі)

радовічы (сяляне, звязаныя з феадалам абавязацельствамі паводле дагавора, – "рады")

ізгоі(тыя, хто вымушаны пакінуць па розных прычынах сялянскую абшчыну і сяліцца на землі феадала)

халопы(асабіста несвбодныя людзі, што знаходзіліся ў поўнай уласнасці феадала)

чэлядзь (залежныя ад феадала людзі, выкарыстоўваліся як дваровыя слугі).

Сяляне, якія жылі на феадальных і царкоўных землях, абавязаны былі выконваць розныя павіннасці, плаціць падаткі. Адпрацоўвалі т.зв. паншчыну на ворыве феадала, плацілі чынш натурай – жытам, аўсом, мёдам, печаным хлебам, рэдка – грашыма. Яны неслі розныя павіннасці на карысць дзяржавы – плацілі даніну, давалі падводы (т.зв. "павоз"). Выконвалі ваенную павіннасць – выстаўлялі вояў пад час баявых дзеянняў. Прыцягваліся да пракладкі дарог, будаўніцтва абаронных ліній, мастоў і асабліва гарадоў.

Другім важнейшым тыпам паселішчаў на Беларусі быў горад. Узнікненне гарадоў абумоўлена гістарычна. Гэта звязана з грамадскім падзелам працы, аддзяленнем рамяства ад земляробства, вылучэннем рамеснікаў у асобны сацыяльны слой, з развіццём вытворчых сіл. Як згадваюць летапісы, горадабудаўніцтва на беларускіх землях распачалося ўжо ў 9 ст., але найбольшай інтэнсіўнасці гэты працэс дасягнуў у 11-12 стст., калі тут было пабудавана звыш 50 гарадоў. Невыпадкова скандынавы называлі нашу зямлю краінай гарадоў. Тут былі спрыяльныя ўмовы для іх будаўніцтва.

Для ўзнікнення горада патрэбны дзве асноўныя ўмовы:

1. Наяўнасць гандлёва-транзітнага шляху, які забяспечваў бы рамеснікам і гандлярам збыт тавараў.

2. Існаванне ўмацаванага пункта, які гарантаваў бы гораду бяспеку. Гэта мог быць манастыр, крэпасць ці замак магната.

Абедзве гэтыя ўмовы на Беларусі прысутнічалі. Дакладныя шляхі ўзнікнення гарадоў былі розныя:

1. На месцы старажытных племянных цэнтраў (Полацк, Тураў).

2. Вакол сядзіб князя ці феадала, іх умацаваных замкаў. Абрастаючы пасяленнямі рамеснікаў, сядзіба феадала станавілася цэнтрам горада (Барысаў, Ваўкавыск, Ізяслаўль, Клецк).

3. Пагранічная крэпасць (цвердзь) (Браслаў, Гарадзея) ці ўнутраныя крэпасці асобных княстваў (Менск, Берасце).

4. На перакрыжаванні гандлёвых шляхоў, каля волакаў, вусці ракі. Такіх гарадоў на Беларусі шмат. Яны размясціліся ўздоўж Заходняй Дзвіны, Бярэзіны, Нёмана, Прыпяці.

Сярэдневяковы беларускі горад быў адміністрацыйным, ваенным і культурным цэнтрам. У ім звычайна пражывала ад 1-3 да 8-9 тысяч жыхароў. Перш за ўсё ён быў цэнтрам рамяства і гандлю. Ювелірныя майстры навучыліся выкарыстоўваць розныя спосабы апрацоўкі каляровых і каштоўных металаў, выраблялі прадметы ўбору і ўпрыгожванні.

З развіццём рамяства непарыўна звязаны абмен і гандаль. Мясцовыя рэчы, пушніна, воск, мёд ішлі на продаж у іншыя краіны па гандлёвых шляхах, а ўзамен атрымлівалі чужаземныя. Паўночная Скандынавія пастаўляла мячы, сякеры, пікі і іншыя металічныя рэчы з жалеза, бронзы, сталі і срэбра, Нямеччына – бурштын, сукно, віна. З арабскага ўсходу пасылаліся аксаміт, шоўк, пацеркі, пярсцёнкі.

Беларускі горад складаўся з некалькіх частак. Ядром яго быў дзядзінец– унутраная крэпасць – замак, дзе жыў князь з сям'ёй, знаць горада. Ён абавязкова абносіўся абарончымі збудаваннямі. У цэнтры дзядзінца знаходзіўся храм. Вакол умацаванага цэнтра размяшчаўся пасад –пасяленні рамеснікаў і купцоў. Часта ён абносіўся другой лініяй умацаванняў. Гэта мог быць магутны земляны вал да 10 м вышынёй, крэпасныя вежы. Нярэдка крэпасць акружаў шырокі роў, запоўнены вадой (Полацк, Гародня, Віцебск, Друцк, Нясвіж). У горадзе абавязкова быў "торг" – месца куплі-продажу, а таксама сходу гараджан.

Асноўныя сацыяльныя слаі сярэдневяковага беларускага горада наступныя:

1. Рамеснікі розных спецыяльнасцей – ганчары, кавалі, ювеліры, гарбары, цесляры, сталяры, якія былі вольныя і залежныя (княжацкія і баярскія).

2. Княжацкая дружына – воіны – прафесіяналы. Дружыннікі падзяляліся на дзве групы: знатныя баяры (бліжэйшае акружэнне князя, якое займала вышэйшыя пасады, т.зв. "старэйшая дружына") і "малодшая дружына" – грыдні (отракі) – выконвалі дробныя даручэнні князя. Доступ у княжую дружыну быў адчынены для ўсіх вольных людзей.

3. Гандляры і купцы – па роду сваіх заняткаў былі бліжэй да пануючага класа. Іх удзельная вага сярод гараджан узрасла з канца 12-пачатку 13 стст., калі пачаўся інтэнсіўны гандаль з Рыгай і немцамі.

4. Феадальныя вярхі і князь, баяры, царкоўная знаць.

Такім чынам, па сацыяльна-эканамічнаму развіццю старажытная Беларусь знаходзілася на высокім узроўні, не ўступала гарадам Заходняй і Ўсходняй Еўропы. Эканамічная магутнасць феадалаў, вышэйшага духавенства і багатага купецтва забяспечвала ім кіруючую ролю ў дзяржаве, на вечавых сходах. Іх апорай у буйнейшых гарадах былі багатыя майстры-ўмельцы (рамеснікі), гандляры, дружыннікі, прадстаўнікі гарадской адміністрацыі.

Грамадска-палітычны лад першых дзяржаўных утварэнняў.

Высокі ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця накладваў адбітак і на дзяржаўна-палітычны лад. Грамадска-палітычнае жыццё першых беларускіх княстваў, асабліваПолацкага, мела свае асаблівасці, характэрныя рысы:

1. На Полаччыне, у адрозненні ад іншых усходнеславянскіх княстваў, рана пачалі ўсталёўвацца свае дынастычныя лініі з нашчадкаў Рагвалодавічаў-Ізяславічаў. Ужо пасля смерці Ўсяслава Чарадзея ўдзелы-воласці Полацай зямлі атрымалі князёў, якія не пераходзілі з аднаго пасада на другі, а заставаліся княжыць пастаянна. Іх інтарэсы супадалі з інтарэсамі насельніцтва, што спрыяла лепшаму развіццю гэтых удзелаў, вяло да аўтаноміі ва ўнутраных справах. І толькі знешнюю палітыку яны вымушаны былі ўзгадняць са стольным Полацкам. Такой адноснай самастойнасцю княстваў (Менскага, Друцкага, Віцебска, Ізяслаўскага і інш.) было прасякнута ўсё дзяржаўна-палітычнае жыццё на Беларусі з 12 ст.

2. Адметнай рысай дзяржаўна-палітычнага ладу, асабліва на Полаччыне і Смаленшчыне, стала з'яўленне веча (сойм). Гэта першы крок на шляху размежавання і падзелу ўлады паміж князем (выканаўчай) і веча (заканадаўчай).Узнікненне веча, гэтай старажытнай формы народаўладдзя, было абумоўлена развіццём феадальных адносін, хуткім ростам гарадоў, узмацненнем ролі гарадской знаці і актывізацыяй народных мас. Веча, агульны сход гараджан, не знішчала ўладу князя, а толькі яе абмяжоўвала, пакідала выканаўча-распарадчыя функцыі.

Абавязкі князя (выканаўчая ўлада):

1. Князь абавязваўся ахоўваць тэрыторыю дзяржавы і інтарэсы грамадзян, дзейнічаць паводле мясцовых дзяржаўна-прававых звычаяў, не ўмешвацца ў царкоўныя справы, не пазбаўляць маёмасці грамадзян. Усе ўмовы афармляліся ў дагаворы, які заключаў князь з вярхамі пануючага класа.

2. Князь не меў права выдаваць новыя законы, чыніць правасуддзе мог толькі разам з радай.

3. Ажыццяўляў унутранае кіраванне, раздаваў воласці сваім васалам.

4. Мог заключаць мір, рабіць паходы на ворагаў. Улада князя не абмяжоўвалася толькі ў адным выпадку – ў ролі ваеначальніка ён нес поўную адказнасць перад народам і веча за поспехі і пралікі ў ваенных дзеяннях.

Пры адсутнасці князя ў дзяржаве, ўсё кіраўніцтва грамадствам было ў руках княжацкай рады (савет). Яна адносілася да вышэйшых органаў улады, у якую ўваходзілі найбольш уплывовыя людзі (феадалы) і службовыя асобы цэнтральнага кіравання (епіскап, пасаднік, тысяцкі, падвойскі, ключнік, гарадскія старасты, найбольш паважаныя ваяры княжацкай дружыны). Кампетэнцыя рады фактычна злівалася з паўнамоцтвамі князя: ўсе пытанні, якія ён вырашаў, як правіла, абмяркоўваліся з радай. Яна рыхтавала пытанні для абмеркавання на веча. Рыхтуючы скліканні веча, рада мабілізоўвала залежных ад сябе людзей і патрабавала ад іх падтрымкі сваіх рашэнняў.

Роля заканадаўчай улады ў дзяржаве выконвала веча (сойм). Яго паўнамоцтвы:

1. Кантроль за дзейнасцю князя, запрашэнне яго на княжанне. Запрашалі толькі асоб з мясцовай дынастыі спадкаемцаў Рагвалода-Усяслава, якія адпавядалі гэтай ролі паводле асабістых якасцей. Веча магло прагнаць князя, калі той парушаў умовы дагавора (Быў выпадак, калі пасля смерці Ўсяслава Васількавіча ў 1880 г. веча не змагло абраць ніякага князя, дастойнага памерламу. Ён быў дужа паважаны не толькі ўдзельнымі князямі, але і народам за яго розум, справядлівасць і дабрату. І на 10 гадоў (з 1180 па 1190 гг.) на Полаччыне ўсталявалася рэспубліка, якой кіравалі абраныя соймам 30 старшын, як згадвае летапіс).

2. Сойм патрабаваў ад князя справаздачы за свю выканаўчую дзейнасць. За прайграныя бітвы, за вялікія страты ў іх, за няўдачныя паходы.

3. Раскладка павіннасцей і падаткаў.

4. Прызначэнне і зняцце вышэйшых службовых асобаў.

5. Вырашэнне міжнародных спраў. Заключэнне гандлёвых дагавораў.

6. Пытанні вайны і міру, арганізацыя апалчэння і абароны.

7. Найважнейшыя судовыя справы (за дзяржаўныя злачынствы, напрыклад).

8. Рэгуляванне адносін паміж рамеснікамі і інш.

На вечавы сход жыхароў збіраў звон, які вісеў на плошчы галоўнага горада княства. Права голасу на сходзе мелі толькі вольныя дарослыя людзі, незалежныя гаспадары, як мяшчане, так і вяскоўцы, прыехаўшыя па сваіх справах у горад. Адкрываў сход кароткай прамовай аб сутнасці справы, з-за якой скліканы сойм, князь, ураднік ці проста старэйшы паважаны чалавек. Затым ішло абмеркаванне. Рашэнні прымаліся гулам адабрэння (галасоў не лічылі). Нязгоднай меншасці затыкалі рот, часта справа даходзіла да бойкі. З удзельных княстваў старэйшым было веча ў Полацку. Тут яно існавала з незапамятных часоў і вяло сваю ўстаноўча-заканадаучую працу аж да 1498 г., калі Полацк атрымаў Магдэбургскае права.

Што датычыцца спецыфікі дзяржаўна-палітычнага ладу ў Тураўскім княстве, то канкрэтных звестак у летапісах мала. Але вядома, што Кірыла Тураўскі стаў епіскапам па просьбе князя і "людзей таго гораду". Значыць гараджане Турава таксама мелі права голасу пры абранні епіскапа (магчыма, гэта было веча). Гарадское апалчэнне тут узначальваў тысяцкі. Паколькі тураўскі князь часта знаходзіўся ў Кіеве, тут быў свой пасаднік. Наяўнасць у горадзе адначасова і князя, і пасадніка – з'ява незвычайная, акрамя Ноўгарада, такой практыкі нідзе не было, у тым ліку і ў Полацку. Кіруючая роля ў рабоце веча належала пануючым слаям грамадства. З узмацненнем сацыяльнага расслаення паступова падала значэнне простых людзей і ўзрастала роля заможных вярхоў, а само веча з органа выконваючага волю большасці народа, ператварылася ў орган пануючага класа.