Афіцыйна-справавыя дакументы, правілы іх напісання і афармлення.

Кожнаму чалавеку трэба ўмець афармляць дакументы, з якімі даводзіцца сутыкацца ў штодзённым жыцці. Службовая карэспандэнцыя- адна з форм пісьмовых зносін паміж асобамі, установамі, дзяржавамі. Гэта заявы і аўтабіяграфіі, распіскі і акты, афіцыйныя лісты і паведамленні, пратаколы і справаздачы, загады, дэкрэты, ноты, пагадненні і інш. Мэта большасці афіцыйных папер- нешта паведаміць. Так, напрыклад, з аб’яў даведва-емся, дзе і калі адбудзецца сход, заняткі гуртка, дыспут, канферэнцыя, з пратакола бачым, як ішло абмеркаванне пэўнага пытання. У аўтабіяграфіях апісваюць свой жыццёвы шлях. У дагаворах афіцыйна сцвярджаецца пагадненне паміж асобамі, установамі, дзяржа-вамі, групамі дзяржаў.

Дакументы трэба афармляць вельмі дакладна, каб адразу можна было зразумець іх асноўную думку. Таму неабходна пісаць сцісла, проста і акуратна. Каб не было двухсэн-соўных і невыразных выказванняў, у тэксце звычайна ўжываюць словы з прамым значэннем. Мове службовых дакументаў і афіцыйнай перапіскі не ўласціва эмацыяльна афарбаваная, размоўная і ўзнёслая лексіка, фразеалогія.

Затое ў службовых паперах звычайна ўжываюць пэўныя ўстойлівыя выразы, напрыклад: аказаць дапамогу, тарыфная стаўка, грашовае ўзнагароджанне, давесці да ведама, усту-піць у дзеянне, давяраю атрымаць, подпіс сведчу, прашу дазволіць. Стандартнасць і дакладнасць зместу афіцыйных папер дасягаецца таксама ўжываннем спецыяльных тэрмі-наў (дэкрэт, указ, пастанова, нарматыў, хадайнічаць, сведчыць, наймальнік, вышэйадзначаны), паўтарэннем аднолькавых слоў, ужываннем зваротных дзеясловаў.

У афіцыйных зносінах выпрацаваліся формы многіх дакументаў, адны з іх строга за-хоўваюцца (заява, даверанасць, пратакол), другія служаць узорам, якога можна прытрым-лівацца толькі збольшага (аб’ява, справаздача, афіцыйны ліст).

 

 

28. Паняцце культуры маўлення. Асноўныя камунікатыўныя якасці маўлення.

Мова і маўленне – паняцці блізкія, узаемазвязаныя, але розныя.

Мова – гэта сістэма сродкаў зносін. Маўленне – рэалізацыя гэтай сістэмы, ці функцыянаванне мовы.

Вуснае і пісьмовае маўленне – формы праяўлення мовы як сродку зносін. Вуснае маўленне адбываецца ва ўмовах непасрэднага кантакту суразмоўцаў, таму значнае месца адводзіцца мелодыцы, тэмпу, тону, тэмбру голаса, паўзе, лагічнаму націску і іншым маўленчым якасцям. Пэўную ролю адыгрываюць і нямоўныя сродкі: жэсты, міміка, пэўныя рухі і інш.

Усім відам вуснага маўлення ўласціва экспрэсія і эмацыянальнасць.

Пісьмовае маўленне характарызуецца наступнымі асаблівасцямі:

1) адсутнасць агульных для ўдзельнікаў зносін жыццёвых абставін і агульнага жыццёвага вопыту, што на 90 % палягчае ўзаемаразуменне ў размоўным маўленні;

2) адсутнасць дапамогі жэстамі, мімікай, інтанацыяй;

3) максімальна ўзбагачаны слоўнік, пераважна за кошт адцягненых паняццяў;

4) максімальна ўскладнены сінтаксіс.

Маўленне носіць індывідуальны характар. Маўленне – гэта двухбаковая з’ява: гэта працэс (маўленчая дзейнасць) і вынік гэтага працэсу, рэалізацыя (тэкст). Да відаў маў-ленчай дзейнасці адносяцца гаварэнне, слуханне, чытанне і пісьмо, а вынікам яе з’яўляец-ца выказванне і тэкст. Адрозніваюць унутранае і знешняе маўленне. Афармленне думкі адбываецца без выказвання – гэта ўнутранае маўленне, а з выказваннем – гэта знешняе маўленне. Унутранае маўленне характарызуецца фрагментарнасцю, хуткасцю мыслення, сцісласцю. Для ўнутранага маўлення не характэрны строгія правілы. Знешняе маўленне можа быць вусным ці пісьмовым, маналагічным ці дыялагічным.

Тэкст – гэта аб’яднаная сэнсавай сувяззю паслядоўнасць знакавых адзінак, асноў-нымі якасцямі якой з’яўляюцца звязнасць, цэласнасць і закончанасць. У залежнасці ад спосабу перадачы зместу і арганізацыі тэксту адрозніваюць такія тыпы, як апісанне, апавяданне, разважанне.

 

 

29. Дакладнасць выказвання і моўныя нормы. Тыповыя маўленчыя памылкі, іх прычыны і спосабы выпраўлення.

Дакладнасць маўлення заключаецца ў адпаведнасці сэнсу слоў, выказванняў рэаліям, сітуацыям, у выкарыстанні пэўных слоў з пэўнымі, уласцівымі ім значэннямі, якія за-фіксаваны ў слоўніках, лінгвістычных даведніках. Дакладнасць маўлення асабліва цесна звязана з лексічнай нормай.

Дакладнасць маўлення, як мяркуюць мовазнаўцы, забяспечваецца добрым валодан-нем прадмета маўлення (гэта пазамоўная ўмова), а таксама

1) веданнем сінанімічных магчымасцей мовы і ўменнем выбраць з сінані-

мічнага рада найбольш дакладнае для пэўнага выпадку слова,

2) веданнем і дакладным размежаваннем полісеміі,

3) уменнем размяжоўваць паронімы, а таксама амонімы (гэта лінгвістычныя, ці моў-ныя, умовы дакладнасці).

Асаблівую ролю дакладнасць адыгрывае ў афіцыйна-справавым і навуковым стылях, дзе важнае значэнне надаецца выкладу думак, меркаванняў, дзе, як правіла, адназначная лексіка, дакладна вызначаныя паняцці.

Лагічнасць маўлення цесна звязана з дакладнасцю, аднак лагічнасць найбольш праяў-ляецца ў сінтаксісе маўлення, якое будуецца як паслядоўнае, несупярэчлівае выказванне, дзе часткі звязаны паміж сабой. У сказе важна правільна, лагічна спалучаць адно слова з другім, каб яны не супярэчылі адно аднаму, правільна выбіраць парадак слоў.

Сказы павінны быць звязаны паміж сабой, таму значную ролю адыгрываюць сродкі сувязі паміж сказамі, часткамі тэксту. Гэтым тлумачыцца патрабаванне да структуры ла-гічнай думкі і лагічнага яе развіцця.

Дарэчнасць цесна звязана з дакладнасцю і лагічнасцю, паколькі моўныя сродкі па-вінны адпавядаць тэме, сітуацыі, мэце выказвання, стылю маўлення.

Чыстата маўлення забяспечваецца адсутнасцю ў маўленні дыялектных слоў, прастамоў-ных лексем і выразаў, паразітычных гукаў і слоў.

Адмаўленне ад ужывання ў маўленні пералічаных груп моўных адзінак у пэўных выпадках звязана са стылем.

Наконт іншамоўных слоў, колькасць і роля якіх даволі значная ў моўнай сістэме, варта адзначыць, што іх ужыванне без патрэбы- гэта недаравальная абыякавасць да род-най мовы (чао, ад’ю, о’кей). Русізмы- сведчанне няўважлівасці, моўнай неахайнасці альбо звычкі думаць па-руску.

Выкарыстанне слоў-паразітаў у любых стылях літаратурнай мовы лічыцца парушэн-нем нормы, абыякавасцю да маўлення, а ў пэўнай меры і сведчаннем нізкага ўзроўню агульнай культуры чалавека.

Багацце маўлення выяўляецца ў разнастайнасці выкарыстання моўных сродкаў і адсут-насці ці вельмі рэдкім паўтарэнні слоў і выразаў. Выключныя магчымасці ў пазбяганні паўтораў маюць сінонімы, якія дапамагаюць выказаць думку вобразна, цікава, неаднастай-на, перадаць адценні і выразіць адносіны. Так, паняцце «многа» выражаецца з дапамогай 66 розных сінонімаў, якія выкарыстоўваюцца ў залежнасці ад сітуацыі маўлення.

Разнастаіць маўленне дапамагаюць розныя прыёмы яго сінтаксічнай арганізацыі. Ба-гацце лексічных запасаў беларускай мовы часткова адлюстравана ў слоўніках, паколькі няма такога слоўніка, які б зафіксаваў усе словы мовы. Гэта звязана з тым, што колькасць слоў пастаянна павялічваецца: прыходзяць словы з жывых народных гаворак, з іншых моў, пашыраецца семантыка вядомых слоў, утвараюцца новыя словы, асабліва тэрміны, абрэвіятуры, што з’яўляецца вынікам развіцця грамадства, навукі, тэхнікі, культуры, мастацтва.

Выразнасць маўлення вызначаецца і дасягаецца спалучэннем колькасці, якасці ўжыван-ня моўных сродкаў: да месца трапны сінонім, эпітэт, метафара, фразеалагізм, параўнанне, прыказка, прымаўка, перыфраза і інш. Уменне карыстацца самымі звычайнымі словамі, сінтаксічнай арганізацыяй тэксту – гэта таксама сродкі ўзмацнення выразнасці.

Выразнасць як камунікатыўная якасць маўлення найбольш характэрна для мастацкага, публіцыстычнага стыляў, менш для гутарковага. У навуковым і афіцыйна-справавым сты-лях сродкі выразнасці маўлення тычацца асобных жанраў, дзе патрабуецца зацікавіць, прыцягнуць увагу, даць ацэнку. Таму лекцыя, дыспут, рэцэнзія, вуснае выступленне характарызуюцца выкарыстаннем розных вобразна-выяўленчых сродкаў мовы (фанетыч-ных, лексічных, марфалагічных, фразеалагічных, сінтаксічных), што паляпшае ўспры-манне інфармацыі. Пры гэтым яны вызначаюцца самастойнасцю мыслення аўтара, яго цікавасцю да пытання і кантактам з аўдыторыяй.

 

 

30. Маўленчы этыкет і культура зносін.

Тэрмін «культура маўлення» азначае якасць маўлення і навуку аб якасці маўлення

Ва ўсякім разе імкненне да валодання мовай павінна праходзіць праз усё наша жыцце .Паняцце «культура» ўключае і культуру ўзаемаадносін, культуру маўленчых паводзін, якая з’яўляецца састаўной часткай агульнай культры. Чым вышэйшы ўзровень культуры чалавека, тым вышэйшая культура маўленчых паводзін. Маўленчыя паводзіны звязаны з сітуацыяй маўлення, з роляй, якую выконвае носьбіт мовы, бо, напрыклад, адзін і той жа студэнт па-рознаму паводзіць сябе ў маўленчай сітуацыі з аднакурснікамі, з

выкладчыкам, з дэканам, на экзаменах і на вуліцы.

Правілы маўленчых паводзін рэгулююцца моўным этыкетам. Моўны этыкет-абумоў-леная традыцыямі, нормамі маралі сістэма моўных формул, якія прымяняюцца з мэтай устанавіць і падтрымаць кантакт з субяседнікам. Моўныя нормы праяўляюцца ў сіт-уацыях прывітання, развітання, удзячнасці, адабрэння, спачування, віншавання, зва-роту, просьбы, парады, загаду і г.д. У формулах моўнага этыкету, якія выкарыстоўвае чалавек, адлюстроўваецца ўзровень яго адукацыі, выхаванасці, культуры, маўленчага асяроддзя.

Моўны этыкет – неабходная частка культуры маўленчых паводзін кожнага нось-біта мовы. Самыя агульныя правілы прымянення формул моўнага этыкету – ветлівасць, добразычлівасць, спагадлівасць, дабрата, павага да старэйшых, жанчын і дзяцей, справяд-лівасць і г.д.

Асноўнымі кампанентамі культуры маўлення з’яўляюцца правільнасць, даклад-насць, лагічнасць, чыстата, выразнасць, дарэчнасць.

Правільнасць маўлення прадугледжвае захоўванне носьбітамі мовы норм літаратурнай мовы, што забяспечвае адзінства моўных сродкаў і ўзаемаразуменне паміж тымі, хто вядзе гаворку.

Мова развіваецца, мяняецца, адлюстроўваючы змены ў жыцці грамадства, таму пастаянна перавыдаюцца акадэмічныя граматыкі, слоўнікі, адзначаючы пэўныя змены адносна правіл правапісу, норм вымаўлення і інш.

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» быў пры-няты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 24 чэрвеня 2008 года, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 чэр-веня 2008 года і падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня 2008 года. Гэты закон уступіў удзеянне з 1 верасня 2010 года.

Часам у мове адзначаецца варыянтнасць, якая з’яўляецца натуральнай з’явай існавання моўнай нормы.

Але не ўсе варыянты дапушчальныя ў маўленні, многія з іх з’яўляюцца адхіленнямі ад

літаратурнай нормы, напрыклад, можна дагаво́р, кіламе́тр, але нельга до́гавар, кіло́метр, бо апошнія памылковыя. Для выбару правільных варыянтаў, адпаведных норме літара-турнай мовы, лепш за ўсё карыстацца слоўнікамі, даведнікамі.Правільнасць маўлення выяўляецца ў разнастайнасці літаратурных норм, сярод якіх выдзяляюцца: арфаэпічныя нормы, акцэнталагічныя, арфаграфічныя нормы.

Але толькі валодаючы літаратурнай нормай, можна павышаць культуру маўлення, дбаць не толькі пра прыгожае, але і правільнае маўленне.