МАЙСКАЯ АБРАДНАСЦЬ

Майская абраднасць – комплекс святочных аграрна-жывёлагадоўчых абрадаў і звязаных з імі песень, прыкмет, карагодаў, павер’яў, забарон, прадпісанняў. Яе асноўныя кропкі – Юр’я, «Страла», Зялёныя святы (Сёмуха, Тройца) з ушанаваннем бярозкі, ваджэннем Куста, ваджэннем Маі, Русальніца з провадамі русалкі. Кожная частка майскай абраднасці грунтуецца на адпаведным кульце, у шырокім сэнсе – на кульце сакральнай сілы адраджэння, апладнення, нараджэння, увасобленай у бажаствах, каляндарных сімвалах, абрадавых фігурах і дзеяннях. Рытуальнае ядро юраўскіх абрадаў – культ бажаства, вядомага пад імёнамі Юр, Юрай, Юрыла, Юра, Юр’я. Гэта бог творчай пажадлівай страсці, носьбіт свяшчэннай сілы – юра, юрлівасці, юравання, веснавы супруг Зямлі, якую ён «адмыкае» залатымі ключамі (сімвалізацыя рытуальнага шлюбу), апякун руні, уладар ваўкоў і іншых драпежнікаў, заступнік свойскай жывёлы. Абраднасць складаецца з першага выгану жывёлы на жыватворную расу, пастухоўскіх абрадаў перадачы жывёлы пад ахову Юрыя, замаўленняў, сямейнага і калектыўнага наведвання палёў (звычаі «юраўская свечка», «хадзіць на расу», «церушыць расу», «гоныты росу» ды інш.), маладзёжных карагодаў каля жыта, качання па руні, абыходаў пасеваў.

Прадуцыравальна-засцерагальны абрад ваджэння і пахавання «стралы» (Гомельшчына) грунтуецца на двух міфах: першы – пра шлюбны саюз зямлі і неба з яго апладняльнымі сонечнымі промнямі-стрэламі, другі – пра навальнічнага Перуна, яго рытуальны шлюб з зямлёй і барацьбу з ворагам – змеепадобным богам падзем’я, багацця, жывёлы Вялесам, пазней – нячысцікам. Да поля ішлі пад песню пра стралу, якая кагосьці забівае або не павінна забіць, там вадзілі карагоды, закопвалі ў зямлю сімвалы «стралы» – магічны акт апладнення зямлі і адначасова адвядзення ад вёскі маланкі.

Зялёныя святы і Русальніца – заключны акорд містэрыі адраджэння зямлі, увасобленага праз натуральны каляндарны сімвал – траецкую бярозку, ссечанае і прынесенае ў паселішча дрэва-май, належным чынам «апранутага» ў зеляніну чалавека (дзяўчынку, дзяўчыну, жанчыну). Каляндарныя сімвалы падобнага выгляду маглі мець розныя імёны (Куст, Мая, Русалка – дзяўчыны ў зялёнай «вопратцы»), а рознага – агульнае імя (русалка – дзяўчына ў зеляніне або рыззі, саламяная лялька, чучала «каня» або «кабылы»), але ўсе яны знаходзіліся ў агульным семантычным полі, персаніфікавалі нараджальныя сілы маці-зямлі, служылі маніфестацыяй яе бязмежнай энергіі, увасобленай у зеляніне.