П л а н

РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ

(1945-1984 гг.)

1. Складанасці і супярэчлівасці культурнага жыцця на Беларусі ва ўмовах таталітарызму (друг.пал.1940-х – сярэдз.1950-х гг.)

2. Культура БССР ва ўмовах палітычнай “адлігі” (сярэдз.1950-х – перш.пал. 1960-х гг.)

3. Адукацыя, навука, літаратура і мастацтва Беларусі ў друг. пал. 1960-х - сярэдз.1980-х гг.)

 

1.Адраджэнне культурнага жыцця ў Беларусі адбывалася ў надзвычай складаных умовах. За гады Вялікай Айчыннай вайны амаль поўнасцю была знішчана матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі, адукацыі і культуры. Многія навукоўцы і дзеячы культуры загінулі, не хапала выкладчыкаў.

Разам з тым у другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. развіццё навукі і мастацтва натыкнулася на жорсткі ідэалагічны прэс. Ідэалогія пасляваеннага сталінізму характарызавалася абсалютнай непрымірымасцю да любых поглядаў, якія адрозніваліся ад афіцыйных, што давала магчымасць весці актыўную барацьбу супраць іншадумства, плюралізму думак, падтрымліваць пастаянную напружанасць у грамадстве. З гэтай мэтай была спланавана сістэма палітычных кампаній, якія навязвалі жорсткія стэрэатыпы ў літаратуры і мастацтве, поўнасцю выключалі агульначалавечыя каштоўнасці з навуковай і мастацкай творчасці, падаўлялі нацыянальную самасвядомасць народаў.

Ужо ў 1946 г. пачаліся кампаніі па барацьбе супраць “нізкапаклонства перад Захадам”, супраць “беларускага нацыяналізму” і “бязроднага касмапалітызму”. Жорстка крытыкавалася палажэнне аб дзяржаўнасці Беларусі ў сярэднявеччы, аб “залатым веку” ў гісторыі беларускай культуры.

У сакавіку 1947 г. ЦК УКП(б) прыняў пастанову “Аб судах гонару ў міністэрствах СССР і цэнтральных ведамствах”. Яна была накіравана на тое, каб ізаляваць навуковую і творчую інтэлігенцыю ад кантактаў са сваімі калегамі за мяжой, устанавіць “жалезную” заслону з сусветнай культурай. Лічылася, што той, хто ішоў на кантакты з замежнымі калегамі альбо выказваў нешта станоўчае ў іх бок, губляў гонар і вартасць савецкага чалавека. Для барацьбы з такімі супрацоўнікамі прапаноўвалася стварыць спецыяльныя выбарныя органы – суды гонару.

Акрамя ідэалагічнага ўціску ў другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гадоў узмацніліся рэпрэсіі інтэлігенцыі. Зноў арыштоўвалі выкладчыкаў, вучоных, пісьменнікаў.

АдукацыяЗ вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў паўстала задача вялікай важнасці і складанасці – аднаўленне агульнаадукацыйнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай школы.

За гады акупацыі ў рэспубліцы было знішчана 6808 школьных будынкаў, разрабавана і спалена амаль усё школьнае абсталяванне, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, падручнікі і ўвесь фонд навуковай, палітычнай, метадычнай і мастацкай літаратуры. У школах вучыліся пісаць на старых газетах, іх жа выкарыстоўвалі ў якасці сшыткаў; крэйдай з’яўляўся звычайны вугаль, а чарніла выраблялася з сажы.

Таму ў першыя пасляваенныя гады ў рэспубліцы праводзілася работа па інтэнсіўнай пабудове і рамонту школьных будынкаў, вырабу школьнага абсталявання, ахопу навучаннем дзяцей школьнага ўзросту. На аднаўленне устаноў адукацыі кіраўніцтвам СССР і БССР накіроўваліся вялікія сродкі, істотную дапамогу аказвалі іншыя рэспублікі Савецкага Саюза, у першую чаргу РСФСР.

Асаблівыя цяжкасці даводзілася пераадольваць у Заходняй Беларусі, дзе, па сутнасці, нанава стваралася сетка беларускіх навучальных устаноў. Ускладнялі справу насцярожаныя адносіны сялянства да Савецкай улады, наяўнасць узброенных фарміраванняў, істотны ўплыў каталіцкай адукацыі.

Аднак сумесныя дамаганні дазволілі ўжо з 1949/1950 навучальнага года перайсці да ўсеагульнага сямігадовага навучання на Беларусі. За поспехі ў вучобе для лепшых вучняў былі заснаваны залаты і сярэбраны медалі.

Характэрнай рысай пасляваеннага аднаўлення школ з’яўлялася значнае павелічэнне пачатковых і скарачэнне сямігадовых і асабліва сярэдніх школ. Такое становішча было выклікана вынікамі нямецка-фашысцкага “гаспадарання” на Беларусі. За гэты час вучні старэйшых класаў перараслі, многіх вывезлі ў Германію, частка пайшла працаваць у прамысловасць і сельскую гаспадарку.

Складаным заставалася становішча з настаўніцкімі кадрамі. Таму прымаліся тэрміновыя меры па рээвакуацыі педагагічных кадраў з усходніх рэгіёнаў. На педагагічную работу накіроўваліся настаўнікі-франтавікі.

Прымаліся меры па адукацыі моладзі, якая працавала на вытворчасці. У адпаведнасці з пастановай СНК БССР “Аб рэарганізацыі школ для падлеткаў, якія працуюць на прадпрыемствах, у школы рабочай моладзі і аб арганізацыі вячэрніх школ сельскай моладзі” (жнівень 1944 г.) праводзілася актыўная работа па стварэнні гэтай катэгорыі школ. Так у 1950/1951 навучальным годзе ў рэспубліцы налічвалася 230 школ рабочай моладзі з кантынгентам 30 784 вучні і 714 школ сельскай моладзі, дзе вучыліся 23 401 чалавек.

У 1951-1955 гг. адбылося далейшае пашырэнне сярэдняй адукацыі шляхам арганізацыі новых сярэдніх школ і пераўтварэння сямігодак у сярэднія. Колькасць сямігодак і пачатковых школ, наадварот, зменьшылася.

Разам з тым у развіцці аульнаадукацыйнай школы за пасляваеннае дзесяцігоддзе меліся значныя недахопы. На нізкім прафесійным узроўні вялося выкладанне многіх прадметаў, дрэнна улічваліся нацыянальныя асаблівасці ў вучэбна-выхаваўчай рабоце. Рэзка скарацілася колькасць школ з беларускай мовай навучання ў буйных прамысловых цэнтрах. Гэтаму спрыялі ўмовы, звязаныя з камандзіраваннем у рэспубліку кадраў для ўсіх галін гаспадаркі. Яны не валодалі мовай карэннага насельніцтва і не клапаціліся, каб яе вывучалі іх дзеці. Набірала моц і такая трывожная тэндэнцыя як скарачэнне беларускамоўных школ у раёнах і нават сельскай мясцовасці.

Аднаўленне народнай гаспадаркі паставіла задачу забеспячэння яе кадрамі спецыялістаў з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй. Таму ў складаных умовах разрухі і галечы прымаліся меры па тэрміноваму аднаўленню дзейнасці навучальных устаноў. Так ужо ў 1944/1945 навучальным годзе аднавілі работу 66 тэхнікумаў і вучылішчаў. А ў 1955 г. у БССР налічваліся 123 сярэднія спецыяльныя установы, якія былі павінны забяспечыць гаспадарку, адукацыю і культуру Беларусі спецыялістамі сярэдняга звяна.

З дапамогай ВНУ Масквы ля сталіцы СССР на станцыі Сходня з восені 1943 г. аднавіў работу Белдзяруніверсітэт.

У 1944-1945 гг. на радзіму вяртаюцца вышэйшыя навучальныя установы – БДУ, Мінскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі і Гродзенскі педагагічныя інстытуты. Пачаўся навучальны год у Белдзяржкансерваторыі, БПІ, Мінскіх медыцынскім, юрыдычным і фізкультурным інстытутах. У 1945 г. адкрыўся Беларускі тэатральны інстытут, у 1948 – Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў. У 1950 г. у БССР мелася 29 вышэйшых навучальных устаноў.

Работа вышэйшай школы праходзіла ў нялёгкіх умовах. Не хапала спецыяльнай і дапаможнай літаратуры, лабараторый, вучэбных аудыторый. Нездавальняючай была забяспечанасць вышэйшай школы выкладчыцкімі кадрамі. Вучэбна-выхаваўчая работа ў ВНУ насіла запалітызаваны характар. Скарачалася вывучэнне нацыянальнай гісторыі і культуры. У БДУ нават закрылі кафедру гісторыі Беларусі. Было канчаткова згорнута выкладанне на беларускай мове.

З 1946 па 1950 гг. народная гаспадарка атрымала звыш 14 тысяч маладых спецыялістаў. Ня гледзячы на гэта, рэспубліка адчувала вострую патрэбу ў кадрах з вышэйшай адукацыяй, асабліва інжынерных. Таму ў наступныя гады ў БССР былі адкрыты Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут (1951), Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту ў Гомелі (1953), Полацкі педагагічны інстытут (1953), Беларускі інстытут механізацыі механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1954).

НавукаПаступова, з вялікімі цяжкасцямі аднаўляўся навуковы патэнцыял рэспублікі. Як зазначалася вышэй, у другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. развіццё навукі натыкнулася на жорсткі ідэалагічны прэс. Вызначаўся дакладны падзел розных галін навукі на “наша-сацыялістычнае” і “іх-капіталістычнае”. Гэта дазваляла той навуковай шэрасці, што была адціснута падчас вайны, аднавіць і ўзмацніць свае пазіцыі. Так у біялогіі пачалі чарговы наступ прыхільнікі Г.Лысенкі. На Беларусі ім супрацьстаяла школа генетыкаў, якую ўзначальваў Антон Раманавіч Жэбрак. З пяці вядомых свету відаў цвёрдай пшаніцы тры былі выведзены ў яго лабараторыі генетыкі і цыталогіі. У маі 1947 г. А.Жэбрак быў абраны Прэзідэнтам АН БССР, але ўжо ў снежні гэтага года ён вызваляецца з гэтай пасады, не выбіраецца нават у акадэмікі, а галоўнае – на доўгі час забараняецца ў рэспубліцы развіццё цэлага напрамку ў біялагічнай навуцы. Фармальным повадам для гэтага паслужыла публікацыя Жэбрака у амерыканскім штотыднёвіку “Навука” (1945), у якой ён выказаў крытыку ў адрас антынавуковай тэорыі Лысенкі. Прысланы на месца Прэзідэнта АН БССР Мікалай Грашчанкоў шмат зрабіў для станаўлення нейрахірургіі ў БССР, аднак лічыў немэтазгодным развіццё фундаментальных даследаванняў у галіне фізікі, матэматыкі і іншых навук на Беларусі.

У цэлым, вынікі дзейнасці вучоных Беларусі ў першыя пасляваенныя гады былі сціплымі. На развіцці навукі адмоўным чынам адбіваліся слабасць яе матэрыяльна-тэхнічнай базы, адміністрацыйныя, валявыя метады кіравання. У грамадскіх навуках “апошнім” словам у тэорыі і практыцы, неаспрэчнай ісцінай лічыліся ўстаноўкі Сталіна. Ідэалагічны дыктат, дагматызм асабліва праявіліся ў час дыскусій па філасофіі, мовазнаўству, палітычнай эканоміі, праведзеных у 1947-1952 гг. Гэта стрымлівала навуковую думку, заціскала яе ў вузкія ідэалагічныя межы.

ЛітаратураУ складаных умовах пасляваеннага жыцця развівалася беларуская літаратура. Нягледзячы на рэпрэсіі, старты ў вайне, яна напаўнялася новымі талентамі, сярод якіх – Янка Брыль, Іван Мележ, Анатоль Вялюгін, Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак і інш.

У гэты час плённа працуе Якуб Колас. У 1947 г. ён завяршыў шматгадовую працу над паэмай “Рыбакова хата”, якая была адзначана Сталінскай прэміяй.

Большасць празаічных твораў прысвячалася падзеям, звязаным з адгрымеўшай вайной. Гэта раманы Івана Шамякіна “Глыбокая плынь”, Міколы Ткачова “Згуртаванасць” і інш. Вайне былі прысвечаны драматычныя творы Кандрата Крапівы “З народам”, Аркадзя Маўзона “Канстанцін Заслонаў”, Кастуся Губарэвіча “Брэсцкая крэпасць”.

Тэма вайны невыпадкова пераважвала ў літаратуры. Аднак у вялікіх эпічных творах пра гераізм народа часам губляўся канкрэтны жывы чалавек з яго перажываннямі, страхамі, болем.

Як і раней, культ асобы Сталіна рэгламентаваў літаратурнае жыццё, стрымліваў праўдзівы, аб’ектыўны падыход пісьменнікаў да паказу рэальнага становішча спраў у развіцці народнай гаспадаркі, грамадскім жыцці. Да таго ж партыйныя цэнзары штурхалі аўтараў да пэўнага ідэалагічнага класіцызму, дзе прысутнічалі б толь дакладна станоўчыя “героі” і адмоўныя “ворагі”. За адыход ад азначанай схемы крытыкаваліся п’есы “Мілы чалавек” К. Крапівы і “Заложнікі” А. Кучара.

Пасляваенныя гады характарызаваліся далейшым узмацненнем ролі Галоўліта, які ўзнавіў сваю дзейнасць у 1943 г. Шэраг твораў, сярод якіх раман “Млечны шлях” Кузьмы Чорнага, не былі дапушчаны да выдання.

У 1952-1954 гг. убачыла свет першае пасляваеннае выданне збора твораў Янкі Купалы. Аднак, цэнзарскае вока пільна сачыла за тым, каб не прапусціць каля 160 твораў паэта, у якіх пясняр горача выказваў нацыянальна-вызваленчыя ідэі.

ТэатрІдэалагічны дыктат таксама аказаў уплыў на тэатральнае мастацтва Беларусі. У ім разгарнулася кампанія за “чысціню” рэпертуару, пазбаўленне ад замежных твораў, якія, на думку палітычнага кіраўніцтва, рабілі буржуазны ўплыў на савецкага гледача. Кожны драматычны тэатр абавязаны быў ставіць “штогод не менш 2-3 новых, высокаякасных у ідэйных і мастацкіх адносінах спектакляў на сучасныя савецкія тэмы”. На працягу шэрагу гадоў рэпертуар зацвярджаўся бюро ЦК КП(б)Б, які можна было змяніць толькі з дазволу аддзела прапаганды і агітацыі ЦК.

Значнай падзеяй у тэатральным жыцці рэспублікі з’явілася пастаноўка спектакля “Канстанцін Заслонаў” А. Маўзона ў Беларускім драматычным тэатры імя Я. Купалы. Галоўныя ролі ў ім выконвалі такія выдатныя акцёры, як Барыс Платонаў, Глеб Глебаў, Ірына Ждановіч.

Новая хваля ідэалагічнага ўціску на тэатральнае мастацтва разгарнулася ў сувязі з кампаніяй барацьбы з касмапалітызмам. “Касмапаліты”, прадстаўнікі пераважна яўрэйскай нацыянальнасці, абвінавачваліся ў тым, што яны прыцягвалі ў грамадства ідэалогію культуры буржуазнага Захаду. Увогуле, касмапалітам мог быць абвешчаны любы чалавек, які цікавіўся заходняй літаратурай, музыкай, жывапісам. Гэта прывяло да ізаляцыі савецкага народа ад многіх дасягненняў культуры народаў свету.

Выкрыццё касмапалітаў з ліку тэатральных, музычных дзеячаў распачалося ў друку, на партыйных сходах творчых саюзаў, устаноў культуры. Асаблівай крытыцы падвяргаўся Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР. Калектыву ставілася ў віну тое, што ішлі п’есы, якія ідэалізавалі даўніну, усхвалялі быт дарэвалюцыйнага местачковага мяшчанства, прапагандавалі нізкапаклонства перад Захадам. Такія абвінавачванні прывялі да таго, што хутка тэатр быў расфарміраваны, а некаторыя яго дзеячы рэпрэсіраваны. З ім падзялілі лёс Магілёўскі абласны драматычны тэатр, тэатр музычнай камедыі.

Татальная крытыка ўсіх, хто ў той ці іншай меры меў адносіны да развіцця тэатральнага мастацтва, не садзейнічала творчасці тэатральных калектываў. Аднак, ня гледзячы на надзвычай складаныя ўмовы, беларускія тэатры працягвалі сваю дзейнасць, ажыццяўлялі пастаноўкі новых спектакляў.

У 1950 г. на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я.Купалы з поспехам прайшла п’еса Кандрата Крапівы “Пяюць жаваронкі”.

На высокім мастацкім узроўні ў пасляваеннае дзесяцігоддзе былі пастаўлены п’есы “Дзядзька Ваня” А. Чэхава, “Шалёныя грошы” А. Астроўскага, “Кароль Лір” У. Шэкспіра на сцэне Дзяржаўнага рускага тэатра БССР.

Значныя творчыя поспехі меліся ў Дзяржаўным драматычным тэатры імя Я. Коласа. У рэпертуары гэтага тэатра былі п’есы Я. Купалы “Раскіданае гняздо”, В. Вольскага “Несцерка”, М. Горкага “Ворагі” і інш.

Тэатр оперы і балета ўжо ў 1945 г. распачаў работу над операй Яўгена Цікоцкага “Алеся” (у першым варыянце “Дзяўчына з Палесся”), дзе выканаўцай галоўнай ролі была выдатная беларуская спявачка Ларыса Александроўская.

МузыкаМузычнае мастацтва Беларусі таксама ў поўнай меры адчула на сабе ідэалагічны ўціск. У 1948 г. ЦК УКП(б) прымае пастанову “Аб оперы “Вялікая дружба” В.Мурадэлі, дзе гэты твор быў названы прыкладам фармалізму ў музыцы. Да “фармалістычнага”, “антынароднага” музычнага напрамку прылічылі творы Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, А.Хачатурана. На Беларусі пачаліся нападкі на оперу Яўгена Цікоцкага “Алеся”, Першую сімфонію Пятра Падкавырава, сімфанічную паэму “З дзённіка партызан” Мікалая Аладава. Але, ня гледзячы на зневажальную крытыку, у пасляваеннае дзесяцігоддзе ў многіх музычных жанрах з’явіліся новыя творы. Кампазітар Анатоль Багатыроў напісаў оперу “Надзея Дурава”, Дзмітрый Лукас – “Кастусь Каліноўскі”, Рыгор Пукст – “Машэка”. 1 студзеня 1949 г. на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэтра оперы і балета адбылася прэм’ера балета Васіля Залатырова “Князь-возера”. У гэты час у шэрэнгі кампазітараў уліліся новыя сілы – Генрых Вагнер, Уладзімір Алоўнікаў, Юрый Семеняка і інш.

У 1952 г. быў створаны адзін з папулярных выканаўчых калектываў рэспублікі – Дзяржаўны народны хор БССР. Яго арганізатарам і мастацкім кіраўніком (да 1974 г.) з’яўляўся вядомы дзеяч харавога мастацтва, этнамузыказнавец Генадзь Цітовіч.

Выяўленчае мастацтваКульт асобы Сталіна рабіў уплыў на развіццё выяўленчага мастацтва краіны. Кола зыходных традыцый з-за замкнёнасці савецкага грамадства ў тыя гады было вельмі абмежавана. Заахвочваліся толькі вывучэнне і ўвасабленне ў рэальнасць традыцый рускага мастацтва мінулага стагоддзя, асабліва мастакоў-перасоўнікаў. Аб увасабленні традыцый нацыянальнага мастацтва не было і гаворкі.

Але і ў такіх умовах ствараліся палотны, якія ўвайшлі ў скарбонку беларускай культуры.

Асноўнай тэмай многіх жывапісцаў у пасляваенны перыяд з’яўляляся ўвасабленне подзвігу народа ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Тэма вайны прысутнічае ў палотнах Яўгена Зайцава (“Герой Савецкага Саюза Канстанцін Заслонаў у партызанскім штабе”, “Парад беларускіх партызан у 1944 годзе ў Мінску”, “Абарона Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе” і інш.), Валянціна Волкава (“Мінск. 3 ліпеня 1944 года”), Яўгена Ціхановіча (“Партызаны ў разведцы”), Уладзіміра Сухаверхава (“За родную Беларусь”) і інш.

Мастакі Беларусі працавалі ва ўмовах пастаяннага ідэалагічнаг ціску, навешвання ярлыкоў, асабліва ў гады барацьбы з касмапалітызмам і фармалізмам. Так, за “фармальныя моманты” крытыкаваўся мастак Яўген Краскоўскі, які пакінуў нашчадкам цудоўныя пейзажы беларускай прыроды. Сярод яго палотнаў выдзяляюцца “Белавежская пушча”, “Вязынка”, “На Бярэзіне”, “Яхты на прычале”.

У той жа час пануючы ў савецкім грамадстве культ асобы аказаў вялікі ўплыў на жывапіс 1940-х – пачатку 1950-х гг. Для многіх тагачасных мастакоў была характэрна наўмысная манументальнасць, надуманасць кампазіцыі, параднасць, афіцыйнасць. Гэта тычыцца, напрыклад, карцін “Слава вялікаму Сталіну” Ісаака Давідовіча, “І.В.Сталін у Мінску” Яўгена Зайцава, “Ленін і Сталін у Горках” і “Ліст да Леніна. Дума аб народзе” Віталя Цвіркі і інш.

У тых жа межах афіцыйнага акадэмізму знаходзілася і беларуская скульптура. Яна амаль страціла сваю спецыфіку як від мастацтва. Размытымі былі пануючыя сярод прадстаўнікоў жанру ўяўленні аб аб’ёме і пластыцы. Форма твораў была настолькі невыразнай, што ўжо нічога не магла выявіць, і таму галоўны націск мастакі вымушаны былі рабіць на сюжэты. У выніку тагачасная скульптура пераўтварылася ў своеасаблівую ілюстрацыю да жыцця. У якасці прыкладу можна прывесці творы А.Бембеля “За Савецкую Радзіму” (1948, гіпс), С.Адашкевіча “За мір” (1953, бронза), пазней В.Міхеевай “Фестываль” (1960, гіпс). Усе яны вылучаюцца разгорнутай фабулай, “карціннай” кампазіцыяй, вялай пластыкай.

Страчваецца і цікавасць айчынных скульптараў да работы ў матэрыяле. На выстаўках таго часу пераважваюць гіпсавыя бюсты і скульптуры, таніраваныя пад бронзу, а нярэдка і “серабранкай”.

Здаецца, калі б не перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, неабходнасць у скульптуры як асобным відзе мастацтва на Беларусі ўвогуле б адпала. Менавіта грамадская патрэба ў стварэнні манументаў, прысвечаных подзвігу народа ў гады фашысцкага нашэсця, уліла ў мастацтва скульптуры новыя сілы, абудзіла ў майстроў прафесіянальную цікавасць да спецыфічных сродкаў манументальнага мастацтва.

Адным з лепшых твораў гэтага плана стала скульптурная кампазіцыя Андрэя Бембеля “М.Гастэла” (1943, бронза, граніт) з яе надзвычайнай экспрэсіяй, выразнасцю сілуэта, па-новаму зразумелай пластыкай.

Другой значнай падзеяй стала скульптурная выява “Францыск Скарына” Аляксея Глебава (1954, дрэва) – адзін з найбольш моцных вобразаў вучонага і гуманіста ў мастацтве Беларусі на працягу апошніх дзесяцігоддяў. Пазней на падставе гэтай скульптуры на радзіме славутага асветніка ў Полацку быў узведзены помнік.

На пасляваенныя гады прыходзіцца росквіт талента Заіра Азгура. Мастак працягвае пачатую яшчэ ў гады вайны серыю партрэтаў рускіх палкаводцаў, ствараючы партрэты П.І. Баграціёна (1946) і М.Б. Барклая дэ Толі (1947). У той жа час скульптар стварае вялікі цыкл партрэтаў дзеячаў беларускай культуры мінулага (партрэты Ф.Скарыны, Цёткі, абодва 1947 г.; Ф.Багушэвіча, 1959), партрэты прадстаўнікоў літаратуры і мастацтва Беларусі – Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Сяргея Селіханава, Уладзіміра Дзядзюшкі (усе 1949) і інш.

Многа зрабіў З.Азгур у галіне манументальнай скульптуры. Ім створаны партрэтныя бюсты народнага героя В.І. Талаша ў Петрыкаве (1951), двойчы Героя Савецкага Саюза С.І. Грацаўца ў Мінску (1951), Я.Купалы і Ф.Дзяржынскага (1953) у Мінску і інш.

Самым значным дасягненнем скульптараў Беларусі стаў завершаны ў 1954 г. велічны ансамбль плошчы Перамогі ў Мінску з абеліскам-помнікам воінам Савецкай Арміі і партызанам, загінуўшым у баях з фашызмам. Яго аўтары – скульптары Заір Азгур, Андрэй Бембель, Аляксей Глебаў, Сяргей Селіханаў, архітэктары Уладзімір Кароль і Георгій Заборскі.

У архітэктуры БССР пасляваеннага часу таксама заўважаны манументалізм, у прыватнасці, у кампазіцыі Прывакзальнай плошчы, Ленінскага праспекту (зараз праспект Незалежнасці). Будынкі ўзводзіліся пераважна па індывідуальных праектах, упрыгожваліся дэкорам, скульптурамі, прысутнічалі элементы лжэкласіцызму (Мінскі галоўны паштамт, Мінскі гарадскі універмаг, Мінскі цырк, Дзяржбанк, Палац культуры Белсаўпрофа, стадыён “Дынама” і інш.). У гэты час сталі вядомымі архітэктары Уладзімір Кароль, Аляксандр Воінаў, Міхаіл Паруснікаў.

Такім чынам, разбурэнні, нанесеныя вайной, ідэалагічны дыктат абмяжоўвалі магчымасць развіцця беларускай культуры, але спыніць гэты працэс цалкам не змаглі.

 

2Сярэдзіна 1950-х гг. з’явілася новым этапам у развіцці беларускай культуры, пачатак якога азнаменаваў ХХ з’езд КПСС (люты 1956 г.)

Духоўнае развіццё тых часоў адлюстроўвала складаны і супярэчлівы працэс барацьбы двух тэндэнцый: дэмакратычнай, якая імкнулася да вызвалення ўсіх сфер жыцця ад скажэнняў сталінскай эпохі, і кансерватыўнай, якая імкнулася зберагчы і прыстасаваць старыя рычагі да новых рэалій грамадскай свядомасці. Пачаўся складаны, балючы, а для многіх людзей і трагічны працэс разбурэння існуючых стэрэатыпаў і поглядаў. Актуальным правадніком ідэй аднаўлення грамадства з’яўлялася творчая інтэлігенцыя.

Кіруючыя структуры стараліся захаваць ідэалагічны кантроль над настроямі творчай інтэлігенцыі, не давалі ёй выйсці ў асмысленні і ацэнцы сталіншчыны, гісторыі і сучаснасці грамадства за межы дазволенага, заахвочвалі кампаніі па барацьбе з “фармалізмам” і “абстракцыянізмам”. Галоўным аргументам такой палітыкі з’яўлялася сцвярджэнне аб абвастрэнні ідэалагічнай барацьбы ў абстаноўцы мірнага суіснавання з капіталістычным светам.

На пачатку 1960-х гг. умяшанне ў творчы працэс аднаўлення з боку партыйных структур узмацнілася. Аб гэтым сведчылі сустрэчы 17 снежня 1962 г. і 7-8 сакавіка 1963 г. М.С. Хрушчова з творчай інтэлігенцыяй. Ён зняважыў А.Вазнясенскага, Э.Неізвеснага, М.Хуцыеыва, іншых прадстаўнікоў мастацкай інтэлігенцыі, якія імкнуліся адысці ў сваёй творчасці ад догмаў і канонаў.

У той жа час сам працэс аднаўлення грамадства – палітычная “адліга”, не мог не выклікаць ажыўлення культурнага жыцця. Узніклі новыя літаратурна-мастацкія часопісы “Юность”, “Молодая гвардия», «Москва», «Наш современник». Пашырыліся магчымасці публікацый для маладых паэтаў, празаікаў, крытыкаў. Аднавілася выданне часопіса «Иностранная литература» і савецкія чытачы атрымалі магчымасць шырэй знаёміцца з сусветным літаратурным працэсам. Самымі папулярнымі сярод інтэлігенцыі і моладзі пісьменнікамі былі Э.М.Рэмарк і Э.Хэмінгуэй. У Маскве адкрыўся тэатр “Сучаснік”, які прыцягнуў увагу не толькі актуальнымі пастаноўкамі, але і таленавітай ігрой акцёраў. У побыт людзей уваходзіла тэлебачанне. Тэлевізары былі рэдкасцю, іх глядзелі разам з сябрамі, знаёмымі, суседзямі, ажыўлена абмяркоўвалі перадачы.

Вялікім імпульсам для асэнсавання праблем, якія стаялі перад грамадствам, з’яўлялася масавае вызваленне вязняў ГУЛАГу. Пачаўся працэс пасмяротнай рэабілітацыі дзеячаў літаратуры і мастацтва, якія загінулі ў часы сталінскага тэрору. У БССР былі рэабілітаваны Сымон Баранавых, Міхась Чарот, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Уладзіслаў Галубок і іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.

АдукацыяКанец 1950-х гг. азнаменаваўся далейшым развіццём адукацыі. Гэтаму спрыяў Закон “Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў СССР”, прыняты ў снежні 1958 г. Вярхоўным Саветам СССР. Ён паклаў пачатак правядзенню рэформы, якая накіроўвалася на ажыццяўленне політэхнічнага навучання, працоўнага выхавання, узмацнення іх узаемасувязі. З 1959/60 навучальнага года сямігадовыя школы пераўтвараліся ў васьмігадовыя. Была праведзена рэарганізацыя сярэдніх школ (дзесяцігадовых) у агульнаадукацыйныя адзінаццацігадовыя з вытворчым навучаннем. Ствараліся школы-інтэрнаты, мэтай якіх з’яўлялася забеспячэнне больш спрыяльных умоў для ўсебаковага развіцця дзяцей і іх выхавання. Ажыццяўляліся меры па развіцці матэрыяльнай базы працоўнага навучання. З 1959 па 1967 гг. ва ўсіх сярэдніх і большасці высьмігадовых школ БССР былі адкрыты майстэрні больш як на 100 тыс.месцаў.

Аднак у большасці школ вытворчае навучанне было пастаўлена дрэнна. Адчуваліся цяжкасці ў падборы выкладчыцкіх кадраў, адсутнічалі навучальныя праграмы. Больш таго, у 1964 г. усе адзінаццацігадовыя школы пачалі пераўтварацца ў дзесяцігадовыя. З 1966 г. прафесійная падрыхтоўка стала неабавязковай. Увогуле, розныя новаўвядзенні ў канцы 1950-х – пачатку 1960-х гг. не садзейнічалі паляпшэнню паляпшэнню работы агульнаадукацыйнай школы. Яна пазбавілася стабільнасці, без якой немагчыма паспяховая работа.

У 1959 г. было створана Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР. Развівалася сетка вышэйшых навучальных устаноў. У 1960 г. у рэспубліцы іх працавала 24. У 1961 г. быў адкрыты Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут, у 1964 г. – Мінскі радыётэхнічны інстытут.

Канец 1950-х – пачатак 1960-х гг. характарызуюцца ўзмацненнем русіфікатарскіх тэндэнцый у культурным жыцці БССР. У гэты перыяд працягваўся працэс звужэння сферы ўжывання беларускай мовы ў школах. Паводле Закона СССР “Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў СССР” пытанне аб неабходнасці вывучэння нацыянальных моў у рускіх школах пакідалася на волю саміх вучняў і іх бацькоў.

Беларуская мова была канчаткова выціснута з ВНУ.

НавукаУ разглядаемы перыяд пэўныя зрухі былі зроблены ў развіцці навукі.

Цэнтрам навуковай працы ў рэспубліцы з’яўлялася Акадэмія навук БССР. Тут праводзіліся работы па стварэнню новых сплаваў, тэхналогіі апрацоўкі металаў. Паспяхова распрацоўваліся пытанні калоіднай хіміі, рацыянальнага выкарыстання торфу, праводзіліся даследаванні, накіраваныя на павышэнне ўрадлівасці глебы, культуры земляробства, развіццё жывёлагадоўлі ў калгасах і саўгасах рэспублікі.

У 1955 г. у сістэме АН БССР быў створаны Інстытут фізікі і матэматыкі, у якім пачалі развівацца новыя напрамкі – спектраграфія, люмінісцэнцыя, тэорыя дыферынцыяльных ураўненняў і вылічальная матэматыка. У гэтым жа годзе ствараецца Інстытут матэматыкі з Вылічальным цэнтрам, адкрываецца Аддзел фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, які хутка рэарганізуецца ў інстытут таго ж профілю. На базе энергетычнага сектара ў 1952 г. ствараецца Інстытут энергетыкі, пераўтвораны ў 1963 г. у Інстытут цепла- і масаабмену. Арганізаваны ў 1957 г. Інстытут машыназнаўства і аўтаматызацыі перайменаваны пазней у Інстытут праблем надзейнасці і даўгавечнасці машын.

Вучоныя ВНУ прымалі ўдзел у рапрацоўцы актуальных тэарэтычных і прыкладных праблем. Так, значныя навуковыя даследаванні праводзіліся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, політэхнічным і лесатэхнічным інстытутах, аднаўлялася навуковая дзейнасць сельскагаспадарчых ВНУ. У БПІ ў 1957 г. былі арганізаваны дзве навукова-даследчыя праблемныя лабараторыі – аўтамабіляў, сілікатаў і шкла. Беларускія вучоныя праводзілі таксама даследаванні ў галіне біялогіі, хіміі, генетыкі інш.

Пасля ХХ з’езда КПСС у краіне змянілася грамадска-палітычная атмасфера, што садзейнічала дасягненню істотных зрухаў у даследаванні гісторыі Беларусі, гісторыі грамадска-культурнай думкі і беларускай культуры. Разам з тым гістарычная і іншыя гармадскія навукі былі пастаўлены ў абмежаваныя рамкі.

ЛітаратураПрыкладна з 1953 г. новыя тэндэнцыі намеціліся ў развіцці беларускай літаратуры. Пачаўся працэс пераадолення апісальнасці, паглыблення ва ўнутраны свет герояў, у сутнасць канфліктаў пасляваеннай эпохі. У пісьменніцкім асяроддзі разгарнулася дыскусія аб месцы пісьменніка ў жыцці грамадства, аб неабходнасці перагляду ўсталяваных у літаратуры канцэпцый бесканфліктнасці. На першы план паступова вылучаюцца агульначалавечыя маральна-этычныя каштоўнасці, барацьба за маральную чысціню.

Са сталінскіх засценкаў да творчай дзейнасці вярнуліся Андрэй Александровіч, Рыгор Бярозкін, Сяргей Грахоўскі, Ян Скрыган, Язэп Пушча, Алесь Звонак, Станіслаў Шушкевіч і іншыя літаратары. Яны прынеслі сваё бачанне праблем сталінізму, жыцця грамадства і краіны.

Значнай падзеяй у літаратурным жыцці з’явілася аднаўленне ў 1956 г. прысуджэння Ленінскіх прэмій за найбольш выдатныя работы ў галіне літаратуры і мастацтва. У 1962 г. Ленінскай прэміяй быў адзначаны зборнік вершаў “А дні ідуць” Пятруся Броўкі.

Па прапанове Саюза пісьменнікаў БССР і Міністэрства культуры рэспублікі ў снежні 1957 г. былі ўстаноўлены літаратурныя прэміі імя Якуба Коласа за лепшыя творы прозы і літаратурнай крытыкі і імя Янкі Купалы за лепшыя творы паэзіі і драматургіі. Першымі іх лаурэатамі сталі П.Броўка за раман “Калі зліваюцца рэкі”, І.Шамякін за раман “Крыніцы”, М.Танк за зборнік вершаў “След бліскавіцы”, П.Панчанка за паэму “Патрыятычная песня”.

Крытычнае пераасэнсаванне вострых праблем гісторыі і сучаснасці прынесла з сабой новае пакаленне паэтаў, якое фарміравалася пад уплывам хрушчоўскай “адлігі”. У 1957 г. убачыў свет першы зборнік вершаў Ніла Гілевіча “Песня ў дарогу”, потым з’явіліся зборнікі “Прадвесне ідзе па зямлі”, “Неспакой” і “Сіні домік, сіні дом”. Плённай працай хутка заявіў аб сваім таленце Рыгор Барадулін. У 1959 г. выйшла ў свет яго першая кніга “Маладзік над стэпам”. З першымі зборнікамі вершаў выступілі ў гэты час таксама паэты Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак і інш.

У першай палове 1960-х гг. у выніку ўнутранага ідэйна-мастацкага ўзбагачэння беларуская проза прыйшла да значных здабыткаў. З’яўляюцца раманы “Людзі на балоце” І.Мележа, “Птушкі і гнёзды” Я.Брыля, “Сэрца на далоні” І.Шамякіна, “Сасна пры дарозе” І.Навуменкі, “На парозе будучыні” М.Лобана.

Праблемам чалавека на вайне, мужнасці і гераізму воінаў і партызан у андзвычайных абставінах прысвечаны творы Васіля Быкава. У першай сваёй аповесці “Жураўліны крык” (1960) на прыкладзе некалькіх салдат, якія засталіся прыкрываць адступленне свайго батальёна, аўтар асэнсоўвае трагедыю вайны, яе ўплыў на чалавечы лёс. У 1962 г. убачыла свет аповесць “Трэцяя ракета”, якая паказала, што ў асобе аўтара выспявае пісьменнік высокага таленту. Аповесць была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа.

Значнымі здабыткамі была адзначана дзейнасць драматургаў. У гэты час расквітнеў талент Андрэя Макаёнка. Убачылі свет яго камедыі “Выбачайце, калі ласка!” (1953), “Каб людзі не журыліся” (1958). У 1961 г. драматург напісаў новую камедыю “Лявоніха на арбіце”, якая была пастаўлена не толькі ў Беларусі, але і ў многіх тэатрах СССР.

Такім чынам, сярэдзіна 1950-пачатак 1960-х гг. характарызаваліся прыходам у літаратуру новага пакалення пісьменнікаў. Для лепшых з іх галоўным у творчасці заставалася вернасць прынцыпу праўдзівасці. З’явілася нямала твораў глыбокага змястоўнага гучання.

Тэатр і музыкаУ 1957 г., у гонар 40-годдзя Кастрычніка, Саюз пісьменнікаў і Міністэрства культуры БССР правялі конкурс на лепшы драматургічны твор. У выніку святло рампы ўбачылі 11 п’ес беларускіх драматургаў – амаль столькі, колькі за ўсе пасляваенныя гады. У тэатры імя Якуба Коласа была пастаўлена п’еса П.Глебкі “Святло з Усходу”, у Рускім тэтры імя Горкага – п’еса К.Губарэвіча “Галоўная стаўка”, У Гродзенскім тэатры – п’еса П.Васілеўскага “Год здзяйсненняў”.

З другой паловы 1950-х гг. у развіцці беларускай музыкі пачаўся новы этап, характэрны больш глыбокім засваеннем рэчаіснасці і адыходам ад ілюстрацыйнасці. У сімфанічным жанры паспяхова працавалі М.Аладаў, Я.Глебаў, Г.Вагнер.

Важнейшай праблемай працягвала заставацца стварэнне нацыянальнай оперы. Да яе вырашэння беларускія кампазітары прыступілі яшчэ ў канцы 1940-х гг. У 1950-я гг. былі напісаны оперы “Марынка” Р.Пукста (1955), “Надзея Дурава” А.Багатырова (1956), “Яснае світанне” А.Туранкова (1958). Усе яны былі пастаўлены на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета ў цесным супрацоўніцтве з кампазітарамі. У партыях нацыянальных гераінь бліскуча выступала народная артыстка СССР Л.П.Александроўская.

Беларуская опера 1960-х гг. была папоўнена творамі “Калючая ружа” і “Зорка Венера” Ю.Семенякі. Адметнай асаблівасцю іх быў меладызм, вобразна-інтанацыйная дакладнасць оперных форм.

У гэты перыяд вяліся інтэнсіўныя пошукі ў галіне пашырэння традыцыйнага рэпертуару. Асноўная арыентацыя ў рэпертуарнай палітыцы тэатра па-ранейшаму была накіравана на рускую і замежную класіку. У 1960-я гг. практычна аднавіліся трупа ДАВТ БССР, у складзе яе былі выканаўцы, якія атрымалі вядомасць не толькі ў рэспубліцы і краіне, але і за мяжой. Сярод іх З.Бабій, С.Данілюк, Н.Ткачэнка, Т.Шымко.

Выяўленчае мастацтваУ канцы 1950-х - пачатку 1960-х гг. у савецкім мастацтве пачаўся якасна новы этап. У Маскве, Ленінградзе на ўсесаюзных выстаўках упершыню з’явіліся творы мастакоў новай плыні – так званага “суровага стылю”. Іх карцінам былі ўласцівы грамадзянскасць і публіцыстычнасць, новыя тэмы і вобразы, імкненне асэнсаваць складаныя і супярэчлівыя праблемы сучаснасці, а таксама пашырэнне, аднаўленне фармальна мастацкіх сродкаў. Менавіта ў гэты час складваецца новы тып творчага бачання. Дзейнасць гэтай групы мастакоў можна параўнаць з гераклавым подзвігам. Яны расчышчалі пляцоўку закарэлага мастацтва папярэдняга перыяду, пракладаючы шлях якасна новаму.

У пачатку 1960-х гг. пачынаецца аднаўленне беларускага мастацтва. У ім нараджаюцца новыя тэндэнцыі, звязаныя з прыходам маладых творчых сіл, якія ў многім вызначылі характар яго далейшага развіцця, абумовілі фарміраванне новых эстэтычных ідэалаў.

На рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаўках з’явіліся творы новага пакалення таленавітых беларускіх мастакоў Л.Шчамялёва, У.Стэльмашонка, М.Данцыга, Г.Вашчанкі, М.Савіцкага, І.Стасевіча і інш.

Першыя карціны, якія прынеслі поспех Леаніду Шчамялёву, былі прысвечаны вайне. Сярод яго прац “Цяжкія гады”, “Маё нараджэнне”, “За вольную Беларусь”.

Надзвычай разнастайнай тэматыкай вызначаюцца палотны Мая Данцыга. У 1960-1966 гг. ён стварыў шэраг карцін, прысвечаных будаўніцтву г.Салігорска: “Гудзе зямля Салігорская”, “Я ведаю, горад будзе Салігорск”, “Навасёлы” і інш. Многа месца ў сваёй творчасці мастак аддаў Мінску, дзе ён нарадзіўся і жыве. Гэтай тэме прысвечаны такія палотны, як “Раніца новага Мінска” (1959), “Руіны Мінска” (1961), “Стары і новы Мінск” (1963).

У канцы 1950-х гг. на суд грамадскасці прадставіў свае першыя работы Міхаіл Савіцкі. Гэта былі палотны “Песня” (1957) і “Гонар абавязку” (1958).

Разнастайна ўвасаблялася тэма сучасніка ў тагачасным жывапісе. Так у эпічным ключы яна раскрыта ў карціне І.Стасевіча “Шахцёры Салігорска” (1963), героі якой – энергічныя, мужныя людзі, што ведаюць цану сваёй цяжкай працы. Твары, дэталі, пейзаж – усё канкрэтна, спісана з натуры, але прысутнічае на палатне і значная доля абагульнення.

Рэміністэнцыі старажытнага славянскага іканапісу праяўляюцца колеравай пабудове, статыстычных постацях , у абрысах фігур персанажаў карціны М.Савіцкага “Хлеб” (1962).

Інакш выяўляюць вобразы сучаснікаў у сваіх палотнах Р.Кудрэвіч “Беларускія прыпеўкі” (1960), “Маладыя едуць” (1961) і К.Касмачоў – трыпціх “Рэчыцкая лірычная” (1965). Творы гэтыя прасякнуты задушэўнасцю і тонкім лірызмам.

Сярэдзіна 1950-х – сярэдзіна 1960-х гг. характарызуюцца плённай дзейнасцю многіх скульптураў. З прыходам у беларускае мастацтва ў гэты час вялікай групы маладых мастакоў – выпускнікоў Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, звязана сапраўднае ўзбагачэнне выяўленчых сродкаў майстэрства пластыкі.

У 1959 г. закончыў БТМІ і актыўна ўключаўся ў творчую дзейнасць Анатоль Анікейчык. Адна з галоўных тэм творчасці майстра – тэма Вялікай Айчыннай вайны.

Тэма гераізму ў час вайны займае важнае месца таксама ў творчасці скульптара Андрэя Заспіцкага. Ён з’яўляецца аўтарам кампазіцый “Партызан-падрыўнік” і “Партызан адпачывае” (абедзьве 1957), “У паходзе” (1962), “Паранены сцяганосец” і інш.

Манументальным тэндэнцыям у беларускай скульптуры 1960-х гг. існавала альтэрнатыва, прадстаўленая творчасцю мастакоў старэйшага пакалення. Сярод іх твораў адно з цэнтральных месц займае “Юнацтва” (1963, дрэва) А.Глебава – вобраз неверагодным чынам сугучны свайму часу, сапраўдны сімвал эпохі. Нязвыклай была сама выява: аголеная стройная дзяўчына (працяглы час перад гэтым адлюстраванне цела, не прыкрытага адзеннем, не заахвочвалася: аголены чалавек лічыўся пазасацыяльным). Ва ўсёй постаці гераіні Глебава адчуваецца прывабнасць юнацкасці, рамантычная ўзнёсласць. Майстар як бы ўвасобіў у сваім творы і лепшыя рысы моладзі шасцідзесятых, і дасягненні новай скульптуры: адмаўленне ад франтальнасці і апавядальнасці станковай пластыкі мінулага, увагу да прыгажосці матэрыялу, да выразнасці сілуэта, дынамікі і аб’ёму.

АрхітэктураЗ сярэдзіны 1950-х гг. пачаўся новы этап развіцця архітэктуры Беларусі, які характарызаваўся масавым укарэннем індустрыяльных метадаў будаўніцтва. Асаблівая ўвага аддавалася эканоміцы будаўніцтва, выкарыстанню зборнага жалезабетону, максімальнай уніфікацыі і тыпізацыі. Адначасова рэзка крытыкавалася архітэктурная творчасць папярэдніх гадоў. Архітэктуру перасталі разглядаць як галіну духоўнай культуры, над ёй устанавіўся жорсткі дыктат будаўнічай вытворчасці. Забудова гарадоў, у першую чаргу будаўніцтва жылых дамоў і грамадскіх збудаванняў, паступова пераўтварылася ў зборку гатовых элементаў і дэталяў заводскага вырабу. Па тыпавых праектах узводзіліся 90-95 % жылых дамоў і 90 % збудаванняў культурна-бытавога прызначэння. Асноўным кірункам стала забудова вялікіх жылых масіваў пераважна на вольных тэрыторыях.

З канца 1950-х гг. пачалася рэалізацыя шырокай праграмы паляпшэння жыллёвых умоў. Укараняліся новыя прынцыпы планіроўкі і забудовы – жылыя раёны і мікрараёны, якія сталі асноўнымі структурнымі элементамі жылых зон гарадоў. У пачатку 1960- гг. забудаваны мікрараёны Зялёны Луг 1 і 2, створаны буйныя жылыя раёны Чыжоўка, Серабранка, Курасоўшчына, Захад, Паўднёвы Захад у Мінску. У іх пераважвалі жылыя дамы з эканамічнымі кватэрамі (т.зв. “хрушчоўкі”) з традыцыйных матэрыялаў і буйнапанэльныя дамы. У канцы 1950- х – пачатку 1960-х гг. у сувязі з развіццём прамысловасці на карце Беларусі з’яўляюцца новыя гарады – Салігорск, Новаполацк і Светлагорск.

Такім чынам, перыяд хрушчоўскай “адлігі” характарызаваўся якаснымі зменамі ў развіцці культуры Беларусі (як і ўсяго СССР). Ішоў працэс аднаўлення беларускай літаратуры, навукі, адукацыі і мастацтва. БССР перажывала своеасаблівы культурны ўздым. Аднак, у гэты час мелі месца і сур’ёзныя супярэчнасці ў грамадска-палітычным жыцці рэспублікі, што не магло не адбіцца на яе культурным развіцці. І асабліва трывожнай тэндэнцыяй, што назіралася ў 1950-я – 1960-я гг., быў усплеск русіфікацыі нацыянальных культур, звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы.

3.Змены ў палітычным кіраўніцтве ў кастрычніку 1964 г. у хуткім часе абазначылі лінію новых кіраўнікоў у арганізацыі культурнага працэсу. У 1966 г. на XXIII з’ездзе КПСС Л.І.Брэжнеў фармальна выступіў супраць дзвюх крайнасцей, што праявіліся ў мастацкай культуры: “ачарнення”, з аднаго боку, і “лакіроўкі рэчаіснасці”, з другога. Аднак паступова ўсё больш і больш гучала адмоўных водгукаў аб творах мастацтва, у якіх гутарка ішла аб трагічных старонках мінулага, аб вострых праблемах сучаснасці. З канца 1960-х гг. пачынае адчуваецца магутная афіцыйная падтрымка тых твораў, што трактавалі палітычныя падзеі перадваенных год, ваенную гісторыю ў духу неасталінізму. Побач з гэтым ухваляецца рост выпуску твораў на “вытворчую” тэму, у якіх, як правіла, герой-наватар, змагар за тэхнічны прагрэс уступаў у канфлікт з кансерватарамі і з дапамогаю партыйных работнікаў атрымліваў над імі перамогу. Каб рэгуліраваць тэматыку мастацкіх твораў, з сярэдзіны 1970-х гг. была ўведзена сістэма дзяржаўных заказаў, перш за ўсё ў кінематографе.

У мастацкім жыцці ўзрастаў уплыў цэнзурнага прэсу. Пачасцілася практыка забароны публікацый мастацкіх і публіцыстычных твораў, з’яўляюцца так званыя “палічныя” фільмы, г.зн. што былі зняты, але не выпушчаны на экран па прычыных “ідэалагічный нявытрымасці” ці “элементаў фармалізму”. Па тых жа прычынах ажыццяўляецца фактычная забарона на арганізацыю мастацкіх выстаў і выканання шэрагу музычных твораў. Спецыяльныя камісіі давалі дазвол на выпуск тэатральных спектакляў.

Абмяжоўвалася знаёмства савецкіх людзей з навінкамі замежнай мастацкай культуры.

Тыя дзеячы культуры, якія спрабавалі адкрыта выказваць свае сумненні, пратэсты, станавіліся небяспечнымі для адміністрацыйна-бюракратычнага кіраўніцтва культурным жыццём і вымушаны былі апынуцца ці ў зняволенні ці за межамі СССР. У 1965 г. былі асуджаны за публікацыю савіх твораў на Захадзе пісьменнікі А.Сіняўскі і Ю.Даніэль. У 1974 г. быў пазбаўлены савецкага грамадзянства і гвалтоўна выгнаны з СССР А.І.Салжаніцын. За мяжой апынуліся кінарэжысёр А.Таркоўскі, рэжысёр Ю.Любімаў, пісьменнікі В.Некрасаў і С.Даўлатаў, паэт І.Бродскі, музыкант М.Растраповіч і інш.

У той жа час літаратура, кінематограф, тэатр, як бы імкнучыся адыйсці ад казённа-дагматычнай праблематыкі, у 1970-я гг. сталі ўсё больш звяртацца да праблем асабістага жыцця людзей, іх побыту, штодзённасці.

Нечаканае гучанне сталі набываць экранізацыя і тэатральная пастаноўка класічных твораў. Выкарыстанне класікі для выказвання актуальных праблем стала спецыфічнай рысай мастацкага жыцця, спробай абыйсці цэнзурныя рагаткі.

Яшчэ адна спецыфічная рыса культуры 1960-х – 1980-х гг. – так званая “магнітафонная рэвалюцыя”. Запісы песень, а таксама сатырычных твораў, што праслухваліся ў хатніх умовах, практычна не паддаваліся кантролю і атрымалі масавае распаўсюджванне. Непрызнаваемыя афіцыйна, яны ўвайшлі ў побыт, свядомасць мільёнаў людзей. Сапраўднымі лідэрамі тут былі У.Высоцкі, Б.Акуджава, А.Галіч і іншыя, чые песні карысталіся папулярнасцю і ўсеагульнай любоўю.

Увогуле, у 1960-я – 70-я гг. азначылася рэальнае супрацьстаянне дзвюх культур у савецкім грамадстве: з аднаго боку, культуры афіцыйна-дагматычнай, што імкнулася ўмацавацца шляхам павелічэння тыражоў сваіх выданняў, фільмакопій, парадных палотнаў, высокіх прэмій (кульмінацыяй тут стала ўручэнне Ленінскай прэміі па літаратуры Л.І.Брэжневу за ўспаміны, у напісанні якіх ён практычна ўдзелу не прымаў), з другога боку, культуры гуманістычнай, дэмакратычнай, якай прымала ўдзел у фарміраванні свядомасці многіх людзей розных нацыянальнасцей, падрыхтоўваючы духоўнае аднаўленне савецкага грамадства.

АдукацыяУ разглядаемы перыяд яшчэ больш узмацняюцца русіфікатарскія тэндэнцыі ў культурным жыцці Беларусі. Асабліва адчувальныя страты панесла беларуская мова, якая аказалася выціснутай ледзь не з усіх сфер грамадскага жыцця рэспублікі. Гэтаму перш за ўсё садзейнічала інтэнсіўная ліквідацыя школьнай сеткі з беларускай мовай навучання. На беларускай мове працавалі толькі 23,1 % школ. Фактычна яны заставаліся толькі ў сельскай мясцовасці. У прафесійна-тэхнічных вучылішчах, тэхнікумах, вышэйшых навучальных установах навучанне і выхаванне вялося выключна на рускай мове. На ёй праводзіліся ўсе грамадска-палітычныя мерапрыемствы, справаводства, афіцыйная перапіска, развівалася навука. Нацыянальны нігілізм ахапіў літаральна ўсе пласты беларускага народа, у тым ліку інтэлігенцыю.

У 1970-я гады ў рэспубліцы быў завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі моладзі. Новыя праграмы, уведзеныя ў той час, некалькі паднялі ўзровень адукацыі, наблізілі яе да запатрабаванняў жыцця.

У 1984 г. былі прыняты “Асноўныя напрамкі рэформы агульнаадукацыйнай і прафесійнай школы”. Але, па сутнасці, школе быў прапанаваны набор выпадковых мер. Адмоўна адбівалася на правядзенні рэформаў замаруджванне тэмпаў росту асігнаванняў на развіццё навучальна-матэрыяльнай базы.

Павялічылася колькасць сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. За гэты час былі адчынены Брэсцкі інжэнерна-будаўнічы інстытут (1966), Мінскі інстытут культуры (1975). У 1969 г. на базе Гомельскага педегагічнага інстытута быў створаны Гомельскі дзяржаўны універсітэт. У 1977 г. Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы быў пераўтвораны ў Гродзенскі дзяржаўны універсітэт. Усяго ў 1985 г. у рэспубліцы працавалі 33 ВНУ. Для аказання дапамогі моладзі пры паступленні ў ВНУ на пачатку 1970-х былі адкрыты падрыхтоўчыя аддзяленні.

НавукаУ 1960-я – 1980-я гг. значныя зрухі былі зроблены ў развіцці навукі. Характэрная рыса навукі таго часу – развіццё фундаментальных даследаванняў. Пачатак адзначанай справе паклаў вядомы ў свеце біёлаг В. Купрэвіч. Яго справу прадоўжыў М. Барысевіч, які з 1969 па 1985 гг. з’яўляўся Прэзідэнтам Акадэміі навук БССР. Вядомы даследчык у галіне спектраскапіі, люміністэнцыі і квантавай электронікі ён у 1992 г. быў выбраны членам Еўрапейскай акадэміі навук, мастацтваў і славеснасці (яе сапраўднымі членамі да гэтага часу былі толькі 5 чалавек з былога Саюза ССР). Акрамя М. Барысевіча ў галіне матэматыкі і фізікі сталі вядомымі прозвішчы М. Яругіна, У. Лабунова, У. Платонава (Прэзідэнта Акадэміі навук другой паловы 1980-х гг., лаурэата Ленінскай прэміі 1987 г.). Беларуская геалогія распрацавала асноўныя заканамернасці будовы зямной кары. Дзякуючы іх распрацоўкам, у БССР былі знойдзены радовішчы калійнай солі, нафты, граніту і т.д.Увогуле, навуковыя даследаванні вяліся ў сценах 167 навуковых устаноў, 33 ВНУ. Толькі за 20 гадоў – з 1965 па 1985 гг., колькасць беларускіх вучоных вырасла напалову. У структуры навуковага патэнцыялу рэспубліккі пераважнае развіццё атрымліваюць фізіка-матэматычныя і тэхнічныя навукі, што выклікалася паскоранымі тэмпамі росту новых галін гаспадаркі (машынабудаванне, радыёэлектроніка, вылічальная тэхніка). Развіццю інтэграцыі навукі з вытворчасцю спрыяла стварэне навукова-вытворчых аб’яднанняў. У 1974 г. упершыню ў СССР узнікла аб’яднанне “МАЗ-БПІ”, куды ўвайшлі Беларускі і Мінскі аўтамабільныя заводы, Беларускі політэхнічны інстытут. І ўсё ж праблема ўкаранення навуковых распрацовак не атрымала кардынальнага развіцця.

ЛітаратураДваццацігоддзе пасля сярэдзіны 1960-х гг. было ў гісторыі беларускай літаратуры надзвычай супярэчлівым і складаным. Менавіта ў пачатку гэтага перыяду зноў узмацніўся ідэалагічны кантроль над творчасцю. Разам з тым менавіта гэтым часам у пісьменніцкім асяроддзі выспеў новы ўзровень грамадзянскай свядомасці, які не дазваляў паступацца сумленнем, ісці на ўсякія кампрамісы, па-рабску прыстасоўваючыся да абставін. У барацьбе за свабоднае развіццё эстэтычна творчай практыкі мужнелі таленты празаікаў, паэтаў і драматургаў.

Жорская праўда і трагедыя вайны знайшла сваё адлюстраванне ў творчасці многіх пісьменнікаў: В. Быкава, А. Адамовіча, І. Навуменкі, І. Новікава, І. Шамякіна, В. Казько, І. Чыгрынава, С. Алексіевіч.

Чалавек на вайне – гэта асноўная тэматыка твораў Васіля Быкава. Чытаем яго творы (аповесці “Круглянскі мост”, “Сотнікаў”, “Абеліск”, “Воўчая зграя”, “Пайсці і не вярнуцца”, “Знак бяды” і інш.) і перад намі паўстае карціна чалавечага подзвігу або подласці, узлёту духу або падзення.

У 1960-я гг. рознабаковымі гранямі раскрыўся талент Уладзіміра Караткевіча. Пасля выхаду ў свет паэтычных зборнікаў “Матчына душа” (1958) і “Вячэрнія ветразі” (1960) ён разгарнуў літаратурную дзейнасць у галіне мастацкай прозы. Пісьменнік пачаў працаваць у новым жанры – жанры гістарычнай прозы, які фактычна быў забаронены ў 1930-40-я гг. Вялікую цікавасць у чытача выклікалі яго раманы “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі”. У сярэдзіне 1970-х гг. пад святло рампы здолелі прабіцца п’есы Уладзіміра Караткевіча. Яго гістарычныя драмы “Кастусь Каліноўскі”, “Званы Віцебска”, “Калыска чатырох чараўніц” асэнсоўваюць жыцё беларусаў на пераломных, трагічна-драматычных этапах.

Цікавасць айчыннага і замежнага чытача выклікалі раманы Івана Шамякіна “Сэрца на далоні”, “Атланты і карыятыды”, “Петраград-Брэст” і інш.

У жанры паэзіі вызначылі сябе цікавымі творамі П. Броўка, М. Танк, П. Панчанка, П. Глебка, Н. Гілевіч, Р. Барадулін і многія іншыя.

Беларуская драматургія папоўнілася новымі п’есамі. У 1960-70-я гг. расквітнеў талент Андрэя Макаёнка. З-пад яго пяра выходзяць п’есы “Зацюканы апостал”, “Трыбунал”, “Верачка”, “Таблетку пад язык” і інш. З гэтага часу аўтарытэт беларускай п’есы сярод міжнароднай тэатральнай супольнасці дасягнуў нечуванага раней узроўню – макаёнкаўскі “Трыбунал” паставілі звыш 200 тэатраў краін свету.

Вострыя праблемы рэчаіснасці асэнсоўваюцца ў тагачасных п’есах І. Шамякіна “Экзамен на восень” і “І змоўклі птушкі”.

Новую грань выяўлення нашымі продкамі патрыятычнай адданасці Радзіме паказаў таксама Алесь Петрашкевіч у гістарычнай драме “Напісанае застаецца”.

У 1980-я гг. ў драматургію прыходзіць Аляксей Дудараў. У яго асобе нацыянальная драматургія займела пісьменніка яркага даравання, з выдатным адчуваннем сцэнічнасці, вельмі чуйнага на кан’юнктуру глядацкіх сімпатый. Кожная з яго п’ес (“Парог”, “Выбар”, “Вечар”, “Радавыя”) уносіла нешта новае, свежае.

Самым плённым з драматычных неафітаў 1980-х гг. аказаўся Іван Чыгрынаў, які за адносна непрацяглы час напісаў каля дзесятка п’ес (сярод іх – “Звон – не малітва”, “Хто вінаваты?” і інш.).

Яркімі прэм’ерамі 1080-х былі таксама “Мудрамер” М. Матукоўскага і “Страсці па Аўдзею” У. Батрамеева.

ТэатрСярэдзіна 1960-х – сярэдзіна 1080-х гг. характарызаваліся далейшым ростам колькасці тэатраў (у 1985 г. у БССР працавалі ўжо 17 тэатраў). Некалькі палепшылася становішча з нацыянальным рэпертуарам. Асабліва цесна супрацоўнічаў з беларускімі аўтарамі Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Менавіта тут ставіліся п’есы А. Макаёнка, А. Петрашкевіча, І. Чыгрынава, А. Дударава. У трупе тэатра працавала многа таленавітых майстроў сцэны. Дастойнае месца сярод іх займалі Стэфанія Станюта, Галіна Макарава, Віктар Тарасаў, Генадзь Гарбук, Здзіслаў Стома, Генадзь Аўсяннікаў, Зінаіда Браварская і інш. У 1985 г. спектакль “Радавыя” А. Дударава ў пастаноўцы рэжысёра Валерыя Раеўскага быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР.

Адным са старэйшых драматычных калектываў рэспублікі з’яўляецца Беларускі дзяржаўны тэатр імя Якуба Коласа, якому ў 1977 г. было нададзена званне акадэмічнага. У сузор’і майстроў коласаўскай сцэны пачэснае месца займалі і займаюць такія артысты як Зінаіда Канапелька, Уладзімір Куляшоў, Галіна Маркіна, Анатоль Шэлег і інш.

Супрацоўнічаў з беларускімі драматургамі і Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР імя М. Горкага. Тут былі пастаўлены спектаклі “Вяртанне ў Хатынь” паводле А. Адамовіча, “Пайсці і не вярнуцца” паводле В. Быкава і інш. З гэтым тэатрам звязалі свой лёс Аляксандра Клімава, Расціслаў Янкоўскі, Юрый Сідараў і інш.

МузыкаПерыяд з сярэдзіны 1960-х да сярэдзіны 1980-х гг. адзначаны пэўнымі поспехамі ў развіцці музычнага мастацтва. У гэты час вяліся інтэнсіўныя пошукі ў галіне пашырэня традыцыйнага рэпертуару Тэатра оперы і балета БССР. Жадаючы абнавіць творчае жыццё калектыву, кіраўніцтва тэатра звярнулася да шэдэўраў класічнага рускага і замежнага рэпертуату. Што ж датычыцца беларускіх твораў, то ў сярэдзіне 1960-х гг. Г. Вагнерам была зроблена спроба сцэнічнага ўвасаблення новай рэдакцыі “Яснага світання” А. Туранкова. Жыццю і творчасці Максіма Багдановіча прысвяціў сваю оперу “Зорка Венера” Ю. Семяняка. Да 25-годдзя разгрому фашысцкай Германіі была прымеркавана пастаноўка оперы “Андрэй Касценя” М. Аладава.

Супярэчлівасць 1970-х гг. адбілася і на рэпертуарнай палітыцы тэатра, арыентаванай на эстэтычна агульнадаступныя творы, галоўным чынам італьянскую оперу, знаёмую на слых, якая лёгка ўспрымаецца слухачом. У той жа час цэлыя пласты сучаснага замежнага опернага мастацтва не толькі не былі паднятымі, але нават і закранутымі. У лічбавых адносінах рэпертуар тэатра 1970-х выглядаў наступным чынам: 50 % - замежная класіка, 30 % - руская і 20 % - савецкая і беларуская. Ядро опернай трупы складалі М. Зданевіч, Я. Пятроў, В. Скарабагатаў і інш. У гэты час значна пашырыўся нацыянальны рэпертуар тэатра. Два беларускія спектаклі – “Джардана Бруна” Дз. Смольскага і “Сцежкаю жыцця” Г. Вагнера – сур’ёзны ўклад у працэс стварэння сучаснай оперы. У 1982 г. была пастаўлена опера Ю. Семянякі “Новая зямля” паводле аднайменнай паэмы Я.Коласа.

Шэраг балетаў стварылі Яўген Глебаў, Генрых Вагнер, Уладзімір Кандрусевіч, Андрэй Мдзівані.

Вялікай падзеяй у музычным жыцці рэспублікі стала адкрыццё ў 1971 г. Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР. З самага пачатку сваёй дзейнасці тэатр асвойваў не толькі класічны рэпертуар, а імкнуўся даць сцэнічнае жыццё і новым беларускім творам. Ужо ў першыя сезоны прайшлі прэм’еры “Пяе жаваранак” Ю. Семянякі, “Рэпартаж з пекла” Я. Глебава, “Паўлінка” Ю. Семянякі, а потым “Несцерка” Р. Суруса. Сярод галоўных выканаўцаў вылучаліся Наталля Гайда, Юрый Лазоўскі, Вячаслаў Фаменка, Віктар Шакаўлюк і інш.

У песенным жанры ў азначаны перыяд працавалі Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Уладзімір Буднік, Леанід Захлеўны, Валерый Іваноў і інш.

Вялікую работу па папулярызацыі народных песень і песень беларускіх кампазітараў праводзілі вакальна-інструментальныя ансамблі “Песняры” (створаны ў 1969 г., мастацкі кіраўнік Уладзімір Мулявін) і “Сябры” (створаны ў 1974 г.. мастацкі кіраўнік Анатоль Ярмоленка).

У 1974 г. быў створаны фальклорна-харэаграфічны ансамбль “Харошкі” пад мастацкім кіраўніцтвам Валянціны Гаявай. У рэпертуары ансамбля шырока прадстаўлены народныя танцы.

КіноУ гэты час паспяхова развівалася беларускае кінамастацтва. На кінастудыі “Беларусьфільм” акрамя мастацкага былі створаны аб’яднанні хронікальна-дакументальных і навукова-папулярных, тэлевізійных і мультыплікацыйных фільмаў.

Сярод лепшых мастацкіх стужак, створаных беларускімі кінарэжысёрамі ў 1960 - 1980-я гг., адзначым наступныя: “Праз могілкі” (1965, рэж. В. Тураў, у 1994 г. рашэннем ЮНЕСКА аднесены да 100 лепшых фільмаў свету), “Я родам з дзяцінства” (1966, рэж. В. Тураў), “Руіны страляюць…” (1970-1972, рэж. Чацверыкоў), “Вянок санетаў” (1976, рэж. В.Рубінчык), “Альпійская балада” (1965, рэж. Сцяпанаў), “Ідзі і глядзі” (1985, рэж. Э. Клімаў) і інш. Да здабыткаў тэлевізійнага кіно належаць фільмы па творах Быкава: тэлесерыял “Доўгія вёрсты вайны” (1975, рэж. А. Карпаў), “Фруза” (1981, рэж. В. Нікіфараў).

З вялікай мастацкай сілай адлюстроўваюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў дакументальных цыклах В. Дашука “Жанчына з забітай вёскі” (1975-78, паводле дакументальнай кнігі Я. Брыля і У. Калесніка “Я – з вогненай вёскі”), “У вайны не жаночы твар” (1981-84, паводле аднайменнай дакументальнай кнігі С. Алексеевіч), тэлефільм “Сведка” (1985, рэж. В. Рыбараў, паводле аповесці В. Казько “Судны дзень”). Гэтыя стужкі – вышыні ў распрацоўцы тэмы вайны на экране.

Выяўленчае мастацтва У азначаны час плённа развіваецца выяўленчае мастацтва Беларусі.

Значнай з’явай у беларускім нацянальным жывапісе сталі карціны Міхаіла Савіцкага пра партызан Беларусі. Гэта – “Партызанская мадонна” (1967), “Партызанская мадонна (Мінская)” (1968), “Партызаны. Блакада” (1967), “Аршанскія партызаны” (1968), “Клятва” (1969) і інш. Бадай. Самы буйны твор мастака – “Айчынная вайна. 1944 год” – насценны роспіс для музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску (1970-71 гг.).

Франтавік, які сам прайшоў праз фашысцкі лагер (у тым ліку Бухенвальд і Дахау), стварыў карціны антываеннага гучання: цыкл з 13 палотнаў “Лічбы на сэрцы” (1974-80) і трыпціх “Агрэсія” (1984). Яны прасякнуты антыфашысцкім пафасам і публіцыстычнай завостранасцю.

Ваенная тэматыка ў пасляваенны час увасабляецца таксама ў такіх творах беларускіх мастакоў, як у карціне-ўспаміне “Май. 1945 год” (1967) І. Стасевіча; карціне-асэнсаванні падзей тых суровых і трагічных гадоў – “1941 год. Над Прыпяццю” (1970) В. Грамыкі; карціне-легендзе, увасобленай у масштабных палотнах “Беларусь –маці партызанская” (1967) і “Партызанскае вяселле” (1968) М. Данцыга; карціне-народнай песні аб героях мінулай вайны “Песня аб партызанах” (1975) В. Сумарава.

У 1960-я – пачатку 1970-х гг. значныя змены назіраюцца і ў іншых жанрах жывапісу. У партрэце адраджаецца цікавасць мастака да непаўторнага складу характара чалавека. Дыяпазон мастацкіх сродкаў, якія выкарыстоўвалі беларускія партрэтысты разглядаемага перыяду, таксама вельмі шырокі: ад дэкаратывізму “Партрэта Р. Шырмы” (1968) да эпічнага гучання “Партрэта Я. Коласа” (1966-67) У. Стальмашонка, ад статычнай велічнасці “Партрэта Р. Басацкай” (1976) В. Сахненкі да вострага псіхалагізму “Партрэта мастака А. Кашкурэвіча” (1970) А. Малішэўскага.

Змяніўся і характар пейзажа, ён усё больш эвалюцыяніруе ад канкрэтных выяў куткоў беларускай прыроды да абагульненага, насычанага пачуццямі пейзажа-настрою, пейзажа-метафары. З вышыні птушынага палёту азіраюць велічныя родныя прасторы В. Цвірка (“Прыпяць. Вясна”, 1966), неабсяжныя гарадскія панарамы – М. Данцыг (“Мой Мінск”, 1967), мясціны былых баёў – В. Грамыка (“Чырвоныя землі Полаччыны”, 1970).

Яшчэ больш прыкметнымі былі зрухі ў жывапісе 1970-х – пачатку 1980-х гг. Пашырэнне і паглыбленне крызісных з’яў у грамадстве, расчараванне ў ідэалах пакалення “шасцідзесятнікаў” абумовілі змены ў духоўным жыцці. Адбываецца ўнутраная пераарыентацыя жывапісу. Ён усё больш аддаляецца ад выкарыстання сродкаў манументальнага мастацтва і звяртаецца да ўжывання камерных форм, што ў першую чаргу звязана з індывідуалізацыяй светапогляду мастака. Людзі, рэчы, прырода, іх унутраныя адносіны атрымліваюць для жывапісца больш персанальны, інтымны сэнс (В. Сумараў “Зямля маёй маці”, 1978; “Адвечнае”, 1979). Чалавек і асяроддзе гарманічна зліваюцца ў нешта непадзельнае, прасякнутае агульнай духоўнай субстанцыяй – “Ліставей” Л. Шчамялёва (1977), “Канец сезона туманаў” М. Селяшчука (1985).

Найбольшы плён прынёс беларускім мастакам 1970-х – 1980-х гг. зварот да традыцый народнай культуры, да старажытных крыніц роднага мастацтва.

Уважлівае вывучэнне здабыткаў беларускай культуры аказала вялікую дапамогу мастакам і ў працэсе стварэння сваёй уласнай нацыянальнай школы жывапісу. У гэтай галіне на першых этапах асабліва актыўна працавалі А. Марачкін (“Гуканне вясны”, 1976), В. Маркавец (“Свята ў Докшыцах”, 1976). У. Тоўсцік (“А сэрца ўсё імкнецца…”, 1981), а таксама У. Савіч, Ф. Янушкевіч, А. Маціевіч і многія іншыя. Менавіта гэтая плынь беларускага мастацтва з-за невычарпанасці сваёй крыніцы стала самай перспектыўнай.

Сярэдзіна 1960-х – першая палова 1980-х гг. характарызуюцца плённай дзейнасцю многіх скульптараў.

Ярка і важка праявіўся талент Анатоля Анікейчыка. Адна з галоўных тэм творчасці майстра – тэма Вялікай Айчыннай вайны. Неўміручаму подзвігу беларукіх партызан прысвечаны мемарыяльны комплекс “Прарыў” (1974) на месцы былых баёў вясной 1944 г. паміж вёскамі Двор Пліна і Паперна у 7 км ад г.п. Ушачы. Уражвае сваёй трагічнасцю і скульптурны комплекс “Праклён фашызму”, адкрыты 3 ліпеня 1983 г. на месцы былой вёскі Шунейка Докшыцкага раёна, якую разам з жыхарамі знішчылі немцы.

А.Анікейчык многа працаваў у галіне партрэта, падкрэсліваючы індывідуальныя рысы характару, духоўную сутнасць чалавека (партрэты Л. Бетховена (1968), П.М. Машэрава (1980), Г.Ахматавай (1982), П.І. Чайкоўскага (1985). Скульптару належыць важная роля ў распрацоўцы вобраза народнага паэта Янкі Купалы. Шырока вядомы помнік паэту ў Мінску (1972, разам з Гумілеўскім і Заспіцкім).

Тэма гераізму у час вайны займае важнае месца ў творчасці скульптара Андрэя Заспіцкага. Падзеяй у мастацкім жыцці рэспублікі стала адкрыццё ў 1975 г. у Жодзіна манумента ў гонар савецкай маці-патрыёткі Н.Ф. Купрыянавай і яе пяці сыноў, якія не вярнуліся з вайны. Разам з Заспіцкім у стварэнні манумента прынялі ўдзел скульптары Іван Міско і Мікалай Рыжанкоў.

Сусветна вядомым стаў мемарыяльна-архітэктурны комплекс “Хатынь”, адкрыты ў 1969 г. Яго стварылі скульптар С. Селіханаў, архітэктары Ю. Градаў, В. Занковіч, Л. Левін.

Мастацкай выразнасцю і вялікім палітычным гучаннем вызначаюцца мемарыяльныя комплексы “Брэсцкая крэпасць-герой” (1969-1971), “Курган Славы” пад Мінскам (1969), “Мінск - горад-герой” (1985), мемарыял савецка-польскай баявой садружнасці ў г.п.Леніна Магілёўскай вобласці (1968).

АрхітэктураЗ пачатку 1970-х гг. у архітэктуры Беларусі пачалося паступовае пераадоленне жорсткага рацыяналізму, ускладняецца комплекс горадабудаўнічых работ. У 1970-1980-я гг. на аснове індустрыяльнай базы буйнапанельнага домабудавання створаны новыя жылыя раёны з высокімі архітэктурна-планіровачнымі і кампазіцыйна-мастацкімі якасцямі, у тым ліку Усход, Зялёны Луг 5, праспект Машэрава (зараз – праспект Пераможцаў) у Мінску.

Вялікі ўплыў на мастацкае аблічча гарадоў робяць буйныя грамадскія будынкі, сярод якіх у сталіцы вылучаюцца кінатэатры “Кастрычнік” і “Масква”, Палац мастацтваў, Дом літаратара, будынак Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР, комплексы ВНУ, у т.л. інстытут культуры, карпусы медыцынскага інстытута, 15-ы корпус БПІ (БНТУ), гасцініцы “Планета” “Кастрычніцкая”, “Беларусь”.

Новай цікавай магчымасцю для беларускіх дойлідаў стала праца над Мінскім метрапалітэнам, першая чарга 1-й лініі якога была адкрыта 30 чэрвеня 1984 г.

1960-1980-я гг. – час імклівага развіцця радыё і тэлебачання. Завяршылася радыёфікацыя населеных пунктаў. Ужо да пачатку 1970-х гг. дзейнічала адзіная сістэма тэлебачання.

Такім чынам, у пасляванны час у рэспубліцы была праведзена значная работа па развіцці адукацыі, навукі і культуры. Разам з тым патрэбна падкрэсліць, што ў другой палове 1940-х – першай палове 1980-х гг. вельмі часта пошукі новага сутыкаліся з рэальнасцю палітычнага жыцця, якое вызначала месца дазволенага. Ішоў працэс выцяснення беларускай культуры і мовы. Усё больш паглыбляўся духоўны крызіс грамадства. З другой паловы 1980-х гг. стала відавочнай неабходнасць глыбокага пераўтварэння палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця на шляху нацыянальнага адраджэння.