Тэма 8. Методыка навучання лексіцы і фразеалогіі

Месца і роля лексікі і фразеалогіі ў школьным курсе беларускай мовы, мэты іх навучання. Асаблівая значнасць у моўнай сістэме надаецца слову, у якім ажыццяўляецца сувязь гукаў і марфем, мовы і мыслення і якое з’яўляецца асновай, тым будаўнічым матэрыялам для ўтварэння словазлучэнняў і сказаў. Словы як адзінкі моўнай сістэмы мовы адрозніваюцца па характары іх значэння, па функцыі ў мове і маўленні, па адносінах да аб’ектыўнай рэчаіснасці, па суадносінах у іх (словах) лексічнага і граматычнага значэнняў.

Раздзел “Лексіка і фразеалогія” параўнальна нядаўна ўведзены ў школьны курс беларускай мовы. Абумоўлена гэта найперш развіццём самой навукі аб мове, у прыватнасці дзякуючы выдзяленню раздзелаў лексікалогіі і фразеалогіі, і неабходнасцю авалодання асновамі тэорыі для практычнага скарыстання багаццяў мовы. Так, напрыклад, беларуская фразеалогія, яе станаўленне як самастойнай галіны навукі аб мове звязана з даследаваннямі мовазнаўцаў Ф.М. Янкоўскага, пазней І.Я. Лепешава, А.С. Аксамітава і інш., дзякуючы якім фразеалогія заняла пачэснае месца ў беларускім мовазнаўстве. Гэта прыпадае на перыяд 60 – 70-х гадоў ХХ стагоддзя, вось чаму толькі ў 70-я гады гэты раздзел быў уключаны ў школьныя праграмы беларускай мовы. У пэўнай ступені аказала ўплыў і ўвядзенне адпаведнага раздзела ў школьны курс рускай мовы ў 1970 г., дзе найбольшая заслуга ў гэтым належыць вядомаму метадысту рускай мовы праф. М.Т. Баранаву.

Спачатку пытанні лексікалогіі вывучаліся ў школе на аснове лінейна-ступеньчатага прынцыпу: змест раздзела дзяліўся на дзве часткі і вывучаўся ў дзве ступені: 1-ая ступень у 4 класе, 2-ая ступень у 5. Пытанні фразеалогіі вывучаліся толькі ў 5 класе, дзе па сутнасці адбывалася знаёмства з фразеалагізмамі і крылатымі выразамі як адзінкамі мовы.

У сучаснай школе пытанні лексікалогіі і фразеалогіі вывучаюцца на аснове лінейнага прынцыпу ў 5 класе, калі даюцца паняцці слова і фразеалагізма. Пры гэтым выпрацоўваецца ўяўленне аб слове як такой адзінцы мовы, якая служыць для назвы розных з’яў рэчаіснасці, для абазначэння сэнсавых адносін слоў і сказаў, выражэння розных пачуццяў і інш. Адзначаецца, што самастойныя словы маюць лексічнае значэнне, пры гэтым могуць мець не адно, а некалькі значэнняў, утвараючы структуру мнагазначнага слова (прамое, пераноснае, кантэкстуальнае, экспрэсіўна-эмацыянальнае, стылістычнае); што словы ўступаюць у розныя сувязі паміж сабой (сінанімічныя, антанімічныя, роднасныя, тэматычныя, лексіка-семантычныя – на аснове семантыкі; літаратурныя і дыялектныя, прастамоўныя – на аснове сацыяльна-дыялектнага саставу ці сферы ўжывання) і маюць розныя віды спалучальнасці ў залежнасці ад кантэкстаў розных функцыянальных стыляў.

Адносна фразеалагізмаў выяўляюцца іх найважнейшыя асаблівасці, якімі з’яўляюцца ўзнаўляльнасць, цэласнасць значэння, устойлівасць, наяўнасць структуры не менш за два самастойныя словы. Звяртаецца ўвага і на такую адметнасць фразеалагізмаў, што датычыць іх спецыфічных функцый у мове, як спалучэнне намінатыўнай і камунікатыўнай функцый з дадатковымі вобразна-выяўленчай, эмацыянальна-экспрэсіўнай і функцыяй лаканізацыі маўлення.

У працэсе працы над раздзелам вучні засвойваюць не толькі асноўныя лексічныя паняцці, але і атрымліваюць уяўленне пра слоўнікавае багацце беларускай мовы, разнастайныя пласты лексікі, асаблівасці і стылёвыя разнавіднасці фразеалагізмаў. Дзякуючы гэтаму ўся праца па развіцці маўлення, па ўзбагачэнні слоўнікавага запасу вучняў мае трывалы грунт. Безумоўна, вывучэнне раздзела мае і агульнаадукацыйнае значэнне, паколькі вучні авалодваюць сістэматычнымі ведамі пра слоўнікавы запас мовы, шляхі яго развіцця. І самае галоўнае, што дзякуючы вывучэнню гэтага раздзела вучні набываюць практычныя навыкі карыстання лексічнымі багаццямі мовы, разумеюць неабходнасць выбару патрэбнага слова ці фразеалагізма ў залежнасці ад умоў, мэты, зместу маўлення.

Асноўныя мэты навучання лексіцы і фразеалогіі ў школе наступныя: 1) пазнаёміць вучняў са словам як асноўнай адзінкай мовы; 2) узбагаціць слоўнікавы запас вучняў; 3) навучыць правільнаму і дакладнаму ўжыванню слова ва ўласным маўленні.

Шляхі і спосабы навучання лексіцы.У школьнай практыцы можна выдзеліць два асноўныя шляхі вывучэння пытанняў лексікі і фразеалогіі: 1) на спецыяльных уроках беларускай мовы, адведзеных на вывучэнне гэтага раздзела – урокі па лексіцы і фразеалогіі; 2) на ўроках па вывучэнні іншых раздзелаў курса беларускай мовы.

П е р ш ы шлях вывучэння лексікі мае на мэце азнаямленне з асноўнымі паняццямі і адзінкамі лексікі і фразеалогіі. Гэта ўрокі, на якіх вывучаюцца такія тэмы, як лексічнае значэнне слова, адназначныя і мнагазначныя словы, прамое і пераноснае значэнні слова, амонімы, сінонімы, антонімы, слоўнікавае багацце мовы, агульнаўжывальныя, дыялектныя, прафесійныя словы і спецыяльныя тэрміны, запазычаныя, устарэлыя словы, неалагізмы, фразеалагізмы і крылатыя выразы.

На спецыяльных уроках закладваюцца асновы тэарэтычных ведаў, якія неабходны вучням для разумення, усведамлення пэўных паняццяў і выпрацоўкі на іх аснове прыктычных навыкаў і ўменняў, ці ставяцца асноўныя дзве задачы навучання, для вырашэння якіх патрэбны такія практыкаванні, якія б служылі развіццю ўменняў знаходзіць і адрозніваць пэўную адзінку ад іншых, дапамагалі ўсвядоміць функцыю яе ў мове і спрыялі выпрацоўцы ў вучняў умення карыстацца ў сваім маўленні рознымі тыпамі вывучаных адзінак мовы. На спецыяльных уроках настаўнік, як правіла, павінен сумясціць і рацыянальна вырашыць два пытанні: што павінны ведаць і што павінны ўмець вучні. З улікам такога раздзялення на ўроку адукацыйнай мэты (тэарэтычная і практычная) настаўнік правільна падбярэ практыкаванні, вызначыць да іх заданні, увогуле сплануе ход урока так, каб кожны этап, кожны крок яго спрыяў дасягненню мэты ўсяго ўрока.

Асаблівую ролю набывае праца над вызначэннем семантыкі слова, над мнагазначнымі словамі, устанаўленню значэнняў якіх спрыяе кантэкст, лексічнае акружэнне слова. Менавіта ад значэння слова залежыць яго спалучальнасць з іншымі словамі, напрыклад, назоўнік макавіна маенаступныя значэнні:1) адно сцябло маку, 2) адно зярнятка маку, 3) галоўка маку, макушка, 4) вершаліна, верхавіна (ТСБМ), у залежнасці ад чаго будзе свой кантэкст, і, наадварот, ад кантэксту будзе залежаць значэнне слова. Найбольш пашыраным відам працы з’яўляецца выпрацоўка ўменняў і навыкаў, спосабаў і тыпаў тлумачыць лексічнае значэнне слова. Няўменне вызначаць семантыку слова (напрыклад, баяцца – “калі сабака нечакана выскачыць”, “калі атрымаеш дрэнную ацэнку”, радасць – “атрымаць дзесятку”, сон – “спаць” і інш.) тлумачыцца няведаннем спосабаў і правілаў тлумачэння лексічнага значэння. Каб пазбегнуць такога тыпу памылак, неабходна:

1) часцей праводзіць аналіз розных азначэнняў слоў у тлумачальным слоўніку беларускай мовы;

2) праводзіць практыкаванні на вызначэнне адрозненняў паміж значэннямі аднаго і таго ж слова;

3) навучыць адрозніваць і выпрацаваць навыкі прымянення розных спосабаў тлумачэння значэння слоў, да якіх адносяцца такія, як апісальны (нара – “паглыбленне пад зямлёй, часта з некалькімі хадамі, якое вырыта жывёлінай і служыць ёй жыллём”), сінанімізацыя (голасны – гучны, звонкі), антанімізацыя (далёкі – проц. блізкі), адсылачны, родавае праз відавое і наадварот, энцыклапедычны і інш.;

4) засяродзіць увагу вучняў на асноўных правілах тлумачэння значэння слова, якімі лічым наступныя два: катэгарыяльна-граматычная адпаведнасць слова, значэнне якога тлумачыцца, і стрыжнявога слова ў тлумачэнні, напрыклад, нара і паглыбленне – назоўнікі; уключэнне ў тлумачэнне роднасных, аднакаранёвых слоў, калі слова, якое тлумачыцца, з’яўляецца членам словаўтваральнага гнязда, напрыклад, мядовы тлумачыцца які пахне мёдам, мяккасцьуласцівасць і якасць мяккага;

5) выкарыстоўваць розныя прыёмы пры тлумачэнні значэння слова самім настаўнікам, напрыклад, прыём перакладу (ласунак – руск. лакомство), прыём апісання прадмета (мандарын – 1) вечназялёнае пладовае цытрусавае дрэва сямейства рутавых, якое расце на поўдні; 2) кісла-салодкі духмяны плод гэтага дрэва), прыём дэманстрацыі прадметаў, прыём падбору сінонімаў, антонімаў і інш.

Асаблівае месца ў сістэме прыёмаў навучання лексіцы займае лексічны аналіз слова, які з’яўляецца спецыфічным прыёмам навучання лексіцы (дэманструецца схема лексічнага аналізу і табліцы аналізу слова паводле сферы ўжывання, паводле паходжання, паводле актыўнага і пасіўнага запасу; даецца аналіз схем, прапанаваных рознымі даследчыкамі мовы, метадыстамі, напрыклад: Піскун У.Ц., Піскун Л.А. Лексічны разбор // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1988. – № 12; Старычонак Васіль. Лексічны аналіз // Роднае слова. – 1999. – № 2 і інш.).

Вынікам такой карпатлівай працы над лексічным значэннем слова з’явіцца: 1) дакладнасць маўлення вучняў як неад’емная якасць любога маўлення, неабходнасць ведаць лексічнае значэнне слова для патрэб яго ўжывання (у адваротным жа выпадку – памылкі рознага тыпу і найперш на ўжыванне слова з неўласцівым яму значэннем, напрыклад, пакаштаваў працу настаўніка); 2) выпрацоўка першапачатковых практычных навыкаў выкарыстання лексічных адзінак ва ўласным маўленні.

Д р у г і шлях вывучэння лексікі звязаны з урокамі вывучэння ўсіх раздзелаў школьнага курса мовы і з’яўляецца своеасаблівым і вельмі патрэбным працягам першага для далейшага практычнага авалодвання лексічнымі багаццямі мовы, выпрацоўкі дакладнага, правільнага і прыгожага маўлення, для ўсведамлення мовы як сістэмы. Справа ў тым, што калі настаўнік абмежаваны толькі тэмай свайго ўрока і не бачыць ці не надае ўвагі сістэмным сувязям у мове, то тады, па-першае, вывучэнне мовы ўяўляецца як знаёмства з асобнымі раздзеламі, што існуюць самі па сабе; па-другое, не ўстанаўліваюцца сувязі паміж адзінкамі розных моўных узроўняў; па-трэцяе, не выпрацоўваецца ў вучняў паняцце аб мове як сістэме сістэм, дзе ўсё ўзаемазвязана і ўзаемаабумоўлена; па-чацвёртае, адсутнічае камунікатыўная накіраванасць навучання мове. Вось чаму неад’емнай часткай урокаў фанетыкі і арфаграфіі, марфемнага складу і словаўтварэння, марфалогіі і сінтаксісу павінна быць праца па лексіцы (улічым, што ў пачатковых класах вучні атрымалі пачатковае знаёмства з асобнымі паняццямі лексікі).

У пэўнай ступені ўзоры сумеснай працы па вывучэнні розных раздзелаў з працай над словам дэманструюць паручнікі, уключаючы заданні на вызначэнне семантыкі слова для яго ўжывання, прамога ці пераноснага ўжывання ў пэўным кантэксце, “лішняга слова” на аснове параўнання значэння, складу і інш., на ўдакладненне і пашырэнне значэнняў вядомых вучням слоў, выбару пэўнага слова з пэўным значэннем сярод блізкіх па значэнні і інш.

На ўроках па вывучэнні розных раздзелаў курса абавязкова павінна прысутнічаць праца над вызначэннем значэння слова, напрыклад, каб вызначыць, як і ад якога слова ўтварылася новае, патрэбна вызначыць яго значэнне (ляснік – работнік лесу; падводнік – спецыяліст падводных работ); каб правільна напісаць слова, патрэбна ведаць яго значэнне (казка і каска, расчапіць і расшчапіць) і інш.; праца са слоўнікамі рознага тыпу, першыя крокі ў чым былі зроблены на спецыяльных уроках; праца над перакладам з адной мовы на другую (залежыць ад мовы навучання ў школе, ад вывучэння замежнай мовы ў класе) і інш. Галоўная мэта ўсёй працы – узбагачэнне слоўнікавага складу мовы вучняў, усведамленне імі ролі і значэння ведання розных моў, але найперш беларускай мовы.

Узбагачэнне слоўнікавага запасу мовы вучняў. Як вядома, слоўнікавы запас чалавека вызначае яго магчымасць выразіць свае думкі дакладна, выразна і ўспрыняць чужыя. Вядомы метадыст рускай мовы А.В. Цекучоў пісаў: “Чым багацейшы актыўны слоўнікавы запас чалавека, тым больш змястоўнае, даходлівае і прыгожае яго вуснае і пісьмовае маўленне” (Текучев А.В. Методика русского языка в средней школе. Изд. 3-е. – М.: Просвещение, 1987. – С. 300). На ўроках па вывучэнні лексікі і фразеалогіі і для арганізацыі працы па лексіцы на іншых уроках настаўніку патрэбна найперш арганізаваць працу над словам і працу па ўзбагачэнні новымі словамі і новымі значэннямі вядомых слоў.

На ўроках мовы, на нашу думку, незалежна ад тэмы настаўніку патрэбна ставіць і вырашаць рознымі шляхамі і спосабамі наступныя задачы: 1) пашыраць актыўны слоўнік вучняў, 2) вучыць карыстацца словам, выбіраць найбольш дакладнае ў адпаведнасці з задачамі і ўмовамі маўлення, стылем і жанрам яго афармлення; 3) дапамагаць вучням вызваляцца ад нелітаратурных слоў і навучыць адчуваць асалоду ад прыгажосці гучання, значэння, спалучэння слоў.

Узбагачэнне слоўнікавага складу вучняў – адна з самых складаных задач навучання мове, паколькі да апошняга часу ў настаўніка маецца шэраг пытанняў, у прыватнасці такіх, як: колькі слоў і якія неабходна ўключаць для азнаямлення, засваення іх вучнямі за адзін урок, за перыяд навучання ў асобным класе і за ўвесь перыяд навучання? На жаль, не вызначаны лексічны мінімум вучняў, калі яны прыходзяць у школу, калі заканчваюць пачатковыя класы (параўн. тэхніку чытання), не выпрацаваны лексічны мінімум, якім патрэбна авалодаць усім вучням за час вывучэння беларускай мовы, не ўстаноўлена, якое месца ў слоўнікавым складзе займаюць дыялектныя, прастамоўныя словы, які ўплыў аказвае руская мова на засваенне беларускай лексікі і інш. А ўсё гэта вымушае настаўніка быць самастойным у адборы лексікі да ўрокаў мовы, кіравацца пры гэтым сваёй інтуіцыяй, адчуваннем слова, вопытам і пад.

Вялікую ролю ў вырашэнні гэтага пытання аказвае вучэбная (найперш падручнікі і дыдактычны матэрыял да іх) і вучэбна-метадычная літаратура (зборнікі тэкстаў для дыктантаў, пераказаў, матэрыялы тэкстаў і інш.), якой карыстаецца настаўнік. Вось чаму выбар слоў на ўрок носіць выпадковы характар, хаця гэта выпадковасць і абумоўлена лексічнымі матэрыяламі падручнікаў і іншай літаратуры.

Чым кіравацца пры арганізацыі працы над словам для ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў на ўроках мовы? Прапануем некаторыя рэкамендацыі ў сувязі з гэтым пытаннем.

Павелічэнне колькасці слоў не заўсёды азначае якасць іх выкарыстання, паколькі добра вядома, што раз пачутае ці ўспрынятае зрокава слова не заўсёды вядзе да запамінання і тым больш да яго выкарыстання. Вось чаму ўвядзенне ўсё новых і новых слоў не дасць жаданых вынікаў, таму што галоўным паказчыкам слоўнікавага багацця вучня з’яўляецца разуменне слова і яго ўжыванне ва ўласным маўленні. Шматразовае вяртанне да ўведзеных новых слоў (тэматычны падбор слоў, тэматычная накіраванасць тэкстаў, самастойная праца вучняў з пэўнай групай слоў, прыёмы семантызацыі слова і інш.) прыводзіць да замацавання слова ў памяці вучня.

Асноўная ўвага настаўніка павінна быць скіравана на арганізацыю працы над семантызацыяй слова, а найбольш складаным у рабоце над семантызацыяй слова з’яўляецца вызначэнне розных значэнняў аднаго і таго ж слова. Таму раім праводзіць работу не толькі па ўвядзенні новых слоў, але і новых значэнняў ужо вядомых слоў, пры гэтым варта ісці ад усведамлення прамога значэння да ўстанаўлення пераноснага. Напрыклад, дзеяслоў жаваць вучні суадносяць з працэсам яды: ‘размінаць ежу або што-небудзь зубамі’, далей – з працэсам гаварэння: перан. ‘доўга і нудна гаварыць, разбіраць адно і тое ж’; прыметнік жалезны – ‘зроблены з жалеза’ і перан. ‘моцны, дужы’ і інш. Праца над вызначэннем розных значэнняў аднаго слова не азначае, што ўсе значэнні кожнага мнагазначнага слова павінны ўводзіцца ў актыўны запас вучняў.

Выключнае месца адводзіцца прыёму сінанімізацыі як аднаму з самых пашыраных пры тлумачэнні лексічнага значэння слова. Падбор сінонімаў вымушае канкрэтызаваць семантыку кожнага асобнага слова-сіноніма, так як узаемазамяняльнасць і тоеснасць значэнняў іх не з’яўляюцца выключнымі паказчыкамі сінаніміі, паколькі выкарыстанне слоў-сінонімаў пазіцыйна абумоўлена, гэта азначае, што і замяняльнасць аднаго сіноніма другім, і тоеснасць іх значэнняў магчымы толькі ў пэўных кантэкстах, а не ва ўсіх, ці зусім немагчымы. Напрыклад, словы статак, чарада, табун, касяк маюць агульнае значэнне ‘мноства, вялікая колькасць чаго-н.’, але яны адрозніваюцца і сваёй ужывальнасцю, і сваёй спалучальнасцю: можна сказаць статак кароў, але табун коней, касяк рыбы, чарада авечак.

Пры падборы сінонімаў неабходна ўлічваць і наяўнасць ці адсутнасць стылістычнай афарбоўкі, а ў выніку – месца ўжывання слова, магчымасць-немагчымасць замены аднаго слова-сіноніма другім. Напрыклад, воін – стылістычна нейтральнае, а ваяка – стылістычна афарбаванае (разм., пагардл., жарт.).

Варта засяродзіць увагу вучняў пры падборы сінонімаў і на тое, што мнагазначныя словы ў розных сваіх значэннях маюць розныя сінонімы, напрыклад: смелы – 1) храбры, адважны; 2) рашучы; 3) нязвыклы; нетрафарэтны.

Другі падыход у выбары слоў да ўрокаў абумоўлены блізкасцю беларускай і рускай моў, набыццём імі статусу дзяржаўных, большым пашырэннем рускай мовы ў краіне, што вымушае настаўніка арганізоўваць працу над словамі, якія ў беларускай і рускай мовах пры наяўнасці агульнага маюць свае асаблівасці. Вядома, што блізкасць, падабенства якраз і ствараюць тыя цяжкасці, што ляжаць у аснове засваення і авалодання лексікай беларускай мовы. Так, маецца пэўная колькасць слоў з аднолькавым ці вельмі блізкім фанетыка-граматычным афармленнем і агульным семантычным аб’ёмам (гара – гора, малады – молодой), але, нягледзячы на агульнасць і роднасць паходжання, кожная з моў развівалася самастойна, сваімі шляхамі, і гэта знайшло адлюстраванне і ў вобласці семантыкі. М.Г. Булахаў у сувязі з апошнім адзначае, што ў кожнай з моў “словы, словазлучэнні і фразеалагізмы ў значна большай ступені, чым фанетычныя і граматычныя сродкі, здольны набываць эстэтычныя функцыі” (Булахов М.Г. Основные вопросы сопостовительной стилистики русского и белорусского языков. – Мн.: Изд-во БГУ им. В.И. Ленина, 1979. – С. 4 – 5.) і пашыраць ці звужаць свой семнатычны аб’ём ці адрознівацца ім. Параўнаем, напрыклад, семантыку слова свет у беларускай і рускай мовах: бел свет сваім значэннем адпавядае руск. мир, а руск. свет – бел святло. Няведанне значэння слова ў кожнай мове прыводзіць да памылковых выказванняў тыпу Мір ва ўсім міры, Свет цадзіўся праз вокны і інш.

Ва ўмовах перавагі выкарыстання ў розных сферах рускай мовы прыходзіцца праводзіць працу па семантызацыі слоў не толькі ў беларускай мове, але і ў параўнанні і супастаўленні з рускай мовай (іх гучанне, афармленне таксама варта трымаць пад кантролем, паколькі нельга гаварыць аб поўнай адэкватнасці фанетычных сістэм беларускай і рускай моў). Факты міжмоўнай аманіміі, якая ляжыць у аснове інтэрферэнцыі, патрабуюць пільнай увагі з боку настаўнікаў. Напрыклад, бел. крыўда ‘несправядлівыя ўчынкі, паводзіны ў дачыненні да каго-небудзь, якія абражаюць, засмучаюць; пачуццё горычы, выкліканае несправядлівымі ўчынкамі, паводзінамі’, руск. кривда ‘няпраўда, хлусня’, а ў выніку бел. крыўда адпавядае руск. обида, а руск. кривда – бел. хлусня, няпраўда.

Цікавасць выклікае і параўнанне сферы выкарыстання, стылёвай афарбоўкі адэкватных па значэнні слоў беларускай і рускай моў. Так, у беларускай мове пэўныя словы адзначаюцца як стылістычна нейтральныя, якім у рускай мове адпавядаюць кніжныя, напрыклад: заўчасны – безвременный, панаваць – владычествовать, уславіць – восславить, уз’яднаць – воссоединить і інш.

І надзвычай вялікай увагі патрабуюць уласна беларускія словы, якія вызначаюць нацыянальную спецыфіку беларускай літаратурнай мовы і выкарыстанне якіх у маўленчай практыцы з’яўляецца сведчаннем валодання мовай.

Узбагачэнне фразеалагічнага запасу мовы вучняў. Неад’емнай часткай слоўнікавага запасу вучняў з’яўляецца фразеалагічнае багацце мовы, таму гаварыць аб лексічным запасе ўвогуле і лексічным мінімуме вучняў у прыватнасці і не ўключаць у яго фразеалагізмы было б вялікай памылкай. Для авалодання фразеалагічным багаццем беларускай мовы настаўнік павінен увесь час папаўняць свой запас фразеалагізмаў (чытанне фразеалагічных слоўнікаў, запіс ці вядзенне ўласных тлумачальных слоўнікаў фразеалагізмаў і інш.) і кіравацца пэўнымі крытэрыямі ў працы над фразеалагізмамі з вучнямі.

Адным з першых крытэрыяў з’яўляецца колькасць: метадысты мяркуюць, што ў актыўны слоўнік вучня павінна ўваходзіць не менш за 375 фразеалагічных адзінак. Гэта адносна невялікая колькасць у параўнанні з 6000 фразеалагізмаў, якія змешчаны ў “Фразеалагічным слоўніку беларускай мовы” І.Я. Лепешава (Мн.: Бел. энц. імя П. Броўкі, 1993) ці ў “Фразеалагічным слоўніку мовы твораў Я. Коласа” (Мн.: Навука і тэхніка, 1993), і нават з 1500, якія змешчаны ў “Фразеалагічным слоўніку” для сярэдняй школы пад рэд. Ф.М. Янкоўскага (Мн.: Нар. асвета, 1973). На наш погляд, фразеалагічны мінімум вучняў за ўвесь перыяд навучання можа і павінен складацца з колькасці фразеалагізмаў, змешчаных у мастацкіх творах беларускай літаратуры, прадугледжаных праграмай для вывучэння, для чаго варта падрыхтаваць новы фразеалагічны слоўнік для сярэдняй школы з улікам змен у праграмах па беларускай літаратуры.

На жаль, бедна прадстаўлены фразеалагізмы ў падручніках па беларускай мове, у выніку чаго настаўніку прыходзіцца падбіраць тэксты, сказы дадаткова да падручніка з улікам працы над фразеалагізмамі, распрацоўваць сістэму працы над імі на ўроках беларускай мовы і беларускай літаратуры. Асаблівая ўвага надаецца працы над фразеалагізмамі (выдзяленне іх у тэкстах, вызначэнне семантыкі, падбор беларускіх адпаведнікаў да фразеалагізмаў рускай мовы, падбор сінанімічных ці антанімічных фразеалагізмаў да прыведзеных і інш.) на ўроках беларускай літаратуры.

Другім крытэрыем працы над фразеалагічным багаццем беларускай мовы з'яўляецца іх стылістычная дыферэнцыяцыя. Пасля знаёмства з паняццем фразеалагічнай адзінкі і яе прыкметамі і асаблівасцямі ў параўнанні са словам, словазлучэннем і сказам ажыццяўляецца праца над пэўным фразеалагізмам у пэўным кантэксце: прыкметы, семантыка, стылёвая прыналежнасць, якая абумоўлена кантэкстам, сінтаксічная функцыя. Напрыклад, розныя паводле стылёвага ўжывання фразеалагізмы пайсці на той свет, скласці рукі, Богу душу аддаць, ногі працягнуць, капыты адкінуць, чорту на скавараду трапіць, пайсці да Абрама на піва і інш. маюць адно значэнне – “памерці”, але колькі тут адценняў, скрытага сэнсу і, зразумела, усё гэта патрабуе адпаведнага месца ўжывання кожнага з іх.

Стылістычная дыферэнцыяцыя фразеалагізмаў добра спалучаецца з тэматычнай, дзе “тэматычны – азначае такі, які належыць адной і той жа прадметна-паняційнай сферы, блізкі, аднародны ці аднатыповы па зместу абазначаемых словамі рэферэнтаў” (Шадурский И.В. Тематическое изучение лексики // Методы изучения лексики. – Мн.: Изд. БГУ им. В. И. Ленина, 1975. – С. 49), прынцыпам іх адбору, які найбольш прымяняльны на ўроку мовы. Так, асновай тэматычнага прынцыпу з’яўляецца сістэмны адбор фразеалагізмаў па тэматычных радах, напрыклад, фразеалагізмы, якія характарызуюць чалавека – яго працу, грамадскую дзейнасць, звычкі, знешнасць і г.д. У выніку такога адбору фразеалагізмаў рэалізуюцца і стылістычная (нейтральныя, размоўныя, кніжныя), і марфалагічная (суаднесенасць з пэўнай часцінай мовы), і структурная (раўназначныя словазлучэнню, сказу), і сінтаксічная (функцыю якога члена сказа выконвае) прыкметы фразеалагізмаў. Тэматычны адбор ляжыць у аснове фразеалагізмаў, аб’яднаных агульным словам, напрыклад, вока: стылістычна-нейтральныя – перад вачыма, сваімі (уласнымі) вачыма, ва ўласных вачах, на вачах, у вачах, на свае вочы, стаяць у вачах, вырастаць у вачах; размоўныя – з вачэй, міма вачэй, адвод вачэй, для адводу вачэй, губляць з вачэй і інш.

Падбор фразеалагізмаў да ўрокаў мовы грунтуецца на спецыфічных і агульнадыдактычных прынцыпах. Да спецыфічных прынцыпаў, якія вызначаюцца на аснове моўнай матэрыі фразеалагізмаў, адносяцца: 1) прынцып частотнасці ўжывання фразеалагізмаў, 2) прынцып сістэмнага адбору фразеалагізмаў па тэматычных радах ці групах, 3) граматыка-стылістычны прынцып (адбор фразеалагізмаў паводле стылістычнага, марфалагічнага і структурнага паказчыкаў). Да агульнадыдактычных прынцыпаў адбору фразеалагізмаў адносяцца: 1) выхаваўчае значэнне, 2) навуковасць, 3) сувязь тэорыі з практыкай, 4) стымуляванне свядомасці і актыўнасці вучняў у працэсе навучання, 5) улік узросту вучняў, 6) даступнасць прапанаванага матэрыялу.

Такім чынам, вывучэнне раздзела “Лексіка і фразеалогія” стварае тэарэтычную базу для разумення і ўсведамленння многіх пытанняў мовы, для набыцця навыкаў і ўменняў, якія неабходны для выкарыстання слова як асноўнай адзінкі мовы ў працэсе маўлення, праз якую засвойваюцца ўсе найважнейшыя пытанні і аспекты мовы.

 

Пытанні і заданні

1. Вызначце колькасць гадзін, адведзеных на вывучэнне “Лексікі і фразеалогіі”, і размяркуйце тэмы раздзела – падрыхтуйце тэматычнае планаванне раздзела.

2. Прааналізуйце падручнік беларускай мовы для 5 і 6 класаў з мэтай выяўлення фразеалагізмаў у практыкаваннях (іх колькасць) і зрабіце метадычныя вывады.

3. Назавіце тыпы практыкаванняў па лексіцы і фразеалогіі.

4. Назавіце спосабы і прыёмы тлумачэння лексічнага значэння слова.

5. Якія правілы неабходна настаўніку давесці да ведама вучняў, каб пазбегнуць памылак пры вызначэнні лексічнага значэння слова ?

6. Як і калі будзеце праводзіць лексічны аналіз слова пры вывучэнні раздзела?

7. Якія прыёмы садзейнічаюць узбагачэнню слоўнікавага запасу вучняў?

8. Чаму вывучэнне лексікі і фразеалогіі, праца над словам і фразеалагізмам, павінна займаць месца на кожным уроку беларускай мовы пры вывучэнні ўсіх раздзелаў курса?

9. Якія тыпы слоўнікаў і якое месца займае праца з імі на ўроках па вывучэнні раздзела?

10. Якія ўменні і навыкі можна і патрэбна выпрацаваць праз выкарыстанне слоўнікаў рознага тыпу?

 

Літаратура

1. Даніловіч, М. А. Вывучэнне фразеалогіі на ўроках мовы / М. А. Даніловіч. – Мн.: Народная асвета, 1991. – 96 с.

2. Красней, В. П. Лексіка і фразеалогія беларускай мовы / В. П. Красней. – Мн.: Народная асвета, 1982. – 143 с.

3. Лепешаў, І. Я. Моўныя самацветы / І. Я. Лепешаў. – Мн.: Народная асвета, 1985. – 72 с.

4. Ляшчынская, В. А. Практыкаванні па лексіцы і стылістыцы / В. А. Ляшчынская, А. А. Станкевіч. – Мн.: Народная асвета, 1984. – 160 с.

5. Ляшчынская, В. А. Мова вучыць і выхоўвае // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1990. – № 4. – С. 14 – 16.

6. Ляшчынская, В. А. Вывучаем лексіку // Роднае слова. – 1992. – № 9. – С. 13 – 15.

7. Ляшчынская, В. А. Адбор лексікі і фразеалогіі і работа над узбагачэннем слоўнікавага запасу / В. А. Ляшчынская, З. У. Шведава // Тэорыя і практыка навучання мовам, літаратурам і рыторыцы ў сярэдняй і вышэйшай школе: Матэр. міжн. навук.-тэарэтычнай канф. Ч. 1. – Мн.: БДУ, 1998. – С. 34 – 36.

8. Ляшчынская, В. А. Методыка работы над тэрміналагічнай лексікай // Экономика и право переходного периода: Матер. ІV межд. научн. конф. – Гродно: Изд-во Гродненского филиала НИЗС, 2000. – С. 214 – 215.

9. Ляшчынская, В.А. Аспекты вувучэння фразеалагізмаў у сістэме навучання беларускай мове // Роднае слова. – 2009. – № 2. – С. 91 – 93; №3. – С. 67 – 69.

10. Піскун, У. Ц. Лексічны разбор / У. Ц. Піскун, Л. А. Піскун // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1988. – № 12. – С. 17 – 20.

11. Старычонак, Васіль. Лексічны аналіз // Роднае слова. – 1999. – № 2. – С. 39 – 49.