Тэма 2. Сродкі навучання беларускай мове

Навучанне беларускай мове ажыццяўляецца з дапамогай пэўных сродкаў навучання, якія дапамагаюць настаўніку вырашаць пастаўленыя задачы ўрока, кіраваць пазнавальна-практычнай дзейнасцю вучняў, спрыяюць фарміраванню ў іх навыкаў і ўменняў, уздзейнічаюць на вучняў і інш. Да асноўных сродкаў навучання адносяцца падручнікі, зборнікі практыкаванняў (звычайна гэта “Дыдактычны матэрыял”), зборнікі тэкстаў да ўрокаў па вывучэнні курса і для пераказу, перакладу, слоўнікі і іншая даведачная літаратура, наглядныя дапаможнікі рознага тыпу. Дадатковымі сродкамі навучання з’яўляюцца розныя віды вучэбнай тэхнікі (магнітафон, кадаскоп і інш.) і вучэбныя прыналежнасці (класная дошка, сшыткі і інш), раздатачны матэрыял да пэўных тэм і пад.

Падручнік – асноўны сродак навучання беларускай мове; з гісторыі яго падрыхтоўкі.Лічыцца, што падручнік з’яўляецца “асноўным дапаможнікам, які ў прынцыпе вызначае ўсю сумесную працу настаўніка і вучняў у складаным працэсе навучання іх маўленчай дзейнасці і вывучэння імі мовы як грамадскай з’явы і семіятычнай (знакавай)” (Шанский Н.М. Содержание и структура школьного учебника русского языка для нерусских учащихся // Научные основы учебника русского языка и литературы для национальной школы. – М.: Просвещение, 1974. – С. 3). Змест і структура падручніка выяўляе дзеянне некалькіх функцый: выклад пэўных ведаў – інфармацыйная; пэўная сістэма і паслядоўнасць падачы матэрыялу – сістэмная; змест служыць для фарміравання пэўных агульнавучэбных і спецыяльных уменняў – трансфармацыйная; увесь матэрыял накіраваны на выхаванне творчай ініцыятыўнай асобы, якая правільна ацэньвае факты, – выхаваўчая.

Школьныя падручнікі па мове пабудаваны паводле трох асноўных прынцыпаў – індуктыўнага, дэдуктыўнага і індуктыўна-дэдуктыўнага. Першы прынцып заключаецца ў падачы матэрыялу для назірання, пытанні і заданні да гэтага матэрыялу і вывад у выглядзе азначэння ці правіла; ён разлічаны на фарміраванне ў вучняў уменняў самастойна аналізаваць факты мовы, рабіць вывады і абагульненні. Спрыяе гэтаму і падабраны ў падручніку даступны матэрыял, нагляднасць, пытанні і заданні, якія накіроўваюць пазнавальную дзейнасць вучняў.

Паводле дэдуктыўнага прынцыпу ў падручніку спачатку размяшчаецца тэарэтычны матэрыял, затым сістэма прыктыкаванняў.

Індуктыўна-дэдуктыўны прынцып мяркуе падачу некалькіх практыкаванняў, выкананне якіх служыць азнаямленню з новай з’явай, затым ідзе дэдуктыўны выклад, калі абагульняюцца зробленыя вучнямі назіранні і ўводзяцца новыя, і завяршаецца сістэмай практыкаванняў для выпрацоўкі навыкаў і ўменняў.

Выбар аднаго з прынцыпаў будовы падручніка вызначаецца задачамі пазнавальнага характару (даступна, лагічна і доказна апісаць факты і з’явы мовы) і метадычнымі задачамі (навучыць школьнікаў логіцы пазнання, уменню аналізаваць і абагульняць факты мовы, будаваць сваё выказванне на навуковую тэму). У пэўным выпадку прынцыпы падачы матэрыялу ў падручніку – гэта арыентацыя настаўніка на выкарыстанне разнастайных спосабаў і формаў прад’яўлення інфармацыі вучням, выбар метадаў тлумачэння тэмы (напрыклад, індуктыўны прынцып вядзе да эўрыстычных метадаў выкладу, а дэдуктыўны – да тлумачальных).

Большая частка падручніка па мове адведзена заданням і практыкаванням, якія служаць выпрацоўцы ўсіх уменняў (вучэбна-пазнавальных, арфаграфічных і пунктуацыйных, нарматыўных і камунікатыўных). Заданні да практыкаванняў часта падаюцца комплексна: спачатку нярэдка даецца заданне, звязанае з новым матэрыялам, якое дапаўняецца заданнем на паўтарэнне і замацаванне тых ці іншых навыкаў, што дазваляе праводзіць сістэматычнае паўтарэнне і дыягностыку ступені авалодвання ці аслаблення пэўных уменняў. Паслядоўнасць падачы практыкаванняў і разнастайнасць заданняў да іх (практыкаванні прадуктыўнага характару, часткова пошукавыя і інш.) вырашае метадычныя задачы і служыць метадычным накіраваннем для настаўніка: ад лёгкага да больш складанага, ад азнаямлення да развіцця пазнавальнай актыўнасці і развіцця вопыту творчай дзейнасці.

Змест і будова падручніка дазваляюць весці індывідуальную працу з вучнямі. Так, на этапе азнаямлення з тэорыяй у падручніку маецца матэрыял для самастойнага назірання, для азнаямлення, для запамінання, для практычнага прымянення і інш. На этапе выпрацоўкі практычных навыкаў і ўменняў сістэма практыкаванняў забяспечвае выбар іх для вучняў рознай ступені падрыхтоўкі паводле рознай складанасці, аб’ёму, віду і формы выканання.

Падручнікі па мове вырашаюць пытанне рэгулярнасці паўтарэння вывучанага матэрыялу: маюцца спецыяльныя раздзелы, падаюцца спецыяльныя матэрыялы для паўтарэння ў пачатку года, у канцы кожнага раздзела і ў канцы навучальнага года. Акрамя таго, падаюцца спецыяльныя практыкаванні на паўтарэнне ў працэсе вывучэння тэм.

У дзеючых падручніках вырашаецца і такая метадычная задача, як выпрацоўка ў школьнікаў умення самастойна папаўняць, кантраляваць, удакладняць свае веды па мове. Гэтаму спрыяе даведачны матэрыял у падручніку: міні-слоўнікі тыпу “Пішы правільна”, “Правільна вымаўляй”; памяткі, схемы і ўзоры аналізу, разважанняў; тлумачальныя і перакладныя слоўнікі і інш. Важна на першых уроках па азнаямленні з падручнікам навучыць школьнікаў карыстацца даведачнымі матэрыяламі, для чаго яны павінны ведаць іх размяшчэнне ў падручніку, каштоўнасць, ролю пры выкананні хатняга задання, і прывучыць да іх выкарыстання.

Нельга не звярнуць увагу на выхаваўчы патэнцыял падручніка, які дасягаецца не толькі падабраным дыдактычным матэрыялам да практыкаванняў і ў якасці ілюстрацыі тэарэтычных палажэнняў, але і наяўнасцю спецыяльных тэм аб гісторыі і развіцці беларускай мовы, аб сувязях з іншымі мовамі, аб багацці мовы і зменах у ёй у сувязі з развіццём грамадства, аб ролі роднай мовы ў жыцці кожнага чалавека. Выхаваўчую ролю выконваюць і ілюстрацыі ў падручніку, якія далучаюць школьнікаў да культуры, спрыяюць эстэтычнаму выхаванню, узбагачаюць вопыт. Асаблівую выхаваўчую ролю адыгрываюць тэксты, у якіх уздымаюцца пытанні культуры маўлення, культуры паводзін, адносін да рэчаіснасці, краіны і людзей, да мовы свайго і іншых народаў, падаюцца звесткі пра моваведаў, цікавыя факты з жыцця мовы і яго народа.

З гісторыі падручнікаў беларускай мовы. Працэс падрыхтоўкі падручнікаў па беларускай мове для школы ў пачатку ХХ ст. ілюструе шматаспектны падыход, разнастайныя прынцыпы пабудовы, вызначае розныя тыпы і мэты, што адбылося дзякуючы доўгай і працяглай працы папярэднікаў мінулых стагоддзяў – складальнікаў граматык беларускай мовы. Спынім увагу на разглядзе толькі трох падручнікаў – першых афіцыйных падручнікаў па беларускай мове, якія былі выкліканы да жыцця патрэбамі навучання на беларускай мове ў 20-я гады ХХ ст. – з мэтай вызначэння прынцыпу пабудовы, пачатку тых метадычных пошукаў і знаходак у справе складання падручнікаў.

1. Першы падручнік па беларускай мове – “Беларуская граматыка для школ” – звязаны з імем Б.А. Тарашкевіча і быў выдадзены ў 1918г. у знакамітай друкарні Марціна Кухты ў Вільні паралельна кірыліцай і лацінкай. Яе выхад як нельга лепш адпавядаў задачам нацыянальнага адраджэння беларускага народа, сярод якіх асабліва важнымі былі дзве – упарадкаваць выдавецкую справу і школьнае навучанне на роднай мове.

Падручнік Б.А. Тарашкевіча складаецца з раздзелаў “Гукі”, “Часціны мовы”, “Падзел слова”, “Правапіс”, “Сказ”, сукупнасць якіх прадстаўляе сістэматычны курс беларускай мовы. І хоць першыя класіфікацыя раздзелаў, выдзяленне колькасці часцін мовы і іх назвы (імя, прымета, чысло, займя, дзеяслоў, прыслоўе, прыймя, злуч, кліч) адрозніваюцца ад сучасных, відавочным з’яўляецца пачатак, “самае галоўнае тое, што гэты невялікі па аб’ёму школьны падручнік змяшчаў упершыню навукова распрацаваныя нататкі па фанетыцы, граматыцы, словаўтварэнню, сінтаксісу беларускай літаратурнай мовы, а таксама навукова абгрунтаваныя на гэтай аснове правапісныя нормы – арфаграфічныя і пунктуацыйныя” (Яновіч А.І. Б.А. Тарашкевіч – мовавед // Беларуская лінгвістыка. Вып. 21. – Мн.: Навука і тэхніка, 1982. – С. 11).

У метадычных адносінах падручнік вызначаецца высокім узроўнем падрыхтоўкі: 1) да “лекцый” (тэарэтычны матэрыял) прапануюцца “задачкі”, якія змяшчаюць заданні самых розных тыпаў: напісаць, праскланяць, праспрагаць, дапісаць, успомніць, вывесці пэўныя правілы, зрабіць вывад і інш.; 2) адабраны цікавы ілюстрацыйны матэрыял, сярод якога значнае месца займаюць прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы (Болей слухай, а меней гавары; Зато й прапаў, што ня дбаў; Кося, кося, штоб толькі злавіць удалося). “Беларуская граматыка для школ” Б.А. Тарашкевіча ілюструе дэдуктыўны метад пабудовы падручнікаў.

2. “Беларуская мова. Правапіс” Язэпа Лёсіка, аднаго з пачынальнікаў адраджэння беларускай мовы, станаўлення нацыянальнай школы, выйшла ў свет у 1924 г. Аўтар прытрымліваўся фармальна-граматычнага напрамку ў навучанні мове: “Сучасная мэтодыка парвала традыцыйную сувязь граматыкі з правапісам, бо калі можна было гаварыць аб супольнасці правапісу з граматыкай, то хіба пастолькі, паколькі можна гаварыць аб сувязі паміж каморніцтвам і геомэтрыяй. Каморніцтва толькі карыстае з геомэтрыі, але можа існаваць без геомэтрыі, як правапіс – без граматыкі” (Лёсік Язэп. Увага для настаўніка // Язэп Лёсік. Беларуская мова. Правапіс. – Менск, 1924. – С. 3).

Паводле зместу падручнік складаецца з уступу “Увага для настаўніка” і дзвюх частак – “Правапіс літар, гукаў і слоў” і “Знакі прыпынку”, апошнія падзелены на параграфы, а матэрыял параграфаў падаецца на аснове дэдуктыўнага прынцыпу навучання мове: спачатку правіла, пасля адно практыкаванне. Такая пабудова вытрымана ва ўсіх выпадках, што не здзіўляе, паколькі Я. Лёсік увогуле лічыць: “Для навучаньня правапісу (аднолькаваму пісьму) існуе шмат спосабаў, але найлепшымі трэба прызнаць наступныя: 1) сьвядомае сьпісванне і 2) навучальныя дыктанты” (Лёсік Язэп. Увага для настаўніка // Язэп Лёсік. Беларуская мова. Правапіс. – Менск, 1924. – С. 9).

3. “Рабочая кніга па беларускай мове” І. Пратасевіча і І. Самковіча (1929г.) прызначаецца для сямігадовых школ, рабфакаў, школ сялянскай моладзі. На думку яе аўтараў, лепшым метадам навучання мове “з’яўляецца актыўны метад выкладання, аснаваны на самадзейнасці вучняў” (Пратасевіч І., Самковіч І. Рабочая кніга па беларускай мове. – Мн.: 1929. – С. 3), што і стала асновай новай будовы падручніка: у ім не прапануецца гатовы тэарэтычны матэрыял, а даецца багаты дыдактычны матэрыял, у выніку аналізу якога развіваецца мысленне, пазнавальная дзейнасць вучня.

Аўтары лічылі, што працэс навучання павінен быць арганізаваны ў чатыры этапы: 1) назіранне, 2) самастойнае даследаванне вучнямі законаў мовы і вырашэнне задач, 3) вывады, якія робяцца на падставе назіранняў і самастойнай даследчай працы, 4) замацаванне атрыманых ведаў. Кожная тэма падручніка вытрымлівае названыя чатыры этапы. Напрыклад, тэма “Безасабовыя дзеясловы”:

“Праца 1. Сьпішэце гэтыя прыклады.

Марозіць. Зьмяркаецца. Сьвярбіць. Днее. Парыць. Вечарэе. Дрэмлецца. Сьпіцца. Будзе днець. Змерклася. Спалася. Мне нездаровіцца. Спалася-б.

Праца 2. У якой асобе і ліку стаяць тут дзеясловы? Папрабуйце зьмяніць іх у асобах і ліках.

Вывад. Дзеясловы, якія не спрагаюцца, гэта значыць не зьмяняюцца ў асобах і ліках, называюцца безасабовымі дзеясловамі.

Практыкаваньне. Ці відаць, якога часу гэтыя дзеясловы? а ладу? У якім родзе яны стаяць у прошлым часе? Прыдумайце самі некалькі безасабовых дзеясловаў і запішэце ў свае сшыткі” (Пратасевіч І., Самковіч І. Рабочая кніга па беларускай мове. – Мн.: 1929. – С. 34 – 35).

Ідэя развіцця творчых здольнасцей вучняў, на жаль, далей была спынена, не былі скарыстаны і развіты багаты творчы і развіццёвы патэнцыял гэтага падручніка пры стварэнні новых. Як адзначае М.Г. Яленскі, нават “трэцяе выданне падручніка І. Пратасевіча, І. Самковіча (1931г.) было горшым: замест самастойнага даследавання, пошуку пэўнай лінгвістычнай заканамернасці часцей за ўсё даваўся гатовы тэарэтычны матэрыял і шэраг практыкаванняў для замацавання” (Яленскі Мікола. Выданне падручнікаў па мове ў 20-я гады // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1989. – № 7. – С.11).

Такім чынам, кароткі агляд толькі трох падручнікаў па беларускай мове з ліку першых дае ўяўленне аб пошуках, творчых намаганнях іх аўтараў, аб багатых магчымасцях, іх творчым патэнцыяле для далейшага развіцця справы па складанні падручнікаў, вырашэнні шэрагу метадычных пытанняў выкладання беларускай мовы.

Далейшая гісторыя падрыхтоўкі падручнікаў для школы звязана з імёнамі Ю. Шакаль і М. Жыркевіч, якія ў 1940 г. выдалі першую, а ў 1941 г. другую часткі “Граматыкі беларускай мовы”, пабудаванай на аснове індуктыўнага прынцыпу: 1) папярэдняе назіранне, 2) падвядзенне вучняў да абагульненняў і вывадаў, 3) вывады, 4) задачы-практыкаванні. З 1954 па 1964 гг. “Падручнік беларускай мовы” вытрымаў 10 выданняў.

З 1964 года з’яўляюцца імёны У.К. Андрэенкі і М.С. Яўневіча як аўтараў падручніка “Беларуская мова” для розных класаў і школ з беларускай і рускай мовай навучання, які штогод перавыдаваўся (15 выданняў вытрымаў) і быў пабудаваны на аснове дэдуктыўнага прынцыпу.

90-я гады характарызуюцца прыходам новых аўтараў, часцей калектываў аўтараў падручнікаў па беларускай мове, напрыклад: В.П. Красней і Я.М. Лаўрэль. Беларуская мова. Падручнік для 5 класа школ з беларускай мовай навучання; В.І. Несцяровіч, Я.Н. Марозава і Л.С. Васюковіч. Беларуская мова. Падручнік для 5 класка школ з рускай мовай навучання; В.У. Протчанка, В.П. Протчанка. Беларуская мова, Вучэб. дапам. для 10 класа устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з беларус. і рус. мовамі навучання (базавы і павыш. узроўні) і інш.

Усе падручнікі 90-х гадоў ХХ ст. і пачатку ХХІ ст. даволі істотна адрозніваюцца ад папярэдніх, важнейшымі з характэрных адметнасцей якіх з’яўляюцца: пабудова на аснове дэдуктыўна-індуктыўнага прынцыпу з перавагай дэдуктыўнага, перавага тэкстаў у якасці дыдактычнага матэрыялу да практыкаванняў, улік змен, матываваных праграмамі па мове, тэксты падаюцца не толькі як дыдактычны матэрыял, але і як інфармацыя, якую патрэбна засвойваць, як узор маўлення, які служыць прыкладам, выхоўвае маўленчую культуру, служыць сродкам і крыніцай этнакультурнай кампетэнцыі.

Даследчыца аднаго з важных пытанняў методыкі падрыхтоўкі падручніка – вучэбнага тэксту Л.С. Васюковіч, прасочваючы эвалюцыю зместу і структуры вучэбнага тэксту школьнага падручніка па беларускай мове, адзначае, што для 20-х гадоў “тэксты выданняў Б. Тарашкевіча, Я. Лёсіка ўяўляюць сабой даступныя паведамленні, спраецыраваныя на дыдактычны ўзровень” (с. 12), а 30-я гады можна назваць “пачатковым этапам распрацоўкі праблем школьнага падручніка” (с. 13), у 50-я гады ХХ ст. “знайшла рэалізацыю ідэя стабільнага падручніка па беларускай мове, у рэчышчы якой усталяваўся статус вучэбнага тэксту як першакрыніцы лінгвістычных звестак, сродку замацавання ведаў і фарміравання практычных навыкаў” (с. 13); у 60 – 80-я гады ХХ ст. узмацняецца інфармацыйная скіраванасць вучэбных тэкстаў, “шырокае распаўсюджванне атрымалі ідэі праграмаванага, праблемнага навучання, якія аказалі істотны ўплыў на функцыянальнае прызначэнне падручніка” (с. 13-14, гл.: Васюковіч Л.С. Лінгвадыдактычная мадэль вучэбнага тэксту падручнікаў па беларускай мове для старшай ступені агульнаадукацыйнай школы. Аўтарэф. д. пед. н. – Мн., 2005. – 41 с.).

Такім чынам, паступова і няўхільна вырашаецца праблема падрыхтоўкі падручнікаў па беларускай мове для школы, хаця і застаюцца калі не спрэчныя, то дыскусійныя пытанні, якія чакаюць свайго вырашэння. Гэта найперш пытанні аб падрыхтоўцы падручнікаў з улікам тыпу ўстановы адукацыі, узроўню адукацыі (базавы, павышаны, паглыблены), розным мэтам навучання, аб суаднесенасці матэрыялу ў падручніку для вывучэння мовы і навучання маўленню і інш.

Наглядныя і тэхнічныя сродкі навучання.Адным з дыдактычныхпрынцыпаў навучання з’яўляецца прынцып нагляднасці, сутнасць якога заключаецца ў выкарыстанні наглядных і тэхнічных сродкаў навучання не толькі з мэтай уключэння органаў пачуццяў – вока, вуха, голасу, пачуццяў мускульных рухаў – у акце запамінання, не толькі для канкрэтызацыі ўяўленняў, узбагачэння пачуццёвага вопыту вучняў, але і кіравання пазнавальнай іх дзейнасцю – раскрыцця пэўных заканамернасцей, падвядзення да навуковых вывадаў, абагульненняў, для развіцця звязнага маўлення, стварэння маўленчай сітуацыі і інш. На ўроку мовы выкарыстоўваюцца самыя розныя віды нагляднасці – натуральныя (паказванне прадметаў), графічныя (схемы, табліцы, дэманстрацыйныя карткі), праграмныя (перфакарты, перфаканверты, алгарытмы, тэсты), выяўленчыя (ілюстрацыі, фотаздымкі, карціны і іх рэпрадукцыі, малюнкі, раздатачныя выяўленчыя карткі матэрыял) – і тэхнічныя сродкі – магнітафон, прайгравальнік, эпідыяскоп, фільмаскоп, дыяпраектары розных марак, кіно, тэлебачанне, камп’ютары.

Адрозніваюць м о ў н у ю (дазваляе выявіць законы мовы, служыць фарміраванню граматычных законаў) і м а ў л е н ч у ю (служыць выхаванню культуры маўлення, аблягчае запамінанне найбольш цяжкіх выпадкаў словаўжывання, словаўтварэння, захаванне норм літаратурнага маўлення) нагляднасць. Кожны від нагляднасці рыхтуецца і выкарыстоўваецца з пэўнай мэтай, мае свае заканамернасці і асаблівасці выкарыстання. Так, табліцы – адзін з найбольш пашыраных наглядных друкаваных сродкаў – рэалізуюць зрокавую нагляднасць, мяркуюць пэўную групоўку, сістэматызацыю матэрыялу, што патрабуе прымянення прыёмаў параўнання, а значыць іх выкарыстанне пераважае для выпрацоўкі навыкаў (найперш арфаграфічных і пунктуацыйных). Дэманстрацыйныя табліцы маюць на мэце праілюстраваць пэўныя палажэнні ці ўсё правіла, служаць для выдзялення галоўнага ці агульнага. Яны павінны стымуляваць пазнавальную дзейнасць вучняў, у сувязі з чым не заўсёды мэтазгодным з’яўляецца падача тэкставага тлумачэння, азначэння і правіла. Табліцы могуць быць выкарыстаны на этапе ўсведамлення, асэнсавання правіла, азначэння, паняцця, на этапе замацавання вывучанага, пры паўтарэнні і сістэматызацыі матэрыялу.

Схемы найбольш характэрны для абагульнення, сістэматызацыі матэрыялу. Карціны, малюнкі, раздатачны выяўленчы матэрыял з’яўляюцца крыніцай і стымулам для выказвання пры навучанні рознага тыпу сачыненняў, пры складанні сказаў, пры напісанні творчых дыктантаў. Яны дазваляюць увесці і актуалізаваць пэўную лексіку, актывізаваць граматычныя формы і канструкцыі, якія вывучаюцца на ўроку. Раздатачныя дэманстрацыйныя і выяўленчыя карткі, у аснове якіх адпаведна словы, словазлучэнні, напісанне якіх не падпарадкавана правілам, і малюнкі (у тым ліку і сюжэтныя), якія дазваляюць каменціраваць значэнне пэўнага слова, адпрацоўваць яго напісанне і вымаўленне, ужываць яго ў сказах і інш., надзвычай карысныя для індывідуалізацыі працы вучняў, паколькі ў іх змяшчаюцца заданні, розныя па складанасці, па зместу, аб’ёму.

Экранныя зрокавыя сродкі – транспаранты, дыяфільмы і дыяпазітывы і інш. – істотна адрозніваюцца ад друкаваных зрокавых сродкаў навучання: па-першае, з іх дапамогай, напрыклад, транспарантаў, можна паказаць дынаміку развіцця (ад чаго, з дапамогай чаго і як утвараюцца словы, напрыклад: гітарыстка ← гітарыст ← гітара), замену адной канструкцыі сінанімічнай яму другой; па-другое, матэрыял можна вывучаць порцыямі, напрыклад, правапіс прыметнікаў з суфіксам -ск-, скарыстоўваць для паўтарэння, для арганізацыі трэніровачных практыкаванняў і інш.

Слыхавыя сродкі на ўроках, як правіла, гэта грампласцінкі і грамзапісы, а ў апошні час пашыраецца ўжыванне носьбітаў CD і DVD, служаць асобнай дыдактычнай мэце – даюць узоры гучання маўлення, служаць сродкам фарміравання, карэкціравання вуснай культуры маўлення вучняў, фарміравання навыкаў літаратурнага вымаўлення і націску, інтанавання, уменняў і навыкаў пабудовы вуснага выказвання. Выкарыстанне слыхавых сродкаў на ўроку мае свае правілы: 1) папярэдне, да ўрока, абавязкова праслухаць, перад праслухваннем вучнямі настаўнік арганізоўвае іх працу – ставіць задачу, указвае, на што звярнуць увагу, для чаго праслухваюць і г.д.; 2) у час праслухвання нельга каменціраваць, рабіць заўвагі і іншыя слоўныя дзеянні; 3) пасля праслухоўвання вучні адказваюць на пытанні, пастаўленыя настаўнікам, выконваюць заданні рознага тыпу.

Шырокае прымяненне маюць зрокава-слыхавыя сродкі навучання, прадстаўленыя дыяфільмамі з гукавым суправаджэннем, кінафільмамі і кінафрагментамі.

Гукавое суправаджэнне ўзмацняе эмацыянальнае ўздзеянне, таму зрокава-слыхавыя сродкі найбольш выкарыстоўваюцца на ўроках па развіцці маўлення ці на фрагментах урокаў, прысвечаных гэтым пытанням. Увогуле гукавое суправаджэнне можна адключаць, падключаць, прымяняць выбарачна, паўтараць ці ўзнаўляць у патрэбны момант і інш.

Кінафільмы і кінафрагменты забяспечваюць дынаміку адлюстравання і скарыстоўваюцца з пэўнай мэтай і ў пэўны час урока, таму настаўніку важна прадумаць, як падрыхтаваць вучняў да ўспрымання зместу кінафільмаў: сфармуляваць задачы прагляду, скіраваць увагу на тое, што патрэбна ў час прагляду зафіксаваць, расказаць вучням аб аўтарах кінафільма, героях і акцёрах і г.д., паставіць канкрэтныя заданні.

Наглядныя і тэхнічныя сродкі навучання спалучаюцца на ўроках, дапаўняюць адзін другога. Каб гэта спалучэнне атрымала прыкмету цэласнасці, выдзяляюць комплекс сродкаў навучання, пад якім разумеецца “сукупнасць узаемазвязаных паміж сабой і ўзаемадапаўняльных адно да другога кампанентаў, узгодненых з падручнікам, неабходных і дастатковых для паспяховага вырашэння вучэбна-выхаваўчых задач” (Зельманова Л.М. Наглядность в преподавании русского языка: Пособие для учителя. – М.: Просвещение, 1984. – С. 145). Комплексы сродкаў ствараюцца па асобных тэмах, раздзелах курса.

 

Пытанні і заданні

1. Прааналізуйце падручнік па мове з мэтай вызначэння прынцыпу яго пабудовы.

2. Вызначце, якую дапамогу, метадычныя “парады” дае падручнік настаўніку.

3. Якія сродкі нагляднасці змяшчае падручнік і якая іх роля?

4. Вызначце правілы выкарыстання дыяфільмаў на ўроках мовы.

5. Пазнаёмцеся з падручнікам “Беларуская мова. Арфаграфія” Язэпа Лёсіка і дайце аналіз яго паводле ўплыву зместу і будовы падручніка на форму і спосаб тлумачэння новага матэрыялу.

6. Пазнаёмцеся з “Картай для падрыхтоўкі настаўніка да ўрока” (гл.: Зельманова Л.М. Наглядность в преподавании русского языка: Пособие для учителя. – М.: Просвещение, 1984) і зрабіце метадычныя вывады.

7. Прааналізуйце ў пэўным падручніку па беларускай мове падбор заданняў і парадак падачы практыкаванняў да пэўнай тэмы з мэтай выпрацоўкі метадычных рэкамендацый для настаўніка.