Тэма 1. Методыка мовы як самастойная навука

Прадмет методыкі мовы. Методыка (ад метад – грэч. methodos – шлях даследавання, тэорыя, вучэнне – спосаб дасягнення якой-небудзь мэты, вырашэнне канкрэтнай задачы; сукупнасць прыёмаў ці аперацый практычнага ці тэарэтычнага засваення рэальнасці) мовы – гэта навука, якая ўяўляе прыватную тэорыю навучання мове, вырашае практычныя задачы і дае рэкамендацыі, рыхтуе дапаможнікі для настаўнікаў і вучняў; гэта навука аб мэтах і задачах, аб змесце, метадах і сродках навучання беларускай мове як вучэбнаму прадмету, аб агульным і прыватным у навучанні беларускай мове ў параўнанні і супастаўленні з рускай мовай (майскі рэферэндум 1995 года замацаваў, а лістападаўскі рэферэндум 1996 года канстытуцыйна пацвердзіў у нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы – беларускую і рускую, у выніку чаго маем дзяржаўнае беларуска-рускае двухмоўе).

Аб’ектам методыкі з’яўляецца беларуская мова як вучэбны прадмет і працэс навучання яму, паколькі пры навучанні важнымі з’яўляюцца не толькі веды, але і ўменні і навыкі. У аб’ём паняцця ‘навучанне’ ўваходзіць дзейнасць настаўніка, вучняў, вынікі гэтай дзейнасці, сам ход авалодвання мовай. Акрамя таго, навучанне мове цесна і непарыўна звязана з выхаваннем. У выніку можна канстатаваць, што аб’ектам даследавання ў методыцы мовы з’яўляецца ўся адукацыйная работа па беларускай мове.

Як самастойная навука методыка мовы ставіць і вырашае свае задачы. Агульная прыкладная задача – на аснове пазнаных заканамернасцей і ў адпаведнасці з сацыяльным заказам выпрацаваць даступныя вучням, навукова абгрунтаваныя і практычна правераныя сістэмы навучання мове, якія забяспечаць не толькі высокую якасць ведаў, уменняў і навыкаў школьнікаў рознага ўзросту, але і рашэнне выхаваўчых задач, развіццё мыслення і пазнавальнай актыўнасці вучняў. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што навучанне мове ў школе мае дзве мэты: 1) вывучэнне курса беларускай мовы, яго раздзелаў, адзінкаў мовы розных ярусаў і ўзроўняў; 2) навучанне маўленню, маўленчай дзейнасці.

Вырашэнню пастаўленых мэт спрыяе вырашэнне наступных задач, якія можна сфармуляваць у выглядзе пытанняў. Першым пытаннем, на якое дае адказ методыка, з’яўляецца, што вывучаць, ці чаму вучыць? Адказ на гэтае пытанне, ці вырашэнне першай задачы, методыка дае ў выглядзе складзеных праграм курса беларускай мовы з размеркаваннем матэрыялу па класах, вызначэннем колькасці гадзін, адведзеных на вывучэнне, засваенне, кантроль і да т. п.; падручнікаў, зборнікаў дыдактычнага матэрыялу для школы. Методыка адбірае моўныя факты, камплектуе змест пытанняў, якія складаюць школьны курс беларускай мовы. Пры гэтым вырашаецца не толькі практычная задача, але ставіцца і ў пэўнай ступені вырашаецца тэарэтычная: вызначаюцца асновы, прынцыпы складання праграмы, падручніка, крытэрыі адбору фактычнага, ілюстрацыйнага, нагляднага матэрыялу, выпрацоўваюцца патрабаванні да афармлення падручніка, скарыстання яго плошчаў і інш.

Аднак нельга канстатаваць канчатковае (ды і ці магчыма яно?) і паспяховае вырашэнне гэтых і многіх іншых пытанняў тэорыі і практыкі методыкі беларускай мовы. Пацвярджэннем гэтаму служыць нестабільнасць падручнікаў для школы ў параўнальна яшчэ нядаўні час, адсутнасць крытэрыяў іх ацэнкі, асноў складання. Менавіта ў сувязі з гэтым прагучала выказванне пра “адсутнасць падручнікаў, якія адпавядаюць духу часу і апошнім навуковым дасягненням” і пра тое, што гэта з’яўляецца адной “з асноўных прычын нізкага ўзроўню ведання беларускай мовы” (Салавянчык Таццяна. Культура беларускага маўлення ва ўмовах білінгвізму // Роднае слова. – 2001. – № 1. – С. 5).

Асваблівай увагі патрабуе вырашэнне пытанняў, звязаных з асэнсаваннем такіх палажэнняў, як 1) школьны падручнік па беларускай мове не павінен быць зменшанай копіяй навуковага курса беларускай мовы, 2) змест падручніка павінен улічваць дзве мэты навучання беларускай мове – вывучэнне раздзелаў курса беларускай мовы, яе адзінак і навучанне маўленню, валоданню мовай у вуснай і пісьмовай формах, вызначыўшы прыярытэт апошняй; 3) змест падручніка, яго афармленне павінна выклікаць цікавасць, пашыраць кругагляд, служыць фармаванню нацыянальнай свядомасці, этналінгвакультуразнаўчай кампетэнцыі вучняў, быць базай для самастойнага авалодвання матэрыялам, развіваць мысленне, творчасць.

Выключнае значэнне набывае пытанне, навошта вучыць, для чаго патрэбна вывучаць мову? Настаўніку патрэбна давесці да ведама вучняў, наколькі важна ведаць мову сваёй краіны, свайго народа, валодаць рознымі відамі маўленчай дзейнасці, якія перспектывы ў будучай працы, незалежна ад таго, кім стане кожны вучань, адкрывае высокі ўзровень маўленчай асобы, яго моўныя камунікатыўныя здольнасці. Нельга пакінуць без увагі і такі аспект праблемы, як месца кожнага народа ў свеце, калі кожны грамадзянін Беларусі павінен ведаць мову беларускага народа, які адзіны і непаўторны ў моўным сусвеце, калі кожны павінен ганарыцца сваім народам і яго мовай як асноўным паказчыкам і выразнікам нацыянальнай адметнасці.

Адказам на яшчэ адно пытанне-задачу – як вучыць? – з’яўляецца выпрацоўка метадаў і прыёмаў дзейнасці вучняў і настаўніка. Каб дзеянні настаўніка былі найбольш эфектыўнымі, ці аптымальнымі, методыка тлумачыць, якімі метадамі, спосабамі, прыёмамі яму варта карыстацца, як спалучаць іх, як паводзіць сябе ў класе, каб дабівацца пастаўленай мэты. Іншымі словамі, методыка вучыць настаўніка свядома кіраваць вучэбным працэсам, у тым ліку – свядома арганізоўваць свае дзеянні так, каб вучэбны працэс даваў найлепшыя вынікі.

Вывучаючы методыку, настаўнік атрымлівае абагульненае ўяўленне пра тое, як ён павінен кіраваць вучэбным працэсам; атрымлівае інфармацыю пра фактары, што вызначаюць эфектыўнасць яго дзеянняў; пра тое, як змены фактараў уплываюць на змены гэтых дзеянняў; пра тое, як важна граматна ажыццяўляць гэтыя дзеянні і інш. Сёння методыка мовы прапануе даволі значную колькасць метадаў, прыёмаў і спосабаў, выпрацаваных метадычнай навукай з улікам метадычнай спадчыны, вывучэння вопыту настаўнікаў і цэлых калектываў; яны тэарэтычна абгрунтаваныя і практычна правераныя (гл. далей пытанне “Метады даследавання ў методыцы выкладання беларускай мовы”).

Аднак найбольш важна мець адказ на трэцяе пытанне-задачу – чаму так вучыць, а не інакш? як лепш вучыць беларускай мове? Праўда, методыка не дае гатовых рэцэптаў на кожны ўрок, кожны дзень вучэбных заняткаў у канкрэтным класе. Ды гэта і немагчыма, паколькі немагчыма прадбачыць, улічыць і апісаць усе тыя ўмовы і асаблівасці, якія могуць узнікнуць і ўзнікаюць у працы настаўніка з пэўнымі вучнямі на пэўным уроку. Але настаўніка можна навучыць будаваць вучэбны працэс.

У метадычнай навуцы маюцца значныя поспехі і дасягненні ў вырашэнні гэтай задачы, паколькі шматлікія публікацыя тэарэтычнага і практычнага характару вырашаюць, асвятляюць, ставяць пытанні, звязаныя з гэтай праблемай. Асаблівае значэнне ў яе вырашэнні набывае вывучэнне перадавога вопыту настаўнікаў-наватараў, распаўсюджванне і асэнсаванне вынікаў іх працы шырокімі коламі настаўніцтва.

Нельга не прызнаць слушнасці думкі М.Р. Львова аб тым, што “час падказвае свае задачы методыцы, як і педагогіцы ў цэлым” (Львов М.Р. Общие вопросы методики русского языка: Учебное пособие для слушателей ФПК. – М., 1983. – С. 18). Так, сёння нельга даваць веды, выпрацоўваць уменні і навыкі без уліку такіх метадаў і прыёмаў, якія б спрыялі павышэнню актыўнасці, самастойнасці вучняў у працэсе навучання – вучылі здабываць веды, “адкрываць” іх, служылі развіццю мыслення і маўлення, былі апорай трываласці засваення ведаў, уменняў і навыкаў. У сувязі з адзначаным тым, хто рыхтуецца да творчай працы на ніве асветы, варта засвоіць: 1) вызначаныя методыкай фактары, якія абумоўліваюць эфектыўнасць вучэбнага працэсу; 2) іх сістэмную ўзаемасувязь, залежнасць аднаго ад другога; выдзяленне галоўных, вызначальных, і дадатковых; якія з іх дзейнічаюць у любы момант навучання, а якія звязаны з пэўнымі ўмовамі; 3) правілы, паводле якіх настаўнік павінен, абавязаны будаваць свае навучальныя дзеянні, ці залежнасць кіравання вучэбным працэсам, які ажыццяўляе настаўнік, ад пэўных, вядомых яму характарыстык вучэбнага працэсу (у тым ліку вучняў і самога настаўніка). Яны павінны задумацца над такімі пытаннямі, як: 1) суаднесенасць у школьным курсе беларускай мовы звестак аб мове і маўленні (маўленчая дзейнасць, віды маўленчай дзейнасці, асаблівасці маўлення); 2) крытэрыі адбору камунікатыўна значымых адзінак мовы і праца над імі; 3) тэарэтычныя асновы сітуацыйных практыкаванняў і дыдактычнага матэрыялу ў іх для авалодвання маўленнем.

Методыка мовы як самастойная навука развіваецца на аснове сваіх метадаў даследавання, да якіх адносяцца: 1) метад вывучэння метадычнай спадчыны, 2) метад вывучэння вопыту асобных настаўнікаў і цэлых калектываў, 3) метад эксперыменту, 4) метад анкеціравання і інш. (гл. лекцыю “Метады і прыёмы навучання беларускай мове”).

Такім чынам, методыка мовы – самастойная навука педагагічнага цыклу, якая мае свой аб’ект вывучэння, мэты і задачы, развіваецца і ўдасканальваецца на аснове сваіх метадаў даследавання і аперыруе сваёй тэрміналогіяй (гл.: Баранов М.Т. Методика преподавания русского языка и ее терминология // Русский язык в школе. – 1980. – № 1. – С. 3 – 8). Методыка мовы – гэта аптымальная сістэма кіравання вучэбным працэсам, г. зн. сістэма, якая накіравана на найбольш эфектыўнае авалодванне вучнямі беларускай мовай. “Методыка мовы ўяўляе сабой сістэму ведаў пра шляхі і ўмовы навучання мове” (Текучев А.В. Методика русского языка в средней школе. – М.: Просвещение, 1980. – С. 25).

Сувязь методыкі з іншымі навукамі.Фактары, якія дзейнічаюць у вучэбным працэсе, могуць мець розную прыроду і вывучацца рознымі навукамі. Базіснымі навукамі методыкі мовы з’яўляюцца філасофія, лінгвістыка, педагогіка і асабліва яе частка – дыдактыка, псіхалогія, логіка і інш.

Ф і л а с о ф і я вывучае найбольш агульныя заканамернасці існавання і развіцця грамадства, узаемаадносіны грамадства і асобнага чалавека, сутнасць чалавечай дзейнасці і інш. Філасофска-метадалагічныя распрацоўкі падводзяць метадыстаў да больш вузкіх метадычных вывадаў аб неабходнасці, напрыклад, калектыўных формаў навучання. Філасофская тэорыя пазнання сцвярджае этапы пазнання – пачуццёвы і рацыянальны – і яго завяршэнне на практыцы. Рацыянальнае пазнанне ажыццяўляецца сродкамі мовы. Праз мову чалавек пазнае інфармацыю, назапашаную стагоддзямі, сродкамі мовы ён захоўвае і перадае яе будучым пакаленням. Таму вывучаючы мову, чалавек фарміруецца як асоба, развівае інтэлект, фарміруе светапогляд. Філасофія дае важны падмурак методыцы мовы – мова з’яўляецца сродкам зносін людзей, маўленчая дзейнасць чалавека выконвае сацыяльную функцыю, мова і маўленне цесна звязаны з мысленнем, – што ўплывае на дзейнасць настаўніка пры навучанні мове.

Методыка мовы аперыруе катэгорыямі л о г і к і, у прыватнасці, індукцыяй і дэдукцыяй. Так, мысленне, разважанне, пазнанне можа адбывацца індуктыўным метадам, ці калі на аснове назіранняў, выдзялення канкрэтных фактаў, заканамернасцей, асаблівасцей вучні прыходзяць да вывадаў, і, наадварот, дэдуктыўным метадам, калі ад агульнага, напрыклад, правіла, азначэння, вучань ідзе да выяўлення асобных фактаў. Напрыклад, каб засвоіць правілы напісання прыметнікаў з суфіксам -ск-, варта прапанаваць паназіраць за ўтварэннем іх: на якую літару заканчваецца ўтваральная аснова, да якой далучаецца суфікс -ск-, у выніку вучні адзначаюць заканамернасці, асаблівасці іх напісання, ці свядома падыходзяць да вываду-правіла.

Навука аб мове, л і н г в і с т ы к а, вызначае методыцы мове змест курса, дапамагае адказаць на пытанне што вывучыць і чаму вучыць, паколькі толькі тое, што адкрыта, даследавана, вызначана ў мовазнаўстве, можа быць аб’ектам вывучэння ў школе. Напрыклад, толькі ў 70-х гадах мінулага стагоддзя ў школьны курс беларускай мовы былі ўведзены раздзелы “Марфемны склад і словаўтварэнне”, “Лексіка і фразеалогія”, у 80-я гады пачынаюць вывучацца стылі мовы, у канцы 90-х – віды маўленчай дзейнасці і г.д.

Праграма па беларускай мове для школы пашыраецца і ўдакладняецца за кошт такіх распрацаваных у лінгвістыцы пытанняў, як стылістыка і культура маўлення, маўленчая дзейнасць, тэкст, яго тыпы і адзнакі і інш. Методыка мовы не можа, не мае права ўнесці змены ў тое, што стала законам лінгвістыкі. Напрыклад, усе гукі беларускай мовы падзяляюцца на галосныя і зычныя, іх колькасць і якасць не падлягае сумненню ў методыцы, а прымаецца як належнае.

Методыка мовы цесна звязана з агульнай п е д а г о г і к а й і асабліва яе часткай д ы д а к т ы к а й. Так, пытанні выхавання чалавека, найбольш актуальныя для педагогікі, павінны ўлічвацца і практычна рэалізоўвацца пры навучанні мове. У задачы навучання беларускай мове, як указваецца ў праграме, уваходзяць наступныя дзве: 1) “на аснове ведаў пра заканамернасці сістэмы беларускай літаратурнай мовы сфарміраваць лінгвістычнае мысленне вучняў, якое з’яўляецца істотнаю часткай іх гуманітарнага мыслення; 2) спрыяць выхаванню нацыянальна свядомай моўнай асобы з прадуктыўным мысленнем і актыўнай жыццёвай пазіцыяй” (Праграмы сярэдняй агульнаадукацыйнай школы з рускай мовай навучання. Беларуская мова. ІV – V класы 12-гадовай агульнаадукацыйнай школы, V – ХІ класы 11-гадовай агульнаадукацыйнай школы. – Мн.: Навукова-метадычны цэнтр вучэбнай кнігі і сродкаў навучання, 2002. – С. 4–5). Заўважым, што методыка мовы рэкамендуе выхаванне не аддзяляць ад працэсу навучання, ажыццяўляць выхаванне рознымі спосабамі і сродкамі, у тым ліку найбольш поўна скарыстоўваючы сродкі мовы, вынікі маўленчай дзейнасці.

Асаблівае значэнне набываюць для методыкі мовы дыдактычныя прынцыпы навучання, паколькі дыдактыка займаецца агульнымі заканамернасцямі любога навучання, незалежна ад канкрэтнага прадмета.

Адным з лінгвадыдактычных прынцыпаў навучання мове з’яўляецца прынцып апоры на этнакультуру, які арыентуе настаўніка беларускай мовы на скарыстанне такіх тэкстаў, якія б адлюстроўвалі гісторыю Беларусі, традыцыі і характар беларуса, асаблівасці яго побыту, матэрыяльнай і духоўнай культуры, прыроднага асяроддзя (гл.: Буракова М.У., Ляшчынская В.А., Шведава З.У. Сучасная беларуская мова. Арфаграфія і пунктуацыя. Этнакультуралагічныя тэксты. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2007. – 237 с., дзе змешчаны комплекс тэкстаў). Менавіта мова з’яўляецца асноўным дыдактычным сродкам фарміравання менталітэту асобы.

Навучанне, як вядома, ажыццяўляецца ў выніку сумеснай актыўнай дзейнасці настаўніка і вучняў, якая арганізуецца, матывуецца і кантралюецца настаўнікам. Расшыфроўка працэсу навучання дазволіць вызначыць многія дыдактычныя прынцыпы.

Захаванне прынцыпу навуковасці – выкананне патрабавання аб адпаведнасці зместу навучання беларускай мове сучаснаму стану развіцця навукі аб мове. Разам з тым школьнае навучанне мове, адукацыйныя тэхналогіі павінны ўлічваць тыя змены і дасягненні ў лінгвістыцы і метадычнай навуцы. Менавіта гэта з’яўляецца асноўнай прычынай змен і ўдакладненняў праграмы па беларускай мове.

Адным з найбольш важных прынцыпаў дыдактыкі ў працэсе навучання з’яўляецца прынцып калектыўнасці, які раскрывае паняцце ‘сумесная’ дзейнасць: настаўнік і вучні разам імкнуцца да выканання пастаўленай мэты, для чаго яны павінны выканаць у пэўнай паслядоўнасці пэўныя дзеянні, накіраваныя на яе дасягненне. Ад таго, як арганізуе настаўнік працу ў калектыве, будзе залежаць выкананне мэты, атрыманне вынікаў. Задача методыкі – распрацоўваць віды і формы калектыўнай працы, якія эфектыўна забяспечвалі б выкананне пастаўленай мэты, актывізавалі працу вучняў, выхоўвалі асобу ў калектыве.

Каб працэс навучання быў актыўным, вучні праяўлялі ініцыятыву, умелі самастойна і творча працаваць на ўроку і дома, настаўнік павінен арганізаваць і забяспечыць актыўнасць вучняў. Прынцып актыўнасці – другі прынцып дыдактыкі, які выкарыстоўваецца ў методыцы мовы.

Шлях да арганізацыі актыўнасці ляжыць праз прымяненне прынцыпу праблемнасці, г. зн. перад вучнямі павінна быць пастаўлена праблема, для вырашэння якой яны павінны атрымаць, “здабыць” веды, выпрацаваць навыкі і ўменні, якія акрэслены праграмай курса, планам урока і г. д. Праблемы могуць быць самымі рознымі. Так, патрэба авалодаць мовай для таго, каб ёю карыстацца, ажыццяўляць камунікатыўную функцыю; праз мову, з яе дапамогай пазнаць інфармацыю, скрытую ў кнігах; правільна і добра пісаць, гаварыць, стаць дыктарам радыё ці тэлебачання; стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры; стаць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, прадстаўніком беларускага народа. Зразумела, што вучань, які адчувае неабходнасць такую праблему вырашыць, будзе зацікаўлены ў вывучэнні тых ці іншых правілаў, асэнсаванні нормаў, законаў мовы, у пашырэнні слоўнікавага запасу і да т. п., што прапануецца яму на ўроках мовы.

Адчуваць неабходнасць – гэта мець патрэбу вырашыць пастаўленую праблему, г. зн. настаўнік павінен матываваць дзейнасць вучняў. У выніку выдзяляецца матывацыйны прынцып дыдактыкі.

Прынцып індывідуалізацыі ў навучанні мове дазваляе забеспячэнне эфектыўнасці навучання розных вучняў, напрыклад, паводле ўспрымання матэрыялу (зрокавае, слыхавое, маторнае), для чаго патрэбна ўлічваць асаблівасці і тых, і другіх, і трэціх. І ўсё ж індывідуальны падыход не азначае выкарыстання яго да бясконцасці: лепш на аснове прынцыпу актыўнасці дабівацца, каб вучні выбіралі з прапанаваных варыянтаў той, які адпавядае іх індывідуальнасці.

Працэс навучання, вывучэнне курса беларускай мовы адбываецца паслядоўна – прынцып паслядоўнасці. Напрыклад, на ўроках мовы ад класа да класа вывучаецца раздзел за раздзелам, адна адзінка мовы за другой, пачынаючы ад простага і разам з тым неабходнага для далейшага вывучэння, у прыватнасці – фанетыкі, усведамлення гукавой сістэмы мовы, затым марфемікі – марфемнага складу слова, лексікі і фразеалагіі – слова і фраземы, марфалогіі – формы слова і часціны мовы, сінтаксісу – словазлучэння, сказа, тэксту. Змест курса беларускай мовы ў школе пабудаваны ў пэўнай сістэме і паслядоўнасці, у адпаведнасці з логікай навукі аб мове. У межах кожнага раздзела вывучэнне адбываецца на аснове прынцыпу паслядоўнасці – ад пытання да пытання.

Аднак, нельга лічыць паслядоўнасць падачы матэрыялу ў падручніках і праграмах, як і іх вывучэнне, нечым раз і назаўсёды дадзеным. Напрыклад, яшчэ нядаўна ў марфалогіі спачатку вывучалі назоўнік, які выдзяляецца колькасцю адзінак, значымасцю, роляй іх у жыцці чалавека, пасля дзеяслоў, што тлумачыцца частотнасцю і традыцыйнасцю ўжывання гэтых часцін мовы ў якасці граматычнай асновы сказа. Аднак апошнія праграмы зноў вярнулі традыцыйны парадак: пасля назоўніка вывучаецца прыметнік, які вызначаецца агульнасцю граматычных прыкмет, спалучальнасцю з назоўнікам.

Разам з прынцыпам паслядоўнасці дзейнічае і/ці дапаўняе яго прынцып пераемнасці, сутнасць якога заключаецца ў апоры на раней вывучанае, на ўзровень моўнага і маўленчага развіцця вучняў. Пераемнасць перш за ўсё павінна быць вытрымана паміж пачатковай і сярэдняй школай. Напрыклад, вывучэнне фанетыкі ў 5 класе павінна апірацца на веды, уменні і навыкі вучняў, атрыманыя ў пачатковых класах. У такім разе настаўнік не будзе “адкрываць” новыя веды, аб’яўляць новыя тэмы, тлумачыць новы матэрыял, а дапаможа сістэматызаваць веды, скарыстае час на развіццё маўленчай дзейнасці, на пашырэнне ведаў, на выпрацоўку новых навыкаў і ўменняў.

Не менш важна вытрымліваць прынцып пераемнасці ў працэсе навучання беларускай мове ў сярэдняй школе. Для таго, каб атрымаць веды, напрыклад, пра дзеепрыметнік, вучні павінны ўзнавіць матэрыял пра дзеяслоў і прыметнік.

Разам з тым важна ўсведамляць сутнасць і рэалізоўваць на практыцы прынцып перспектыўнасці, калі вучні задоўга да вывучэння пэўнага матэрыялу рыхтуюцца да яго ўспрымання. Праграмы апошніх гадоў надаюць асаблівую ўвагу прынцыпу перспектыўнасці, паколькі яго рэалізацыя абумоўлена тым, што “ў выкладанні ўзмацняецца функцыянальна-семантычны аспект аналізу моўных адзінак і камунікатыўная накіраванасць навучання” (Праграмы сярэдняй агульнаадукацыйнай школы з рускай мовай навучання. Беларуская мова. ІV – V класы 12-гадовай агульнаадукацыйнай школы, V – ХІ класы 11-гадовай агульнаадукацыйнай школы. – Мн.: Навукова-метадычны цэнтр вучэбнай кнігі і сродкаў навучання, 2002. – С. 5). Ілюстрацыяй прымянення прынцыпу перспектыўнасці з’яўляецца ўвядзенне прапедэўтычнага курса сінтаксісу і пунктуацыі перад вывучэннем усіх раздзелаў школьнага курса мовы, які дазваляе паступова і пастаянна рыхтаваць вучняў да авалодвання раздзелам “Сінтаксіс і пунктуацыя”, які па часе вывучэння з’яўляецца апошнім, але вельмі важным на ўсім працягу навучання мове. Асаблівая роля прынцыпу перспектыўнасці ў працэсе развіцця маўлення вучняў. Напрыклад, каб падрыхтаваць вучняў да напісання сачынення, якое плануецца праз 5 – 10 урокаў, настаўнік так арганізуе працу на гэтых уроках, каб яна служыла на перспектыву: уводзяцца новыя словы, прапануюцца тэксты для аналізу, вучацца складаць сказы, тэксты паводле ўзораў, будуюцца вусныя выказванні, якія аналізуюцца і ўдасканальваюцца і да т. п. – усё робіцца для таго, каб вучні былі гатовы да ажыццяўлення самастойнай працы на ўроку па напісанні сачынення.

Немалаважным у працэсе навучання з’яўляецца прынцып даступнасці, які патрабуе весці адбор матэрыялу, тлумачэнне яго, выкарыстоўваць віды і формы працы вучняў у адпаведнасці з іх узроставымі, псіхалагічнымі асаблівасцямі. Гэта не азначае, напрыклад, спрошчанасць у пастаноўцы задачы ці праблемы, бо занадта простая задача, пастаўленая перад вучнямі, не выклікае ў іх матываваных адносін да вырашэння яе. І наадварот, нельга даваць і вельмі складаную задачу, бо ў такім выпадку вучань не спрабуе нават яе вырашаць, ведаючы, што гэта яму не адолець. Вось чаму важна, каб задача была некалькі больш складанай у параўнанні з той, якую рашае вучань, але не настолькі складаная, каб ён яе нават не спрабаваў вырашыць. У сувязі з гэтым яшчэ адным дыдактычным прынцыпам з’яўляецца прынцып развіццёвага навучання, які адносна да навучання беларускай мове азначае паслядоўнае і няўхільнае развіццё моўнай асобы вучня, паслядоўнасць нарашчэння складанасці вырашэння праблем, ці, напрыклад, узбагачэнне слоўнікавага запасу вучняў і актыўнага яго скарыстання, авалодвання новымі ведамі з мэтай удасканальвання маўленчых навыкаў, культуры маўлення.

Адной з умоў свядомага засваення, атрымання ведаў з’яўляецца выкарыстанне прынцыпу нагляднасці. На ўроках мовы выкарыстоўваюцца розныя віды нагляднасці – зрокавыя і зрокава-слыхавыя, статычныя і дынамічныя, друкаваныя і экранныя, экранна-гукавыя і інш. Яны спрыяюць развіццю зрокавай памяці, эканомяць час, развіваюць мысленне.

Прынцып сувязі тэорыі з практыкай рэалізуецца ўжо ў самой практычнай накіраванасці курса беларускай мовы ў школе: засвойваць граматыку дзеля яе выкарыстання ў маўленчай практыцы, вывучыць правілы, каб імі карыстацца.

Навучанне – гэта перш за ўсё працэс псіхалагічны, большая частка заканамернасцей, якія кіруюць вучэбным працэсам, мае псіхалагічную прыроду, таму п с і х а л о г і я – адна з галоўных базавых навук методыкі.

Псіхалогія дазваляе абгрунтаваць з псіхалагічнага пункту гледжання кожны метад, прыём навучання. Усё, што звязана з дзейнасцю вучня, яго развіццём, працэсамі засваення, запамінання і прымянення атрыманых ведаў, уменняў і навыкаў на практыцы, у методыцы мовы не можа вырашацца без уліку дадзеных псіхалогіі. Існуюць псіхалагічныя заканамернасці, аднолькавыя для засваення любога прадмета, а значыць і беларускай мовы, напрыклад, псіхалогія вызначае, што навучанне ёсць фарміраванне знешняй (матэрыяльнай) і/ці ўнутранай (мысліцельнай) дзейнасці, і вызначае, якімі шляхамі патрэбна ісці для яе фарміравання; і ёсць псіхалагічныя заканамернасці, спецыфічныя для авалодвання пэўнай мовай, напрыклад, нельга вучыць маўленню, маўленчым зносінам толькі на аснове свядомасці.

Псіхалогія вызначае заканамернасці зносін, таму каб навучыць маўленчай дзейнасці вучняў, трэба ведаць, як яе псіхалагічна арганізаваць. Настаўнік і вучні на ўроку таксама ажыццяўляюць зносіны, таму важна каб настаўнік ведаў псіхалагічныя заканамернасці зносін і дзейнічаў у адпаведнасці з законамі пэўнага віду зносін.

Важна ўлічваць і псіхалагічныя заканамернасці, звязаныя з асаблівасцямі мовы, якую вывучаюць, ці валодаць асновамі псіхалінгвістыкі.

Метады даследавання ў методыцы выкладання беларускай мовы.Як і кожная навука методыка мовы мае свой прадмет – беларуская мова, свае задачы і свае метады даследавання, якія забяспечваюць правільнасць вывадаў і надзейнасць рэкамендацый методыкі. Навуковыя даследаванні ў методыцы падзяляюцца на фундаментальныя – ставяць мэту адкрыць заканамернасці навучання мове і развіцця маўлення, вырашыць агульныя тэарэтычныя пытанні методыкі (напрыклад, вызначыць метады навучання арфаграфіі) – і прыкладныя – ставяць мэту выясніць практычныя пытанні (напрыклад, эфектыўнасць таго ці іншага прыёму, прапанаванага часам).

Да метадаў даследавання адносяцца: 1) вывучэнне метадычнай спадчыны (вывучэнне гісторыі школы, метадычных вучэнняў, тэарэтычны аналіз метадычнай літаратуры, падручнікаў і інш.), ці вывучэнне і аналіз вучэбна-метадычнай літаратуры; 2) вывучэнне і абагульненне перадавога вопыту настаўнікаў і цэлых калектываў, 3) эксперымент, 4) анкетаванне, 5) дыягностыка і прагназаванне ў навучанні беларускай мове, 6) метад назірання за вучэбным працэсам.

В ы в у ч э н н е м е т а д ы ч н а й с п а д ч ы н ы. Даследаванне любой з’явы павінна працякаць у яе гістарычным развіцці: без мінулага няма будучага. Нельга зразумець стан пэўнай метадычнай праблемы сёння без уліку яе развіцця на ўсім працягу яе існавання. Так, “Беларуская граматыка для школ” Б.А. Тарашкевіча (Вільня, 1918) адыграла важную ролю для падрыхтоўкі новых падручнікаў, навучальных праграм для школы, для стварэння беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі і захоўвае да нашых дзён сваю актуальнасць з пазіцыі падачы матэрыялу ў падручніку, сцісласці і даходлівасці тэарэтычных палажэнняў. “Рабочая кніга па беларускай мове” І. Пратасевіча і І. Самковіча (Мн., 1929) разлічана на развіццё мыслення і маўлення вучняў, а асноўным матэрыялам для навучання, на думку аўтараў, павінен быць тэкст. Такія асноўныя метадычныя палажэнні гэтага падручніка характарызуюць навучанне беларускай мове на пачатку ХХ ст., і яны павінны быць вядомы кожнаму настаўніку сучаснай школы, якая прыйшла да гэтага толькі ў канцы ХХ стагоддзя.

В ы в у ч э н н е і а б а г у л ь н е н н е п е р а д а в о г а в о п ы т у можа быць скіраваным на аналіз працы аднаго настаўніка, групы настаўнікаў, пэўнай школы, школ раёна, вобласці, краіны. Метадысты-даследчыкі, вывучаючы практыку вопытных і перадавых настаўнікаў, правяраюць правільнасць вывадаў, зробленых у выніку навуковых даследаванняў.

Э к с п е р ы м е н т як метад найбольш пашыраны пры праверцы даступнасці і эфектыўнасці новых праграм, падручнікаў, дапаможнікаў, новых метадаў і прыёмаў навучання, асобных тыпаў урокаў, пэўных сістэм навучання і інш. Метадычны эксперымент выступае ў сваіх разнавіднасцях у залежнасці ад мэты яго прымянення: 1) пошукавы, накіраваны на выяўленне праблемы, пошук новага, што будзе пасля ўводзіцца; 2) навучальны, які праводзіцца ў адпаведнасці з зацверджаным планам у асобных эксперыментальных класах, школах з мэтай праверкі новай сістэмы працы (напрыклад, увядзенне дзесяцібальнай сістэмы), а яго ход строга фіксуецца, прыходзяць да вывадаў на аснове якаснага аналізу, з прымяненнем статыстыкі і ЭВМ; 3) кантрольны, які праводзіцца пасля завяршэння навучальнага з мэтай атрымання матэрыялаў для ацэнкі новай методыкі (напрыклад, тэсціраванне).

Метадычны эксперымент стаў адной з формаў метадычных даследаванняў: яго праводзяць не толькі навукоўцы, але і настаўнікі школ.

А н к е т а в а н н е як метад даследавання накіраваны на апытванне вучняў пэўнага класа, некалькіх класаў з мэтай выяўлення іх ведаў, уменняў, навыкаў па пэўных пытаннях, іх асэнсавання, сувязей і пад., а таксама настаўнікаў з мэтай устанавіць іх адносіны да таго ці іншага метадычнага пытання, рэкамендаванага метаду, прыёму, віду ці формы практыкавання і інш.

Д ы я г н о с т ы к а і п р а г н а з а в а н н е ў навучанні беларускай мове як метады даследавання характарызуюць найперш дзейнасць настаўнікаў, якія выяўляюць, напрыклад, пунктуацыйныя памылкі на працягу года, некалькіх гадоў, выдзяляючы тыповыя, іх колькасць, рост ці спад і такім чынам вызначаюць “хваробу” – дзе патрэбна больш дэталёвая праца, якія тэмы і раздзелы патрабуюць дадатковай працы, і яе прычыны – недаацэнка працы над сэнсам сінтаксічных канструкцый, прыёмаў вуснага прачытання, інтанавання і інш. На аснове дыягностыкі настаўнік-даследчык змяняе методыку навучання, выбірае пэўны метад ці прыём з ліку магчымых і пад.

Дыягностыка і прагназаванне з’яўляюцца элементамі навуковай арганізацыі працы настаўніка, яны дазваляюць кіраваць працэсам навучання, пазнавальнай дзейнасцю вучняў.

М е т а д н а з і р а н н я з а в у ч э б н ы м п р а ц э с а м прымяняецца з мэтай вызначэння эфектыўнасці скарыстаных настаўнікам прыёмаў, даступнасці выкладу тэарэтычных палажэнняў, асэнсаванасці прыведзеных прыкладаў, розных тыпаў практыкаванняў і інш., а таксама для вызначэння шляхоў прадухілення цяжкасцей, якія ўзнікаюць на ўроках.

Цікавасць для методыкі мовы ўяўляюць і метады даследавання ў лінгвістыцы – апісальны, параўнальна-гістарычны, супастаўляльны, структурна-семантычны, структуральны, фаналагічны, эксперыментальна-фанетычны, дыялектаграфічны, сацыялінгвістычны, псіхалінгвістычны, матэматычны (у тым ліку і статыстычны), якія характэрны розным лінгвістычным школам і накіраванням, але амаль кожны з якіх у нейкай ступені аказаў уплыў на методыку мовы, на фарміраванне і выкарыстанне тых ці іншых метадаў навучання мове ў школе.