УНУТРЫПРАДМЕТНЫЯ І МІЖПРАДМЕТНЫЯ СУВЯЗІ ПРЫ ВЫВУЧЭННІ ЛІТАРАТУРЫ

Асэнсаванасць і трываласць ведаў вучняў залежыць ад узаемасувязі састаўных элементаў курса беларускай літаратуры. Унутрыпрадметныя сувязі дапамагаюць развіваць асацыятыўнае мысленне, супастаўляць творы па розных аспектах, бачыць у іх падобнае і адрознае, спрыяюць развіццю творчых здольнасцей, камунікатыўнай культуры, дапамагаюць больш трывала і асэнсавана засвойваць веды, аптымізуюць вучэбны працэс. Унутрыпрадметныя сувязі – арганічныя сувязі трох элементаў літаратуры: мастацкія творы, асновы літаратуразнаўства (тэорыя літаратуры), гісторыя літаратуры.

1) Творчасць класікаў нацыянальнай літаратуры (асобныя іх творы) неаднаразова вывучаецца з 5 па заключны клас (Колас, Купала, Багдановіч, Гарэцкі і інш.). У кожным наступным класе неабходна абапірацца на раней вывучанае, паглыбляць інтэлектуальнае і эмацыянальнае асэнсаванне раней засвоенага.

2) Супастаўленне твораў нацыянальнай літаратуры па вобразах герояў, тэматыцы, праблематыцы, родах і жанрах (вобраз музыкі ў творах Купалы, Коласа, Багдановіча; тэма калектывізацыі ў творах Зарэцкага, Мележа і Быкава; праблема бацькоў і дзяцей у творах Купалы, Быкава, Шамякіна, Дударава, Карамазава і інш.).

3) Увядзенне пачатковых паняццяў па тэорыі літаратуры і іх паглыбленне на наступных этапах літаратурнай адукацыі (сродкі мастацкай выразнасці, вершаскладанне, мастацкія напрамкі і г.д.).

Міжпрадметныя сувязі ў сістэме адукацыі прадугледжваюць комплексны падыход да навучання і выхавання, дазваляюць выяўляць ўзаемасувязь паміж прадметамі і тым самым актывізаваць навучальную дзейнасць вучняў, папярэджваць дубліраванне вучэбнага матэрыялу, эканоміць час і пазбягаць перагрузкі вучняў і, нарэшце, прыводзіць веды школьнікаў у адзіную сістэму. Рэалізуючы ў вучэбным працэсе міжпрадметныя сувязі, настаўнік абапіраецца на веды вучняў, атрыманыя імі пры вывучэнні іншых прадметаў.

За апошнія два дзесяцігоддзі ў агульнаадукацыйных установах замацаваліся розныя формы рэалізацыі міжпрадметных сувязяў: інтэграваныя ўрокі (урок мовы і літаратуры, урок беларускай літаратуры і гісторыі Беларусі), самастойная праца вучняў, якая прадугледжвае выкарыстанне падручнікаў па розных вучэбных прадметах, міжпрадметныя факультатыўныя заняткі, пазакласныя мерапрыемствы (ранішнікі, вечарыны, комплексныя экскурсіі). Разам з тым асноўным спосабам рэалізацыі міжпрадметных сувязяў быў і застаецца зварот настаўніка на паўсядзённых уроках да ведаў вучняў, атрыманых пры вывучэнні іншых дысцыплін. У педагагічнай тэрміналогіі з’явіліся такія паняцці, як асноўны, або вядучы, прадмет і паглыбляючы прадмет. У дачыненні да беларускай літаратуры паглыбляючымі прадметамі могуць быць руская літаратура, беларуская мова, гісторыя, грамадазнаўства, выяўленчае мастацтва, музыка.

Міжпрадметныя сувязі бываюць сінхронныя і асінхронныя.

Найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца сінхронныя сувязі, якія прадугледжваюць адначасовае (паралельнае) вывучэнне асобных тэм, праблем у блізкароднасных прадметах.

Да асінхронных міжпрадметных сувязяў настаўнік звяртаецца, калі патрэбны матэрыял вывучаўся раней (у папярэдніх класах) або яшчэ будзе вывучацца. Па гэтай прычыне асінхронныя ўзаемасувязі падзяляюцца на рэтраспектыўныя і перспектыўныя. Найчасцей наладжваюцца рэтраспектыўныя сувязі, якія будуюцца на папярэдніх ведах вучняў, атрыманых пры вывучэнні іншых прадметаў.

Міжпрадметныя сувязі з рускай літаратурай звычайна рэалізуюцца праз вывучэнне ўзаемаўплыву літаратур і кантактных сувязяў пісьменнікаў.

Зварот да ўзаемаўплыву літаратур дапамагае вучням выявіць агульнае і падобнае ў творчасці беларускіх і рускіх пісьменнікаў (стыль, тэмы, вобразы, матывы, сімвалы). Вядома, што на станаўленне і фарміраванне творчай манеры многіх беларускіх пісьменнікаў паўплываў М. Гогаль, з вялікай павагай да якога выказаўся К. Вераніцын ў паэме “Тарас на Парнасе”: “Сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі // і Гогаль шпарка каля нас // прайшлі, як павы, на Парнас”. Паэма “Тарас на Парнасе” вывучаецца ў ІХ класе. Апора на раней вывучаную ў курсе рускай літаратуры аповесць “Ноч перад Калядамі” дапаможа вучням убачыць, што захопленасць Гогалем знайшла адбітак ў творы беларускага аўтара: каларытныя этнаграфічныя сцэны, камічны паказ побыту парнаскіх багоў, дасціпны гумар. Уплыў творчасці Гогаля-рэаліста на беларускую літаратуру настаўнік можа паказаць вучням праз супастаўленне камедый “Рэвізор” М. Гогаля і “Пінская шляхта” В. Дуніна-Марцінкевіча. Гэтыя творы збліжае вострая крытыка існуючых парадкаў, суда і чыноўніцтва, падабенства раскрыцця характараў. Моцным быў уплыў М. Гогаля і на Я. Коласа. Гэта становіцца відавочным калі, напрыклад, параўнаць лірычныя пейзажы коласаўскай трылогіі “На ростанях” з карцінамі прыроды “Мёртвых душ” М. Гогаля.

Надзвычай выразна ўзаемаўплыў літаратур высвечваецца праз асабістыя кантакты і творчую дружбу пісьменнікаў, якой яна была, напрыклад, ў А. Куляшова і А. Твардоўскага. Для А. Куляшова А. Твардоўскі быў самым аўтарытэтным знатаком паэзіі і патрабавальным дарадцам. Творы беларускага пісьменніка зацікавілі А. Твардоўскага народнасцю, гістарычнай значнасцю зместу, багаццем мастацкай формы. Спачатку А. Куляшоў адчуваў на сабе ўплыў свайго рускага калегі, але ўжо ў ваенны час і асабліва ў пасляваенны перыяд гэты ўплыў стаў двухбаковым. Перапіска, выступленні ў друку, асабістыя сустрэчы спрыялі творчаму і духоўнаму ўзаемаабагачэнню беларускага і рускага паэтаў. Да рэалізацыі перспектыўных сувязяў настаўнік можа звярнуцца пры супастаўленні антытаталітарнай паэмы А. Твардоўскага “Па праву памяці” і нізкі вершаў А. Куляшова “Маналог”, прысвечаную сябрам паэта, ахвярам сталінізму, Ю. Таўбіну і З Астапенку.

Наладжванне міжпрадметных сувязяў можа адбывацца праз паглыбленне ведаў па тэорыі літаратуры з апорай на падабенства літаратурных працэсаў. У ІХ класе ў курсе беларускай і рускай літаратуры ўводзіцца паняцце класіцызм. Спачатку здаецца, што паралельнае вывучэнне асаблівасцей класіцызму не дае асаблівых магчымасцей для ажыццяўлення міжпрадметных сувязей, паколькі гэты літаратурны напрамак у беларускай літаратуры не склаўся. Некаторыя прыкметы эстэтыкі і паэтыкі класіцызму ў парадыйнай форме знайшлі адбітак у беларускай літаратуры толькі ў бурлескных творах (паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”). Разам з тым, як слушна заўважыў М. Лазарук, менавіта гэтае адрозненне і дае магчымасць паглыбіць уяўленні вучняў пра класіцызм як літаратурны напрамак [1, с. 15].

Вывучэнне дзвюх літаратур ва ўзаемасувязі патрабуе ад абодвух настаўнікаў шырокага кругагляду, перспектыўнага бачання і творчага супрацоўніцтва.

Вывучэнне беларускай літаратуры арганічна звязана з вывучэннем беларускай мовы. Цэласны, сістэмны характар узаемнага выкарыстання ведаў па мове і літаратуры абумоўлены агульнасцю мэты іх вывучэння – развіццё інтэлектуальнай, камунікатыўнай, маральна-эстэтычнай, грамадзянскай культуры мовы вучняў.

Напрамкі літаратурна-моўных сувязяў у вучэбным працэсе могуць быць вызначаны праз агульныя патрабаванні да ўменняў і навыкаў вучняў, сфармуляваныя ў адукацыйных стандартах, у адпаведнасці з якімі вучні павінны навучыцца правільна і выразна чытаць мастацкія творы (урыўкі), вусна і пісьмова пераказваць тэксты рознай жанрава-стылёвай прыналежнасці, пісаць сачыненні, складаць тэзісы, канспекты, рыхтаваць рэфераты, даклады і інш.

Сувязі літаратуры і мовы могуць стаць трывалымі і эфектыўнымі ў тым выпадку, калі настаўнік будзе на ўроках мовы выкарыстоўваць праграмны матэрыял па літаратуры у час працы над развіццём маўлення вучняў (слоўнікавы дыктант, сачыненні-разважанні, падрыхтоўка водзываў, рэцэнзій, паведамленняў).

У сваю чаргу веды, набытыя на ўроках мовы, могуць стаць падмуркам, апораю пры вывучэнні пытанняў па літаратуры. Напрыклад, уводзячы ў 5 класе паняцце эпітэт, настаўнік прапаноўвае вучням ўспомніць вядомыя ім часціны мовы і члены сказы. Потым вучням даецца заданне спачатку выпісаць з верша М. Багдановіча “Зімой” разам з назоўнікамі прыметнікі, ужытыя прамым значэнні (марозны вечар, скрыпучы снег, лёгкія санкі, начная сінява, празрысты, светлы стоўп), а потым назоўнікі з прыметнікамі, якія ўжыты ў пераносным сэнсе (звонкі вечар, волен санак бег, вільготны месяц, рыза срэбная, вясёлыя бомы). У працэсе супастаўлення будзе зроблены вывад, што эпітэтам называецца мастацкае азначэнне, якое вобразна характарызуе прадмет, ці з’яву і надае ім новы сэнс. Становіцца відавочным, што вучні могуць падысці да асэнсавання эстэтычнай функцыі слова толькі пасля засваення адпаведнага матэрыялу па граматыцы на ўроках мовы.

Міжпрадметныя сувязі ўрокаў літаратуры і гісторыі спрыяюць паглыбленню агульнаадукацыйных ведаў вучняў, пазітыўна ўплываюць на развіццё гістарычнага мыслення і дапамагаць ім глыбей асэнсоўваць агульначалавечыя каштоўнасці.Звяртаючыся да асобных гістарычных фактаў пры тлумачэнні літаратурнага матэрыялу, настаўнік-філолаг прымае ўдзел у фарміраванні ў школьнікаў сістэмы гістарычных ведаў і поглядаў, якія дазваляюць ім разбірацца ў літаратурных з’явах, дастаткова аб’ектыўна ацэньваць аўтарскую пазіцыю, асэнсоўваць ролю і месца пісьменніка ў культурным і грамадскім жыцці. На ўроках літаратуры на матэрыяле мастацкай творчасці працягваецца знаёмства з айчыннай гісторыяй, замацоўваюцца, паглыбляюцца і канкрэтызуюцца веды, атрыманыя на ўроках гісторыі.

Міжпрадметныя сувязі літаратуры і гісторыі найлепш рэалізуюцца ў ІХ – ХІ класах, у якіх змест літаратурнай адукацыі сканструяваны ў адпаведнасці з гісторыка-храналагічным прынцыпам.

Гісторыка-літаратурныя ўзаемасувязі паспяхова рэалізуюцца на ўроках, прысвечаных біяграфіі пісьменніка. Жыццё і творчасць мастака непарыўна звязана з канкрэтнай эпохай і гістарычнымі падзеямі, сведкам і ўдзельнікам якіх ён быў. Таму пры вывучэнні біяграфіі пісьменніка настаўнік-славеснік не можа не звярнуць увагу на тыя пытанні і праблемы, якія асвятляюцца на ўроках гісторыі. Вывучаючы біяграфію пісьменніка, педагог ставіць за мэту не толькі паказаць адносіны асобы да эпохі, але праз яго жыццё дапамагчы вучням лепш зразумець гэту эпоху. Урокі гісторыі і ўрокі вывучэння біяграфіі пісьменніка павінны ўзаемна дапаўняць адзін аднаго. Сувязь літаратуры з гісторыяй пры вывучэнні біяграфічнага матэрыялу рэалізуецца з дапамогаю наступных метадычных прыёмаў: вывучэнне гістарычных дакументаў і публіцыстычных матэрыялаў адпаведнай эпохі, знаёмства з фактамі жыцця пісьменніка, якія сведчаць пра яго актыўны ўдзел у жыцці грамадства, выяўленне сувязяў паміж творамі мастака і найбольш актуальнымі праблемамі грамадскага жыцця гістарычнай эпохі.

Падчас вывучэння манаграфічных і аглядавых тэм арыентацыя на веды вучняў па гісторыі становіцца эфектыўным сродкам фарміравання ў іх навыкаў аналізу тэксту літаратурнага твора.

Вывучэнне многіх твораў мастацкай літаратуры (паэма “Песня пра зубра” М. Гусоўскага, вершы Ф. Багушэвіча, камедыя “Хто смяецца апошнім” К. Крапівы, раман “Людзі на балоце” І. Мележа) не ўяўляецца магчымым без характарыстыкі эпохі, у якую гэтыя творы пісаліся, або эпохі, адлюстраванай ў творы.

Для пашырэння ўяўленняў вучняў пра гістарычную эпоху да літаратурных твораў у сваю чаргу могуць звяртацца і настаўнікі гісторыі (цытаванне, чытанне ўслых асобных эпізодаў на ўроку, самастойнае прачытанне вучнямі ўсяго твора). Пры гэтым неабходна памятаць, што мастацкую літаратуру нельга разглядаць як ілюстрацыю да пэўных гістарычных падзей. Яе, як і мастацтва ўвогуле, называюць “мысленнем ў вобразах”, а мастацкі вобраз – “гэта канкрэтная і ў той самы час абагуленая карціна жыцця людзей, створаная з дапамогаю вымыслу”[2, c. 60]. Паказ гістарычнага перыяду падрыхтоўкі паўстання 1863 г. у рамане У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” пабудаваны найперш на творчай фантазіі пісьменніка. Разам з тым, каб падзеі, адлюстраваныя ў творы, атрымаліся праўдзівымі, а героі тыповымі, аўтару рамана неабходна было шырока і глыбока ведаць гісторыю.

У педагагічнай літаратуры называецца шэраг прыватных метадычных прыёмаў, накіраваных на фарміраванне ў вучняў умення выкарыстоўваць гістарычныя веды пры аналізе твора.

Праца над складаннем “тлумачальнага гістарычнага слоўніка” паводле рамана “Каласы пад сярпом тваім” папоўніць лексічны запас вучняў такім словамі як дзядзькаванне, хроніка, рада, сепаратызм, дапаможа зразумець значэнне шматлікіх устарэлых слоў.

Змест, праблематыка і ідэя твора будуць больш асэнсавана ўспрыняты школьнікамі, калі настаўнік азнаёміць іх з гістарычна-дакументальнымі матэрыяламі (маніфесты, адозвы, указы, пракламацыі), з архіўным матэрыялам, змешчаным у даступных настаўніку і вучням публікацыях. У рамане У. Караткевіча адлюстраваны перыяд з 1850 па 1861 год. У канцы рамана сяляне ў царкве слухаюць царскі Маніфест 1961 года аб адмене прыгону. Менавіта гэты дакумент (копія, фотаздымак) карысна прадэманстраваць і пракаменціраваць на ўроку.

Паглыбленню ўспрыняцця літаратурнага твора, а таксама гістарычнай дасведчанасці старшакласнікаў, удасканаленню іх уменняў арыентавацца ў з’явах той ці іншай эпохі дапамагае такі віды працы, як падрыхтоўка гістарычнага каментарыя да найбольш важных эпізодаў твора і правядзенне завочных экскурсій па гістарычных мясцінах.

Школьная праграма прадугледжвае вывучэнне беларускай літаратуры ў суаднесенасці зіншымі відамі мастацтва. Выкарыстанне ў вучэбным працэсе твораў музыкі, выяўленчага, тэатральнага і кінамастацтва мастацтва з’яўляецца надзейнай апорай ў працы настаўніка-філолага. Творы сумежных мастацтваў ствараюць пэўны эмацыянальны настрой на ўроку, ўзбагачаюць духоўны свет вучняў, узмацняюць ідэйна-эстэтычнае ўздзеянне літаратуры на іх свядомасць, з’яўляюцца дадатковай крыніцай ведаў і пачуццяў.

У ідэале настаўнік беларускай літаратуры можа абапірацца на веды і навыкі, набытыя вучнямі агульнаадукацыйных устаноў у І–V класах на ўроках выяўленчага мастацтва і ў І–ІV – на ўроках музыкі.

На практыцы ж поспех звароту на ўроку беларускай літаратуры да твораў музыкі і выяўленчага амаль поўнасцю залежыць ад эрудыцыі, кругагляду, педагагічнага вопыту і творчай ініцыятывы самога настаўніка.

Выяўленчае мастацтва. Значнае месца пры вывучэнні літаратуры належыць партрэтнаму мастацтву. Мастак-партрэтыст перадае не толькі індывідуальны воблік чалавека, але і яго ўнутраны свет. Партрэт канкрэтызуе агульную характарыстыку асобы пісьменніка, узбагачае яго біяграфію жывымі вобразнымі ўяўленнямі. Да стварэння партрэтаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Чорнага, М. Танка, У. Караткевіча, В. Быкава звярталіся многія мастакі і скульптары. Іканаграфія некаторых пісьменнікаў, асабліва заснавальнікаў беларускай літаратуры Я. Купалы і Я. Коласа, вельмі багатая і разнастайная. Першапачатковыя звесткі аб мастацкім партрэце ў жывапісе і скульптуры вучні атрымліваюць у V–VІІІ класах. У кароткім уступным слове адносна майстэрства мастака настаўнік падкрэслівае яго ўменне характарызаваць пісьменніка праз асобныя выяўленчыя дэталі. У ІХ–ХІ класах выяўленчы каментарый настаўніка будуецца на шырокім гісторыка-літаратурным фоне. Аповед настаўніка пра змест твора мастацтва звычайна звязваецца са зместам літаратурнага твора, з часам яго напісання, цікавым біяграфічным фактам з жыцця пісьменніка. Работа над мастацкімі партрэтамі пры вывучэнні літаратуры павінна быць арганізавана так, каб веды вучняў пастаянна пашыраліся, паглыбляліся і замацоўваліся. Для гэтага выкарыстоўваюцца высокамастацкія творы, якія належаць вядомым аўтарам (мастакі – І. Ахрэмчык, Я. Зайцаў, У. Стэльмашонак, А. Волкаў А. Марачкін, скульптары – З. Азгур, А. Глебаў).

Сюжэтныя карціны часта называюць апавядальнымі, што падкрэслівае іх сувязь з літаратурай. Разам з тым, калі ў літаратурным творы дзеянне ахоплівае шэраг падзей, што адбываюцца ў розныя часы, то ў карціне мастака мы бачым герояў у нейкі адзін момант дзеяння. Уменне мастака ў адной карціне расказаць пра многае дае падставу для таго, каб шырока выкарыстоўваць карціну на ўроках літаратуры. Гэта і прадугледжана аўтарамі падручнікаў для V – VІІІ класаў, у якія ўключаны рэпрадукцыі карцін, тэматычна і сюжэтна блізкіх да праграмных твораў па літаратуры (“Каляды” Э. Рымаровіча, “На Купалле” В. Барабанцава, “Партызанская мадонна” М. Савіцкага). Супастаўленне падзей, адлюстраваных у творы жывапісу і літаратуры, накіроўвае ўвагу вучняў на паглыблены аналіз тэксту літаратурнага твора, падводзіць іх да роздуму аб спецыфіцы сумежных відаў мастацтва.

Нярэдка настаўнік звяртаецца на ўроку літаратуры да мастацкіх ілюстрацый. Мастацкая ілюстрацыя (у першую чаргу графіка) – гэта выява, малюнак, які створаны на аснове літаратурнага твора і прызначаны пераўвасобіць славесны вобраз у зрокавы. Ілюстрацыя падпарадкавана літаратурнаму тэксту. Вельмі важна паказаць вучням уземасувязь мастацкага слова пісьменніка і малюнка ілюстратара, вызначыць агульнае і рознае ў тэксце і ілюстрацыі, раскрыць спецыфіку адлюстравання жыцця словам і штрыхам. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што задача мастака-ілюстратара не зводзіцца да механічнага ўзнаўлення слоўнага апісання ў пластычных вобразах і карцінах.

Пачынаючы працу над ілюстрацыяй, мастак можа паставіць розныя задачы: акцэнтаваць увагу на асноўных эпізодах твора, ўзнавіць галоўныя вобразы або растлумачыць ідэйны змест твора. Ілюстратар заўсёды імкнецца з’арыентаваць чытача на самае істотнае. У школьнай практыцы актыўна выкарыстоўваюцца шырока вядомыя працы А. Кашкурэвіча (“Тры паэмы”Я. Купалы, “”Песня пра зубра” М. Гусоўскага), В. Шаранговіча (“Новая зямля” Я. Коласа), Э. Агуновіча (паэма К. Вераніцына “Тарас на Парнасе”) М. Басалыгі (лірычныя вершы М. Танка).

Мастацкія ілюстрацыі ў залежнасці ад іх колькасці і якасці настаўнік можа выкарыстаць у працэсе вывучэння асобных раздзелаў твора або разгледзець іх пасля заканчэння работы над усім творам і потым прапанаваць вучням напісаць невялікае сачыненне.

Звяртаючыся на ўроках літаратуры да твораў выяўленчага мастацтва, важна памятаць, што іх нельга выкарыстоўваць толькі ў якасці звычайнай нагляднасці. Твору мастацтва, нават ілюстрацыі, належыць уласны змест, ён выкананы спецыфічнымі выяўленчымі сродкамі і мае сваю адметную ідэйна-эстэтычную каштоўнасць. Выяўленчае мастацтва – гэта самастойная, як і мастацкая літаратура, крыніца пазнання свету, сродак маральна-эстэтычнага выхавання асобы.

Музыка. Зварот да розных мастацтваў пры вывучэнні літаратуры носіць выбарачны характар. Тлумачыцца гэта і спецыфікаю літаратурнага тэксту, што вывучаецца, і тым канкрэтным матэрыялам па іншых відах мастацтва, які ёсць у асабістым вучэбна-метадычным комплексе настаўніка. У адных выпадках ён звернецца да твораў выяўленчага мастацтва, у іншых – да музыкі. Пры вывучэнні лірыкі, напрыклад, менш за ўсё патрэбны ілюстрацыі і найбольш патрэбна музыка, якая адпавядае самой прыродзе паэзіі і дапамагае развіццю ўяўленняў.

Праслухоўванне – найбольш пашыраны спосаб выкарыстання музыкі на ўроку літаратуры. Блізкая тэматычна і па эмацыянальнай настраёвасці да лірычнага твора музыка можа гучаць перад пачаткам яго вывучэння, у час чытання як фон, пасля аналізу для супастаўлення. Пры вывучэнні, напрыклад, у VІІ класе “Рэквіема па кожным чацвёртым” А. Вярцінскага, прасякнутага трагічным пафасам і урачыста-жалобным гучаннем, дарэчы будзе звярнуцца да “Рэквіема” кампазітара Дз. Кабалеўскага або да сімфанічнай паэмы Г. Вагнера “Вечна жывыя”.

Праслухоўванне музыкі пры вывучэнні аглядавых тэм надае ўроку пэўны эмацыянальны настрой, ажыўляе аповед настаўніка. Такое ж эмацыянальнае ажыўленне ўносіць музыка на ўроку па біяграфіі пісьменніка. Музыка можа выступаць і як сродак характарыстыкі літаратурных твораў.

На словы паэтаў створана шмат цудоўных песень і рамансаў (“Вераніка”, “Мой родны кут” І. Лучанка, “Явар і каліна” Ю. Семянякі, “Рамансы” на вершы А. Куляшова кампазітара Э. Наско), якія дапамагаюць глыбей раскрыць духоўны свет лірычнага героя, узмацніць музыкай эмацыянальны тон верша.

Выкарыстанне музыкі на ўроках літаратуры не павінна абмяжоўвацца толькі праслухоўваннем музычных твораў. Метадычна матываваным будзе далучэнне вучняў на аглядавых уроках да гісторыі музычнага мастацтва. Гэтыя звесткі канкрэтызуюць матэрыял агляду, напаўняюць яго шырокім зместам, даюць глыбокае і правільнае ўяўленне пра мастацтва эпохі.

Выкарыстанне твораў выяўленчага мастацтва і музыкі пры вывучэнні літаратуры дазваляе настаўніку данесці да свядомасці вучняў агульныя заканамернасці, уласцівыя літаратуры і іншым відам мастацтва. Вучні пачынаюць задумвацца і разумець, што на адпаведных этапах грамадскага развіцця ўвагу многіх пісьменнікаў, мастакоў і кампазітараў прыцягвалі адны і тыя ж з’явы жыцця. А гэта, як вядома вельмі важна ў плане фарміравання ў вучняў навуковага светапогляду, для разумення імі заканамернасцей развіцця літаратуры і мастацтва.