Вывучэнне манаграфічных тэм

Манаграфічныя тэмы ў курсе беларускай літаратуры вывучаюцца на заключнай ступені літаратурнай адукацыі. Іх змест закліканы канкрэтызаваць уяўленні вучняў пра агульныя заканамернасці і тэндэнцыі развіцця літаратурнага працэсу на прыкладзе жыцця і творчасці аднаго пісьменніка. Гэта вызначае структуру манаграфічнай тэмы, якая складаецца з біяграфіі пісьменніка і твораў, рэкамендаваных праграмай для тэкстуальнага вывучэння і дадатковага чытання; сюды ж уключаюцца звесткі па тэорыі літаратуры, а таксама літаратуразнаўчыя і крытычныя артыкулы. У сучаснай методыцы акрэсліваюцца два шляхі (алгарытмы) вывучэння манаграфічнай тэмы.

Першы — “паслядоўны” [4, с. 67] — прадугледжвае знаёмства вучняў на першым уроку з біяграфіяй пісьменніка, на астатніх жа ўроках разглядаецца ягоная творчасць. Узважваючы вартасці гэтага шляху, В.Я. Ляшук адзначае, што “ў вучняў застаецца досыць поўнае ўяўленне пра асобу і жыццяпіс мастака слова. Разам з тым парушаецца цэльнасць успрымання жыццёвай і творчай біяграфіі пісьменніка. Апошняя як бы становіцца перыферыйнай” [3, с. 255]. Да паслядоўнага вывучэння спачатку біяграфіі пісьменніка, а затым ягонай творчасці мэтазгодна звяртацца ў тым выпадку, калі ў склад манаграфічнай тэмы ўваходзіць адзін твор. Напрыклад, на вывучэнне тэмы “Андрэй Мрый” у Х класе адводзіцца 2 гадзіны. Пасля знаёмства вучняў з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка праграмай прапануецца тэкстуальнае вывучэнне рамана “Запіскі Самсона Самасуя” (Х клас), у працэсе якога засвойваюцца тэарэтыка-літаратурныя паняцце сатырычны раман [1, с. 90].

Паслядоўны шлях вывучэння манаграфічнай тэмы таксама эфектыўны, калі вывучаецца творчасць паэтаў з не акрэсленай выразна перыядызацыяй іх жыццёвага і творчага шляху альбо калі ў склад тэмы ўваходзяць творы аднаго перыяду. У гэтым выпадку лірычныя творы вывучаюцца па тэмах, матывах, праблемах [3, с. 255; 4, с. 68]. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Францішак Багушэвіч” (ІХ клас) вершы разглядаюцца тэматычна, звяртаецца ўвага на асноўныя праблемы.

Другі шлях вывучэння манаграфічнай тэмы — “паралельны” [3, с. 255; 4, с. 68] — скіроўвае на паэтапнае вывучэнне жыцця і творчасці пісьменніка: на асобным уроку разглядаецца той ці іншы перыяд творчасці аўтара. Пры падобным падыходзе біяграфія пісьменніка становіцца своеасаблівым ключом да разумення маральна-этычнай праблематыкі і мастацка-эстэтычных асаблівасцей твораў. Гэты шлях рэкамендуецца абіраць у тых выпадках, калі вывучаецца творчасць паэта цалкам або разглядаюцца некалькі невялікіх твораў, напісаных пісьменнікам у розныя перыяды. Галоўнай вартасцю паэтапнага вывучэння манаграфічнай тэмы становіцца дасягненне цэласнасці ўспрымання жыццёвага шляху пісьменніка і яго творчай эвалюцыі. Аднак у гэтым выпадку па-за ўвагай вучняў застаюцца творы, не ўключаныя ў праграму, бо нават на іх тэзісны разгляд не хапае часу [3, с. 256]. Напрыклад, пры вывучэнні творчасці Максіма Танка (Х клас) мэтазгодна вызначыць уплыў жыццёвых калізій на тэматычную скіраванасць паэзіі.

Падчас манаграфічнага вывучэння творчасці таго ці іншага пісьменніка павінны брацца пад увагу агульналітаратурныя сувязі і ўплывы, у кантэксце якіх фарміравалася творчая індывідуальнасць аўтара. Настаўнік актывізуе веды і ўменні вучняў, звязаныя з выяўленнем агульнага і адметнага ў эстэтычных прынцыпах, праблематыцы, сістэме вобразна-выяўленчых сродкаў, увасобленых у літаратурных творах. Многае залежыць ад здольнасці самога настаўніка надаваць выкладанню новага матэрыялу праблемны характар, умення ўключаць вучняў у абмеркаванне і аналіз найбольш яркіх фактаў, прыкладаў, а таксама ўмення задзейнічаць асабісты вопыт старшакласнікаў (пазнаваўчы, грамадскі, культурны) падчас абмеркавання пытанняў агульналітаратурнага кшталту, можна таксама прыводзіць выключныя факты з жыцця і творчасці пісьменніка.

Заняткі па вывучэнні манаграфічнай тэмы павінны спалучаць самыя разнастайныя метадычныя формы (змена дзейнасці павінна адбывацца кожныя 10-15 хвілін): так, у структуру ўрока-лекцыі мэтазгодна ўключаць элементы гутаркі, дыспуту, разгорнутыя выступленні вучняў па загадзя акрэсленых пытаннях, абмеркаванні дакладаў і рэфератаў. Некаторыя настаўнікі шырока выкарыстоўваюць формы ўрокаў-семінараў і ўрокаў-каферэнцый, маючы на мэце найперш актывізацыю самастойнай працы вучняў, што спрыяе больш глыбокаму засваенню матэрыялу.

Вывучэнне манаграфічнай тэмы варта завяршаць падагульняючым урокам або падагульняючай гутаркай у межах апошняга ўрока. У дадзеным выпадку варта не паўтараць ужо вядомы вучням матэрыял, яны павінны з дапамогай настаўніка асэнсаваць цэласнае бачанне вызначанай тэмы і, адначасова, усвядоміць невычарпальнасць духоўна-маральнага і эстэтычнага зместу літаратурных твораў, дынамічнасць мастацкага свету аўтара.

Мэтай заключных заняткаў па вывучэнні манаграфічнай тэмы павінен стаць не аналіз тэксту ў дэталях, але погляд на творчасць пісьменніка ў цэлым. Іначай кажучы, важна не толькі суміраваць веды, але сінтэзаваць іх, падвесці вучняў да абагульненняў, высветліць трываласць ацэнак, што склаліся ў іх на папярэдніх этапах вывучэння тэмы. Сістэматызацыі ведаў спрыяюць творчыя заданні (напісанне сачыненняў, эсэ, рэцэнзій, “прадмоў” да твораў, напісаных з выкарыстаннем сродкаў літаратурнай стылізацыі лістоў да герояў літаратурных твораў ці ад іх імя, стварэнне чытацкіх аўтабіяграфій, партрэтаў пісьменнікаў і інш.). Прычым творчыя заданні могуць выконвацца вучнямі не толькі індывідуальна, але і ў складзе творчых груп, арганізаваных для вывучэння канкрэтных манаграфічнай ці аглядавай тэм.

Такім чынам, плённасць засваення вучнямі матэрыялу манаграфічнай тэмы звязаная з тым, ці ўдалося настаўніку выбудаваць цэласную, завершаную сістэму ўрокаў, наколькі паслядоўна рэалізоўваліся прынцыпы гістарызму і навуковасці пры вывучэнні жыццёвага і творчага шляху пісьменніка, урэшце, ці здолеў настаўнік актывізаваць пошукавую, даследчую, творчую працу вучняў.