Вывучэнне аглядавых тэм

У якасці асноўных прынцыпаў структуравання літаратурных курсаў у ІХ—XІ класах сучасная Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура” вылучаюць прынцыпы гісторыка-храналагічны і гісторыка-літаратурны.

На апошняй ступені літаратурнай адукацыі відавочна ўзрастае неабходнасць асэнсавання твораў прыгожага пісьменства ў шырокім гісторыка-культурным кантэксце, што дазваляе не толькі больш выразна акрэсліць спецыфіку станаўлення і разгортвання нацыянальнай літаратурнай традыцыі, але і сфарміраваць у вучняў адносна цэласнае ўяўленне пра дынаміку развіцця сусветнай літаратуры (адметнасці літаратурна-мастацкіх эпох, важнейшыя заканамернасці і тэндэнцыі развіцця літаратурнага працэсу і г.д.).

Гісторыка-храналагічны прынцып канструявання курса літаратуры ІХ—Х класаў спрыяе “фарміраванню гістарычнага падыходу да літаратурных з’яў, першапачатковаму разуменню ўзаемасувязей і ўзаемаўплыву ў творчасці розных пісьменнікаў, успрыманню літаратуры як працэсу”[1, с. 12], дазваляе рэпрэзентаваць развіццё беларускай літаратуры як складаны працэс, абумоўлены канкрэтным грамадска-гістарычным кантэкстам. На гэтым этапе літаратурнай адукацыі асноўная ўвага па-ранейшаму канцэнтруецца на творы, аднак ён разглядаецца ў сувязі з важнейшымі эстэтычнымі асаблівасцямі той ці іншай культурнай эпохі, звесткамі з біяграфіі пісьменніка. Варта мець на ўвазе, што і характарыстыка эпохі, і матэрыял, звязаны з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка, павінны быць звязаны з аналізам ідэйна-мастацкага зместу твораў.

Асноўнай мэтай навучання ў гэтым канцэнтры становіцца фарміраванне ў вучняў цэласнага ўяўлення пра беларускую літаратуру ад старажытнасці да сучаснасці, асэнсаванне ідэйна-мастацкага зместу лепшых твораў беларускага мастацкага слова і паасобных твораў замежных аўтараў у перакладзе на родную мову. У ІХ—ХІ класах мастацкія тэксты размешчаны ў паслядоўнасці, адпаведнай асноўным этапам развіцця літаратуры. Значным кампанентам зместу літаратурнай адукацыі з’яўляецца сістэма тэарэтыка- і гісторыка-літаратурных паняццяў, звязаных з фарміраваннем уяўленняў аб развіцці і станаўленні мастацтва слова: напрыклад, паглыбленне ведаў пра літаратурныя роды і жанры адбываецца ў гістарычным аспекце. Вядучыя метадысты канцэпцыі вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура” звяртаюць увагу на тое, што з’явы гісторыі літаратуры на гэтым этапе раскрываюцца пераважна на прыкладзе канкрэтнага мастацкага твора або некалькіх твораў пісьменніка.

На заключным этапе літаратурнай адукацыі — у ХІ—ХІ класах — змест навучання будуецца на гісторыка-літаратурнай аснове і адлюстроўвае змены асноўных эпох нацыянальнага і сусветнага мастацтва, што дазваляе не толькі пашырыць веды ў працэсе больш складанага ўзроўню спасціжэння тэксту, але і сістэматызаваць: настаўнік павінен скіроўваць вучняў на асэнсаванне і аналіз твораў у кантэксце грамадска-гістарычнага развіцця нацыянальнай і сусветнай культуры, фарміраваць уменне суадносіць канкрэтныя з’явы роднай літаратуры з асноўнымі этапамі, перыядамі развіцця сусветнай літаратуры, з тымі ці іншымі літаратурна-мастацкімі напрамкамі.

Аснову курса беларускай літаратуры на заключнай ступені літаратурнай адукацыі складаюць аглядавыя і манаграфічныя тэмы, якія ахопліваюць лепшыя ўзоры айчыннага прыгожага пісьменства і паказваюць працэс станаўлення і развіцця нацыянальнай літаратурна-мастацкай традыцыі ў кантэксце сусветнага мастацтва слова, скіроўваючы вучняў на асэнсаванне творчага шляху пісьменніка як часткі агульналітаратурнага працэсу. Структура аглядавых і манаграфічных тэм забяспечвае не толькі дастаткова шырокае кола чытання школьнікаў, але і фарміраванне ў іх асноўных тэарэтыка-літаратурных паняццяў і чытацкіх уменняў, надае літаратурнай адукацыі сістэмнасць і выхаваўчую скіраванасць.

Аглядавыя тэмы ўтрымліваюць характарыстыку літаратурна-мастацкіх эпох (Сярэднявечча, Адраджэння, Асветніцтва, барока і г.д.) або перыядаў развіцця літаратуры ў межах той ці іншай эпохі. Тут акрэсліваюцца асноўныя тэндэнцыі агульнакультурнага і літаратурнага развіцця, падаюцца звесткі пра пісьменнікаў, у творчасці якіх знайшлі ўвасабленне актуальныя для разглядаемага перыяду асаблівасці, а таксама пазначаюцца найбольш значныя творы (магчыма прыводзіць іх кароткі аналіз). Згаданыя тэмы могуць быць уводнымі і абагульняльнымі, уяўляць сабой кароткія гісторыка-культурныя агляды альбо аглядавыя характарыстыкі літаратурнага працэсу таго ці іншага перыяду. Напрыклад, пры разглядзе тэмы “Літаратура эпохі Сярэднявечча” неабходна звярнуць увагу на асаблівасці развіцця літратуры ў гэты перыяд, не толькі пералічыць і даць вызначэнне асноўных жанраў старажытнай літратуры, але паказаць асаблівасці светабачання аўтараў твораў і растлумачыць іх значэнне для фарміравання літаратурнай традыцыі.

Па сутнасці, варыянты структуравання аглядавых тэм зводзяцца да двух спосабаў арганізацыі вучэбнага матэрыялу: у першым выпадку гаворыцца пра ўсё патроху, каб адкрыць вучням усе грані літаратурнага працэсу” пэўнага перыяду, у другім неабходна вызначыць галоўныя тэндэнцыі, уласцівыя літаратурнаму развіццю, а затым раскрыць іх на прыкладзе вертыкальнага зрэзу спадчыны двух-трох мастакоў слова. Перавага аддаецца менавіта другому шляху, які стварае ўмовы для актыўнага засваення вучнямі найбольш істотных звестак, дае магчымасць пошуку адказаў на праблемныя пытанні. У гэтым выпадку не толькі з большай эфектыўнасцю актуалізуюцца набытыя веды, але і больш плённа фарміруюцца ўменні і навыкі, звязаныя з абагульненнем і сістэматызацыяй вывучанага, вылучэннем галоўнага, істотнага, бачаннем своеасаблівага, адметнага. Пры разглядзе тэмы “Беларуская літаратура першай трэці ХХ стагоддзя” мэтазгодна вылучыць асноўныя накірункі сусветнага літаратурнага развіцця з улікам гістарычных падзей, паказаць асаблівасці ўласнабеларускага літаратурнага працэсу, а затым замацаваць веды пры разглядзе персаналій пісьменнікаў.

У якасці галоўных патрабаванняў пры адборы звестак да аглядавых заняткаў па літаратуры вылучаюцца патрабаванні дакладнасці, лаканічнасці, канкрэтнасці палажэнняў і тэзісаў, даходлівасці і адпаведнасці выкладання матэрыялу ўзроставым магчымасцям вучняў, яскравасці і функцыянальнай мэтазгоднасці наглядна-ілюстрацыйнага матэрыялу. Натаўнік павінен граматна адабраць і аб’яднаць матэрыял, у тым ліку наглядны, адпаведна крытэрыям навуковай абгрунтаванасці, рэпрэзентацыйнасці, а таксама істотнасці для раскрыцця тэмы.

Асобна варта зазначыць, што асэнсаванню спецыфікі развіцця літаратуры як мастацтва слова ў тыя ці іншыя эпохі альбо перыяды спрыяюць міжпрадметныя сувязі, шырока прадстаўленыя ў сучасных праграмах па беларускай літаратуры. Цэласнасць мастацкага працэсу абумоўлена агульнасцю тэм і праблем, што знайшлі ўвасабленне ў розных відах мастацтва пэўнай эпохі (перыяду), таму зварот да твораў жывапісу, скульптуры, музыкі ўзбагачае ўспрыняцце літаратурнага матэрыялу, узмацняе яго эмацыянальнае ўздзеянне — і адначасова дапамагае перадаць “дух эпохі”, прадставіць атмасферу часу наглядна, рэчыўна. На ўроках па вывучэнні аглядавай тэмы могуць быць арганізаваны выставы рэпрадукцый карцін мастакоў вывучаемага перыяду, выкарыстана супастаўленне літаратурных вобразаў з вобразамі жывапісу, што ўвасабляюць тыпалагічна падобныя ідэі, матывы і г.д. Так, пры вывучэнні тэмы “Беларуская літаратура і Антычнасць” неабходна звярнуцца не толькі да міфаў Старажытнай Грэцыі і Рыма, твораў жывапісу, але прасачыць традыцыі антычнага эпасу ў творах беларускіх пісьменнікаў, якіх яшчэ будуць вывучаць (паэма “Энеіда нававарат”, М.Багдановіч “Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя…”, “Пентаметры” і інш.).

Вялікі аб’ём і складанасць матэрыялу вызначае спецыфіку ўрокаў па вывучэнні аглядавых тэм. Найчасцей аглядавая тэма раскрываецца на ўроку-лекцыі з выкарыстаннем прыёмаў гутаркі, дыялогу, абмеркавання вучнёўскіх паведамленняў, выразнага чытання вершаў, урыўкаў з празаічных твораў, дзённікавых запісаў, успамінаў. Прычым, калі тэмай распачынаюць курс літаратуры таго ці іншага класа (“Беларуская літаратура першай паловы ХХ ст.”(Х клас) [1, с. 85] ці “Беларуская літаратура перыяду 1966—1985 гадоў” (ХІ клас) [1, с. 108]) або папярэднічаюць шэрагу манаграфічных тэм (“Па шляху сінтэзу: сентыменталізм, рамантызм, рэалізм” (ІХ клас) [1, с. 68], “Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны” (Х клас) [1, с. 92]), перавага аддаецца лекцыйнаму матэрыялу, які вылучае асаблівасці пэўных літаратурных эпохі ці перыяду. Настаўнік павінен мець на ўвазе, што падчас вывучэння манаграфічных тэм звесткі давядзецца канкрэтызаваць, паглыбіць. Калі ж аглядавыя заняткі ідуць пасля манаграфічных тэм, як бы падводзяць вынікі гаворкі пра той ці іншы перыяд літаратурнага развіцця, “іх змест і форма мяняюцца, бо перад настаўнікам у такім выпадку стаіць задача не проста даць інфармацыю вучням, а на аснове папярэдне засвоенага матэрыялу вывесці пэўныя заканамернасці” [3, с. 241].

У сучаснай праграме па беларускай літаратуры аглядавыя тэмы папярэднічаюць манаграфічным. Традыцыйная структура аглядавай тэмы, якая склалася ў айчыннай методыцы, разгортваецца ў наступнай паслядоўнасці: спачатку называецца эпоха, указваюцца яе часавыя межы; затым даецца агульная характарыстыка грамадска-палітычнага жыцця (пазначаюцца важнейшыя падзеі, па магчымасці гаворыцца пра іх адлюстраванне ў мастацтве); раскрываецца адметнасць культуры дадзенай эпохі (тэатр, музыка, жывапіс і інш.); далей варта пераходзіць да характарыстыкі літаратурнага працэсу (літаратурныя школы, кірункі, плыні, стылі, жанравая і тэматычная разнастайнасць, найбольш значныя імёны, творы); нарэшце, разглядаецца творчасць асобных пісьменнікаў [4, с. 65-66]. Аднак у аснову аглядавых заняткаў можна пакласці і тэматычна-праблемны прынцып: у такім выпадку “лягчэй будзе згрупаваць творы, паказаць узровень раскрыцця вострых праблем, прыёмы… іх мастацкай рэалізацыі” [3, с. 243].

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Беларуская літаратура на сучасным этапе” разгляд паэзіі, прозы, драматургіі пройдзе больш плённа, калі вучні пад кіраўніцтвам настаўніка праз пошук тэматычна падобных твораў азнаёмяцца са значнай колькасцю творцаў, параўнаюць адлюстраванне рэчаіснасці, мастацкіе сродкі, пры дапамозе якіх створаны вобразы.

М.І. Мішчанчук звяртае ўвагу на важнасць вызначэння тэм аглядавых заняткаў, якія павінны быць апорродкі, пры дапамозе якіх створаны вобразы.

М.І. Мішчанчук звяртае ўвагу на важнасць вызначэння тэм аглядавых заняткаў, якія павінны быць апорнымі, дамінантнымі, важкімі, дзеля чаго “неабходна рабіць правільны выбар і пісьменнікаў, і твораў па прынцыпах ідэйна-мастацкай вартасці, рознастылёвасці… рознапланавасці, падабенства ці адрознення біяграфій, лёсаў” [3, с. 242]. У канцэнтры ІХ—Х класаў аптымальным варыянтам бачыцца выбар трох аўтараў, у ХІ класе іх колькасць можа быць павялічаная да пяці.

Рыхтуючы аглядавую лекцыю настаўнік павінен улічваць неабходнасць удасканальваць уменні і навыкі аналізу мастацкага тэксту, паглыбляць веды пра адметнасці стылю пісьменнікаў. Найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца ўрокі камбінаванай формы, з выкарыстаннем разнастайных метадычных прыёмаў (калі лекцыя спалучаецца з дыспутам, эўрыстычная гутарка — з працай з падручнікам, стварэннем творчых партрэтаў пісьменнікаў і інш.) і выкарыстанне некаторых педагагічных тэхналогій (калектыўнага асэнсавання, модульнай).

Відавочна, што складанасць літаратурнага матэрыялу і яго аб’ёмнасць вымагаюць актывізацыі самастойнай працы вучняў з мастацкімі творамі і літаратурна-крытычнымі тэкстамі, даведачнай літаратурай, а таксама павелічэння долі індывідуальных заданняў. Належным чынам выбудаваная сістэма самастойнага чытання павінна стварыць умовы для супастаўляльнага вывучэння літаратуры, дазволіць заўважыць тую або іншую праблему у трактоўцы мастакоў розных эпох і сацыяльна-эстэтычных арыентацый, убачыць пераемнасць у мастацтве, назіраць узнікненне традыцый і наватарства, спасцігаць спрадвечныя, сацыяльныя, маральна-эстэтычныя каштоўнасці ў літаратуры. Пры вывучэнні аглядавых тэм могуць выкарыстоўвацца не толькі падрыхтаваныя вучнямі рэфераты, паведамленні, даклады, але і заслухоўвацца справаздачы творчых груп, якія атрымалі апераджальныя заданні. Асобнай увагі з боку настаўнікаў вымагае самастойная праца вучняў з падручнікамі. Так, на думку А.В. Руцкай і М.У. Грынько, “найбольш прадуктыўным у дадзеным выпадку з’яўляецца складанне схем, табліц, канспектаў” [4, с. 66]. Плённасць засваення матэрыялу пры такой форме працы на аглядных занятках залежыць ад ступені самастойнай падрыхтаванасці вучняў да іх.

Такім чынам, эфектыўнасць урокаў па вывучэнні аглядавых тэм залежыць ад падрыхтаванасці самаго настаўніка, вучняў, умення арганізаваць працэс “здабывання ведаў”, спалучэння аднаўлення раней атрыманых ведаў і засваення новых.