Літаратура

1 Гілевіч, Н. Мой белы дзень : кн. пра фальклор і мову нашай Бацькаўшчыны / Н. Гілевіч. — Мінск : Юнацтва, 1992.

2 Танк, М. Лірыка / М. Танк. – Мінск : Маст. літ., 1987.

3 Вітка, В. Дзеці і мы / В. Вітка. – Мінск : Маст. літ., 1977.

8.2. Спецыфіка вывучэння лірычных твораў

Родавыя асаблівасці лірыкі. Лірыка вызначаецца як найбольш складаны, спецыфічны літаратурны род. Ён характарызуецца асаблівым тыпам пабудовы мастацкага вобраза, які ўяўляе сабою вобраз-перажыванне, у той час як у драме і эпасе ў аснове вобраза ляжыць шматбаковы паказ чалавека ў складаных жыццёвых узаемаадносінах.

Лірычны твор, як правіла, напісаны вершаванай мовай. Лірычнае маўленне – гэта маўленне з павышанай экспрэсіўнасцю асобных слоў і моўных канструкцый. Лірыка імкнецца да малога аб’ёму і, як вынік, да напружанай і складанай кампазіцыі. У ёй назіраецца, у параўнанні з эпасам і драматургіяй, вялікая ўдзельная вага тропаў і сінтаксічных фігур, але гэта заканамернасць праглядаецца толькі ў агульным мностве лірычных твораў. Рух слоў у лірычным вершы, іх узаемадзеянне і супастаўленне ва ўмовах рытму і рыфмы, выразнае выяўленне гукавых асаблівасцей маўлення, якія надае форма, узаемаадносіны рытмічнай і сінтаксічнай будовы – усё гэта хавае ў сабе невычэрпныя сэнсавыя магчымасці, якія ў прозе, па сутнасці, адсутнічаюць.

Вызначальнымі ў лірыцы з’яўляюцца такія паняцці як “лірычны герой” і “лірычная сітуацыя”, якія замяняюць паняцці “персанаж” і “сюжэт”, характэрныя для эпасу і драмы. Лірычны герой – гэта вобраз паэта, носьбіт перажывання ў лірычным творы. Як і ўсякі вобраз, лірычны герой нясе ў сабе не толькі ўнікальна-непаўторныя рысы асобы, але і пэўнае абагульненне, таму нельга атаясамліваць яго з рэальным аўтарам. Часта лірычны герой бывае вельмі блізкі да аўтара па складзе асобы і характары яго перажыванняў або, наадварот, можа быць вельмі далёкі ад яго, тым не менш, розніца паміж імі з’яўляецца прынцыповай і захоўваецца ва ўсіх выпадках. У кожным канкрэтным творы аўтар, тыпізуючы і абагульняючы лірычныя перажыванні, актуалізуе ў лірычным героі пэўную частку сваёй асобы. Дзякуючы гэтаму чытач лёгка атаясамлівае сябе з лірычным героем. Можна сказаць, што лірычны герой – гэта не толькі аўтар, але і той, хто чытае гэты твор і перажывае тыя ж эмоцыі, што і лірычны герой. Лірычную сітуацыю можна вызначыць як нейкі аналаг сюжэта ў лірычным вершы, які з’яўляецца надзвычай умоўным.

Вывучэнне лірыкі ў V – VІІІ класах. На гэтым этапе атрымання літаратурнай адукацыі школьнікі вывучаюць асобныя вершы, якія разглядаюцца па-за кантэкстам агульнай творчасці паэта, пры гэтым вобраз аўтара, яго асоба не застаецца па-за ўвагай.

Праца над лірычным творам пачынаецца з эмацыянальнай і інтэлектуальнай падрыхтоўкі вучняў да яго ўспрымання.

У V – VІ класах творы згрупаваны ў адпаведныя тэматычныя блокі, сярод якіх значнае месца займае прыродаапісальная лірыка. Пры вывучэнні пейзажнай лірыкі вялікае значэнне мае асабісты вопыт школьнікаў.

На першы погляд, у дзяцей шмат накопленых уражанняў аб прыродзе . А між тым практыка паказвае, што ў многіх з іх якраз няма сапраўднай назіральнасці, цікавасці да навакольнага асяроддзя. Таму перад настаўнікам стаіць даволі важная задача – назапашванне вопыту і ўпарадкаванне яго, каб абудзіць у вучняў унутраную патрэбу да ўспрымання хараства прыроды, разнастайнасці яе фарбаў і гукаў. А гэта значыць, што падрыхтоўка класа да ўспрымання эстэтычнага зместу твораў не зводзіцца толькі да ўступнай гутаркі. Настаўнік павінен быць стратэгам, бачыць далёка наперад.

Напрыклад, верш А. Грачанікава “Верасень” вывучаецца ў сярэдзіне навучальнага года, таму яшчэ ў першай чвэрці добра правесці экскурсію ў прыроду, каб застаць яе якраз такой, якой яна паказана ў паэтычным творы. Тады вучні эмацыянальна перажывуць з'явы, блізкія да тых, што сталі асновай верша. Вынікі экскурсіі абавязкова абмяркоўваюцца, гэта развівае фантазію вучняў, пабуджае да творчасці, спрыяе назапашванню агульнага вопыту класа.

Падрыхтоўчая праца вядзецца і на ўроках мовы: вучні складаюць і запісваюць сказы аб прыродзе, чытаюць выказванні пісьменнікаў пра родны край, самі пішуць невялічкія пейзажныя замалёўкі. У якасці папярэдняй гутаркі можа быць выкарыстана абмеркаванне пісьмовых або вусных вучнёўскіх сачыненняў пра пэўную пару года.

У час падрыхтоўкі вучняў да ўспрымання пейзажнай лірыкі настаўнікі ўсё часцей выкарыстоўваюць творы выяўленчага мастацтва і музыкі. Вядомы метадыст У. Маранцман адзначаў: "У саюзе з іншымі мастацтвамі яна (лірыка – Л.) хутчэй знойдзе шлях да сэрца вучня, разбудзіць яго думку, ажывіць ўяўленні, усхвалюе пачуцці… Сплаў паэзіі, музыкі і выяўленчага мастацтва спрыяе ўзнікненню ў свядомасці вучняў яскравых вобразаў"[1, с. 167].

Перад вывучэннем верша А. Грачанікава "Верасень" будзе да месца рэпрадукцыя карціны У. Сулкоўскага “Бервянец. Восень”. Створаны мастаком куточак роднай прыроды звяртае на сябе ўвагу незвычайнай прыгажосцю. Гэта ўскраек лесу з магутнымі старасвецкімі дубамі на ўзбярэжжы возера ў сонечны дзень падчас "бабінага лета". На карціне пераважаюць густа-чырвоны і блакітны колеры. Дубовае лісце ўжо змяніла сваю зялёную афарбоўку на бервянец. Цішыня і спакой. Напрыканцы ўрока гэты пейзаж будзе параўнаны з карцінай прыроды ў вершы А. Грачанікава.

Калі лірычны твор звернуты да мінулага, патрэбна ўступная гутарка. Неабходна вярнуцца ў гісторыю, даць гістарычны каментарый, паказаць вучню сучаснае гучанне твора. Толькі тады можна спадзявацца на суперажыванне.

Праграма для VIІ класа прадугледжвае вывучэнне верша А. Вярцінскага "Рэквіем па кожным чацвёртым". Ва ўступным слове настаўнік раскажа пра трагедыю беларускага народа ў час другой сусветнай вайны, выкарыстае фотаздымкі, зробленыя ў мемарыяльным комплексе "Хатынь", узведзеным ў знак ушанавання памяці жыхароў беларускіх вёсак, знішчаных фашыстамі разам з насельніцтвам. Увага вучняў абавязкова будзе звернута на бронзавую скульптуру чалавека з забітым хлопчыкам на руках. Гэта жыхар вёскі Хатынь Іосіф Камінскі, які страціў у агні ўсіх сваіх блізкіх, а сам цудам застаўся жывы. Комплекс уключае ў сябе брацкую магілу, на якой размешчаны Вянок памяці з белага мармуру са словамі наказу мёртвых да жывых і адказ жывых загінуўшым. Ёсць тут і Вечны агонь на ўшанаванне памяці ахвяр фашысцкага тэрору. Тры бярозы, як сімвал жыцця, нагадваюць пра тое, што кожны чацвёрты жыхар Беларусі загінуў.

Наступны этап – чытанне твора. Ён асабліва важны пры вывучэнні лірыкі. Ад таго, як будзе прачытаны лірычны верш, залежыць яго эстэтычнае ўздзеянне на вучняў.

Цэласнасць вобраза-перажывання ў вершы вымагае цэласнасці ўспрымання. Верш чытаецца цалкам – ад першага да апошняга радка – і сама меней два разы, да аналізу і пасля яго. Пры неабходнасці чытанню папярэднічае тлумачэнне незразумелых слоў.

Першае чытанне асаблівае. Вельмі важна пры чытанні лірычнага твора знайсці агульны тон, які выражае нашы асабістыя адносіны да таго, што чытаецца. Эмацыянальнае ўспрыманне лірычнага твора забяспечваецца абавязковым выразным чытаннем самога настаўніка. Не трэба імкнуцца да акцёрскага выканання, бо гэта не толькі немагчыма для кожнага настаўніка, але і не патрэбна ў школе. Сам настаўнік, яго манера маўлення, яго выразнае слова, яго аповед і чытанне вершаў – гэта пастаянны прыклад для вучняў. Цяжка змяніць пасля першае ўражанне.

Верш прачытаны. Наступае самы адказны і складаны этап вывучэння лірычнага твора – яго аналіз. Школьны аналіз убірае ў сябе звычайна такія моманты: выясненне самастойных уражанняў аб прачытаным вершы; аднаўленне ў думках вобразаў, створаных аўтарам; выяўленне настрою, які дамінуе ў вершы; спасціжэнне аўтарскай думкі-пачуцця.

Пры вывучэнні лірычных твораў у V–VIII класах эфектыўным з'яўляецца той шлях аналізу, калі настаўнік вядзе вучняў ад назапашвання і ўсведамлення вобразных уражанняў, ад канкрэтных уяўленняў і пачуццяў да разумення мастацкай ідэі, ад назіранняў да абагульнення.

Аналіз твора найчасцей вядзецца ў форме гутаркі па загадзя падрыхтаваных пытаннях і заданнях, мэта якіх дапамагчы вучням зразумець твор у адзінстве яго мастацкай формы і зместу.

Пасля выразнага прачытання верша А. Вярцінскага "Рэквіем па кожным чацвёртым" (VІІ клас) настаўнік робіць лагічна-псіхалагічную паўзу і прапануе вучням адказаць на наступныя пытанні:

– Якім настроем прасякнуты верш?

– Чым растлумачыць такі настрой?

Паколькі была папярэдняя падрыхтоўка, а ў самім творы ёсць эпічны пачатак, адказаць вучням на гэтыя пытанні не будзе цяжка.

Далей пойдзе паглыблены аналіз па пытаннях і заданнях:

– Прачытайце ўступ да твора. Да каго звяртаецца аўтар? (Да жывых, да нашчадкаў, да ўсяго чалавецтва.)

– З якой мэтаю А. Вярцінскі выкарыстоўвае рытарычныя пытанні: "Вы бачылі лес, дзе прагал скразны? Вы бачылі бор той?" (Рытарычныя пытанні адразу заваёўваюць увагу слухача, а іх паўтор падкрэслівае важнасць той інфармацыі, якая будзе ісці далей.)

– Прачытайце спачатку самастойна, а потым уголас першую частку і вызначце неабходную інтанацыю, з якой павінен гучаць гэты ўрывак. (Чытаецца ўрывак стрымана, інтанацыя набывае ўрачыста-жалобнае, напружанае, трывожнае гучанне).

– Як вы разумееце радкі: "І падаў, распасцёрты, кожны чацвёрты"; "А на зямлі стылі сляды – кожны чацвёрты"?

– Як узмацняюць гучанне верша паўторы ("кожны чацвёрты") у канцы кожнай страфы? (У першай частцы апавядаецца пра развіццё трагічных падзей на Беларусі ў ваеннае ліхалецце, а рэфрэн (паўтор) увесь час падкрэслівае велізарныя людскія страты, увесь час трымае слухача ў напружанні.)

– Чым адрозніваецца другая частка, яе змест ад папярэдняй? Чаму аўтар гаворыць не толькі пра кожнага чацвёртага, а пра кожнага трэцяга, другога?

– Знайдзіце ў гэтай частцы алітэрацыю і вызначце, як яна ўплывае на гукавую і інтанацыйную выразнасць верша (раны, шрамы, траншэі, зеўрылі, у друзе, страшэннай).

– Прачытайце трэцюю частку твора і растлумачце сэнс апошняй страфы:

 

Лічым: кожны чацвёрты.

А той рахунак прыблізны,

А той рахунак няцвёрды,

А ўрон яшчэ больш вялізны.

 

– З якой мэтай аўтар у эпілогу расказвае пра "ўрок спражэння"? Да чаго ён заклікае ўсіх жывых?

Не трэба спадзявацца, што прапанаваныя пытанні і заданні будуць вычарпальнымі. Адказы вучняў могуць быць непрадказальнымі, таму настаўнік павінен адчуваць дыханне класа, мець рэжысёрскія здольнасці, пастаянна быць падрыхтаваным да імправізацыі.

Другі шлях аналізу лірычнага твора ў V–VIII класах зліваецца з навучаннем выразнаму чытанню.

Верш С. Грахоўскага "Як я жыў без цябе?" вывучаецца ў VIIІ класе. Твор носіць аўтабіяграфічны характар. Паэт у сваім жыцці перанёс велізарныя пакуты (сталінскую рэпрэсію, забарону выказваць свае думкі вершаваным словам, абразлівы ярлык "ворага народа"), але застаўся натурай тонкай і чуллівай. Пасля пранікнёнага слова пра лёс паэта, чытання верша настаўнікам і самастойнага перачытвання яго вучнямі твор аналізуецца праз распрацоўку партытуры і авалоданне навыкамі выразнага чытання.

Аналіз твора можа весціся ў такім рэчышчы. Лірычны герой (паэт), зведаўшы нягоды лёсу, прайшоўшы нялёгкі жыццёвы шлях, раптам адкрывае, што жыццё да сустрэчы з каханай было шэрым і нецікавым. Слова жыў у першай страфе трэба лагічна выдзеліць, каб найлепш перадаць гэта "адкрыццё". Вучням прапануецца адшукаць у гэтай жа страфе і слова, якое вылучае любімую жанчыну сярод усіх людзей на свеце (Ты.).

У выніку калектыўнай працы можа атрымацца партытура, па якой вучні будуць выпрацоўваць навыкі выразнага чытання:

 

Як ^я жыў без цябе?

І не ведаў, што недзе на свеце,

За глухімі лясамі,

За сотнямі ўзгоркаў і меж,

Не на дальнім сузор'і,

Ты ^ў зялёным і ціхім

Завулку жывеш.

Пры вывучэнні лірычных вершаў ужо з пятага класа важна рабіць параўнальны аналіз. Ён дае вучням магчымасць убачыць розніцу ў падыходзе да вырашэння пэўных ідэй, рыхтуе іх да вывучэння літаратуры ў ІХ – ХІ класах на гістарычнай аснове.

Вывучэнне лірыкі ў ІХ – ХІ класах. Для асобных лірычных твораў, што вывучаюцца ў старшых класах, эмацыянальна-эстэтычнае чытанне з’яўляецца амаль адзіным магчымым спосабам данесці іх да свядомасці вучняў. Гэта, як правіла, творы, у якіх выражаюцца інтымныя пачуцці: “Маладыя гады”, “Зорка Венера” М. Багдановіча, “Ты пакліч мяне. Пазаві...” Я. Янішчыц.

Аднак, прызнаючы чытанне лірычнага твора найважнейшым этапам у школьным вывучэнні лірыкі, неабходна пераканаўча сказаць, што аднаго чытання, якім бы эфектыўным яго ні было, недастаткова, каб навучыць школьнікаў разумець паэзію і адчуваць ў ёй прыгожае. Неабходны аналіз.

Спосаб разбору паэтычнага тэксту ў ІХ – ХІ класах у многім залежыць ад характару твора. Найбольш складаныя і важныя ў творчасці паэта вершы (“Мая малітва”, “Паязджане” Я. Купалы, “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...” М. Багдановіча) неабходна разглядаць толькі манаграфічна. Магчымы і такі варыянт, калі настаўнік, засяроджваючы ўвагу вучняў на асноўных праблемах і ідэях некалькіх вершаў, аддае перавагу аглядаваму аналізу. Некаторыя творы могуць быць прапанаваны вучням для самастойнага вывучэння.

У школьнай практыцы сустракаюцца тры асноўныя шляхі вывучэння лірычных твораў у старшых класах.

Першы шлях, які атрымаў шырокае распаўсюджанне, можна ахарактарызаваць як тэматычны, бо ён ўяўляе сабою разгляд асноўных тэм, матываў у шэрагу лірычных твораў паэта. Пры такім падыходзе да вывучэння лірычнай паэзіі ўяўляецца магчымым дастаткова шырока пазнаёміць з ёю вучняў. Аднак, як правіла, пры гэтым не разглядаюцца творы ў цэлым, а з іх выбіраюцца толькі пэўныя матывы, характэрныя для паэта, і ў сувязі з гэтым прачытваюцца адпаведныя ўрыўкі.

Другі шлях – засваенне лірычных твораў адначасова з біяграфіяй паэта. У гэтым выпадку прадугледжаныя для вывучэння лірычныя творы чытаюцца і разбіраюцца ў момант знаёмства вучняў з тым перыядам жыцця паэта, у які былі напісаны. Пры такой сістэме вывучэння лірычнай паэзіі вучні ўспрымаюць твор у яго жывой сувязі з асобаю паэта, з тымі фактычнымі ўмовамі, у якіх тварыў паэт. Але пры гэтым іх увага ў асноўным засяроджваецца на асобе паэта, а лірыка ўспрымаецца толькі як ілюстрацыя да этапаў яго біяграфіі..

Трэці шлях прадугледжвае ўспрыманне і разгляд лірыкі пасля знаёмства вучняў з жыццём і дзейнасцю паэта, У гэтым выпадку пасля агульнай характарыстыкі лірычнай творчасці паэта аналізуюцца ў адзінстве формы і зместу асобныя, найбольш значныя творы. Шлях індывідуальнага падыходу да кожнага лірычнага твора дазваляе разнастаіць і актывізаваць метады вывучэння лірычнай паэзіі і атрымлівае усё большае прызнанне ў настаўнікаў.

Вывучэнне лірычнай паэзіі такім шляхам праходзіць праз наступныя этапы: 1) арыенціровачныя заняткі, на якіх вучні знаёмяцца з важнейшымі, характэрнымі асаблівасцямі лірычнай творчасці паэта; 2) вывучэнне асобных, прадугледжаных праграмай, вершаў; 3) заключныя заняткі (урокі) – высвятленне значэння лірычнай творчасці паэта ў гісторыі развіцця літаратуры і грамадскай думкі, падвядзенне вынікаў.

На арыенціровачных занятках ў старшых класах настаўнік высвятляе, у якой ступені вучні знаёмыя з лірыкай паэта, каб далей, не паўтараючы ўжо вядомага, адкрыць школьнікам новыя бакі яго лірычнай творчасці.

Першая частка арыенціровачных заняткаў звычайна праходзіць у форме гутаркі настаўніка з вучнямі. Высвятляецца, што чыталі вучні з лірыкі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і іншых паэтаў, якія творы яны ведаюць на памяць, што ім спадабалася, Потым настаўнік ставіць пытанне пра тэмы лірычных твораў і пра іх ідэйную накіраванасць. Гэта пытанне вучні змогуць раскрыць толькі часткова, і гутарка, натуральна, пяройдзе ў лекцыю-аповед выкладчыка пра гістарычныя ўмовы і літаратурнае асяроддзе, ў якіх адбывалася творчасць паэта, пра яго светапогляд, яго месцы ў грамадскім жыцці, пра літаратурныя сувязі і ўзаемаўплывы.

Пры вывучэнні лірыкі ў старшых класах найбольш замацаваліся наступныя метады і прыёмы: эўрыстычная гутарка, выкананне індывідуальных дамашніх заданняў з наступным абмеркаваннем іх у класе, падрыхтоўка дакладаў і рэфератаў, параўнанне лірычных твораў розных аўтараў, каменціраванае чытанне, самастойны аналіз вершаў па прапанаваным плане.

Вопыт школьнага вывучэння літаратуры пастаянна ўзбагачаецца новымі формамі правядзення заключных заняткаў (урокаў) па лірыцы. Можна сустрэць урокі-канцэрты, падрыхтаваныя самімі вучнямі, урокі-віктарыны і ўрокі-конкурсы на лепшага чытальніка. Побач з новымі відамі ўрокаў нельга адмаўляцца ад выпрабаваных часам прыёмаў перадачы вучням ведаў аб лірычнай паэзіі. Такім прыёмам можа быць лекцыя настаўніка. Для актывізацыі ўвагі і эмоцый навучэнцаў у лекцыю можна ўключыць чытанне лепшых ўзораў лірыкі майстрамі мастацкага слова, выкананне песень на словы лірычных твораў. Выбіраючы тую ці іншую форму заключнага ўрока, настаўнік павінен памятаць, што і гэты ўрок павінен быць навучальным і выхаваўчым.