Практычныя метады

Практычныя метады і прыёмы ў выкладанні літаратуры рэалізуюцца праз самастойную працу вучняў, якой належыць значнае месца ў навучанні, развіцці і выхаванні вучняў. Аднак самастойная праца вучняў не можа быць эфектыўнай без яе кіраўніцтва настаўнікам, таму што не ўсе пытанні школьнага курса літаратуры могуць быць асэнсаваны вучнямі самастойна.

Метад самастойнай працы рэалізуецца праз наступныя прыёмы: план, тэзісы, канспект, рэферат, даклад.

План адзін з прыёмаў метаду самастойнай працы, з дапамогай якога ў тэксце вылучаюцца самастойныя часткі. План бывае просты і складаны. План, кожны пункт якога з’яўляецца вытрымкай з раздзела (часткі) твора называецца цытатным планам.

Да складання плана вучні звяртаюцца ў час працы над сачыненнем, пры вывучэнні аглядавых тэм, біяграфіі пісьменніка і крытычнага артыкула.

Тэзісы – палажэнні, якія сцісла перадаюць асноўныя думкі лекцыі, даклада, артыкула. Тэзіраванню звычайна папярэднічае складанне плана, кожны пункт якога пасля “расшыфроўваецца” ў выглядзе тэзіса. Гэты прыём выкарыстоўваецца ў час працы над літаратуразнаўчымі артыкуламі або артыкуламі падручніка, а таксама пры канспектаванні лекцыі настаўніка.

Рэферат – кароткі выклад у пісьмовай або вуснай форме зместу адной ці некалькіх літаратуразнаўчых крыніц па прапанаванай тэме.

Даклад паведамленне, якое ўяўляе сабою разгорнуты выклад на пэўную тэму. Даклад як прыём метаду самастойнай працы выкарыстоўваецца ў старшых класах на розных этапах аналізу твора мастацкай літаратуры і пры вывучэнні аглядавых тэм. У дакладзе вучань не толькі паведамляе, як у рэфераце, змест прачытаных публікацый, але і выказвае свае адносіны да прачытанага, уступае ў палеміку з аўтарамі літаратуразнаўчых крыніц.

Метады выкладання ў залежнасці ад характару дзейнасці настаўніка і вучняў

Метад творчага чытанняяк метад выкладання літаратуры спецыфічны. Ён скіраваны на актывізацыю мастацкага ўспрымання, мастацкіх перажыванняў вучняў, на фарміраванне ў школьнікаў схільнасцей да мастацкага слова і развіццё творчых здольнасцей. Уведзены рускім метадыстам і літаратуразнаўцам М. І. Кудрашовым.

Метад творчага чытання рэалізуецца ў асноўным такімі прыёмамі, як слова настаўніка, выразнае (мастацкае) чытанне твораў настаўнікам або майстрамі мастацкага слова (у запісе), каменціраванае чытанне настаўнікам, гутарка, накіраваная на выяўленне і паглыбленне першаснага ўспрымання твора, творчыя заданні па асабістых уражаннях, пастаноўка на ўроку вучэбнай праблемы

Віды вучэбнай дзейнасці школьнікаў пры метадзе творчага чытання: класнае і дамашняе чытанне, праслухоўванне чытання твораў майстрамі мастацкага слова, завучванне на памяць, складанне планаў, блізкія да тэксту і сціслыя пераказы, мастацкае расказванне, славеснае маляванне, разгляд ілюстрацый, адказы на пытанні настаўніка і падручніка па ідэйна-мастацкім змесце твора, падрыхтоўка вусных і пісьмовых водгукаў, сачыненні па толькі што прачытаным творы.

Метад творчага чытання спрыяе навуковаму пазнанню літаратуры на першай ступені, паколькі першай і неабходнай ступенню гэтага пазнання з’яўляецца мастацкае ўспрыманне і эстэтычнае перажыванне, у працэсе якога адбываецца непасрэднае засваенне спецыфікі літаратуры: вобразнасць, адметнасць мовы і г.д.

Эўрыстычны метад выкарыстоўваецца на другой ступені ў логіцы пазнаваўчай дзейнасці і накіраваны на паглыбленне першапачатковага ўспрымання твора, на яго аналіз, на выяўленне, асэнсаванне і вырашэнне праблем маральнага, сацыяльнага і мастацкага характару.

Найбольш пашыранай формай эўрыстычнага метаду з’яўляецца эўрыстычная гутарка, якая складаецца з сістэмы ўзаемазвязаных пытанняў, кожнае з якіх набліжае вучняў да вырашэння пастаўленай праблемы. Пытанні да эўрыстычнай гутаркі патрабуюць не толькі ўзнаўлення ведаў, але і пэўнага пошуку, даследавання. У час эўрыстычнай гутаркі настаўнік кіруе пазнаваўчай дзейнасцю вучняў, ставіць пытанні, стварае праблемныя сітуацыі.

Пасля набыцця вучнямі неабходных уменняў гутарка можа быць заменена самастойнай працай вучняў па пытаннях і заданнях настаўніка.

Віды дзейнасці вучняў пры эўрыстычным метадзе: падбор матэрыялу з мастацкага твора або падручніка; пераказ тэксту з элементамі аналізу; складанне плана як прыём аналізу, падбор цытат, аналіз эпізоду, аналіз вобраза літаратурнага героя, параўнальная характарыстыка герояў; складанне плана адказу, даклада, сачынення; канспектыўны выклад вынікаў аналізу твора, параўнальнага аналізу твораў розных аўтараў; выступленне на дыспуце; напісанне сачыненняў як вынік працы над мастацкім творам.

Эўрыстычны метад з’яўляецца найважнейшым сродкам фарміравання даследчых навыкаў вучняў.

Даследчы метад – спосаб арганізацыі пошукавай дзейнасці вучняў шляхам пастаноўкі перад імі задач, якія патрабуюць самастойнага творчага вырашэння.

Мэта даследчага метаду на ўроку літаратуры – падрыхтаваць вучняў да самастойнага вывучэння літаратурных твораў, сфарміраваць уменні ацэньваць іх ідэйныя і мастацкія вартасці, выпрацоўваць крытэрыі іх ацэнкі, удасканальваць мастацкі густ.

Паколькі гэты метад патрабуе ад вучняў даволі высокай ступені самастойнасці, яго мэтазгодна выкарыстоўваць у старшых класах. Але пачынаць фарміраванне ў вучняў уменняў здабываць веды самастойна неабходна з малодшага школьнага ўзросту.

Даследчы метад надзвычай блізкі да эўрыстычнага. Розніца паміж імі заключаецца ў навучальнай ролі настаўніка і вучэбнай дзейнасці вучняў.

Даследчы метад рэалізуецца праз наступныя прыёмы: пастаноўка настаўнікам перад класам праблемы, асноўныя аспекты якой вырашаюцца групаю вучняў або па індывідуальным заданні; распрацоўка і прапанова вучням тэм і пытанняў да семінарскіх заняткаў, пастаноўка перад класам задачы падрыхтаваць паведамленне на адну з прапанаваных тэм або самастойна прааналізаваць пазапраграмны твор.

Віды дзейнасці вучняў пры даследчым метадзе: самастойны аналіз усяго твора або яго часткі; супастаўленне двух або некалькіх праграмных твораў; супастаўленне розных поглядаў у літаратурнай крытыцы; супастаўленне твора з яго інтэрпрэтацыяй у тэатры або ў кіно і інш.

Вынікі такой працы могуць быць аформлены ў выглядзе вучнёўскіх дакладаў або сачыненняў.

Даследчы метад актывізуе цікавасць вучняў да творчага пошуку і забяспечвае авалоданне імі метадаў навуковага пазнання, рыхтуе школьнікаў да навукова-даследчай працы.

Рэпрадуктыўны метад – спосаб атрымання ведаў вучнямі ў гатовым выглядзе, але не дагматычна, са слоў настаўніка, з падручніка, крытычнага артыкула і інш. Развіццю думкі вучняў спрыяе праблемны выклад матэрыялу. Рэпрадуктыўны метад карысны не толькі тым, што вучні атрымліваюць значную колькасць новай інфармацыі, але і тым, што іх веды падсумоўваюцца і абагульняюцца.

Прыёмы праяўлення рэпрадуктыўнага метаду: аповед настаўніка пра жыццё пісьменніка, лекцыя або лекцыя з элементамі гутаркі пра творчы шлях пісьменніка, аглядавая лекцыя з дэманстрацыяй наглядных дапаможнікаў і выкарыстаннем ТСН, пастаноўка перад вучнямі праблемных пытанняў і пошукавых задач, тлумачэнне заданняў па падручніку і вучэбных дапаможніках.

Віды дзейнасці вучняў пры рэпрадуктыўным метадзе: запіс плана або канспекта лекцыі настаўніка, складанне плана або канспекта прачытаных артыкулаў падручніка, складанне сінхронных табліц; падрыхтоўка адказаў па матэрыялах лекцыі або падручніка; падрыхтоўка дакладаў, рэфератаў, сачыненняў з выкарыстаннем наяўнага матэрыялу.