Наглядныя метады

Наглядныя метады навучання ўмоўна падзяляюцца на дзве групы: ілюстраванне і дэманстрацыя. Такое дзяленне не выключае магчымасці адносіць асобныя сродкі нагляднасці як да групы ілюстрацыйных, так і дэманстрацыйных.

Ілюстраванне– адзін з прадуктыўных метадаў выкладання літаратуры ў школе, з дапамогаю якога рэалізуецца прынцып нагляднасці. Метад ілюстравання прадугледжвае выкарыстанне слыхавога, зрокавага, мастацка-выяўленчага, графічнага, слоўна-вобразнага і камбінаванага відаў нагляднасці (радкі з твора, урыўкі з успамінаў, творы жывапісу, партрэт пісьменніка, ілюстрацыі да твораў, табліцы, схемы, літаратурныя карты). Асноўнымі прыёмамі метаду ілюстравання з’яўляюцца: вуснае славеснае маляванне, складанне кадрапланаў, падрыхтоўка вучнямі ілюстрацый да твора, інсцэніраванне, мізансцэніраванне.

Сутнасць вуснага славеснага малявання заключаецца ў тым, што вучань пасля прачытання мастацкага твора або ўрыўка сваімі словамі малюе ўяўленую ім карціну.

Звычайна да такога віду працы настаўнік звяртаецца ў V–VІІІ класах пры вывучэнні эпічных або ліра-эпічных твораў, якія змяшчаюць апісанні прыроды, партрэтныя характарыстыкі, інтэр’ер, цікавыя (ключавыя) сцэны. Задача вучня не толькі ў тым, каб перадаць малюнак, створаны аўтарам, але і ўдакладніць яго ад сябе, дапоўніць яго тым, чаго няма ў тэксце – жэсты, міміка, позы, пэўныя элементы пейзажу. Прапаноўваць для стварэння славесных малюнкаў пажадана тыя ўрыўкі з тэксту, у якіх ёсць што дамалёўваць. Відаць, цяжка будзе што-небудзь дапоўніць сямікласнікам да апісанняў прыроды ў апавяданні З. Бядулі “На каляды к сыну”, і ў той жа час нешта дадаткова змогуць убачыць вучні ў партрэтах Тэклі і Лаўрука пры іх сустрэчы ў горадзе.

Звяртаючыся да вуснага славеснага малявання, настаўнік павінен мець на ўвазе, што вучні могуць абмежавацца падрабязным пераказам тэксту або наадварот намаляваць сваю карціну на падставе адвольных асацыяцый, не звязаных з тэкстам.

Славеснае маляванне атрымліваецца больш паспяховым, калі паралельна настаўнік праводзіць з вучнямі гутарку па ілюстрацыях мастакоў да твораў, што вывучаюцца на ўроку літаратуры. Па магчымасці неабходна паказваць вучням малюнкі, рэпрадукцыі карцін, ілюстрацыі па матывах вывучаемага твора. Школьнікам цікава супастаўляць карціны, створаныя іх уяўленнем, з творамі мастакоў-ілюстратараў.

Складанне кадраплана вызначаецца дынамікай і нагадвае працу над стварэннем дыяфільма або сцэнарыя кінафільма. Пяцікласнікі, напрыклад, з ахвотаю складаюць кадраплан да раздзела “На рэчцы” з паэмы Я. Коласа “Новая зямля”.

Пры складанні кадраплана тэкст дзеліцца на часткі, але не адвольна, а з такім разлікам, каб кожная частка ўяўляла сабою асобны кадр з дыяфільма або эпізод з кінафільма. Затым вучні даюць падрабязнае апісанне кожнага кадра або эпізоду. Загалоўкі да асобных сцэн для будучага фільма могуць прыдумаць самі вучні або выкарыстаць для гэтага цытату з твора. Вучні пад кіраўніцтвам настаўніка вызначаюць парадак змены кадраў, прадумваюць іх гукавое афармленне.

Інсцэніраванне – распрацоўка сцэнарыя і пастаноўка п’есы паводле апавядання, урыўка з аповесці або рамана. Гэта папулярны, але даволі складаны прыём і таму прымяняецца пераважна ў старшых класах. Прыём інсцэніравання актывізуе эмацыянальнае суперажыванне і пазнавальную дзейнасць вучняў пры вывучэнні літаратуры, засяроджвае ўвагу на асаблівасцях мастацкага тэксту. Пры інсцэніраванні вучні лепш усведамляюць эпоху, адлюстраваную ў творы, дакладней спасцігаюць характары герояў і матывы іх учынкаў.

Важна правільна выбраць твор або ўрывак для інсцэніравання. Тэкст не павінен быць аб’ёмным, шматпланавым, з вялікаю колькасцю дзейных асоб. Абавязковым патрабаваннем да тэксту з’яўляецца прысутнасць у ім дынамічнага дзеяння і наяўнасць дыялагічнай мовы. Вучні павінны мець пэўнае ўяўленне пра спецыфіку тэатральнага мастацтва. Інсцэніраванне найчасцей прымяняецца ў працэсе аналізу мастацкага твора або на заключным этапе яго вывучэння.

Мізансцэніраванне эфектыўна прымяняецца пры вывучэнні драматычных твораў. Мізансцэна – размяшчэнне акцёраў на сцэне ў той ці іншы момант спектакля. Прыём мізансцэніравання дапамагае раскрыць зрокавы бок п’есы. Пры вывучэнні драматычнага твора праз мізансцэніраванне вучні спрабуюць ўявіць месца дзеяння, знешні выгляд персанажаў, іх жэсты, міміку, манеру хадзіць і тым самым глыбей зразумець адметнасць характару кожнага з іх.

Дэманстрацыя –наглядны спосаб азнаямлення школьнікаў з якой- небудзь з’явай.

Найчасцей на ўроках літаратуры дэманструюцца партрэты пісьменнікаў. Гэта адбываецца не толькі пры вывучэнні біяграфіі мастака слова, але і на ўступных занятках, і пры вывучэнні аглядавых тэм. Нярэдка настаўнік звяртаецца да мастацкіх партрэтаў, выкананых вядомымі жывапісцамі, графікамі і скульптарамі. Праца на ўроку з выкарыстаннем партрэта мае сваю методыку. Партрэт павінен быць якасным. Неабходна таксама ўмець прачытаць і паказаць партрэт.

Магчымасці рэалізацыі метаду дэманстрацыі значна пашырыліся з укараненнем у вучэбны працэс найноўшых тэхнічных сродкаў навучання. На ўроках літаратуры актыўна выкарыстоўваюцца камп’ютарныя прэзентацыі. З дапамогай кам’ютараў дэманструюцца фрагменты кіна- і відэафільмаў, сцэны са спектакляў, відэазапісы з літаратурных вечарын і інш. Шмат каштоўнага матэрыялу ў наш час настаўнік літаратуры можа адшукаць у сетцы Internet.