Славесныя метады

Метад чытання з'яўляецца найважнейшым метадам вывучэння літаратуры, а таксама эфектыўным сродкам маральнага і эстэтычнага выхавання школьнікаў. Метад чытання прымяняецца на ўсіх этапах вывучэння мастацкага твора.

Узорам для вучняў з'яўляецца выразнае чытанне настаўніка. Па гэтай прычыне, як правіла, першаснае знаёмства вучняў з невялікімі творамі адбываецца на ўроку праз настаўніка. З дапамогаю выразнага чытання ён уводзіць вучняў у цудоўны свет мастацкага тора і спрыяе ўспрыманню літаратуры як мастацтва слова. Толькі настаўнік вызначае месца выкарыстання выразнага чытання, але яно павінна быць абавязковай састаўною часткай кожнага ўрока.

Першаснае чытанне твора ў класе можа быць даручана і папярэдне падрыхтаванаму вучню, які мае добра пастаўлены голас, дыкцыю, умее трымацца перад класам. Звычайна ж чытанне вучняў прымяняецца пры аналізе твора, у час якога выпрацоўваецца тэхніка чытання і фарміруецца культура чытання.

З мэтаю павышэння эфектыўнасці ўрока літаратуры настаўнік часта звяртаецца да праслухоўвання чытання твора прафесійнымі акцёрамі ў запісе. Аднак нават самы дасканалы запіс не можа замяніць голас настаўніка. Артыст знаходзіцца дзесьці на сцэне, у студыі, а педагог чытае тут, у класе, ён мае непасрэдны кантакт з вучнямі. Праслухоўванне чытання твораў у запісе лепш выкарыстоўваць не ў пачатку, а на заключным этапе аналізу тэксту як прыём супастаўлення.

Для таго, каб ажывіць ўрок, надаць яму большую значнасць і самае галоўнае даць магчымасць вучням дакрануцца да тайны творчай лабараторыі мастака слова, настаўнік дзякуючы тэхнічным сродкам навучання можа прапанаваць школьнікам праслухаць чытанне твора самім аўтарам.

Творы розных жанраў чытаюцца па-рознаму. М.А. Рыбнікава адзначала, што “кожны твор павінен быць прачытаны і разабраны адпаведна яго прыродзе” [4, с. 58]. Казкі і легенды не чытаюцца, а “расказваюцца па памяці”. Чытанне баек павінна ўспрымацца як толькі што прыдуманая гісторыя або выпадак. Пры чытанні лірычных вершаў трэба ўлічваць, што вершаваная мова больш эмацыянальная, дынамічная, у ёй ёсць рытм, рыфма, памер. Пры вывучэнні драматычных твораў выкарыстоўваецца чытанне па ролях.

Немалаважнае значэнне пры вывучэнні літаратуры ў школе мае завучванне на памяць. “…Тое, што вывучана на памяць,– пісаў Я. Колас, – складае самы сталы здабытак вучня” [2, с. 417 – 418]. У практыцы замацаваліся два спосабы завучвання на памяць – цалкам і па частках. Выбар спосабу залежыць ад індывідуальных асаблівасцей вучняў.

Каменціраванае чытанне. Каменціраваным чытаннем называецца такі від працы, калі на ўроку чытаецца твор (урывак) і адразу раскрываецца яго ідэйны змест.

У методыцы выкладання літаратуры вядома некалькі відаў каментарыя. Самым пашыраным і неабходным з іх з'яўляецца тлумачэнне незразумелых слоў. Такія словы, як правіла, тлумачацца ў школьных падручніках-хрэстаматыях у падрадкоўі, але гэта не вызваляе настаўніка ад працы над імі.

Практыка паказвае, напрыклад, што для сучасных школьнікаў у вершы М. Багдановіча "Зімой" (V клас) незразумелымі з'яўляюцца словы мары, стуль, рыза, гоні. Асаблівую складанасць выклікае слова мары, якое вучнямі ва ўмовах білінгвізму можа аўтаматычна перакладацца на рускую мову як "мечта". Аднак у вершы М. Багдановіча мары – гэта нешта не зусім выразнае, прывіды, здані, што надае “белым бярозам” казачнасць.

Часам патрабуюць тлумачэння, каментарыя ўстойлівыя словазлучэнні, якія нясуць вялікую сэнсавую нагрузку, а таксама словы, ужытыя ў пераносным значэнні.

Бывае і так, што вучні застаюцца раўнадушнымі да літаратурнага твора ўжо толькі таму, што дрэнна ўяўляюць адлюстраваны ў ім час або час яго напісання. У такім выпадку патрэбны гісторыка-бытавы і гістарычны каментарый.

Метадам каменціраванага чытання добра вывучаць першыя раздзелы вялікага эпічнага твора і першыя акты п’ес. Каментарый настаўніка выклікае павышаную цікавасць вучняў да сюжэта, да тыпажу, “задае тон” усёй наступнай працы над творам.

Пераказы. Пераказам называецца перадача ў вуснай ці пісьмовай форме прачытанага ці ўспрынятага на слых тэксту. Пераказ – адзін з асноўных відаў вусных і пісьмовых прац у працэсе выкладання літаратуры ў сярэдніх класах. Ён з’яўляецца дзейсным сродкам выпрацоўкі ў вучняў уменняў і навыкаў успрымання і асэнсавання тэксту, яго тэмы, ідэі. Праца над пераказам узбагачае слоўнікавы запас вучняў, спрыяе развіццю іх маўлення,

Па спосабу перадачы зыходнага зместу вылучаюцца наступныя віды пераказу: падрабязны (блізкі да тэксту), сціслы, выбарачны, творчы.

Падрабязны (блізкі да тэксту) пераказ вымагае дакладнай і найбольш поўнай перадачы зместу невялікіх эпічных твораў або кампазіцыйна завершаных урыўкаў з гэтых твораў. Падрабязны пераказ, на першы погляд, здаецца даволі простым, бо ў яго аснове ляжыць рэпрадуктыўная дзейнасць вучняў. На самой справе пры падрабязным пераказе перадаецца не толькі падзейны бок тэксту, але ўлічваюцца і партрэтныя характарыстыкі, пейзажныя замалёўкі, дыялогі. Навучанне падрабязнаму пераказу патрабуе ад настаўніка карпатлівай падрыхтоўчай працы з вучнямі: выразнае чытанне і каменціраванне тэксту, выкананне лексічных практыкаванняў, складанне плана. Школьнікі павінны не толькі сачыць за развіццём сюжэта, але і вучыцца заўважаць мастацкую дэталь, трапнае слова, замяняць дыялагічную мову ўскоснай, запамінаць і ўмець выкарыстоўваць у сваёй мове новыя для іх словы з тэксту. Падрабязны пераказ – важны сродак папаўнення слоўнікавага запасу і фарміравання ў іх уменняў будаваць уласныя выказванні.

Сціслы пераказ накіраваны на выпрацоўку ў вучняў умення вылучаць у тэксце галоўнае, апускаць другараднае. Уменне сцісла, лаканічна выказваць свае думкі мае вялікае значэнне ў практычнай дзейнасці кожнага чалавека. Матэрыялам для сціслага пераказу могуць стаць асобныя эпізоды з жыцця герояў або іншыя завершаныя ўрыўкі з сюжэтных твораў. Сціслы пераказ актыўна прымяняецца для праверкі ведання вучнямі зместу твора і ў час яго аналізу.

Вось якім уяўляецца парадак працы над сціслым пераказам ўрыўка з апавядання У. Караткевіча "Былі ў мяне мядзведзі", якому можна даць умоўную назву “Выратаванне”.

Спачатку вучні слухаюць выразнае чытанне тэксту, а затым адказваюць на прапанаваныя настаўнікам пытанні:

1.Чаму так узрушана паводзіў сябе Бурык, калі дагнаў хлопчыка?

(Пазбавіўся ланцуга.)

2.Што, на вашу думку, прывяло Грома да такога раз’юшанага стану?

(Ланцуг.)

3.Чаго спалохаўся Бугай і тым самым Сярожа змог выратавацца ад

немінучай пагібелі? (Спалохаўся страшнага ляснога, дзікага паху.)

Абагульняючы адказы вучняў, настаўнік звяртае іх увагу на тое, што падзеі ў гэтым эпізодзе адбываюцца вельмі напружана, імкліва і гэта павінна быць адлюстравана і ў пераказе.

Патрэбна тут і слоўнікавая праца, у час якой вучні знаходзяць тыя асаблівыя словы, словазлучэнні, якія дапамагаюць аўтару перадаць напружанасць дзеяння:

“Гром датуль цёр пысай аб траву, пакуль не пазбавіўся <…> кальца”; “Ашалелая жывёліна”; Бугай “соп, рыкаў і пароў паветра страшнымі рогамі”; "Звер, адчуўшы няволю, таргануўся, кінуўся наперад, і таўшчэзная вяроўка толькі дзынкнула, як перацягнутая струна”; “Падскакваючы на ўсіх чатырох і дугою выгнуўшы над зямлёй хвост, імчыць на мяне вялізная, як зубр, чырвоная пачвара…”

Калі пераказ мае навучальны характар, то пасля гутаркі аб прачытаным калектыўна складаецца план і нават прапануецца магчымы ўзор аповеду. План сціслага пераказу ўрыўка можа быць такім:

У школу разам.

Раз’юшаны Гром на волі.

Смяртэльная небяспека.

Паядынак.

Праца над сціслым пераказам урыўка з апавядання “Былі ў мяне мядзведзі” цікавая і тым, што твор напісаны ад імя першай асобы, а гэта значыць, што і пераказ будзе весціся ад імя хлапчука-падлетка, магчыма, аднагодка вучняў.

Выбарачны пераказ у адрозненне ад падрабязнага і сціслага прадугледжвае “выбіранне” матэрыялу з усяго тэксту для раскрыцця вызначанай тэмы або праблемы. Ён часцей за ўсё прымяняецца пры вывучэнні значных па аб’ёме эпічных твораў.

Да выбарачнага пераказу настаўнік можа звяртацца пры неабходнасці ахарактарызаваць аднаго літаратурнага героя: “Характарыстыка Сержа (аповесць К. Чорнага “Насцечка”); “Жыццёвы шлях Андрэя Камінскага (апавяданне І. Навуменкі “Жуль Верн”).

Выбарачны пераказ можа выкарыстоўвацца для параўнальнай характарыстыкі герояў: “Узаемаадносіны Лёні і Грышы” (апавяданне А. Васілевіч “Сябры”); “Паводзіны Пшанічнага і Аўдзеева ў крытычнай сітуацыі” (аповесць В. Быкава “Жураўліны крык”).

Выбарачны пераказ з’яўляеца дзейсным сродкам у падрыхтоўцы вучняў да напісання сачыненняў.

Творчы пераказ. Найбольш пашыранай разнавіднасцю творчага пераказу з’яўляецца пераказ ад імя аднаго з герояў твора. Такі від пераказу вымушае вучняў пераўвасабляцца і спрыяе больш глыбокаму спасціжэнню тэксту. Пераказ са зменаю асобы апавядальніка ў залежнасці ад вызначанай настаўнікам мэты можна практыкаваць як перад аналізам, так і на заключнай стадыі працы над творам.

Творчы пераказ, патрабуючы суб"ектыўнага асвятлення тэмы, збліжае вучня з літаратурнымі героямі, дапамагае зразумець іх унутраны свет і ўчынкі. Пры вывучэнні ў VI класе аповесці К. Чорнага “Насцечка” карысным будзе пераказ на тэму “Як прайшоў урок арыфметыкі” ад імя літаратурных аднагодкаў вучняў – Насцечкі і Сержа.

Звяртаючыся да пераказу ад імя іншай асобы, настаўнік павінен выбіраць тэмы, адпаведныя ўзросту і псіхалогіі школьнікаў. Вучнёўскі пераказ ад імя пані Мар'і пра тое, як ў час хваробы яе наведаў Данік Малец (аповесць Я. Брыля "Сірочы хлеб"), будзе гучаць ненатуральна.

Творчы пераказ як метад спасціжэння мастацкага твора з поспехам выкарыстоўваецца і ў старшых класах. Вучням можа быць прапанавана пераказаць старонкі з твора, якія заключаюць у сабе аналіз душэўных перажыванняў Андрэя Лабановіча, Васіля Дзятла, Халімона Глушака, Алеся Загорскага.

Блізкім да творчага пераказу з’яўляецца мастацкае расказванне. Мастацкае расказванне дазваляе больш вольна абыходзіцца з мастацкім творам: змяняць парадак эпізодаў, дапаўняць твор уласнымі разважаннямі, замяняць або дадумваць канцоўку твора. Мастацкае расказванне шырока выкарыстоўваецца пры вывучэнні эпічных твораў, асабліва народных казак, паданняў і легендаў.

Гутарказ'яўляецца самым распаўсюджаным і ўніверсальным метадам навучання літаратуры, яна рэалізуецца на практыцы ў выглядзе старанна прадуманай сістэмы пытанняў настаўніка і адказаў вучняў.

Гутарка бывае рэпрадуктыўная і эўрыстычная.

Рэпрадуктыўная гутарка звычайна праводзіцца ў час праверкі дамашняга задання, выяўлення першапачатковага ўспрымання твора школьнікамі, пры паўтарэнні і абагульненні вывучанага матэрыялу. Такая гутарка разлічана на ўзнаўленне вучнямі ведаў, атрыманых з мастацкай літаратуры, з падручніка, са слоў настаўніка і іншых крыніц. Пытанні, якія ставяцца перад класам, звычайна не патрабуюць аналітычных разважанняў, а толькі абуджаюць памяць: “Дзе і ў якія часы адбываецца дзеянне ў аповесці Я. Брыля “Сірочы хлеб”?”; “Хто такі Данік?”; “Хто яго бацькі?”; “Як пачалося школьнае жыццё для Даніка?”

Эўрыстычная гутарка патрабуе ад вучняў роздуму, пошуку, вядзе іх да пэўных абагульненняў і “адкрыццяў”. Яна выкарыстоўваецца ў асноўным пры аналізе твора мастацкай літаратуры (ацэнка ўчынкаў герояў, пошукі іх матывацыі, выяўленне аўтарскай пазіцыі і г.д.). На практыцы эўрыстычная гутарка рэалізуецца з дапамогаю аналітычных і праблемных пытанняў: “Якія душэўныя якасці настаўніцы праявіліся на ўроках чытання твораў Г. Сянкевіча “Янка-музыка” і Цёткі “Міхаська”?”; “Пра што сведчыць надпіс на кнізе, якую падаравала Даніку пані Мар’я?”; “Якой настаўніцай была панна Рузя? Параўнайце яе з паняй Мар’яй”.

Вялікія патрабаванні пры падрыхтоўцы да эўрыстычнай гутаркі прад'яўляюцца да фармулёўкі пытанняў. Яны павінны быць кароткімі, дакладнымі, змястоўнымі, сфармуляванымі так, каб абуджалі думку вучня. Нельга ставіць перад вучнямі альтэрнатыўных пытанняў, якія патрабуюць адназначных адказаў тыпу “так” або “не”. Пытанні не павінны быць занадта цяжкімі і занадта лёгкімі, нельга, каб у іх “хавалася” падказка. Знайсці добрае, дакладнае пытанне – гэта “свята душы" (Я. Ільін). Эўрыстычная гутарка ўяўляе сабою строгую сістэму пытанняў і заданняў, такую іх паслядоўнасць, каб кожнае наступнае як бы вынікала з папярэдняга адказу.

Аналізуючы мастацкі твор, настаўнік звычайна звяртаецца да змешанай, рэпрадуктыўна-эўрыстычнай гутаркі, што можна праілюстраваць на прыкладзе сістэмы пытанняў да ўрока па паэме М. Танка "Люцыян Таполя":

1. У чым заключаецца самабытнасць майстэрства Люцыяна Таполі?

2. Як вы думаеце, што не спадабалася біскупу Сямашку ў Таполевай батлейцы? Чаму так жорстка пакараў ён мастака?

3. Як у сваю чаргу Таполя ўспрыняў сваё пакаранне? Як прайшлі для яго гэтыя 10 гадоў?

4. Чаму Таполя ўзяўся будаваць "святыню"?

5. Зачытайце, што атрымалася ў Таполі. Што сімвалізаваў яго твор?

Цяжка пераацаніць вучэбна-выхаваўчую ролю гутаркі, бо ў выніку яе вучні актыўна ўключаюцца ў працэс пазнання і калектыўна набываюць новыя веды. Актывізацыі пазнаваўчай дзейнасці школьнікаў у часе гутаркі спрыяе пастаноўка ў пачатку ўрока або нават на пачатку вывучэння твора асноўнага, ключавога пытання, адказ на якое можна атрымаць толькі дзякуючы сумеснай карпатлівай працы: "Чаму камедыя К. Крапівы называецца “Хто смяецца апошнім?”; “Чаму разышліся дарогі Андрэя Лабановіча і Ядвісі?”.

Дыспут.Пад дыспутам звычайна разумеюць публічныя спрэчкі на навуковую або важную грамадскую тэму. Практыка паказвае, што атрыманыя ў часе літаратурнага дыспуту веды пераходзяць у перакананні: вучні набываюць навыкі аргументавана абараняць сваю пазіцыю.

Дыспут можа быць запланаваны на ўвесь урок або на яго частку. Іншы раз у працэсе запланаванай эўрыстычнай гутаркі ўзнікаюць незапланаваныя дадатковыя дыскусійныя пытанні, у выніку чаго гутарка перарастае ў стыхійны дыспут.

Для ўзнікнення сапраўднай дыскусіі на ўроку літаратуры неабходны адпаведныя ўмовы. Акрамя добрага ведання зместу твора, вучні павінны адчуваць сябе камфортна: давяраць педагогу, не баяцца выказваць альтэрнатыўныя думкі. Прапанаваныя для абмеркавання пытанні павінны прадугледжваць супрацьлеглыя адказы. Неабходна, каб і сам твор быў дыскусійным, як, напрыклад, аповесць В. Быкава “Абеліск”, якая заканчваецца словамі: “І вось цяпер рашае чытач. Хай разбіраецца. Кожны адпаведна свайму светапогляду, свайму позірку на вайну, на гераізм, на свой абавязак перад сумленнем і перад гісторыяй...” [1, с 342].

Лекцыя – гэта вусны выклад якой-небудзь навуковай тэмы. На лекцыі вучні атрымліваюць максімальную колькасць інфармацыі з вуснаў настаўніка. Да метаду лекцыі славеснік звычайна звяртаецца ў старшых класах пры вывучэнні аглядавых тэм і біяграфіі пісьменніка.

Лекцыя – гэта маналог настаўніка, і таму пры лекцыйным выкладанні матэрыялу неабходна ў першую чаргу прадумаць прыёмы актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў.

Найперш зацікаўленасць школьнікаў павінен выклікаць сам матэрыял: яго змястоўнасць, канкрэтныя прыклады, свежасць і навізна. Вялікія патрабаванні ў час лекцыі прад'яўляюцца да культуры маўлення настаўніка. Лектар – гэта не толькі інфарматар. Ён павінен валодаць майстэрствам дыктара, акцёра, здольнага ўплываць на ўвагу вучня-слухача. Слова (маналог) педагога не можа быць манатонным. У час лекцыі настаўнік мяняе тэмп выкладу ў залежнасці ад важнасці інфармацыі.

Для актывізацыі ўвагі вучняў педагог выкарыстоўвае рытарычныя пытанні, на якія сам і адказвае: "Чаму Францішак Багушэвіч стаў Мацеем Бурачком і Сымонам Рэўкам з-пад Барысава?", "Чаму Максіма Багдановіча называюць Максімам-кніжнікам?", "Як стаў Кастусь Міцкевіч Якубам Коласам?" Важнае значэнне надаецца міміцы, жэсту, эмацыянальнасці. Эфектыўнасць лекцыі шмат у чым залежыць ад выкарыстанай у час чытання нагляднасці і тэхнічных сродкаў навучання. Плакаты, схемы, дыяграмы, краязнаўчыя карты, партрэты, ілюстрацыі, рэпрадукцыі карцін – усё гэта спрыяе найбольш поўнаму засваенню матэрыялу. Лекцыя бывае эфектыўнай і тады, калі выкарыстоўваюцца элементы гутаркі, што значна спрыяе актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў.

Лекцыю вучні вучацца слухаць і запамінаць. Гэты навык неабходны кожнаму адукаванаму чалавеку. На першым этапе славеснік прапануе вучням запісаць план лекцыі на класнай дошцы і ў іх сшытак. Гэта праца штораз паўтараецца для замацавання навыкаў. Выконваецца таксама шэраг паслядоўна ўскладненых заданняў пры канспектаванні лекцыі: практыкаванні ў перадачы на пісьме плана лекцыі абзацамі, практыкаванні, звязаныя з выключэннем адступленняў ад асноўнай тэмы, практыкаванні, накіраваныя на выбарачнае канспектаванне, на запіс лекцыі па памяці. Як правіла, запісы робяцца ў чарнавым варыянце, пасля чаго дома вучнямі дапрацоўваюцца і аналізуюцца (пры неабходнасці) настаўнікам. Канспект можа сведчыць аб тым, як школьнікі зразумелі тэму.

Лекцыя звычайна разлічана на ўвесь урок, яна эканоміць вучэбны час. За адзін урок вучань можа азнаёміцца з жыццём і творчасцю пісьменніка, з развіццём літаратуры на пэўным этапе, засвоіць складаныя пытанні па тэорыі літаратуры.