Прынцыпы выкладання літаратуры
Прынцыпы выкладання – гэта асноўныя тэарэтычныя палажэнні, якія вызначаюць змест, арганізацыйныя формы, метады і прыёмы вучэбнага працэсу ў адпаведнасці з яго мэтамі і заканамернасцямі.
Дыдактыка (тэорыя навучання) як галіна педагогікі, якая даследуе заканамернасці працэсу навучання, выпрацавала шэраг агульнадыдактычных прынцыпаў, агульных для ўсіх дысцыплін, якія вывучаюцца ў школе. Пры рэалізацыі агульнадыдактычных прынцыпаў на практыцы абавязкова ўлічваецца спецыфіка канкрэтнага вучэбнага прадмета.
Прынцып адзінства адукацыйнай, развіццёвай і выхаваўчай функцый навучання прадугледжвае накіраванасць навучальнага працэсу на фарміраванне ўсебакова развітай асобы, якая павінна набыць пэўную суму ведаў, выпрацаваць неабходныя ўменні і навыкі, а таксама сфарміраваць у сабе шматлікія маральныя і эстэтычныя якасці.
Навучанне і выхаванне ў сучаснай школе знаходзяцца ў дыялектычнай еднасці. Вырашэнне адукацыйных задач абавязкова звязана з выхаваўчым уплывам на вучняў. Навучанне спрыяе развіццю пазнаваўчых магчымасцей і творчых здольнасцей школьнікаў, іх актыўнасці і самастойнасці ў вучэбнай і працоўнай дзейнасці.
Разам з тым выхаванне ў працэсе навучання не можа быць стыхійным. Яно залежыць ад спецыфікі прадмета, зместу вучэбнага матэрыялу, арганізацыі і методыкі правядзення заняткаў, а таксама ад асобы настаўніка.
Кожная дысцыпліна, уключаная ў школьны вучэбны план, мае свае адметныя магчымасці ўздзеяння на фарміраванне ў вучняў эстэтычнага густу і маральных ідэалаў. Выключнае месца ў гэтым шэрагу займае літаратура.
Прынцып навуковасці.На думку М.Н. Скаткіна, для прынцыпу навуковасці ўласцівы такія найважнейшыя характарыстыкі, як адпаведнасць вучэбных ведаў навуковым, азнаямленне з метадамі пазнання, стварэнне ўяўленняў аб працэсе пазнання. Літаратура ў школе – гэта і крыніца пазнання, і мастацтва, і навука. Навуковасць пры вывучэнні літаратуры не абмяжоўваецца пазнаннямі вучняў па тэорыі літаратуры. Гэты прынцып уключае ў сябе шэраг аспектаў: пазнавальны, маральны, праблемны, гістарычны і эстэтычны. Ён патрабуе, каб змест навучання быў звязаны з навуковымі фактамі, адлюстроўваў сучасны стан літаратуразнаўчай навукі. Настаўнік пры рэалізацыі прынцыпу навуковасці абапіраецца на літаратуразнаўства як навуку. Прынцып навуковасці знаходзіць сваю рэалізацыю ў вучэбных праграмах і падручніках, у тым, што школьнікі навучаюцца элементам навуковага пошуку, спосабам навуковай арганізацыі вучэбнай дзейнасці.
Вучні V–VIIІ класаў павінны ў значнай ступені авалодаць паэтыкай мастацкага твора. Яны азнаёмяцца з элементамі тэорыі літаратуры: выяўленчыя сродкі мастацкай выразнасці мовы, асаблівасці паэтычнай і празаічнай мовы, паняцце пра літаратурныя роды і жанры. Гэта азначае: каб спасцігнуць, далучыцца да літаратуры як мастацтва слова, неабходна зразумець знакавую сістэму літаратуры. У IХ–XI класах паглыбляюцца атрыманыя тэарэтычныя веды і набываюцца новыя. Навуковасць прадугледжвае тут усведамленне вучнямі творчага метаду, стылю пісьменніка, праблематыкі, накірункаў, палемікі ў літаратуры, развіцця жанраў, традыцый і наватарства, нацыянальнай своеасаблівасці беларускай літаратуры.
Прынцып навуковасці скіроўвае настаўніка на выкарыстанне ў арганізацыі вучэбнай дзейнасці школьнікаў праблемных сітуацый, далучэнне іх у разнастайныя назіранні літаратурных з’яў і працэсаў, правядзенне аналізу вынікаў уласных назіранняў, пошук дадатковай навуковай інфармацыі.
У працэсе атрымання навуковых ведаў у вучняў фарміруецца навуковы светапогляд, развіваецца эстэтычны густ.
Прынцып навуковасці ў методыцы выкладання літаратуры неад'емна звязаны з прынцыпам гістарызму.
Прынцып сувязі навучання з практыкай дапамагае рэалізаваць вынікі навучання штодзённа. Ён садзейнічае фарміраванню светапогляду, павышае значнасць вучэбнай дзейнасці ў свядомасці вучняў, надае ёй асэнсаваны характар, спрыяе канкрэтызацыі ведаў і фарміраванню ўмення прымяняць веды на практыцы. Галоўнае ў гэтым прынцыпе, каб у выніку навучання вучань мог і жадаў выкарыстоўваць атрыманыя веды для вырашэння практычных задач, абараняць свае погляды, прымаць рашэнні.
Рэалізацыя прынцыпу сувязі з жыццём пры вывучэнні літаратуры адбываецца праз сучаснае прачытанне твораў мінулага і адэкватнае асэнсаванне новых твораў. Уяўленне пра літаратурны працэс, знаёмства з творчасцю канкрэтнага пісьменніка ці нават веданне аднаго асобнага твора ўзбагачаюць вучня і дапамагаюць яму арыентавацца ў сучасных праблемах і даваць аб’ектыўную маральную ацэнку ўласных поглядаў і ўчынкаў.
Школьныя праграмы па літаратуры пастаянна скіроўваюць увагу настаўніка на фарміраванне ў вучняў уменняў і навыкаў. Напрыклад, паводле праграмы вучань ХІ класа павінен умець: складаць тэзісы крытычных артыкулаў і рэцэнзій на самастойна прачытаныя кнігі; адрозніваць сапраўдную мастацкую літаратуру ад падробак пад яе; карыстацца рознымі крыніцазнаўчымі і даведачнымі матэрыяламі і інш.
Прынцып сістэматычнасці і паслядоўнасці надае сістэмны характар вучэбнай дзейнасці, тэарэтычным ведам і практычным уменням вучняў. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам змест вучэбнага матэрыялу павінен перадавацца вучням у пэўнай сістэме, калі кожны элемент яго лагічна звязваецца з іншымі, наступны абапіраецца на папярэдняе, рыхтуе да засваення новага. Названы прынцып, які закладзены ў вучэбныя планы, праграмы і падручнікі, рэалізуецца ва ўзаемазвязанай дзейнасці настаўніка і вучняў на ўроку.
Прынцып сістэматычнасці і паслядоўнасці праходзіць праз увесь школьны курс беларускай літаратуры. Ён патрабуе захавання пераемнасці ў навучальным працэсе, пры якой кожны наступны ўрок з’яўляецца лагічным працягам папярэдняга. Гэта ж пераемнасць назіраецца і на розных ступенях навучання ў агульнаадукацыйных ўстановах.
І–IV класы. Знаёмства са зместам і мастацкімі асаблівасцямі літаратурных твораў, першыя спробы навучыцца ўспрымаць літаратуру як мастацтва слова.
З V класа пачынаецца сістэматычны курс беларускай літаратуры, якая вывучаецца як асобны прадмет.
VI–VIIІ класы. Вывучэнне больш складаных твораў, разнастайных па зместу і мастацкіх асаблівасцях. На іх аснове ў даступнай для гэтага ўзросту форме адбываецца азнаямленне вучняў з галоўнымі асаблівасцямі літаратуры як мастацтва, школьнікі пачынаюць набываць элементарныя веды, уменні і навыкі аналізу і ацэнкі твора.
ІХ–ХІ класы. У аснову вывучэння літаратуры пакладзены гісторыка-храналагічны прынцып.
Прынцып сістэматычнасці і паслядоўнасці патрабуе, каб новы матэрыял вывучаўся толькі пасля засваення папярэдняга матэрыялу. Нельга, напрыклад, уводзіць паняцце пра рэалізм, калі вучні не засвоілі, што азначаюць такія літаратурныя напрамкі, як класіцызм, сентыменталізм і рамантызм.
Прынцып даступнасці патрабуе такой арганізацыі навучання, каб школьнікі не адчувалі разумовых, маральных і фізічных перагрузак, прадугледжвае разуменне вучнямі вучэбнага матэрыялу ў залежнасці ад іх здольнасцей, развіцця, узроставых і індывідуальных асаблівасцей. Пры арганізацыі вучэбнага працэсу настаўнік павінен арыентавацца на рэальныя магчымасці кожнай ўзроставай групы і канкрэтнага класа ў канкрэтнай навучальнай ўстанове. Даступнасць навучання залежыць у аднолькавай ступені ад яго метадычнага забеспячэння, ад складанасці вучэбнага матэрыялу і ад метадаў і прыёмаў, якія прымяняе настаўнік. Для таго, каб навучанне было даступным, неабходна весці вучня ад лёгкага да больш складанага, ад невядомага да вядомага (Я.А. Каменскі).
Змест праграм і падручнікаў па беларускай літаратуры для кожнага класа (падбор мастацкіх тэкстаў, звесткі па тэорыі літаратуры, віды працы па развіцці вуснага і пісьмовага маўлення, метадычны апарат) паслядоўна разлічаны на тое, каб быць даступным для вучняў дадзенага ўзросту. Улічваецца таксама і эмацыянальны бок уздзеяння мастацкага слова на школьнікаў.
Прынцып даступнасці выключае спрошчанасць. Навучанне не павінна быць лёгкім, інакш у школьнікаў будзе знікаць цікавасць да вучобы, што ў сваю чаргу прывядзе да аслаблення развіцця іх пазнавальных магчымасцей. Пры вывучэнні літаратуры ў V класе як самастойнага прадмета няма патрэбы падаваць як новае тое, што вучні лёгка засвоілі ў пачатковай школе. Ускладненне вучэбнага матэрыялу павінна быць паслядоўным. Л.У. Занкоў увёў у дыдактыку прынцып навучання на высокім узроўні цяжкасці, які таксама адпавядае прынцыпу даступнасці. З другога боку немэтазгодна, напрыклад, выкарыстоўваць пры тлумачэнні матэрыялу такія празмерна складаныя тэрміны, як наратар, імпліцытны аўтар, замест аўтар, апавядальнік, апавядач. Неабходна памятаць, што мяжа паміж простым і складаным надзвычай няўстойлівая.
Прынцып нагляднасці– адзін з самых “тытулованых” прынцыпаў навучання. Яшчэ ў ХVII ст. нагляднасць у цэнтр увагі еўрапейскай педагагічнай думкі паставіў Я.А. Каменскі. Выкарыстанне нагляднасці ён назваў залатым правілам дыдактыкі і паказаў шлях, па якім павінна ісці пазнанне вучня: “... Неабходна вучыць так, каб людзі, наколькі гэта магчыма, набывалі веды не з кніг, але з неба і зямлі, з дубоў і букаў, г.зн. ведалі і вывучалі самі рэчы, а не чужыя толькі назіранні і сведчанні пра рэчы” [1, c. 277]. Нагляднасць у методыцы выкладання літаратуры неабходна разумець шырэй, чым непасрэднае ўспрыманне пэўных прадметаў, карцін, з’яў. Прынцып нагляднасці пры вывучэнні літаратуры на першае месца выводзіць сувязь паміж пачуццёвым і лагічным пазнаннем, зварот да непасрэднага пачуццёвага ўспрымання жывога слова. Слова на ўроку літаратуры з’яўляецца найважнейшым відам нагляднасці. М.А. Рыбнікава сцвярджала: “Наша першая “нагляднасць” – гэта выразнае слова”[5, с. 32]. Настаўнік літаратуры пастаянна звяртаецца да чытання тэксту мастацкага твора, да праслухоўвання аўдыёзапісаў і інш. Слова настаўніка – гэта наглядны узор для вучняў. У працэсе выкладання літаратуры эфектыўна выкарыстоўваецца выяўленчая нагляднасць (карціны, ілюстрацыі, малюнкі, слайды, фатаграфіі, дыяпазітывы, дыяфільмы), нагляднасць, якая ўздзейнічае адначасова на слых і зрок (фрагменты мастацкіх фільмаў, вучэбныя і відэафільмы), а таксама графічная нагляднасць (карты, схемы, табліцы). Нагляднасць на ўроках літаратуры можа эфектыўна выкарыстоўвацца на ўсіх яго этапах (праверка дамашняга задання, вывучэнне новага матэрыялу, замацаванне, інструктаж да выканання дамашняга задання) і таксама на ўсіх этапах вывучэння мастацкага твора (уступныя заняткі, чытанне, аналіз, заключныя заняткі). Разам з тым, надаючы вялікае значэнне выкарыстанню нагляднасці, настаўніка падсцерагае небяспека пераацаніць яе важнасць і пачуццёвым успрыманнем падмяніць разумовую працу вучняў.
Прынцып свядомай і актыўнай дзейнасці вучняў пры вядучай ролі настаўніка
Свядомасць вучняў у педагогіцы разглядаецца ў двух аспектах: як разуменне вучэбнага матэрыялу і як свядомыя, матываваныя адносіны да навучання. У адпаведнасці з другім аспектам вучні ўсведамляюць мэты навучання, плануюць і арганізуюць сваю працу, праяўляюць зацікаўленасць да ведаў, ставяць праблемы і ўмеюць знайсці іх вырашэнне. “Свядомасць ведаў, – адзначаў А.М. Лявонцьеў, – характарызуецца менавіта тым, які сэнс набываюць яны для чалавека” [2, с. 28].
У дадзеным прынцыпе зафіксавана спецыфічнае для сучаснай школы адзінства дзеянняў настаўніка і вучняў. Педагог на ўроку літаратуры выступае не як выканаўца ў тэатры аднаго акцёра, а як рэжысёр спектакля. Вядучая роля настаўніка-філолага заключаецца ў тым, што вучні пастаянна заўважаюць яго ўздзеянне на іх і разам з тым адчуваюць самастойнасць пошукаў, меркаванняў і ацэнак.
Для дасягнення актыўнасці і свядомасці школьнікаў у вучэбным працэсе настаўнік павінен абапірацца на іх інтарэсы і адначасова фарміраваць матывы навучання, далучаць вучняў да вырашэння праблемных сітуацый, выкарыстоўваць у якасці метадаў навучання дыскусіі і дыспут, стымуляваць калектыўныя формы працы.
Разглядаемы прынцып патрабуе таксама распрацоўкі і прымянення сістэмы самастойнай работы, асаблівая роля тут належыць сачыненням і вучнёўскім навуковым даследаванням.
Прынцып трываласці зыходзіць з таго, што веды павінны грунтоўна замацавацца ў памяці вучняў і стаць часткаю іх свядомасці.
Рэалізацыя прынцыпу трываласці навучання ў педагагічнай практыцы ажыццяўляецца праз практыкаванні ў прымяненні ведаў, навыкаў і ўменняў, абмеркаванне і дыскусіі, доказнасць і аргументаванасць выступленняў. Трываласць ведаў забяспечваецца эмацыянальным выкладам матэрыялу настаўнікам, дакладнай лагічнай структурай урока або пазакласнага мерапрыемства, выкарыстаннем камп’ютэрных тэхналогій, ТСН і нагляднасці, сістэмай самастойнай працы. Важнае значэнне ў фарміраванні трывалых ведаў надаецца паўтарэнню.
Трываласць ведаў, атрыманых на ўроках літаратуры, можа правярацца як у перыяд вучобы ў школе, так і на працягу ўсяго далейшага жыцця. Пацвярджэннем трываласці літаратурнай падрыхтоўкі выпускнікоў школы з’яўляецца іх маральна-эстэтычная сталасць, неабыякавасць да мастацтва, уменне дакладна ацэньваць творы, якія вывучаліся ў школе, усведамленне непарыўнай сувязі мастацтва з жыццём.
Прынцып стварэння неабходных умоў для навучання арыентуе на стварэнне спрыяльнай маральна-псіхалагічнай атмасферы ў адносінах паміж настаўнікам і вучнямі, ён накіраваны на папярэджанне канфліктных сітуацый на ўроку.
У дыдактычнай літаратуры вылучаецца таксама прынцып спалучэння розных метадаў і сродкаў навучання ў залежнасці ад задач і зместу навучання.
Прынцыпы літаратуразнаўчага аналізу
Акрамя агульнадыдактычных прынцыпаў, існуюць ўласнаметадычныя прынцыпы, якімі кіруецца настаўнік пры выкладанні канкрэтнага вучэбнага прадмета. У дачыненні да методыкі выкладання літаратуры – гэта прынцыпы літаратуразнаўчага аналізу.
Прынцып вывучэння літаратурных твораў як твораў мастацтва
Літаратура – адзін з відаў мастацтва. Яна з’яўляецца спецыфічнай формай грамадскай свядомасці і пазнання рэчаіснасці. Спецыфіка яе заключаецца ў тым, што яна паказвае свет ў вобразнай форме. Мастацкі вобраз не фотаздымак з рэчаіснасці, а творчае ўзнаўленне яе, ён абавязкова ўтрымлівае ў сабе суб’ектыўны момант – адносіны аўтара да таго, што паказвае. Менавіта вобразнасць адрознівае мастацкую літаратуру ад навукі. Пры выкладанні літаратуры неабходна ўлічваць, што існуюць два спосабы мыслення – мастацкае і навуковае. Сучасная методыка распрацавала шэраг эфектыўных формаў навучання (міжпрадметныя сувязі, інтэграваныя ўрокі), якія дазваляюць выкарыстаць веды, набытыя вучнямі на іншых уроках. Напрыклад, пра паўстанне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага вучні даведваюцца на ўроках гісторыі, пра яго пярэдадзень – на ўроках беларускай літаратуры пры вывучэнні рамана У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. Розніца ў тым, што ў першым выпадку настаўнік абапіраецца на дакладныя факты, у другім – на мастацкі вымысел пісьменніка. На ўроку гісторыі аналізуюцца прычыны ўзнікнення і паражэння паўстання, на ўроку літаратуры разглядаюцца характары персанажаў. “Вобраз – гэта канкрэтная і ў той самы час абагульненая карціна жыцця людзей, створаная пры дапамозе вымыслу і якая мае эстэтычнае значэнне”[4, с. 55]. Па гэтай прычыне нельга выкарыстоўваць мастацкую літаратуру як прамую ілюстрацыю да гістарычных падзей.
Найважнейшае значэнне для мастацкай літаратуры з’яўляецца само слова. Заўважым, што ў адной сваёй мініяцюры Я. Брыль прызнаваўся: "Калі я чытаю добрую кнігу, не папракайце мяне ў гультайстве. Не хочаце прызнаць, што я працую, дык думайце, што я малюся – Слову". Мастацкае слова павінна заняць пачэснае месца і на ўроку літаратуры.
Неабходна ўлічваць і тое, што сапраўдны мастацкі твор нагадвае дасканалы арганізм, у якім кожны орган своеасаблівы і абавязкова ўдзельнічае ў жыццядзейнасці гэтага арганізма. Мастацкі твор складаецца, як правіла, з сістэмы вобразаў-персанажаў, якія самі па сабе існаваць не могуць. Пры стварэнні вобразаў-персанажаў пісьменнік звяртаецца да такіх кампанентаў, як аўтарскія характарыстыкі, пейзаж, мастацкая дэталь, інтэр’ер, ўнутраныя маналогі, дыялогі. Толькі ў адзінстве ўсяго гэтага можна спасцігнуць мастацкую карціну жыцця.
Прынцып аналізу мастацкіх з’яў у адзінстве іх зместу і формы
Змест – катэгорыя мастацкая: яна ўключае ў сябе тэму твора, яго ідэю, якая знаходзіць сваё выражэнне ў характары вырашэння канфліктаў, паказаных пісьменнікам у кожным канкрэтным выпадку.
Асноўнае прызначэнне мастацкай формы – у яркім раскрыцці зместу. Ад яе дасканаласці залежыць сіла ўздзеяння твора.
У мастацкім творы змест і форма непадзельныя. Кожны яго элемент (паэтычны вобраз, жанр, сюжэт, кампазіцыя, рытм, паэтычная лексіка) працуюць на змест. Тэма знаходзіць сваё вырашэнне, атрымлівае ідэйную накіраванасць у працэсе стварэння формы.
Рэалізацыя прынцыпу адзінства зместу і формы – адна з галоўных умоў паўнацэннага ўспрымання твора мастацкай літаратуры.
Прынцып гістарызму прадугледжвае як гісторыка-генетычны так і гісторыка-функцыянальны разгляд твора. Гістарызм дапамагае ўбачыць у творы вынік інтэлектуальнай працы пісьменніка пэўнай эпохі і адначасова з’яву мастацкай творчасці, актуальную для сучаснага чытача.
Гістарызм пакладзены ў аснову структуры літаратурнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
Прынцып гістарызму ў сярэдніх класах можа рэалізоўвацца праз гістарычную даведку пра час напісання твора, час, адлюстраваны ў творы, і гісторыю яго напісання.
У старшых класах літаратура вывучаецца на гістарычнай аснове і да таго ж у адпаведнасці з канцэпцыяй літаратурнай адукацыі ў кантэксце сусветнага літаратурнага працэсу. У такім выпадку адной гістарычнай даведкі для рэалізацыі прынцыпу гістарызму недастаткова. Вучэбныя праграмы па беларускай літаратуры прадугледжваюць вывучэнне ў старшых класах як манаграфічных, так і аглядавых тэм.
Праз літаратуру вучні пазнаюць гістарычную рэальнасць, яны павінны навучыцца ўменню ацаніць, які ўклад унеслі ў гісторыка-літаратурны працэс мінулыя пакаленні.
Прынцып гістарызму рэалізуецца праз супастаўленне эстэтычных поглядаў пісьменнікаў. Вершы Я. Купалы “Я не паэта”, “Я не для вас”, “З цэлым народам гутарку весці”, напрыклад, звычайна параўноўваюцца з вершам Ф. Багушэвіча “Мая дудка”.
Прынцып гістарызму рэалізуецца і праз міжпрадметныя сувязі. Настаўнік беларускай літаратуры павінен аналізаваць змест і праблематыку твораў, абапіраючыся на веды, атрыманыя на ўроках рускай літаратуры і гісторыі.
Агульнадыдактычныя прынцыпы і прынцыпы літаратуразнаўчага аналізу цесна ўзаемазвязаны, разам яны ўтвараюць цэласную сістэму. Рэалізацыя аднаго з прынцыпаў непасрэдна звязана з рэалізацыяй іншых: даступнасць з трываласцю, гістарызм з навуковасцю, вывучэнне літаратурных твораў як твораў мастацтва з нагляднасцю і г.д. П.І. Підкасісты наконт цэласнасці сістэмы прынцыпаў слушна заўважыў, што ўсе гэтыя “прынцыпы накіраваны на ажыццяўленне вядучага прынцыпу – прынцыпу адзінства адукацыйнай, развіццёвай і выхаваўчай функцый навучання” [3, с. 227]. Менавіта накіраванасць сістэмы прынцыпаў на вырашэнне задач выхавання з’яўляецца галоўнай яе інтэграцыйнай уласцівасцю.