Методыка выкладання літаратуры як навука
Методыка выкладання
Беларускай літаратуры
Дапаможнік
Мінск 2012
УДК 37.016:821.161.3(075.8)
ББК 74.268.3(4Беи)я73
Г576
Друкуецца па рашэнні рэдакцыйна-выдавецкага савета БДПУ
Рэцэнзенты:
кафедра беларускай філалогіі і сусветнай літаратуры УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”
кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры лінгвістычнай адукацыі ДУА “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі” І.М. Слесарава
Гоўзіч, І.М.
Методыка выкладання беларускай літаратуры : дапам. для студэнтаў філал. спецыяльнасцей ВНУ / І.М. Гоўзіч, А.І. Лугоўскі, С.А. Сычова. – Мінск : БДПУ, 2012. – с.
ISBN 978-985-501-503-2
У дапаможніку разглядаюцца пытанні гісторыі і тэорыі методыкі выкладання беларускай літаратуры і арганізацыі пазакласнай працы па літаратуры ў агульнаадукацыйных установах.
Адрасавана студэнтам філалагічных факультэтаў ВНУ. Можа быць выкарыстана настаўнікамі-практыкамі.
УДК 37.016:821.161.3(075.8)
ББК 74.268.3(4Беи)я73
ISBN 978-985-501-503-2© Гоўзіч І.М., 2012
© БДПУ, 2012
АГУЛЬНЫЯ ПЫТАННІ МЕТОДЫКІ ВЫКЛАДАННЯ ЛІТАРАТУРЫ
Методыка выкладання літаратуры як навука
Слова “методыка” паходзіць ад старажытнагрэчаскага “методас”, што азначае “шлях даследавання”, “спосаб пазнання”. Методыка выкладання літаратуры – педагагічная дысцыпліна, якая даследуе працэс навучання літаратуры з мэтаю выкарыстання яго заканамернасцей для далейшага павышэння эфектыўнасці адукацыі, выхавання і развіцця школьнікаў.
Прадметам методыкі выкладання літаратуры з’яўляецца працэс выхаваўчага навучання школьнікаў літаратуры як вучэбнаму прадмету і даследаванне заканамернасцей гэтага працэсу.
Задачы методыкі выкладання літаратуры як навукі:
вызначэнне мэт, задач і зместу навучання літаратуры ў школе;
адкрыццё заканамернасцей засваення літаратуры, якія не зводзяцца да літаратуразнаўчых або педагагічных і псіхалагічных заканамернасцей;
вызначэнне прынцыпаў навучання літаратуры;
пошук найбольш эфектыўных метадаў, прыёмаў і формаў навучання літаратуры;
вывучэнне метадычнай спадчыны;
вывучэнне і навуковае асэнсаванне перадавога вопыту.
Асноўныя паняцці методыкі выкладання літаратуры як навукі: мэты і змест літаратурнай адукацыі, заканамернасці спасціжэння літаратуры як мастацтва слова, прынцыпы навучання, метады, прыёмы і формы навучання.
Методыка выкладання літаратуры цесна звязана з літаратуразнаўствам, педагогікай і псіхалогіяй.
Літаратуразнаўства вывучае заканамернасці літаратурнага працэсу, ацэньвае мастацкія творы, вызначае іх эстэтычную вартасць і грамадскую каштоўнасць і такім чынам робіць уплыў на методыку навучання літаратуры.
Педагогіка вывучае заканамернасці вучэбнага працэсу, распрацоўвае агульную тэорыю і агульныя прынцыпы навучання. Не ведаючы асноў дыдактыкі, нельга арганізаваць належным чынам навучанне літаратуры, каб яно вырашала навучальныя, развіццёвыя і выхаваўчыя задачы.
Сувязь методыкі выкладання літаратуры з псіхалогіяй мае два бакі. Першы – псіхалогія навучання, разумовага развіцця вучняў і іх выхавання. Другі – псіхалогія мастацкай творчасці і мастацкага ўспрымання.
Літаратуразнаўства, педагогіка і псіхалогія дапамагаюць знайсці адказ на 3 асноўныя пытанні методыкі: што вывучаць? як вывучаць? для чаго вывучаць?
Што вывучаць, г. зн. якім павінен быць аптымальны адбор зместу і якая яго структура, якія творы, біяграфічны матэрыял, тэарэтычныя паняцці, крытычныя артыкулы неабходна ўключыць у школьную праграму, каб з найбольшым поспехам ажыццявіць мэты навучання.
Як вывучаць, г.зн. якімі спосабамі найбольш эфектыўна ажыццяўляць вучэбную дзейнасць, якімі сродкамі і метадамі дасягаць аптымальных вынікаў у адукацыі, выхаванні і развіцці вучняў.
Для чаго вучыць, г. зн. якія мэты неабходна і можна ставіць з улікам узроставых асаблівасцей вучняў і ў адпаведнасці з канкрэтнымі магчымасцямі школьнага курса.
Непарыўную сувязь методыка выкладання літаратуры мае з эстэтыкай – навукай аб прыгожым, аб ідэйнай сутнасці і формах прыгожага ў мастацкай творчасці. Літаратура як адзін з відаў мастацтва ў эстэтыцы разглядаецца з пункту гледжання яе вобразнага адлюстравання рэчаіснасці праз яе славеснае афармленне.
Цесна звязана вывучэнне літаратуры ў школе з гісторыяй. Зварот да пэўных гістарычных падзей дапамагае вучням ўбачыць у літаратурным творы вынік інтэлектуальнай працы пісьменніка пэўнай эпохі і адначасова з’яву мастацкай творчасці, актуальную для сучаснага чытача. Нельга ўявіць урок літаратуры без гістарычнай даведкі пра час напісання твора, час, адлюстраваны ў творы, і гісторыю яго напісання. Паводле канцэпцыі літаратурнай адукацыі літаратура ў старшых класах вывучаецца на гістарычнай аснове.
Методыка літаратуры таксама звязана з такімі навуковымі дысцыплінамі, як філасофія, сацыялогія, культуралогія, этнаграфія, этыка, лінгвістыка.
Методыка, як і кожная іншая навука, мае сваю структуру. Структура методыкі выкладання літаратуры адлюстроўвае працэс навучання літаратуры ў школе, які складаецца з 4-х асноўных элементаў: мэты навучання – літаратура– настаўнік – вучань. Пытанні, якія разглядае методыка, непасрэдна звязаны з кожным з названых элементаў.
Агульныя асновы методыкі, сістэма вывучэння літаратуры на ўроках, арганізацыя факультатыўных заняткаў, сістэма пазакласнай працы – галоўныя раздзелы методыкі выкладання літаратуры.
Методыка як навука займаецца распрацоўкай праблем, мэт і задач выкладання, зместу і структуры курса літаратуры, метадаў навучання, а таксама падрыхтоўкай праграм, падручнікаў, вучэбных і наглядных дапаможнікаў, тэхнічных сродкаў навучання.
Методыка літаратуры як навука мае свае метады даследавання. Прадметам навуковага даследавання ў методыцы з’яўляецца навучанне школьнікаў літаратуры як вучэбнаму прадмету.
Адзін з пашыраных метадаў даследавання – вывучэнне перадавога вопыту настаўнікаў-практыкаў.
Прыступаючы да працы над абранай праблемай, навуковец-метадыст знаёміцца з адпаведнай навуковай літаратурай, вызначае задачы даследавання, вывучае і абагульняе вопыт настаўнікаў. Методыка будуецца на падмурку вывучэння вопыту школ, у якім даследчык чэрпае неабходны матэрыял для абагульнення і ў якім атрымлівае праверку вызначанай гіпотэзы.
Гіпотэза – абгрунтаванае, але яшчэ не праверанае на практыцы навуковае меркаванне аб пэўных метадычных заканамернасцях і прагназуемых выніках. Гіпотэза павінна быць пацверджана навукова ўстаноўленымі фактамі.
Акрамя вывучэння перадавога вопыту аднаго або некалькіх настаўнікаў, методыка выкладання літаратуры выкарыстоўвае спецыфічныя метады даследавання.
Шырока выкарыстоўваецца ў педагагічных даследаваннях адначасовае масавае апытанне школьнікаў у форме анкет або тэстаў. Такі спосаб у даследчыцкай дзейнасці атрымаў назву метад зрэзаў, мэта якога ў выяўленні чытацкіх інтарэсаў вучняў, іх начытанасці, уменняў і навыкаў, ведання тэарэтычных паняццяў, агульнай літаратуразнаўчай падрыхтоўкі.
Метад мэтанакіраванага назірання прадугледжвае выяўленне пэўных вынікаў у працэсе выкладання літаратуры ў адпаведнасці з вызначанай праблемай і гіпотэзай. У час назірання даследчык праводзіць лакальныя аднаразовыя зрэзы, вуснае або пісьмовае апытанне, праверку чытацкіх дзённікаў, міні-сачынні, вывучае школьную дакументацыю, пісьмовыя працы вучняў, што дае яму магчымасць атрымаць веды пра дасягненні і недахопы ў практыцы выкладання літаратуры.
Асноўным метадам даследавання ў галіне методыкі з’яўляецца натуральны эксперымент, у час якога навуковец-метадыст не толькі сочыць за вучэбным працэсам, як пры назіранні, але і свядома ўносіць у яго карэктывы, мэтанакіравана падключае новыя элементы ў змест, неабходныя сродкі і прыёмы навучання. Пры гэтым ствараюцца эксперыментальныя і кантрольныя класы з мэтаю супастаўлення традыцыйных і новых, толькі што атрыманых вынікаў. У навуковым эксперыменце даследуюцца агульныя для многіх настаўнікаў заканамернасці. Вынікі метадычных даследаванняў падлягаюць матэматычнай і статыстычнай апрацоўцы, пацвярджаюцца навукова аформленай дакументацыяй.
У методыцы выкладання літаратуры сустракаюцца і выключна тэарэтычныя даследаванні, прысвечаныя праблемам тэарэтыка-літаратурнага і гісторыка-літаратурнага характару.