Тэкст лекцыі.

 

1. Асноўныя элементы ўнутранай тэхнікі моўнага дзеяння у моўным майстэрстве рэжысёра і выканаўца .

 

1.Уся практычная праца рэжысёра свята звязана са словам, з мовай. Слова з’яўляецца адным з асноўных выразных сродкаў рэжысёра. Словам можна пераканаць, захапіць, акрыліць, пакрыўдзіць, дапамагчы. Таму самыя першыя сустрэчы студэнта з тэкстам у час навучання фарміруюць і развіваюць у яго думку: слова – гэта заўсёды дзеянне.

У аснову працы над тэкстам пакладзены асноўныя палажэнні сістэмы К.С.Станіслаўскага.

“Моўнае дзеянне – гэта адзін з момантаў працэса мовы, ператвараючы простае словамаўленне ў сапраўднае, прадуктыўнае і мэтанакіраванае дзеянне. Гэта “заражэнне” другіх сваімі бачаннямі, перадача таго, што бачыш і думаеш”[24,с.450.]

На пачатковым этапе работы з тэкстам асобае значэнне мае першаснае

ўражанне ад прачытаннага, водгук душы, эмацыянльныя адносіны выканаўца да зместу літаратурнага тэксту.

К.С.Станіслаўскі пісаў: “Часцінка сябе – гэта нязмушана ўспыхнуўшае

бачанне, раптам прамільгнуўшая жыццёвая асацыяцыя, кволы, але жывы эмацыянальны водгук”.[23,с.68 ]Без гэтага жывога асобаснага водгука няма ў будучым паўнацэннага творчага аналізу.

“Эмацыянальны першаштуршок, атрыманы ад такога матэрыялу, дае вялікія магчымасці для драматургіі і мары. Творчая захопленасць матэрыялам, якая звычайна пачынаецца з пэўнай дэталі, з якога-небудзь эпізоду, у рэшце рэшт павінна ператварыцца ў актыўнае імкненне ўздзейнічаць жывым словам на слухача “.[7,с.70]

“Прысваенне” аўтарскага тэксту для студэнтаў-рэжысёраў пачынаецца з успрыняцця зместу твора – жыцця, якім напоўнены мастацкі твор. Успрыняцце твора – гэта своеасаблівае вывучэнне, пазнанне характару літаратурных герояў і таго асяроддзя, у якім яны дзейнічаюць.

Вялікае месца тут надаецца творчай фантазіі. Яна дадумвае характары, падзеі, дапаўняе перажыванні, дапамагае ажывіць факты канкрэтнымі бачаннямі, падмацаваць думкі зрокавымі карцінамі і адчуваннямі, паглыбіць адносіны да перадаваемых падзей і г.д.

 

2.Бачанні.

Уяўленне – галоўны элемент унутранай тэхнікі моўнага дзеяння. Мысленне вобразамі павінна стаць асновай унутранай працы рэжысёра і выканаўца.

Тэрмін “бачанне” трывала замацаваўся ў выканальніцкай практыцы, мы карыстаемся гэтым тэрмінам, разумеючы пад ім увесь комплекс уяўляемых чалавекам адчуванняў (гукавых, зрокавых, нюхальных, датыкальных, смакавых і г.д.).

Г.А.Пятрова зазначае: “Бачанне мастака такое падрабязнае і пэўнае, што ўяўляе сабой жыццёвую рэальнасць розных адчуванняў паху і смаку, колеру і слыху”3 або выказванне Э.Заля: “Калі я выклікаю ў памяці прадметы, якія я бачу, то яны з’яўляюцца перад маімі вачыма такімі ж, якімі яны ёсць на самай справе, з іх лініямі, формамі, колерам, пахам, гукамі. Гэта бездакорная матэрыялізацыя; сонца, якое іх асвятляла, амаль слепіць мяне; я задыхаюся ад паху...”2.

Менавіта вобразныя ўяўленні (бачанні) – фундамент працы над тэкстам. Бачанні могуць паглыбляцца, удакладняцца бясконца. Калі выканаўца навучыцца яскрава ўяўляць тое, пра што гаворыць аўтар, ён зможа як бы ператварыцца ў сведку апісаных з’яў і падзей, якія стануць для яго амаль што рэальнымі. Гэта вера ў мастацкі вымысел дапаможа распавядаць пра з’явы і падзеі з пазіцыі чалавека, што бачыў (бачыць) усё на ўласныя вочы. Такое збліжэнне з літаратурным творам будзе шчыра хваляваць яго, дапаможа актыўна ўздзейнічаць на слухачоў, выклікаць у іх эстэтычнае хваляванне. Важна абудзіць здольнасць бачыць унутраным зрокам не фрагментарныя карціны, вобразы, а па тэрміналогіі К.С.Станіслаўскага, “кінастужку бачанняў”. Пры гэтым “кінастужка” як і ў жыцці, рухомая. Наш унутраны зрок падсвядома фіксуе дэталі, ідучы да галоўнага, “спяшаючыся” да мэты – сказаць навошта, дзеля чаго пачаўся расказ.

Перадаць слухачам жывую думку ў пачуццёвых вобразах мастацтва – галоўная мэта выканаўца, мастака. Пры дасягненні гэтай мэты, як паказвае практыка выканання, адной з асноўных перашкод якраз і з’яўляецца недахоп, недакладнасць вобразных уяўленняў (бачанняў) у студэнта, выканаўца, перапыненне ў “кінастужцы” бачанняў. Тлумачыцца гэта нязначным практычным вопытам студэнта думаць вобразамі і ўяўленнямі, што з’яўляецца фундаментам творчай працы над тэкстам.

Адсутнасць перад вачыма непасрэднай прычыны, што нараджае слова (г.зн. аб’ектаў апавядання) лёгка выклікае ў студэнта пустое “словамаўленне”.

У жыцці мы бачым, што гаворым, малюем зрокавыя вобразы, а на сцэне гэты момант губляем. А калі не бачым, губляем і сэнс, і значэнне паняццяў, і сілу ўздзеяння. Адсюль узнікае мэта перад выканаўцам – накіраваць сваю ўвагу на аднаўленне моўнага парадку: бачу – уяўляю (вобраз), потым вымаўляю (слова).

Спатрэбіцца вялікая праца, каб напоўніць аўтарскія словы сваімі бачаннямі.

Вычарпальнае веданне адлюстраванай рэчаіснасці (прапанаваных абставін) – аснова для бесперапыннай стужкі бачанняў. Такое веданне ў яркіх, канкрэтных, разнастайных бачаннях пераўтварае аўтарскі тэкст у свой асабісты расказ аб перажытым і адчутым, які больш актыўна ўздзейнічае на слухачоў.

а) Працэс стварэння бачанняў складваецца па-рознаму. Галоўнае - работа, а не выпадковыя бачанні, не бачанні “увогуле”, а канкрэтныя, выразныя.

Распрацоўка бачанняў, зразумела ўмоўна, падзяляецца на наступныя этапы:

1) працэс назапашвання бачанняў;

2) адбор з назапашанага самага выразнага для выканання мэтанакіраванага дзеяння;

3) увасабленне бачанняў у моўна-пазамоўных дзеяннях;

4) узбуджэнне працэса бачанняў у слухача (перадача бачанняў).

Умоўнасць гэтага падзелу відавочна, бо на практыцы, як і ў жыцці, усё адбываецца паралельна альбо адначасова.

Назапашванне бачанняў – неабходная і захапляючая праца. Яна прымушае студэнта быць назіральным, уважлівым да дэталей, развівае фантазію, эмацыянальную памяць. Чым паўней, яскравей і разнастайней бачанні, тым больш поўна суадносяцца яны з эмацыянальным вопытам студэнта, выканаўца, тым мацней адгукнецца пачуццё ў яго шматбаковых уражаннях: і зрокавых, і слыхавых, і рухавых...

У кожнага выканаўца свой асабісты вопыт і свае непаўторныя, цікавыя асацыяцыі, свае шляхі стварэння бачанняў.

б) Практыкай моўнага дзеяння вылучаюцца найбольш значныя прыёмы назапашвання, стварэння вобразных бачанняў, якія рэкамендуецца выкарыстоўваць студэнтам у творчай працы над тэкстам.

 

· Прыём асабістай значнасці(ці суадносенне да сябе).

Гэты прыём ляжыць у аснове творчага працэсу, і накіраваны на тое, каб максімальна наблізіцца да думак і пачуццяў аўтара. А гэта магчыма толькі тады, калі выканаўца накіруе сваё ўяўленне не толькі на бачанне карціны, якое пўстае ў сувязі са зместам прачытанага матэрыяла, але і на тое, каб адшукаць у сваёй эмацыянальнай памяці аналагічныя моманты жыцця, якія вызвалі падобныя думкі і пачуцці. Такім чынам усё, што адбываецца з героем – суаднесці з сабой, зрабіць сваім, значным сабе.

· Прыём фіксацыі бачанняў ў прасторы і руху.

Сутнасць яго – знайсці дакладныя аб’екты зносін. Выканаўца павінен убачыць гэтыя ўнутраныя аб’екты ў прасторы, у руху і дзеянні, якія яны здзяйсняюць у пэўным душэўным стане. Бачанне аб’ектаў у прасторы і руху нараджае ў выканаўцаў сапраўднае эмацыянальнае самаадчуванне, садзейнічае больш дакладнай і праўдзівай перадачы унутранага жыцця герояў.

· Прыём канкрэтызацыі.

Так як бачанне ўключае ўвесь комплекс адчуванняў, эмоцый, таму неабходна перадаваць як зрокавыя, так і слыхавыя, адчувальныя і інш. Пры гэтым належыць вызначыць якое з комплекса адчуванняў дамінуе над іншымі. Адчуванні ад прадмета не аднолькавыя. Напрыклад, на адлегласці абанянне, асязанне уступаюць зрокавым адчуванням, а ў цемры прадмет успрымаецца больш праз асязанне і абаняннне. Гэтай заканамернасці необходна прытрымлівацца і выканаўцу. Таму трэба выбраць найбольш моцныя адчуванні, якія ўразілі выканаўца.

· Прыём перавялічэння і перазмяншэння.

Каб бачанні хвалявалі выканаўца, яны не павінны быць звычайнымі, простымі, якія часцей сустракаюцца, да якіх прызвычаіліся. Яны павінны быць вышэй звычайнага ўзроўню, звычайнай нормы: яны павінны быць ці занадта прыгожыя, ці вельмі брыдкія; гарачыя ці халодныя (згустак найбольш яркага і характэрнага), якія пабуджаюць усю псіхатэхніку выканаўца да творчасці.

· Прыём аднаўлення бачанняў.

Прыём выкарыстоўваецца для змены, удакладнення вобразаў і карцін на больш яркія і выразныя, пасля працяглага выканання аднаго і таго ж тэкста.

 

3.Адносіны.

Для таго, каб нашы бачанні былі эмацыянальна насычанымі, неабходна ўстанавіць канкрэтныя адносіны да падзей, фактаў тэкста.

Сэнсавае рашэнне твора мнагазначна і сваё для кожнага выканаўца, яно звязана з пастаўленай звышзадачай і на гэтай аснове фарміруе свае выразныя сродкі.

Дыяпазон у сэнсавым рашэнні вялікі і не толькі ў сувязі з мнагазначнасцю аўтарскага тэкста і яго сённяшнім разуменнем, але і ў сувязі з індывідуальнымі якасцямі, вопытам, узростам выканаўца. Разуменне “сэнса” твора заўсёды сацыяльна абумоўлена. Час нараджае новы погляд на падзеі, новыя ацэнкі, асацыяцыі, новае рашэнне текста, новыя выразныя сродкі.

У рабоце над тэкстам заўсёды павінен быць этап, калі трэба размеркаваць акцэнты, выявіць структуру расказа. Дакладныя пераходы і ацэнка падзей – усё гэта выяўляе, што я раблю дадзеным эпізодам, у якім плане ён важны для цэлага. Без вернага размеркавання сэнсавых акцэнтаў немагчыма разуменне сэнсавых падзей.

Такім чынам, у агульным, адносіны гэта:

1. вобраз самога апавядальніка (выражэнне яго светапогляду, перакананняў)

2. трактоўка твора (размеркаванне сэнсавых акцэнтаў) і, безумоўна, адносіны

3. выток з якога бяруць свой пачатак пачуцці выканаўца

4. адносіны – сведка актыўнасці дзеяння выканаўца (як вынік)

 

4.Зносіны.

Яркія, канкрэтныя бачанні, якія жывуць у прадстаўленні выканаўца, павінны быць данесены да слухачоў. І тут асобую ролю набывае ўменне заражаць сваімі бачаннямі, уздзеянне словам на слухача, перакананне яго, зацікаўленне сутнасцю падзей. Адной з асноўных умоў захавання ўвагі слухача, з’яўляецца разнастайнасць аб’ектаў апавядання. У творчасці выканаўца змена аб’ектаў адбываецца выключна ў яго прадстаўленні, што стварае цяжкасць майстэрства, як у плане выканальніцкім, так і ў плане ўспрыняцця гэтага мастацтва.

Акрамя гэтага, ініцыятыва ўзаемадзеяння з партнёрам-слухачом належыць выканаўцу, які адзін ажыццяўляе моўнае “наступленне”. І для таго, каб гэта наступленне было максімальна накіраваным, пераканаўчым і цікавым, выканаўцу неабходна затраціць шмат намаганняў, таму што “дзейнічаць з мінімальнымі затратамі намаганняў можна не наступаючы, а наступаць не затрачваючы ўсё большых і большых намаганняў не магчыма”[23 с.68]. Вельмі важнай з’яўляецца тут акалічнасць, што яркі мастацкі вобраз пабуджае і слухача актыўна ўзнаўляць апавядаемае ў сваім уяўленні, мабілізуе запасы яго жыццёвых уражванняў.

У стварэнні карцін, якія ўзнікаюць у слухача, асобую ролю выконвае ўменне расказчыка захапіць сваімі бачаннямі, пераводзячы іх у слова, моўнае дзеянне, дзе выяўляецца зрокава адчувальны працэс развіцця падзей. Дзейнасць слова нараджаецца тады, калі выканаўца захоплены сваёй задачай і мэтай.

Зносіны мы можам разглядаць і як прамыя, ускосныя, самазносіны, зносіны з уяўляльным аб’ектам, гэта залежыць ад зместу твора і творчай задумы выканаўца.

“Гавары не воку, а вуху” – раіў К.С.Станіслаўскі, такім чынам сваімі багатымі і дакладнымі бачаннямі “заражаць” слухача. Такі працэс абмену бачаннямі нараджае арганічны дыялог са слухачом. Гэту параду К.С.Станіслаўскага трэба помніць і выконваць творцу ў сваёй моўнай дзейнасці.

 

Вывады.

Такім чынам вобразныя бачанні, адносіны, зносіны – элементы аднаго творчага працэсу, у выніку якога ў вобразна-эмацыянальнай форме рэалізоўваюцца думкі і жаданні аўтара твора і яго выканаўца.