В) Дыкцыя

 

Дыкцыя – ад лацінскага “dictio” – вымаўляць, “diere”– вымаўленне, значыць дакладнае, яснае вымаўленне слоў, фраз, бездакорнае гучанне кожнага галоснага і зычнага.

 

Чысціня дыкцыі дапамагае рэжысёру і выканаўцу выразна і дакладна даносіць свае думкі да слухачоў. Недахопы ў дыкцыі адцягваюць ўвагу слухачоў ад зместа мовы.

Да органаў, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у гукаўтварэнні, адносяцца, як вы ўжо ведаеце, гартань, ротавая і насавая поласці, сківіцы, зубы, цвёрдае і мяккае нёба, язык, вусны. Адны часткі моўнага апарата – язык, вусны, ніжняя сківіца, мяккае нёба з маленькім язычком, гартань – з’яўляюцца рухомымі, іншыя – зубы, верхняя сківіца, цвёрдае нёба – нерухомымі.

Вымаўленне галосных і зычных гукаў залежыць ад пабудовы, канструкцыі ўсіх частак моўнага апарата і ад правільнай артыкуляцыі. Мова чалавека можа быць выразная, зразумелая, чыстая, а таксама з пэўнымі недахопамі.

Моўныя недахопы даволі разнастайныя. Яны падзяляюцца на:

v арганічныя, што звязаны з фізіялагічнымі парушэннямі моўных органаў (няправільны прыкус дае няправільнае вымаўленне гукаў ш, ж, с, з, ц, ч, рэдка ці крыва пастаўленыя зубы і тоўсты язык перашкаджаюць правільнаму ўтварэнню гукаў р, ш, ж, ч.)

v неарганічныя, якія узнікаюць па прычыне механічнага пераймання чужых недахопаў, дрэннай артыкуляцыі. Найбольш распаўсюджаны недахоп – вялая, неразборлівая мова. Такую мову К.С.Станіслаўскі параўноўваў з мухамі, якія трапілі ў мёд. Вусны пры гэтым чуць рухаюцца, зубы амаль сціснуты, ніжняя сківіца дрэнна апускаецца.

Пры наяўнасці недахопаў арганічнага паходжання неабходна медыцынская дапамога стаматолагаў, хірургаў і лагапедаў. Але недахопы неарганічнага паходжання можна выправіць сістэматычнай працай і самакантролем, усвядоміўшы недахопы сваёй мовы і свядома іх выпраўляючы. Такія, як маларухомасць вуснаў – у час фанацыі адсутнічае артыкуляцыйная выразнасць вуснаў, вымаўленне “скрозь зубы” – гукі ўтвараюцца пры адсутнасці паміж зубамі шчыліны для выдыхаемага паветра, а таксама парушэнне арфаэпічных нормаў беларускай мовы (мяккае з, с перад мяккімі зычнымі, цвёрдыя ц, р і г.д.). Працаваць над удасканаленнем дыкцыі неабходна нават тады, калі ў чалавека няма асабліва прыкметных недахопаў, каб падтрымліваць рабочы стан моўнага апарату. Па словах К.С. Станіслаўскага, “вымаўленне на сцэне – мастацтва не менш цяжкае, чым спевы, патрабуючыя вялікай падрыхтоўкі і тэхнікі, даходзячай да віртуознасці”. [24c.322]

 

На першых занятках па моўнаму дзеянню студэнты складаюць з выкладчыкам так званы “моўны пашпарт”, дзе фіксуюцца ўсе моўныя недахопы і прыёмы іх выпраўлення. Карысна выкарыстоўваць для выпраўлення сваіх моўных памылак і навучання тэхнічныя сродкі, напрыклад, магнітафон, пры дапамозе якога студэнты робяць запіс свайго выканання, чуюць свой голас і аналізуюць памылкі. Такі прыём моўных трэніровак садзейнічае развіццю моўнага слыху студэнтаў, дае магчымасць адчуць і крытычна ацаніць вынікі сваёй працы.

Артыкуляцыю кожнага гука мы не разглядаем у лекцыі, яна патрабуе шмат часу. Адпрацоўкай вымаўлення гукаў і іх спалучэнняў варта займацца на практычных занятках (у тым ліку і індывідуальных) з выкладчыкам і самастойна.