Тэкст лекцыі.

1. Логіка мовы ў моўным дзеянні.

 

Найважнейшай прыкметай дзейнасці мовы з’яўляецца яе логіка. Логіка ў перакладзе з лацінскага азначае “сэнс”. Мова - ёсць злучэнне слоў, якія садзейнічаюць выражэнню думкі. Такім чынам, “логіка мовы”- гэта выяўленне сэнсу мовы. А ўменне выявіць і выразіць у творчым працэсе думкі аўтара, яго ідэйныя задумкі - аснова моўнага дзеяння.

Вывучэнне законаў логікі мовы патрабуе зыходзіць з галоўнага прынцыпу сістэмы Станіслаўскага К.С. : ад свядомага авалодання тэхнікай свайго майстэрства да падсвядомай творчасці. Нельга спадзявацца толькі на выпадковае азарэнне, інтуіцыю, натхненне. Як “сваю мову, словы, фразы, законы логікі мовы трэба аднойчы і назаўсёды адчуць”, сцвярджаў Станіслаўскі К. С., “і калі яны стануць нашай другой натурай, тады трэба карыстацца імі, не думаюцы аб правілах. Тады мова будзе сама сабой правільна вымаўляцца”[.24с.451]

Але каб адчуць законы логікі мовы, для гэтага трэба іх перш за ўсё ведаць, трэба авалодаць практычнымі прыёмамі і навыкамі лагічнага думкавядзення. Жывая гутарковая мова індывідуальна, яна багатая сваімі выразнымі асаблівасцямі. Моўнае дзеянне заўсёды ажыццяўляецца ў пэўных, канкрэтных абставінах і ўмовах і накіравана на дасягненне канкрэтнай мэты, а значыць звязана з інтанацыяй. Інтанацыя як самае яркае выражэнне дзейснасці мовы непаўторная, яе нельга прадбачыць загадзя. Але праяўляецца гэтая непаўторнасць на аснове агульных заканамернасцей вуснай мовы. Да іх адносяцца такія, як выяўленне і размяшчэнне лагічных націскаў, лагічных паўз, авалоданне лагічнай перспектывай.

 

2.Лагічны націск, правілы выдзялення націскаў.

 

Націск як гукавы і дынамічны элемент - гэта ўзмацненне сілы гуку, яго працягласці. Менавіта націск вызначае дзейсны цэнтр фразы. Станіслаўскі К.С. зазначаў, што “мова без націску - нежывая. Націск - элемент дакладнасці ў мове”.

Лагічны націск - вылучэнне аднаго больш важнага па думцы слова сярод іншых слоў. Заключаныя паміж лагічнымі паўзамі словы або словазлучэнні называюцца сінтагмамі або моўнымі тактамі.

Лагічны націск з’яўляецца важным інтанацыйным сродкам вылучэння, падкрэслівання галоўнага ў выказванні: менавіта гэта, менавіта столькі, менавіта тады адбывалася ці адбудзецца менавіта такое дзеянне, звярніце ўвагу на тое або іншае. Так, усе словы, найбольш дынамічна вылучаныя ў фразе, яўляюцца “інфармацыйным цэнтрам” выказвання альбо “лагічным ядром” думкі, яны цэментуюць усю фразу.

У жыцці, калі мы гаворым свае словы, націскі кладуцца самі сабой больш ці менш правільна. Але калі мы карыстаемся чужымі словамі, аўтарскімі, даводзіцца сачыць за націскам. Нам трэба набыць сабе спачатку свядомую, а потым і падсвядомую звычку да правільных націскаў.Неабходна “выхоўваць у сабе пачуццё перспектывы,цэнтраімклівасці мовы да лагічнага ядра думкі;адчуваць перспектыву мовы(калі ўсе склады бягуць пад націскны склад).фразы(калі ўсе словы імкнуцца да націскнога слова).думкі(калі ўсе фразы імкнуцца да лагічнага ядра ўсяго твора)”[17,с.67]

Існуюць агульныя правілы выяўлення галоўных націскаў у фразе. Разгледзем некаторыя з іх.

1.Самы выразны сродак мовы - проціпастаўленне. Абодва проціпастаўленыя словы прымаюць націск.

 

Не чын чалавека падвышае, а чалавек чын.

 

У першай частцы проціпастаўленае слова павінна гучаць на павышаным тоне, а ў другой - на паніжаным.

Проціпастаўленне паняццяў можа быць адлюстравана яўна, як у першым выпадку, і падразумявацца.

І добрае слова лечыць (маецца на ўвазе не толькі лекі).

2. Новыя словы і паняцці (новая дзеючая асоба, прадмет, з’ява), якія раней ў тэксце не сустракаліся, павінны быць адзначаны націскам. Асабліва вялікую ролю веданне гэтага правіла адыгрывае пры чытанні значных моўных урыўкаў, дзе заўсёды ёсць развіццё пэўнай тэмы. На кожным новым этапе развіцця думкі з’яўляюцца і новыя словы, новыя паняцці – новая дзейная асоба, прадмет, з’ява, якія абавязкова павінны быць адзначаны націскам, каб засяродзіць на іх ўвагу слухача.

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

І сказаць:

“Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля.”

(М.Багдановіч)

3. У фразах, дзе ёсць параўнанне, тое, з чым параўноўваецца (вобраз), вылучаецца ярчэй за тое, што параўноўваецца (сам прадмет).

Трапяткое, як сонца ў росах!

4. Калі побач знаходзяцца два назоўнікі, з якіх адзін стаіць у родным склоне, то ён і прымае націск.

Ростань дарог.Свінец неба.

Сэрца біццё.

5. У шматслоўным паняцці націскам вылучаецца апошняе слова.

Дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета.

Аляксандр Сяргеевіч Пушкін

6. Прыметнікі, якія стаяць перад назоўнікамі, не прымаюць на сябе націск, таму што з’яўляюцца толькі прыкметай прадмета. Націск будзе на назоўніку, які абазначае прадмет.

Спакойнага шчасця не зычу нікому. (А.Куляшоў)

Але прыметнікі вылучаюцца, калі стаяць пасля азначаемага слова.

Яблык быў восеньскі, чырвоны, пахучы, пераспелы.

Жанчына ціхая,добрая,непрыкметная.

7. У простым неразвітым сказе (складаецца з дзейніка і выказніка) вылучаецца націскам слова, якое знаходзіцца на другім месцы:

Прыйшла восень.

Азімыя зазелянелі.

Аднак, трымаючыся гэтых агульных правіл логікі мовы, нельга выконваць іх механічна.Трэба ведаць,што правілы і заканамернасці,якія існуюць для асобнага сказу ў пісьмовай мове,не могуць быць выкарыстаны ў поўнай меры пры вывучэнні законаў логікі мовы.Неабходна дакладна знайсці мяжу паміж асобным сказам і звязным тэкстам.Трэба ўсвядоміць, што вылучэнне галоўных па думцы слоў залежыць перш за ўсё ад кантэксту і дзейсных задач выканаўцы

 

3.Паўзы (граматычная, лагічная, псіхалагічная)

Найбольш поўнай перадачы думкі аўтара ў жывой мове садзейнічаюць такія выразныя сродкі мовы, як паўзы: граматычныя, лагічныя, псіхалагічныя.

Граматычная паўза - спыненне ў месцы знакаў прыпынку.

Знакі прыпынку з’яўляюцца тымі ўмоўнымі абазначэннямі, якія дапамагаюць выканаўцу ў пэўнай меры раскрыць для сябе ход думкі аўтара. “Выбар” і размяшчэнне аўтарам пунктуацыйных знакаў знаходзяцца ў залежнасці ад ідэйнай задумкі, зместу і творчай асаблівасці пісьменніка.

Вывучэнне знакаў прыпынку ў аўтарскім тэксце арганічна звязана з лагічным аналізам тэксту, з’яўляецца часткай гэтага працэсу і падпарадкоўваецца асноўнай задачы выканаўцы - праўдзівей і глыбей перадаць галоўную думку твора.

Але практыка моўнага дзеяння, заснаваная на “жывой” гаворцы, пацвярджае тое, што ў вуснай мове граматычныя паўзы не заўсёды вытрымліваюцца.

Звязана гэта з тым, што ў многіх выпадках пісьмовыя знакі прыпынку ў жывой дзейснай мове замяшчаюцца “вуснымі”, ці, мы яшчэ іх называем выканальніцкімі знакамі. Гэта залежыць ад звышзадачы выканаўцы, яго дзейсных задач у канкрэтным тэксце.

Паўзы, не адзначаныя на пісьме пунктуацыйна і цалкам заснаваныя на сэнсе выказвання, называюцца лагічнымі. А словы або спалучэнні слоў, заключаныя паміж лагічнымі паўзамі называюцца сінтагмамі, або моўнымі тактамі. У моўным такце можа быць адно галоўнае слова, астатнія падпарадкоўваюцца яму.

Псіхалагічная паўза выклікана эмацыянальнай узрушанасцю матэрыялу, служыць для ўзмацнення ідэйна-сэнсавай сутнасці тэксту. Гэта сродак перадачы вобразаў, думак, пачуццяў, падтэксту, эмацыянальнага ўздзеяння на слухачоў. Псіхалагічная паўза – гэта моцны сродак уздзеяння на слухачоў, таму злоўжываць ёй небяспечна. Мастацкі густ павінен падказваць і працягласць псіхалагічных паўз. К.С. Станіслаўскі зазначаў, што “працягласць паўзы залежыць ад таго, што выклікае прыпынак і дзеля чаго ён утвараецца”, што “з зацягнутай псіхалагічнай паўзы наступае момант прыпынення дзеяння ”. Псіхалагічную паўзу падказваюць выканаўцу спецыяльныя ўказанні аўтара- знакі прыпынку. Часцей за ўсё псіхалагічная паўза падказываецца шматкроп’ем. У тэксце яно падразумевае недаказанасць або перарванасць думкі персанажа. Голас на шматкроп’е нібы завісае, абрываецца. “Шматкроп’е як бы штурхае фразу ў прастору, дзе яна прападае, быццам птушка, выпушчаная з клеткі, або як дым, які сплывае ў паветры паміж небам і зямлёй.” (К.С. Станіслаўскі.). Прырода псіхалагічнай паўзы падобная на прыроду жывога слова. Яна гэтак жа як і слова, нараджаецца з унутраных уяўленняў і падтэксту і з’яўляецца праяўленнем дзейснай думкі. Псіхалагічная паўза не замяняе лагічную, але яна яе ўзмацняе, афарбоўвае нашы думкі пачуццямі. Псіхалагічная паўза часцей ставіцца паміж сказамі, чым ў сярэдзіне.

Напрыклад маналог Лявона Зябліка з п’есы Я.Купалы “Раскіданае гняздо”: “Зяблікі служыць і жабраваць! Бацькі і дзяды жылі на гэтым куску зямелькі. Пасеку карчавалі, будаваліся... З дзедам садок садзілі... Знаўся нябожчык, як хадзіць каля дрэўцаў ... сам умеў прышчапляць. Садок вырас. З бацькам ужо кожнага спаса мелі што свянціць... З зямелькай зжыўся, як з роднай маткай... Кожны каменчык на полі і кожны кусцік на сенажаці змалку ўжо знаў, як сваіх пяць пальцаў на руцэ... На гэтых гонейках пасціў скаціну...араў, сеяў, касіў. А тут... Суд - вон выганяюць!... Чым я вінен? Што любіў гэту зямлю, гэту родную нашу!...”

Які напал думак і пачуццяў!

Жаданне зразумець: за што, чаму?

Знайсці падтрымку і абарону!

Таму гэты маналог, насычаны псіхалагічнымі паўзамі, нельга прагаварыць без прыпынку, хутка.

 

4.Лагічная перспектыва.

 

Найважнейшая якасць мовы, якая забяспечвае слоўнае дзеянне, - яе цэнтраімклівасць, перспектыўнасць. Бачанне перспектывы робіць выканаўцу “дальназоркім”, таму шта перад ім адкрываецца мэта; ён ахоплівае цэлае, умела “крочачы” да галоўнага. “Без перспектывы, - гаварыў Станіслаўскі, - нельга сказаць самага простага слова, накшталт “так” або “не”… Перадача значнай думкі, перажыванне вялікіх пачуццяў і страсцей…не могуць абыходзіцца без перспектывы і без канчатковай мэты”. Перспектыва фразы будуецца з асноўных сінтагмаў, лагічных паўз,градацыі лагічнага цэнтра, “ядра думкі”, які дае жыццё, рух фразе. Перспектыва ўрыўка складаецца з перспектывы асобных сказаў, што развіваюць пэўную тэму.

Авалоданне лагічнай перспектывай (перспектыўнае адлюстраванне думкі звязнага тэкста) азначае пранесці асноўную думку праз усе фразы, якія яе складаюць і выразіць у гучанні.

Адлюстраванне лагічнай перспектывы ў вуснай мове дае магчымасць правільна перадаць слухачу ход развіцця аўтарскай думкі і тым самым зацвердзіць ідэю літаратурнага твора.

Неабходна “выхоўваць у сабе пачуццё перспектывы, цэнтраімклівасці мовы да лагічнага ядра думкі; адчуваць перспектыву мовы (калі ўсе склады бягуць пад націскны склад), фразы (калі ўсе словы імкнуцца да націскнога слова), думкі (калі ўсе фразы імкнуцца да лагічнага ядра ўсяго твора) “1с67.

Данясенне лагічнай перспектывы думкі патрабуе ажыццяўлення шэрагу папярэдніх дзеянняў, у прыватнасці:

· Усведамленне галоўнай думкі твора, урыўка.

· Каардынацыі ўсіх (моцных, сярэдніх, слабых) націскаў у фразе, кавалку, урыўку ў строгай адпаведнасці з галоўнай думкай.

· Спасціжэнне сэнсавых (прычынна-следчых) адносін паміж фразамі.

· Валоданне інтаніраваннем знакаў прыпынку пры перадачы лагічнай перспектывы.

· Замены граматычных знакаў прыпынку знакамі (умоўна: “пісьмовыя” на “вусныя”), якія перадаюць лагічную перспектыву “жывой”, гутарковай мовай.

Перспектыўнае адлюстраванне думкі робіць мову выканаўцы мэтанакіраванай, дзейснай, а значыць і пераканаўчай.

Вывады:

Праца над логікай мовы садзейнічае фарміраванню аналітычна-сінтэтычнай дзейнасці студэнтаў шляхам развіцця іх лагічнага мыслення: уменняў выяўляць думкі аўтара і перадаваць слухачам у перспектыўным іх развіцці. А гэта патрабуе як ведання тэарэтычных асноў логікі мовы, так і практычных навыкаў валодання імі.

 

У мэтах замацавання ведаў рэкамендуецца адказаць на наступныя пытанні:

1. Як вы разумееце “націск”?

2. Якая роля лагічных націскаў у моўным дзеянні?

3. Якія існуюць правілы выдзялення лагічных націскаў?

4. Як можна вылучаць галоўнае слова ў сказе?

5. Што такое моўны такт (сінтагма)?

6. Што нам дае прыём члянення на моўныя такты?

7. Што трэба ведаць аб паўзах і іх ролі ў агучанай мове?

8. Якія ўменні і рэжысёрска-выканальніцкія навыкі выпрацоўваюцца з улікам ведання законаў логікі мовы?

9. Якую ролю адыгрываюць лагічны аналіз і лагічная перспектыва ў моўным дзеянні?

10. Чым адрозніваецца граматычная паўза ад лагічнай?

Тэксты для самастойнай працы студэнтаў

па замацаванню законаў логікі мовы

1. Кумка кумцы па сакрэту, а кумка ўсяму свету.

2. Ходзіць ціхенька, ды думае ліхенька.

3. Дарагі не абед, а прывет.

4. Не бойся звяглівага,а бойся куслівага.

5. Ты мяне вызвалі - а я цябе вывучу.

6. Як мары, белыя бярозы

Пад сінявой начной стаяць,

У небе зоркі ад марозу

Пахаладзеўшыя дрыжаць

(М.Багдановіч)

7. Чалавек нячутна, як прывід, вынырнуў з вады. Месяц заззяў над зямлёй, як вялізная срэбная грыўня. Вада нястрымна неслася ўдалеч. Яна і чалавека з ягоным бервяном магла б падхапіць і, як трэску, завалачы ў самае мора.

(А.Дайнека)

8. Краіна мая, радасць мая

Песня мая маладая,

Па нівах тваіх, па тваіх гаях,

Сынава сэрца рыдае.

Ты часта прыходзіш ка мне, як сон,

Хмараю прыплываеш,

Птушкай садзішся на клён,

Звонкім дажджом ападаеш.

(П.Панчанка)

 

9. Жыццё маё, ты- як цягнік бясконцы:

Святло і цень,

То змрок, то светласць рос,

І людзі з-за мільгаючых аконцаў

Не бачаць ні пакут маіх, ні слёз.

Я добра знаю ныцікаў мізэрнасць,

Не страчу моцнай веры,

Ад няўдач..,

І тапаліны пах, і шорах зерня,

І над труною горкі матчын плач,

І выкрык развітальны паравоза,

І галасы з касмічных караблёў,

І смех дзяцей,

І ворагаў пагрозы -

Жыццё сваё навек я з вамі сплёў.

(П.Панчанка)

 

10. Уся яна была зграбнаю, лёгкаю, як лугавы ветрык.

(А.Дайнека)

 

11. Чалавек ідзе туды, куды кладзецца дарога. Мала праходзіць за сваё жыццё чалавек, які б ён не быў хутканогі. Ён падобны на муху, што садзіцца на гарачы ад сонца полаг шатра, поўзае па ім, і, пэўна, уяўляецца ёй гэты полаг бясконцым сусветам. І не разумее дурная муха, што, апрач полага, ёсць бязмежны стэп, а за стэпам снежнагаловыя страшныя горы, а за імі - акіян.

Чалавек ідзе і памірае ў дарозе, пакідаючы пасля сябе маўклівы курган. А народ спяшаецца далей. Куды ж ідзе народ? Што гоніць яго да нацятай цецівы небасхілу? Сакавітая густая трава для авечак і коней? Глыбокія, поўныя сцюдзёнай вады калодзежы? А можа цені продкаў?

(А.Дайнека)

 

12. Бусліны падлетак, стаміўшыся лятаць, асеў на сухую галіну сасны, якая відаць мне за белым полем грэчкі. Доўга на ёй угрунтоўваўся, не складаючы крылаў, а потым- хто тут паверыць? - ўпаў і паміж голля ападаў да самае зямлі. Там пастаяў спачатку, падумаў, а потым пайшоў паміж дрэвамі пехатою: чорт яго з яго лятаннем!..

(Я.Брыль)

 

13. Сонца праз хмары падперлася косамі. Вечар ціхі і цёплы. Да моста - берагам, пад дубовым ды ліпавым голлем, назад - сцежкаю ў жыццё. Калоссе - на ўзроўні вачэй, буйна, салодка налітае. Колас да коласа такія падобныя і такія розныя, як лістота. І такое мноства іх - спакойнае адчуванне бясконцасці, безлічы, дабрабыту. Спакойнае, нават цёплае, нібы мудрае пастарэчы, без той халоднай жудасці, з якой калісьці, падлеткам, думалася пра бясконцасць, вечнасць сусвету, жыцця.

(Я.Брыль)

 

14. Якая яна, мая зямля? Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, і пушчы, падобныя на гатычныя храмы, пушчы, дзе горда нясуць свае кароны алені. Гэта бясконцыя жылы рэк, у якіх плешчуцца бабры і рыба, і гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці.

Пранікніцеся любоўю да маёй роднай Беларусі, людзі.

Велічная і гордая, яна таго вартая.

(У. Караткевіч)

15. Грыміць на карэннях цялежка, мігацяцца стракатыя верставыя слупы, мігаюцца, пахіліўшыся, абросшыя мохам хваёвыя крыжы паабапал дарогі, бягуць лясы, гаі, мяняюцца палі, грамадзяцца горы, расцілаюцца шырокія лугі, блішчаць азёры, срэбрам пераліваюцца рэкі, золатам рассыпаюцца пяскі, глыбокімі зялёнымі ямамі раскідаюцца балоты.

(Я.Колас)

 

16. На самым захадзе маёй Беларусі ляжыць Белавежская пушча - гэта адзін з апошніх астравоў таго першабытнага лёсу, які пакрываў у старадаўнія часы ўсю Еўропу. Тут зусім не рэдкасць дрэвы ў паўтысячы год, тут з незапамятных часоў вольна жыве зубр. Магутны, як сама зямля, і старажытны, як яе запаветныя нетры.

Адвечная цішыня. І шолах дрэў. Тупат зубрыных статкаў. Таксама, як у каменным веку.

(У.Караткевіч)

 

Літаратура:

1. Запорожец, Татьяна Ивановна.Логика сценической речи : учебное пособие для театральных и культурно-просветительных учебных заведений / Т. И. Запорожец. - Москва : Просвещение, 1974. - 125, [3] с. - Библиогр.: с. 127 (15 назв.), библиогр. в подстроч. примеч.

2. Петрова, Анна Николаевна. Сценическая речь / А. Н. Петрова. – Москва, 1981. – 191 с.

3. Промптова, Ирина Юрьевна.Воспитание речевой культуры режиссера. Словесное действие : лекция для студентов режиссерских вузов / И. Ю. Промптова. – Москва : [б. и.], 1978. – 92 с. – Библиогр.: с. 91, библиогр. в подстроч. примеч.

4. Сценическая речь : учебник для студентов театральных учебных заведений / Российская академия театрального искусства ; [науч. ред. И. П. Козляниновой, И. Ю. Промптовой]. - 5-е изд., испр. и доп. - Москва : ГИТИС, 2009. - 556, [1] с. : ил. - Библиогр. в конце частей и в подстроч. примеч.

5. Шагидевич, Альбина Александровна. Искусство сценической речи / А. А. Шагидевич. – Минск, 1999. – 284 с.

 

 

Тэма. 3.Выхаванне элементаў знешняй тэхнікі моўнага дзеяння.

Пытанні:

1.Тэхніка мовы ў моўным майстэрстве рэжысёра свята і выканаўцы.

2. Элементы знешняй тэхнікі:

а) дыханне

б) голас

в) дыкцыя

г) арфаэпія

 

Мэта: Раскрыццё сутнасці і практычнага значэння элементаў знешняй тэхнікі моўнага дзеяння.

Ключавыя паняцці: элементы знешняй тэхнікі, фанацыйнае дыханне, голас, дыкцыя, арфаэпія.