Літаратура
Белецкий А.И. Изображение живой и мертвой природы // Белецкий А.И. Избранные труды по теории литературы.— М., 1964.
Галанов Б. Живопись словом. Портрет, пейзаж, вещь.— М., 1974.
Генаш В.С. Чалавек і прырода ў прозе Вячаслава Адамчыка // Беларуская літаратура.— 1988.— №16.
Дзюбайла П. Чалавек і прырода ў сучаснай прозе // Полымя.— 1977.— №1.
Драздова З.І. Моўна-стылёвыя праблемы эпічнага жанра: Партрэт. Пейзаж.— Мн., 2001.
Ленсу А.Я. Развіццё ўяўленняў аб пейзажы і яго роля ў літаратурным творы // Ленсу А.Я. Вывучэнне тэорыі літаратуры ў школе (ІV–VІІ кл.).— Мн., 1985.
Рагойша В. Пейзаж // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапаможнік.— Мн., 2001.
Себина Е.Н. Пейзаж // Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец.— М., 2000.
Соловьев С.М. Пейзаж // Соловьев С.М. Изобразительные средства в творчестве Ф.М. Достоевского.— М., 1979.
Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Пейзаж // Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Новейший литературоведческий словарь-справочник для ученика и учителя.— Мозырь, 2003.
Федотов О.И. Основы теории литературы: В 2 ч.— Ч. 1: Литературное творчество и литературное произведение.— М., 2003.
Хализев В.Е. Теория литературы.— 2-е изд.— М., 2000.
Шамякіна Т.І. Пейзаж у літаратуры // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.— Мн., 1987.— Т. 4.
Щемелева Л.М. Пейзаж // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.— М., 1987.
Эпштейн М.Н. «Природа, мир, тайник вселенной…»: Система пейзажных образов в русской поэзии.— М., 1990.
Эстетика природы.— М., 1994.
3.5. Час і прастора ў мастацкім творы
У літаратурных творах знаходзяць адлюстраванне часавыя і прасторавыя ўяўленні людзей, якія, заўважым, у большасці выпадкаў нясуць важную ідэйна-сэнсавую нагрузку.
Вельмі вялікія магчымасці мастацкай літаратуры ў адлюстраванні жыцця абумоўлены такой якасцю і асаблівасцю яе твораў, як дыскрэтнасць (перарывістасць) часу і прасторы ў іх. Дыскрэтнасць часу выяўляецца ў тым, што пісьменнік можа ўзнаўляць не ўсю плынь часу, а толькі некаторыя, найбольш важныя яго адрэзкі. Дыскрэтнасць жа ўласна прасторы «праяўляецца перш за ўсё ў тым, што яна звычайна не апісваецца падрабязна, а толькі абазначаецца з дапамогай асобных дэталей, найбольш важных для аўтара. Астатняя ж (як правіла, большая) частка «дабудоўваецца» ва ўяўленні чытача» [129].
Паколькі мастацкі свет твора заўсёды ў той альбо іншай ступені ўмоўны, адпаведнай умоўнасцю валодаюць у ім таксама час і прастора. Характар гэтай умоўнасці надзвычай моцна залежыць ад роду літаратуры. Так, умоўнасць часу і прасторы максімальная ў лірыцы. Іншы раз прастора наогул можа адсутнічаць у лірычных творах (вершы медытатыўнага і філасофскага характару). У драме часава-прасторавая ўмоўнасць крыху меншая, аднак пры гэтым творы дадзенага роду літаратуры выкарыстоўваюць час і прастору ў абмежаваным і, як правіла, замкнёным выглядзе. Акрамя таго, рэальны час і час мастацкі ў драме павінны супадаць. Як зазначае А. Есін, «на фоне драмы відавочны намнога больш шырокія магчымасці эпічнага роду, дзе фрагментарнасць часу і прасторы, пераходы з аднаго часу ў іншы, прасторавыя перамяшчэнні ажыццяўляюцца лёгка і свабодна, дзякуючы фігуры апавядальніка — пасрэдніка паміж адлюстроўваемым жыццём і чытачом. Апавядальнік можа «сціскаць» і, наадварот, «расцягваць» час, а то і спыняць яго (у апісаннях, развагах)» [130].
Паводле асаблівасцей мастацкай умоўнасці час і прастору ў літаратуры (ва ўсіх яе родах) можна падзяліць на абстрактныя і канкрэтныя разнавіднасці (дадзенае размежаванне асабліва важным з’яўляецца для прасторы). Абстрактнымі будуць імянавацца такія час і прастора, якія ўспрымаюцца як усеагульныя (дзеянне можа адбывацца «заўсёды», у любы час, любую эпоху і «ўсюды», у любым месцы, краіне і г. д.). Канкрэтныя ж час і прастора «прывязваюць» дзеянне да пэўнага часу і да тых альбо іншых тапаграфічных рэалій.
Літаратура аперыруе вобразамі часу біяграфічнага (дзяцінства, юнацтва, сталасць, старасць), гістарычнага (змена эпох і пакаленняў, значныя падзеі ў жыцці грамадства), касмічнага (уяўленні аб вечнасці і ўсяленскай гісторыі), каляндарнага (змена пор года, святаў і будняў), сутачнага (дзень і ноч, раніца і вечар; каляндарны і сутачны час іншы раз могуць набываць статус цыклічнага), а таксама ўяўленнямі аб руху і нерухомасці, аб суаднесенасці мінулага, цяперашняга і будучага. Можна таксама весці гаворку аб сімвалічным часе (напрыклад, раніца як пачатак усяго, а таксама як пэўнае абнаўленне). Прычым гэта аперыраванне даволі свабоднае ў сэнсе пераходу з аднаго часу (альбо яго разнавіднасці) у іншы. Важнае значэнне для аналізу мае завершанасць альбо, наадварот, незавершанасць мастацкага часу. Часта пісьменнікі адлюстроўваюць у сваіх творах замкнёны час, які мае і абсалютны пачатак, і — што, дарэчы, важней — абсалютны канец, які ўяўляе сабой, як правіла, і завяршэнне сюжэта, і развязку канфлікту, а ў лірыцы — вычарпанасць перажывання альбо разваг. У сувязі з асаблівасцямі арганізацыі мастацкага матэрыялу ў творы, ступенню яго «падзейнасці» вучонымі вылучаюцца таксама такія тыпы часу, як беспадзейны альбо апісальны (пры ім рэальны час не «рухаецца», ён роўны нулю), падзейны (сюжэтны альбо фабульны), хранікальна-бытавы (яго функцыя заключаецца ў адлюстраванні пэўнага і сталага ўкладу жыцця, узнаўленні не дынамікі, а статыкі).
Калі ж браць прастору (у літаратуразнаўстве існуе нават спецыяльны тэрмін топас (ад ст.-грэч. topos — месца) для абазначэння мастацкай прасторы, увасобленай у сістэме выяўленчых сродкаў твора), то гэта вобразы прасторы замкнёнай і адкрытай, зямной і касмічнай, рэальна бачнай і ўяўляемай, блізкай і аддаленай. Пры гэтым «літаратурныя творы валодаюць магчымасцю збліжаць, як бы зліваць у адно цэлае прасторы самага рознага кшталту» [131].
Часавыя і прасторавыя ўяўленні, што знаходзяць адлюстраванне ў творах мастацкай літаратуры, складаюць пэўнае адзінства, якое ўслед за М. Бахціным прынята называць хранатопам (ад ст.-грэч. сhronos — час і topos — месца, прастора). М. Бахцін вылучыў хранатопы ідылічныя, містэрыяльныя, карнавальныя, а таксама хранатопы дарогі (шляху), парога (сфера крызісаў, рэзкіх і нечаканых змен), замка, гасцінай, салона, правінцыйнага гарадка з яго непаспешным і аднастайным укладам жыцця. Вядома, гэта не ўсе ўстойлівыя часава-прасторавыя спалучэнні-сімвалы, якія знайшлі выяўленне ў творах сусветнай літаратуры.
Хранатопы, як правіла, надаюць твору філасафічны характар, бо скіроўваюць на ўспрыманне таго, што адлюстроўваецца, у кантэксце цэласнай быційнай карціны свету. «Хранатоп у значнай ступені прадвызначае воблік літаратурных твораў» [132].